Яхімоўшчына (Менская вобласьць)
Яхімоўшчына | |
трансьліт. Jachimoŭščyna | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Маладэчанскі |
Сельсавет: | Палачанскі |
Насельніцтва: | 423 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1773 |
Паштовы індэкс: | 222312 |
СААТА: | 6238835081 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°14′5″ пн. ш. 26°40′21″ у. д. / 54.23472° пн. ш. 26.6725° у. д.Каардынаты: 54°14′5″ пн. ш. 26°40′21″ у. д. / 54.23472° пн. ш. 26.6725° у. д. |
± Яхімоўшчына | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Яхімо́ўшчына[1] — вёска ў Маладэчанскім раёне Менскай вобласьці за 20 км на паўднёвы захад ад Маладэчна, 98 км ад Менску і 2 км ад аўтамабільнай дарогі Маладэчна — Валожын.[2] Уваходзіць у склад Палачанскага сельсавету. Цэнтральная сядзіба калгасу «Яхімоўшчына».[2]
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мясьціна Яхімоўшчына вядомая з XVI стагодзьдзя. Назву атрымала па прозьвішчы сваіх першых уладальнікаў — Яхімовічаў. Сядзіба ў Яхімоўшчыне створаная ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя Ёсіфам Сулістроўскім, маршалкам Аршанскага павету.[3] З 1877 году Яхімоўшчыну атрымаў у валоданьне пан Ян Любанскі.
Да пачатку XX стагодзьдзя тут сфармавалася буйная сядзіба з разьвітым вытворчым комплексам: паравы бровар на бульбяной сыравіне (заснаваны ў 1888 годзе), смалярня, маслабойня, сыраварня, цагельня, вяндлярня, млын. Маёнтак займаў плошчу ў 40 гектараў.
У першую сусьветную вайну ў 1914 годзе ўвесь сядзібны комплекс моцна пацярпеў.[4] З гэтага часу галоўным домам сядзібы стала афіцына, якая была збудавана ў 1900 годзе ў стылі нэаклясыцызму з выкарыстаньнем ордэрнае плястыкі ў аздабленьні фасадаў.[5]
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2010 год — 423 чалавекі
- 2003 год — 155 двароў, 440 чалавек[2]
- 1999 год — 459 чалавек
Пабудовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцына (1900)[6]
- Бровар (1898)[7]
- Сьвіраны (1851)[8]
- Цагляны жылы дом (1897)[9]
- Пэйзажны парк ангельскага тыпу (меў форму правільнага прастакутніка плошчай каля 10 гектараў[5], захаваўся часткова)
Яхімоўшчына і Янка Купала
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Яхімоўшчыне з восені 1906 году да вясны 1907 году Янка Купала працаваў памочнікам вінакура Сасноўскага на бровары ў маёнтку пана Любанскага. Праца на бровары была вельмі цяжкай. «…Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль ня меў», узгадваў пазьней Я. Купала[10].
«Чаго вам хочацца панове? |
Я. Купала «Ворагам Беларушчыны», Яхімоўшчына, 1907. |
Тут паэт напісаў свае славутыя вершы, сярод якіх «А хто там ідзе?», «Ворагам беларушчыны», «3ь песень нядолі», «Дайце мне волю», «Не тужы», «Што ты сьпіш?», «Там», «Воля», «Ворагам Беларушчыны», «Поле роднае», «Пакіньма напуста на лёс свой наракаць», «Гэта крык, што жыве Беларусь...» і іншыя.[11]
«Пры якіх акалічнасьцях ствараліся мае першыя вершы? Цяжка сказаць. Калі займаўся земляробствам, былі адны акалічнасьці, калі працаваў на бровары — другія, але і ў тым і ў другім выпадку папера і аловак былі заўсёды пры мне. І вось, на працы ў полі, або ў дарозе, або на начлезе прыйдзе думка — і я пішу. На бровары тое ж самае — ухітраюся адлучыцца, або нават у часе самой працы, калі павінен толькі назіраць, таксама пішу. Часам уначы, упацёмку запісваю, а днём перапісваю». |
З успамінаў Я. Купалы.[10] |
Менавіта тут нарадзілася большасьць твораў, якія пазьней склалі першы зборнік Янкі Купалы «Жалейка». Яхімоўшчынская зямля, яе асяродзьдзе, традыцыі гэтай мясьціны, праца на бровары далі паэту шмат тэмаў для яго твораў. Так, у аснову паэмы «Нікому» легла пачутае Янкам Купалам ад селяніна В. Парфёна апавяданьне з часоў прыгону.[10]
У Яхімоўшчыне Купала пазнаёміўся і пасябраваў з настаўнікам Гарадзілаўскай пачатковай школы Андрэем Посахам. Падчас экскурсіі ў Італіі ў 1910 годзе А. Посах наведаў на востраве Капры Максіма Горкага і ўпершыню пазнаёміў расейкага пісьменьніка з творчасьцю Янкі Купалы і Якуба Коласа. На просьбу М. Горкага А. Посах паслаў яму зборнікі вершаў беларускіх паэтаў «Жалейку» і «Песні-жальбы», за якія атрымаў ад М. Горкага ліст са словамі ўдзячнасьці.[11]
Унікальнасьць Яхімоўшчыны ў тым, што гэта адно зь нешматлікіх гнёздаў Янкі Купалы, якое не было раскіданае часам. Да сёньняшняга дня тут стаіць дом, што больш чым на паўгоду даў прытулак паэту. Захаваўся яго пакой зь дзьвярыма і з клямкай, якая яшчэ памятае дотык Купалавай рукі.[10]
Філія Літаратурнага музэю Янкі Купалы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1959 годзе на будынку былой канторы бровара (цяпер цэнтральная сядзіба калгасу «Яхімоўшчына») была ўсталявана мэмарыяльная дошка. У 1982 годзе ў гонар стагодзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы адбылася мэмарыялізацыя і дома, дзе жыў паэт.[12] Пазьней жыхары гэтага дома былі пераселеныя калгасам ў новае жыльлё, каб у мэмарыяльным будынку можна было правесьці рэстаўрацыйныя работы.
Філія Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне ўтворана 24 студзеня 1997 году па ініцыятыве тагачаснага дырэктара музэю Жанны Дапкюнас і пры спрыяньні старшыні праўленьня калгасу «Яхімоўшчына» Генадзя Божкі. Рэстаўрацыя хаты, ў якой жыў Янка Купала адбылася ў 1998 годзе.[13] Пасьля падрыхтоўкі экспазыцыі філія ўпершыню адкрылася для наведвальнікаў 30 траўня 2001 году.
Плошча экспазыцыі музэю складае больш за 100 м². Аўтар літаратурна-мастацкай канцэпцыі і стваральнік экспазыцыі — мастак Г. Чысты[14]. Галоўная ідэя экспазыцыі — паказаць нараджэньне нацыянальнага літаратурнага генія, аднавіць час, калі пачынаўся і распаўсюджваўся беларускі легальны друк, вызначыць яго ўплыў на тагачаснае беларускае грамадзтва, адлюстраваць значнасьць першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка».[10]
У двух пакоях філіі музэю разьмяшчаюцца экспазыцыйныя залы, а трэці пакой-кабінэт, дзе жыў Янка Купала — мэмарыяльны. Тут усё захавалася ў тым выглядзе, як было ў пачатку 20 стагодзьдзя: пісьмовы стол, побач венскае крэсла, этажэрка з кнігамі, камод, дзе зьберагаўся ўвесьць скарб маладога чалавека. На стале — пісьмовыя прылады высакароднай працы, падсьвечнік, гадзіньнік павольна адмярае час…[10]
У экспазыцыі выкарыстаныя мастацкія творы Э. Агуновіча, М. Гусева, Я. Раманоўскага, К. Харашэвіча і В. Ціхановіча, ў якіх адлюстравана праца паэта на бровары.[13] Традыцыйна штогод на тэрыторыі Яхімоўшчыны ў дзень нараджэньня паэта (7 ліпеня) праводзіцца Купальскае сьвята.[12]
Каменны паклонны крыж
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На скрыжаваньні дарогаў бліз вёсак Палачаны і Яхімоўшчына знаходзіцца мясцовая сьвятыня — каменны паклонны крыж, што вельмі шануецца ў народзе ўжо не адно стагодзьдзе.
Гэта было даўным-даўно. Эканому панскай сядзібы ў Яхімоўшчыне прысьніўся незвычайны сон. Быццам прыходзіць да яго каменны крыж, а быў ён непадалёк — на яхімоўскім балоце, і гаворыць: «Перавязі мяне на крыжавыя дарогі». Прачнуўся эканом і забыўся на недарэчны сон, бо і так было шмат іншых клопатаў. А ў наступную ноч зноў сьніцца той жа камень-крыж і зноў ужо не просіць, а загадвае: «Перавязі мяне на крыжавыя дарогі!» На раніцу пайшоў эканом да пана і расказаў яму пра свой дзіўны сон. Пан зьдзівіўся, але даў коней і падводу, каб перавезьці незвычайны камень на крыжавыя дарогі. Калі ўсё было зроблена, і камень паўстаў на скрыжаваньні, ён пачаў прыцягваць да сябе навакольных людзей. Хто б ні ішоў ці ні ехаў, усе абавязкова спыняліся каля каменя, хрысьціліся і кланяліся яму. А ў Вялікую Пятніцу да каменнага крыжа ішлі ўсе жанчыны з навакольных вёсак, каб пакласьці ахвяраваньні: грошы, яйкі, лён ці проста акрайчык хлеба. Так заўсёды рабілася для падарожных і вандроўных людзей. Але даведаўся пра незвычайны камень ксёндз зь вёскі Аборкі і загадаў сваім прыхаджанам, каб тыя перавезьлі гэты камень да касьцёла. Ксёндз думаў толькі пра адное «Будзе вялікая ахвяра». Паехалі мужчыны на конях і хацелі зрушыць камень зь месца, ды не здолелі. Тады ксёндз загадаў запрэгчы валоў і перацягнуць камень-крыж жывёлай. Але і валы не дапамаглі людзям. Так дзіва-камень і застаўся на тым самым месцы, дзе яго паклалі. Неўзабаве каля яго вырасьлі дзьве цудоўныя ліпы. І гэта яшчэ больш прываблівала падарожных: можна было пасядзець у цяньку, захінуўшыся ад сьпякоты, ці пастаяць пад густой лістотай, каб перачакаць дожджык. А то і спыняліся людзі, заміралі ў спакоі, заглядваліся на навакольную прыгажосьць, зачараваныя непаўторным водарам квітнеючых дрэў. У хуткім часе гэтая мясьціна стала любімай для жыхароў усіх навакольных вёсак. Людзей быццам цягнула сюды неверагодная сіла. І зь цягам часу людзі пачалі заўважаць, што і сапраўды ёсьць у камені такая сіла. Прайшла чутка: калі тройчы абысьці каменны крыж і памаліцца, то ўсе хваробы, ад якіх пакутаваў чалавек, зьнікаюць, і ён пачынае адчуваць сябе як бы народжаным наноў… | ||
—З народнага паданьня[15] |
Як даехаць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Электрацягніком даехаць да Маладэчна. Потым на дызэль-цягніку «Маладэчна — Ліда» ці аўтобусам лідзкага кірунку — да Палачанаў.[16] Адтуль — купалаўскім шляхам[17] — пару кілямэтраў пехатою да вёскі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — 472 с. — ISBN 985-11-0295-4 — Артыкул «Яхімоўшчына». — С. 321.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9 Артыкул «Купалы Янкі Літаратурнага музея філіял „Яхімоўшчына“». — Аўтар Ж. Дапкюнас. — С. 33.
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл. — Артыкул «Яхімоўшчына» / Аўтар У. І. Содаль. — С. 702.
- Купалаўскія мясціны на Маладзечаншчыне. Яхімоўшчына: філіял музея Янкі Купалы / Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Маладзечанскі райвыканкам, Міжнародны фонд Янкі Купалы; Уклад. Ж. Дапкюнас. — Мінск, 2004. — 46 с.[18]
- Федорук Анатолий Тарасович. Старинные усадьбы Минского края. — Минск, издательство «Полифакт», 2000. — 416 с — ISBN 985-6107-24-5. — Артыкул «Яхимовщина». — С. 220—229.[4]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 290
- ^ а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18. Кн. 1. – Мн.: БелЭн, 2004. – С. 321.
- ^ Купалаўскія мясціны на Маладзечаншчыне. Яхімоўшчына: філиял музея Янкі Купалы. Уклад. Ж. Дапкюнас. — Мінск, 2004. — С. 16.
- ^ а б Артыкул «Яхімоўшчына» ў кнізе «Старажытныя сядзібы Менскага краю» Праверана 10 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б Купалаўскія мясьціны на Маладзечаншчыне. Яхімоўшчына: філиял музея Янкі Купалы. Уклад. Ж. Дапкюнас. — Мінск, 2004. — С. 21—22.
- ^ Яхімоўшчына, афіцына Праверана 7 кастрычніка 2011 г.
- ^ Яхімоўшчына, бровар Праверана 7 кастрычніка 2011 г.
- ^ Яхімоўшчына, сьвіраны Праверана 7 кастрычніка 2011 г.
- ^ Яхімоўшчына, цагляны жылы дом Праверана 7 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б в г д е Яхімоўшчына на сайце iatp.by Праверана 10 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б Янка Купала і Маладэчаншчына Праверана 10 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б Філіял Літаратурнага музэю Янкі Купалы «Яхімоўшчына» на сайце iatp.by
- ^ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9. — Мн., БелЭн, 1999. — С. 33.
- ^ Філіял Літаратурнага музэю Янкі Купалы «Яхімоўшчына» на сайце gants-region.info Праверана 10 кастрычніка 2011 г.
- ^ Таямніцы каменных валуноў Часопіс «Полымя» Праверана 23 лістапада 2011 г.
- ^ Карта ад Google
- ^ Купалаўскім шляхам(недаступная спасылка)
- ^ Зводны электронны каталёг бібліятэкаў Беларусі Праверана 10 кастрычніка 2011 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Глёбус Беларусі. Яхімоўшчына (на расейскай мове, фота)
- Артыкул А. Фядарука «Яхімоўшчына» ў кнізе «Старажытныя сядзібы Менскага краю»
- Яхімоўшчына на сайце iatp.by(недаступная спасылка)
- Што паглядзець у Яхімоўшчыне
- Янка Купала і Маладэчаншчына
- Філіял Літаратурнага музэю Янкі Купалы «Яхімоўшчына» на сайце www.gants-region.info(недаступная спасылка)
- Філіял Літаратурнага музэю Янкі Купалы «Яхімоўшчына» на сайце iatp.by
- Душа паэта / Аўтар Юры Іваноў // Газэта «Культура»
- Таямніцы каменных валуноў / Аўтар Ірына Клімковіч // Часопіс «Полымя», № 10, 2007 год