Вуліца Валадарскага (Менск)
Каардынаты: 53°53′50.3″ пн. ш. 27°33′05.6″ у. д. / 53.897306° пн. ш. 27.551556° у. д.
Вуліца Валадарскага | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Раёны гораду | |
Былыя назвы |
|
Даўжыня | ~800 м |
На мапе | |
Google · Яндекс | |
Вуліца Вуліца Валадарскага ў Вікісховішчы |
Ву́ліца Валада́рскага (раней Ло́шыцкая, Турэ́мная, Се́рпухаўская, Лі́павая) — вуліца ў Маскоўскім і Ленінскім раёнах Менску. У забудове вуліцы захаваліся дамы XIX — пачатку XX стагодзьдзя[1]. Рад будынкаў уваходзіць у дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. На вуліцы месьцяцца такія славутасьці, як Пішчалаўскі замак, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Максіма Горкага (колішняя Харальная сынагога), дом Маліна (месца прыняцьця III Устаўной граматы БНР), дом Кастравіцкай, гатэль Crowne Plaza.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У асноўным вуліца забудоўвалася ў сярэдзіне й канцы XIX ст., некаторыя ейныя будынкі ўзьведзеныя ў пачатку XX ст.[2] Першапачаткова вуліца мела назву Лошыцкая. Сёньня вуліца пачынаецца са скрыжаваньня сучасных вуліцаў Інтэрнацыянальная й Гарадзкі Вал. Аднак да таго часу, пакуль прарэзалі (падоўжылі) сёньняшнюю вуліцу Гарадзкі Вал да праспэкту Незалежнасьці, тут была шчыльная забудова, цэлы квартал. Таму скрыжаваньня не было, а быў «Т»-падобны разьезд. Вуліца Праабражэнская (Інтэрнацыянальная) пачыналася ад сьценаў турмы «Пішчалаўскі замак». Цяпер кавалак ад турмы да скрыжаваньня з вуліцай Гарадзкі Вал без дамоў і засаджаны дрэвамі, але раней тут стаяў будынак жаночай гімназіі[3].
У 1825 годзе вуліца атрымала назву Турэмная з той прычыны, што тут быў пабудаваны турэмны Пішчалаўскі замак. Назву Серпухаўская вуліца атрымала ў 1870 годзе — у гонар разьмешчанага ў горадзе аднайменнага пяхотнага палку. У канцы XIX ст. у паўночна-ўсходняй частцы вуліцы была ўзьведзеная Харальная сынагога (сёньня Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Максіма Горкага). У 1899 годзе непадалёк ад Пішчалаўскага замку адкрылася дзяржаўная жаночая гімназія, будынак якой зруйнаваны ў Другую сусьветную вайну[2].
У 1922 годзе вуліца атрымала назву Валадарскага ў гонар В. Валадарскага (сапраўднае імя — Маісей Маркавіч Гальдштэйн) — наркама па справах друку, прапаганды й агітацыі ў Саюзе камунаў Паўночнай вобласьці Савецкай Расеі[2].
У 1933 годзе на вуліцы пракладзеныя трамвайныя шляхі. Лінія праходзіла па вуліцах Валадарскага, Гарадзкі Вал, Раманаўская Слабада, Кальварыйская, Караля да ДС «Кальварыя».
За нямецкай акупацыяй у Другую сусьветную вайну вуліца насіла назву Ліпавая.
У 1955 годзе трамвайная лінія была разабраная.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праходзіць у Маскоўскім і Ленінскім раёнах Менску ад вуліцы Гарадзкі Вал да вуліцы Кірава, перасякае вуліцу Берсана, праспэкт Незалежнасьці, вуліцу Карла Маркса. Да праспэкту Незалежнасьці ідзе паралельна вуліцы Гарадзкі Вал, пасьля паралельна вуліцы Сьвярдлова.
На працягу ўсёй вуліцы арганізаваны чатырохпалосны двухбаковы рух.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У забудове вуліцы захаваліся дамы XIX-пач. XX ст. Архітэктурны комплекс «Замак Пішчалы» і будынак гатэлю Crowne Plaza — гісторыка-культурныя каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь 2-й катэгорыі. Дамы № 3, 4, 5, 7, 9, 10, 12, 15, 17, 19, 24 зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Рэспублікі Беларусь 3-й катэгорыі[5]. Вуліца Валадарскага — прыклад грамадзянскай архітэктуры з выкарыстаньнем традыцыяў эклектыкі.
Па цотным баку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- № 2 — Пішчалаўскі замак. Пабудаваны ў 1925 годзе з цэглы як астрог. Уяўляе комплекс з 2 асобных будынкаў. Асноўны трохпавярховы прамавугольны ў пляне будынак з 4 круглымі вежамі па вуглах накрыты чатырохсхільным вальмавым пакатым дахам. Будынак абнесены высокай мураванай сьцяной, умацаваны контарфорсамі. Зьяўляецца помнікам архітэктуры з выкарыстаньнем элемэнтаў нэаготыкі. Вядомымі вязьнямі Пішчалаўскага замку зьяўляюцца Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец (1905—1906 і 1910—1911), Іван Пуліхаў (у 1906 павешаны), Алесь Гарун (1907), Якуб Колас (1908—1911) — у турме пачаў пісаць «Новую зямлю». Цяпер у будынку месьціцца сьледчы ізалятар № 1, больш вядомы замак пад назвай «Валадарка». 20 красавіка 2008 году абвалілася адна зь вежаў галоўнага будынку. Паводле афіцыйнай вэрсіі прычынай стала састарэласьць збудаваньня, паводле іншых — прычынай сталі будаўнічыя працы, якія прывялі да пашкоджаньня канструкцыяў. Пішчалаўскі замак — гісторыка-культурная каштоўнасьць рэспубліканскага значэньня[5].
- № 4 — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы, гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 10, дом Старобінскай. У 1907—1910 гадах сюды паступала бальшавіцкая газэта «Социал-демократ»[6].
- № 10 — мураваны трохпавярховы з мансардамі прамавугольны ў пляне будынак. Зь левага боку на галоўным фасадзе праезд у двор. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5].
- № 12 — Дом Воліна, пабудаваны ў канцы 1900 годзе з рысамі эклектыкі й нэабарока як даходны дом. Дом уяўляе сабой Г-падобны ў пляне будынак са зрэзанай вуглавой часткай. Галоўны фасад дому быў арыентаваны на былую вул. Захар’еўскую (сучасны праспэкт Незалежнасьці). З 25 лютага 1918 году тут працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам. У наш час на першым паверсе месьцяцца гандлёвыя памяшканьні, на другім і трэцім — Цэнтральнае праўленьне таварыства глухіх[7]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5].
- № 24 — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы, перабудоўваўся ў 1950-я гады, гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 26, дом Шапіры. У пачатку XX ст. тут месьцілася Прыватная сяміклясная з правамі ўрадавай жаночая гімназія В. І. Лявіцкай. Гімназія была адчыненая ў 1906 годзе, правы ўрадавай атрымала ў 1911-м. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны ў ёй займалася 356 вучаніц, гадавая плата складала 70—100 рублёў. З красавіка 1912 году тут пачалі працаваць курсы сёстраў міласэрнасьці, куды было прынята 50 чалавек. Лявіцкая адвяла курсам 2 клясныя пакоі, залю й гардэроб на вечаровы час[6]. Цяпер у доме месьціцца Дзяржаўны памежны камітэт Рэспублікі Беларусь[8].
- № 26/11 — Дом Кастравіцкай. Месьціцца на рагу Валадарскага й Кірава. Пабудаваны ў 1911 годзе як жылы даходны дом (архітэктар А. Краснапольскі) у стылі мадэрн. Першапачаткова на 1-м паверсе месьцілася ўпраўленьне Лібава-Роменскай чыгункі, аптэка, таварыства ўзаемадапамогі чыгуначнікаў, на астатніх — жыльлё. Дом Ядзьвігі Адамаўны Кастравіцкай (1867—1935), сястры старшыні (1907—1921) Менскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдварда Вайніловіча (1847—1928), уяўляе сабой трохпавярховы мураваны П-падобны ў пляне будынак, пастаўлены на высокі цокаль. Аб’ёмна-пляніровачная кампазыцыя складаецца з трох частак: вуглавой і дзьвюх франтальных (па вул. Кірава й Валадарскага)[7]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5].
Па няцотным баку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- № 3 — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы, гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 5. У пачатку XX ст. тут месьцілася Рамесная чатырохклясная жыдоўская вучэльня. Вучэльня была адкрытая ў 1879 годзе менскім асьветнікам і мэцэнатам І. Нэйфахам. Існавала на дабрачынныя сродкі і за кошт фінансавай дапамогі Жыдоўскага калянізацыйнага таварыства. Складалася з 2 аддзяленьняў: сьлясарна-мэханічнага й электратэхнічнага. У 1911 годзе ў вучэльні было 89 жыдоўскіх хлапчукоў, вытворчыя майстэрні выраблялі прадукцыі на 4 тысячы рублёў. У 1907—1912 гадах тут часова месьцілася Прыватная рэальная вучэльня Э. М. Хайкіна. Перад Першай сусьветнай вайной у гэты будынак пераяжджае Прыватная зубаўрачэбная школа доктара Л. Н. Шапіры й дантыста А. Л. Дэміхоўскага, пры якой існавала зубаўрачэбная лячэбніца, дзе дапамога аказвалася бясплатна. Цяпер будынак займае Менская друкарская фабрыка Дзяржзнаку Беларусі[6].
- № 5 — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Максіма Горкага, колішняя Менская харальная сынагога. У 1906 годзе была пабудавана й адчыніла свае дзьверы галоўная (харальная) сынагога Менску. Будынак быў узьведзены ў маўрытанскім стылі. Сродкі на ўзьвядзеньне сынагогі выдзяліла шматлікая жыдоўская грамада гораду. Пасьля рэвалюцыі будынак сынагогі прыватызавалі й у 1923 годзе сынагогу пераабсталявалі ў Нацыянальны габрэйскі тэатар БССР, дзе праводзіліся лекцыі, зьезды й дэманстраваліся фільмы. Пазьней тут разьмясьціўся Дом культуры сакратарыяту ЦВК імя М. В. Фрунзэ. У лістападзе 1926-га будынак быў перададзены ў карыстаньне створанай арганізацыі Белдзяржкіно. Неўзабаве тут адкрыўся кінатэатар «Культура» — адзін з самых буйных на той час у Беларусі. Глядзельная заля «Культуры», а першапачаткова харальная заля, славілася выдатнай акустыкай. Знакамітыя сьпевакі й артысты, як Уладзімер Маякоўскі, Леанід Уцёсаў, Сяргей Лемешаў ды іншыя, аддавалі перавагу выступаць падчас гастроляў менавіта тут. Пасьля Другой сусьветнай вайны будынак кінатэатру быў перабудаваны для Расейскага драматычнага тэатру імя Максіма Горкага[9]. Цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Максіма Горкага. Цяпер гэта вялікая трохпавярховая пабудова, амаль прастакутная ў пляне, сымэтрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазыцыі. Нутраная прастора таксама вырашаная сымэтрычна. Былы цэнтральны нэф пераабсталяваны ў глядзельную залю, бакавыя — у фае. На будынку ўсталяваныя мэмарыяльныя дошкі У. У. Маякоўскаму й у гонар VI Усебеларускага зьезду Саветаў. Будынак — помнік архітэктуры эклектыкі з пазьнейшымі зьменамі[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5].
- № 7 — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы[5]. Трохпавярховы накрыты пакатым двухсхільным дахам будынак з асымэтрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазыцыяй. Плян Т-падобнай формы (зь невялікім крылом у паўночнай частцы)[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5].
- № 9 — Дом Маліна. Пабудаваны на рубяжы XIX—XX ст. з цэглы. Трохпавярховы прастакутны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае асымэтрычную кампазыцыю[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5]. Ранейшы адрас — 43/13 на рагу вуліцаў Захар’еўскай і Серпухаўскай. У 1912 годзе ў гэты будынак пераехала менскае аддзяленьне Пазямельна-сялянскага банку. У гады Першай сусьветнай вайны трэці паверх займаў будаўніча-тэхнічны аддзел Заходняга фронту. У 1918 годзе частка памяшканьняў у гэтым доме была адведзеная для прэзыдыюму Рады БНР, які 25 сакавіка 1918 г. прыняў тут III Устаўную грамату аб незалежнасьці Беларусі. З чэрвеня 1918 году будынак стаў сядзібай Народнага Сакратарыяту БНР. Пры ўваходзе вісела шыльда «Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі»[6]. За савецкім часам першы паверх займалі Белкаапсаюз і Кафэ № 1[10]. Цяпер у будынку месьціцца кафэ Чабурэчная[11].
- № 15 — пабудаваны ў 1920-я гады, перабудоўваўся ў 1940-я, гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5]. У 1912 годзе тут месьцілася Прыватная лячэбніца па гінэкалягічных хваробах М. І. Абязерскага. Цяпер гэта шматкватэрны жылы дом[6].
- № 17 — пабудаваны ў пачатку XX ст., перабудоўваўся ў 1950-я гады. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 12, дом двараніна Жэброўскага Восіпа. У пачатку XX ст. тут месьціўся склад сельскагаспадарчых машын і сядзіба таварыства «Серп», якое ўваходзіла ў менскі сельскагаспадарчы сындыкат і займалася рэалізацыяй тавараў для земляробчай вытворчасьці. Тут жа месьцілася праўленьне земляробчага страхавога таварыства[6].
- № 19 — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы прастакутны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Вулічныя фасады асымэтрычнай кампазыцыі[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5].
- № 13/23 — на рагу з вуліцай Кірава. Будынак гатэлю Crowne Plaza (да 1987 г. — Беларусь, да 2008 г. — Сьвіслач). Будынак узьведзены ў 1934—1938 гг. (архітэктар А. П. Воінаў). Будынак вызначаўся простым вырашэньнем фасадаў і выразнай пляніроўкай. Фасады гатэлю былі тыповыя для архітэктуры грамадзкіх і жылых будынкаў 1930-х гг. У Другую сусьветную вайну гатэль быў спалены. У пачатку 1945 году пачаліся праектныя работы па аднаўленьні будынку. Аўтарам праекту аднаўленьня быў таксама А. П. Воінаў[5]. У праектных работах (унутраная пляніроўка й афармленьне інтэр’ераў) прымалі ўдзел архітэктары Міхаіл Бакланаў, Г. У. Заборскі, Г. М. Бенядзіктаў, Я. І. Шапіра. Пасьля Другой сусьветнай вайны фасады фактычна захоўваліся ранейшыя, у пэўнай ступені мянялася ўнутраная пляніроўка. Аднаўленьне будынку гатэлю было завершанае ў 1947 годзе. У 1987 годзе гатэль Беларусь перайменаваны ў Сьвіслач. У 2008 годзе ў выніку рэканструкцыі гатэль Сьвіслач перайменаваны ў гатэль Crowne Plaza[5]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[5].
Мэмарыяльныя дошкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладзімеру Маякоўскаму на будынку Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Максіма Горкага (Валадарскага, 5). Усталяваная ў 1978 годзе (скульптар Б. Івонцьеў). У гэтым будынку, падчас другога наведваньня Менску (28 студзеня 1925 году), у Доме культуры (цяпер драматычны тэатар) Маякоўскі чытаў свае творы. У гэтым жа будынку, 27 і 28 сакавіка 1927 зрабіў даклад, прааналізаваўшы тагачасную савецкую літаратуру і прачытаў вершы й урыўкі з паэмы «Добра!»[1].
- У гонар VI Усебеларускага зьезду саветаў і Міхаілу Калініну на будынку Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Максіма Горкага (Валадарскага, 5). Усталяваная ў 1975 годзе (скульптар І. Міско; чыгун, бронза; 1,6×0,8 м). Тут 13—16 сакавіка 1924 году адбыўся VI надзвычайны Ўсебеларскі зьезд Саветаў, у рабоце якога ўдзельнічаў Калінін. Ад імя ЦК РКП (б) і ЦВК СССР Калінін павіншаваў беларускі народ з узьяднаньнем тэрыторыяў зь беларускім насельніцтвам у складзе БССР і заклікаў працоўных умацоўваць сяброўства з братнімі рэспублікамі СССР, цясьней згуртоўвацца для эканамічнага й культурнага адраджэньня краіны[1].
- Віталю Цьвірку на будынку Дзіцячай мастацкай школы № 1 імя В. К. Цьвіркі гораду Менску (Валадарскага, 21)[12].
Вуліца на старых фатаздымках
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Пішчалаўскі замак у пач. XX ст.
-
Жаночая гімназія Лявіцкай, дом № 24
-
Дом № 17
-
Дом № 3
-
Зьлева дом № 3
-
Зьлева дамы № 12 і 9
-
У бок Захар’еўскай. Будынак зь вежай месьціўся побач з сынагогай
-
Дзяржаўная жаночая гімназія
-
Пракладка трамвайных шляхоў, 1930-я
-
За нямецкай акупацыяй
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё
- ^ а б в Улица Володарского (рас.). tsm.by. Праверана 5 жніўня 2014 г.
- ^ вуліца Валадарскага (ад 1945 году). oldmensk.net. Праверана 5 жніўня 2014 г.
- ^ Openstreetmap.org (рас.)
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
- ^ а б в г д е Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — 304 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-01-0729-9
- ^ а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- ^ ул. Володарского, дом 24 (рас.). map.by. Праверана 17 жніўня 2014 г.
- ^ вул.Валадарскага - дом №05 - тэатр імя М.Горкага Менск. Гісторыя па фатаздымках. oldmensk.net. Праверана 12 жніўня 2014 г.
- ^ Минск. Краткий справочник. 1967 (рас.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 17 жніўня 2014 г.
- ^ Адрасы БНР. TUT.BY (25 сакавіка 2008). Праверана 17 жніўня 2014 г.
- ^ ГУО «Детская художественная школа искусств № 1 имени В.К.Цвирко г. Минска» (рас.). guir.minsk.gov.by. Праверана 16 жніўня 2014 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліца Валадарскага (Менск) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Вуліца Валадарскага Менск. Гісторыя па фатаздымках. oldmensk.net.
- Інфраструктура вуліцы Валадарскага (рас.) Ato.by.
- 3-D мапа вуліцы Валадарскага (рас.) Interax.by.