На папасе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«На папасе»
Жанр: драматычная паэма
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1913
Публікацыя: 1913

«На папасе» — драматычная паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1913 годзе. Упершыню надрукаваная ў 1913 годзе ў зборніку «Шляхам жыцьця». Урывак з твору пад загалоўкам «Лявон» быў надрукаваны ў газэце «Наша Ніва» 15 жніўня 1908 году з подпісам І.Л. Белавы аўтограф паэмы захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы. Паэма мае падзагаловак «Абразок з 1906 году». Разам з драматычнымі паэмамі «Адвечная песьня» і «Сон на кургане» паэма засьведчыла плённую працу Купалы ў галіне паэтычнае драматургіі і была адным з подступаў да стварэньня першае нацыянальнае драмы «Раскіданае гняздо».[1]

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Азначэньне, дадзенае аўтарам паэме («абразок»), дакладна раскрывае жанравыя асаблівасьці твору. Купала малюе толькі адну карціну (абразок), у якой праступаюць рысы грамадзкае атмасфэры на Беларусі ў час рэвалюцыйных падзеяў 1905-1907 гадоў.[1]

Вясновай ноччу ў хвойніку каля гасьцінца спыняюцца адпачыць трое падарожных сялянаў. Да іх прыблукаў Незнаёмы. Недавер сялянаў да прышлага часткова пахіснулі яго песьня пра Лявона, а таксама расповяд пра ўласны нялёгкі лёс. І ўсё ж у іх застаецца няпэўнае ўражаньне ад Незнаёмага. Яны пагаджаюцца зь яго песьняй, але ня могуць пагадзіцца з вандроўніцкім жыцьцём Незнаёмага. Аднак калі да падарожных па'яжджаюць коньнікі (відаць, паліцыя), якія шукаюць Незнаёмага, сяляне не выдаюць яго. Больш за тое, у іх узьнікае сымпатыя да Незнаёмага.[1]

Галоўная ідэя твору — рэвалюцыянізацыя сялянства — реалізуецца паказам складанасьці сялянскае псыхалёгіі, яе маруднае перабудовы. Ломцы адвечных уяўленьняў сялянаў спрыяе высакародзтва народнае маралі — спагада да абяздоленых, пакрыўджаных (ад непрыняцьця Незнаёмага да спачуваньня яму). Хоць твор не дае рэльефна акрэсьленых мастацкіх характараў, Незнаёмы выступае як выразны алегарычна-сымбалічны вобраз. У агульным пляне Незнаёмы ў паэме «На папасе» зьяўляецца правобразам Незнаёмага з драмы «Раскіданае гняздо», у якой вобраз Незнаёмага знайшоў разгорнутую і драматургічна дзейсную распрацоўку.[1]

Значную ідэйна-мастацкую нагрузку нясе ў творы песьня пра Лявона. Стылізаваная ў фальклёрным ключы, яна ў адрозьненьне ад фальклёрных твораў мае больш канкрэтную прывязку да часу і выразную сацыяльную завостранасьць. Аптымізм песьні адпавядаў рэвалюцыйнаму аптымізму часу і самаахвярная доля Лявона зьяўляецца прыкладам героікі. Нездарма пазьней у час нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняе Беларусі песьня пра Лвона стала народнай (гарманізацыя У. Тэраўскага).[1]

Пераклады і мастацкія ўвасабленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На расейскую мову паэму пераклалі А. Пракоф'еў, С. Родаў, на англійскую (урывак «Лявон») — А. Пракоф'ева. Паэма ставілася на сцэне вучнямі Віленскае беларускае гімназіі (25 чэрвеня 1922 году), Радашкавіцкае беларускае гімназіі (верасень 1922 году), калектывам Беларускае драматычнае майстроўні ў Вільні (16 сакавіка 1924 году), самадзейнымі артыстамі ў Полацку (травень 1926 году), вучнямі Дзьвінскае дзяржаўнае беларускае гімназіі (Латвія) на літаратурным вечары, прысьвечаным 50-годзьдзю Я. Купалы і Я. Коласа (20 лістапада 1932 году).[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Р. Семашкевіч На папасе // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 418—419.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «На папасе» / Аўтар — Р. Семашкевіч. — C. 418—419.
  • Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980.
  • Ярош М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971.