Адплата каханьня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Адплата каханьня»
па-беларуску: Адплата кахання
Ілюстрацыя Б.Цітовіча
да паэмы «Адплата каханьня»
Жанр: паэма
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская мова
Год напісаньня: 19051907
Публікацыя: 1908
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Адплата каханьня» — паэма Янкі Купалы, напісаная ў 19051907 гг. і ўпершыню апублікаваная ў зборніку «Жалейка» ў 1908 годзе.[1] Паэма мае падзагаловак «З праўдзівага здарэньня».

«Не скажаце ў местах, бо знаеце самі,
Што вёска больш зьліта людскімі сьлязамі.
У вёсцы, хоць горка пакрыўджаны плача,
Маўчаць кожны будзе так, як і не бача...
Занадта сьляпы люд, занадта баіцца,
Каб мог ён за крыўду сваю заступіцца».

Я. Купала

З паэмы «Адплата каханьня»

Бліская да раньніх паэмаў Янкі Купалы («Зімою», «Нікому», «Калека»), паэма мае ў сваёй аснове мясцовыя паданьні з часоў прыгону. Сюжэт паэмы пабудаваны на трагічным здарэньні, што адбылося ў панскім маёнтку на Лагойшчыне. У творы паказаная характэрная для старажытных часоў гісторыя няроўнага каханьня з трагічным зыходам. Янка Лявончык зь беднае сялянскае сям'і, яго абраная Зося — з панскага роду. Перашкодай іх каханьню становіцца брат закаханай пан Лаўчынскі. Ня здолеўшы разлучыць закаханых, Лаўчынскі забівае і спальвае хлопца—парабка за тое, што ён наважыўся пакахаць яго сястру, багатую шляхцянку. Адна трагедыя цягне за сабой другую — Зося канчае жыцьцё самагубствам, а яе брат—забойца вар'яцее. Гэта адплата абразе каханьня і плата за каханьне ў сьвеце, дзе пануюць саслоўныя перагародкі.[1]

Каштоўнасьць паэмы ня толькі ў яе сацыяльнае накіраванасьці, але й у высокім узроўні эстэтычнага асэнсаваньня жыцьцёвае драмы Янкі і Зосі, вобразы якіх увасабляюць рамантычную чысьціню і прыгажосьць каханьня. Побач з рамантычнай паэтызацыяй здаровых маральных асноваў народнага жыцьця ў паэме шмат выкарыстана сродкаў рэалістычнае дэталізацыі, асабліва ў адлюстраваньні сацыяльных кантрастаў вёскі.[1]

Сваёй паэмай Янка Купала далей разьвіў жанр апавяданьня-быліцы, спавядальнае паэмы, да якой сярод іншых зьвярталіся В. Дунін-Марцынкевіч і Ф. Багушэвіч.[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Адплата каханьня». — C. 30.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Адплата каханьня» / Аўтар — М. М. Арочка. — С. 30.