Браніслаў Эпімах-Шыпіла
Браніслаў Эпімах-Шыпіла лац. Branisłaŭ Epimach-Šypiła | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 16 верасьня [ст. ст. 4 верасьня] 1859 фальварак Судзіловічы, Лепельскі павет, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 6 чэрвеня 1934 (74 гады) Ленінград, РСФСР, СССР |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | беларусазнавец, фальклярыст, этнограф, захавальнік нацыянальных рарытэтаў |
Мова | беларуская мова[1] і расейская мова[1] |
Узнагароды | |
Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла (16 верасьня [ст. ст. 4 верасьня] 1859, фальварак Судзіловічы[a] Лепельскага павету Віцебскай губэрні, цяпер вёска Будзькаўшчына Полацкага раёну Віцебскай вобласьці — 6 чэрвеня 1934, Ленінград; Крыптанім: Б. Э.-Ш.) — беларускі мовазнаўца, літаратуразнаўца, фальклярыст і выдавец, якога называюць патрыярхам беларускага Адраджэньня[2]. Кандыдат гістарычна-філялягічных навук (1887), прафэсар Пецярбурскага ўнівэрсытэту.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і дробнага шляхціча, род якога згадваецца з XV стагодзьдзя. Ахрышчаны ў Палюдавіцкім касьцёле. Бацькі — Ігнат Вінцэнтавіч і Ганна Аляксандраўна (з роду Алецкіх). У Браніслава былі два малодшыя браты — Баляслаў і Ўладзіслаў Юліян, а таксама сястра Валерыя. Неўзабаве па нараджэньні Браніслава сям’я пераехала ў фальварак Залесьсе[3] (цяпер у Полацкім раёне), дзе ён азнаёміўся з ладам жыцьця й традыцыямі беларускага народу. Калі яму было дзевяць гадоў, памёр яго бацька.
1871 год — канец XIX ст.
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1871 годзе паступае ў Аляксандраўскую польскую гімназію, за выдатную пасьпяховасьць вызваляецца ад аплаты за навучаньне. Празь дзевяць гадоў Браніслаў скончвае гімназію з залатым мэдалём і паступае на аддзяленьне клясычных моваў гісторыка-філялягічнага факультэту Імпэратарскага Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. У студэнцкія гады дае прыватныя ўрокі, тым самым, дапамагаючы грашыма маці. У 1886 годзе пасьпяхова заканчвае ўнівэрсытэт, а праз год атрымлівае ступень кандыдата гісторыка-філялягічных навук. Тым ня менш, выдатная адукацыя не дапамагла яму адразу ўладкавацца на працу. Яго невялікарускае паходжаньне й каталіцкае веравызнаньне заміналі яму знайсьці працу першыя гады пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту.
У 1889 годзе, знаходзячыся ў Беларусі, у маёнтку калекцыянэра Вінцэнта Мяніцкага, Б. Эпімах-Шыпіла пачаў запісваць творы беларускіх аўтараў, у тым ліку й невядомых. Гэты збор ён назваў «Віеłаrusskaja Chrestomatija». Пачатак хрэстаматыі паклалі стары беларускі ўніяцкі гімн «О, мой божа! Веру Табе…», ананімная вершаваная «Гутарка старога дзеда», верш Уладзіслава Сыракомлі «Добрыя весьці» і пераклад яго польскамоўнага верша «Ямшчык», паэма «Тарас» («Тарас на Парнасе»), творы Янкі Лучыны, Івана Тамашэвіча і інш. Найбольш значна ў зборніку прадстаўлены творы беларускага паэта-дэмакрата Фелікса Тапчэўскага (толькі дзякуючы гэтым запісам яны дайшлі да нашага часу). Асноўная частка запісаў ў «Хрэстаматыі» зроблены беларускай лацінкай, тэматыка зьвязана з выпадкамі з жыцьця беларускіх сялянаў, зь іх клопатамі й надзеямі.
У 1891 годзе Браніслаў здолеў уладкавацца памочнікам бібліятэкара (паводле сучаснага азначэньня — намесьніка дырэктара) ў бібліятэцы Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Службовая кар’ера была вельмі спорнай. У гэты час ён грунтоўна працуе ў галіне бібліяграфіі. Ён склаў сьпіс літаратуры пра князя Адама Юрыя Чартарыйскага, які ўключаў 74 найменьні выданьняў на пяці мовах амаль за сто гадоў.
У 1893 годзе Б. Эпімах-Шыпілам былі зроблены копіі сатырычнае камэдыі Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча «Залёты» і яго перакладу з польскай на беларускую мову некалькіх разьдзелаў паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», забароненай царскае цэнзурай.
Пачатак XX стагодзьдзя — 1906 год
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы гэты пэрыяд быў адзначаны плённай службовае працай і, паводле зьвестак, новым этапам яго дзейнасьці на карысьць Беларусі. Ён вядзе арганізатарскую працу па распаўсюджваньні друкаванага слова, пашырэньня кола асобаў, якія займаліся асьветніцтвам, і актывізацыі іх супрацы. Асобнае месца было адведзенае моладзі.
У 1900—1910-х гадах Б. Эпімах-Шыпіла па-ранейшаму працаваў ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы. У складзе расейскае дэлегацыі ўдзельнічаў у Першым міжнародным зьезьдзе бібліятэчных работнікаў у Брусэлі. Па навуковых справах наведваў Аўстрыю. У яго асабістым архіве захоўваўся рукапісны першапачатковы варыянт праграмы Беларускай сацыялістычнай грамады. Ён кантактаваў з удзельнікамі стварэньня партыі. У 1905 годзе ў «Беларускай хрэстаматыі» зьяўляюцца творы рэвалюцыйнага зьместу — вершы Алаізы Пашкевіч «Мора» і «Хрэст на свабоду».
Ён быў адным з заснавальнікаў культурна-асьветніцкага «Круга беларускае народнае прасьветы й культуры». Сябры гэтае арганізацыі паўлегальна займаліся друкаваньнем і пашырэньнем беларускіх твораў. Імі былі выдадзеныя паэтычны зборнік Янкі Лучыны «Вязанка», зборнікі «Каляндарная пісанка на 1904 год» і «Велікодная пісанка». Б. Эпімах-Шыпіла ня мог адкрыта займацца гэтай справай, але аказваў значную фінансавую падтрымку арганізацыі.
Пасьля таго, як расейскі ўрад зьняў забарону з ужываньня беларускае мовы, Б. Эпімах-Шыпіла стаў адным зь ініцыятараў стварэньня першае й найбуйнейшай за апошнія некалькі стагодзьдзяў выдавецкае суполкі «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ» (1906—1914). Пад кіраўніцтвам Эпімах-Шыпілы студэнты-беларусы выконвалі разнастайную асьветніцкую працу. Ён выдаткоўваў уласныя сродкі на забесьпячэньне функцыянаваньня выдавецтва, якое зьмяшчалася на яго кватэры (Васільеўскі востраў, 4-я лінія, 45, кв. 16).
Дзейнасьць выдавецкай суполкі «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ» — адзін з важных этапаў у беларускім нацыянальным адраджэньні. Упершыню ў новай гісторыі быў наладжаны шырокі выпуск беларускіх выданьняў. Першым стаў «Беларускі лемантар» для навучэньня пісьменнасьці беларускіх дзетак на роднай мове. Кнігі друкаваліся як кірылічным, так і лацінскім альфабэтамі. Упершыню было наладжанае сыстэматычнае выданьне п’ес на беларускай мове, што адыграла сваю ролю ў станаўленьні беларускага тэатру. Пры актыўным удзеле Б. Эпімах-Шыпілы ажыцьцяўлялася перавыданьне твораў беларускіх клясыкаў, выданьне першага беларускага літаратурна-мастацкага й грамадзка-палітычнага альманаха «Маладая Беларусь» (1912—1913). Усяго за гады існаваньня выдавецтва выпусьціла каля 40 назваў кніг літаратурнага, грамадзка-палітычнага, а таксама навукова-папулярнага кірункаў, надрукаваных тыражом каля 100 000 экзэмпляраў.
У гэтыя гады Б. Эпімах-Шыпіла вельмі шмат часу прысьвячае моладзі. Ён заахвочваў маладых людзей да вывучэньня гісторыі свайго краю, мовы народу, этнаграфіі Беларусі. Ён разумеў неабходнасьць выхаваньня ў маладых адукаваных беларусаў пачуцьця нацыянальнае годнасьці й іх ролі ў асьветніцтве шырокіх колаў народных мас. У такім кірунку Б. Эпімах-Шыпіла дзейнічаў яшчэ з часоў «Круга беларускае народнае прасьветы й культуры». Беларуская моладзь, галоўным чынам студэнты ўнівэрсытэту, кожную суботу зьбіраліся на кватэры Браніслава Ігнатавіча. Госьці маглі павячэраць, і нават паслухаць грамафон, да якога мелася плытка зь беларускай песьняй «Чаму ж мне ня пець». Сюды прыходзілі такія дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэньня, як Язэп Драздовіч, Антон Грыневіч, Тамаш Грыб, Браніслаў Тарашкевіч, Зьмітрок Бядуля, Язэп Варонка, Алаіза Пашкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Дыла, Міхась Мялешка й яшчэ шмат хто зь беларусаў, якія ў той час вучыліся й працавалі ў Пецярбургу. Будучы палітычны дзеяч ССРБ Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) называў гэтую кватэру «беларускім штабам».
Жывучы ў Санкт-Пецярбургу, Браніслаў Ігнатавіч не губляў сувязі зь Беларусьсю. Як і раней, ён кожнае лета выяжджаў на радзіму. Ён зьяўляўся ўладальнікам фальварку Залесьсе памерам у 40 дзесяцінаў у Лепельскім павеце Віцебскай губэрні. Тут ён пабудаваў драўляны двухпавярховы дом, дзе захоўваў кнігі й шматлікія экспанаты па гісторыі, археалёгіі, этнаграфіі Беларусі для будучага беларускага музэю, які марыў стварыць. Неаднаразова Б. Эпімах-Шыпіла бываў у Вільні, дзе шмат працаваў у бібліятэках і архівах, шукаючы разнастайныя зьвесткі пра Беларусь. У адзін са сваіх прыездаў ён пазнаёміўся з маладым паэтам Максімам Багдановічам, зь якім потым вёў перапіску.
Супраца зь Янкам Купалам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1908 годзе Б. Эпімах-Шыпіла адбірае для публікацыі вершы Янкі Купалы. Гэтыя творы былі адрэдагаваныя самім выдаўцом і склалі першы зборнік маладога літаратар «Жалейка». Ёсьць падставы лічыць, што Эпімах-Шыпіла меў дачыненьне й да іншых выдатных твораў паэта, асабіста ці праз знаёмых ён садзейнічаў іх выданьню (вершаў у зборніках «Гусьляр», «Шляхам жыцьця», паэм «Адвечная песьня», «Курган», «Сон на кургане», п’есы «Паўлінка»). Апрача таго, Браніслаў Ігнатавіч захаваў у сваім архіве шматлікія творы Янкі Купалы, склаў два машынапісныя сшыткі яго ненадрукаваных вершаў пецярбурскага пэрыяду. Дзякуючы матэрыяльнай і інтэлектуальнай падтрымцы Эпімах-Шыпілы Купала закончыў вячэрнія агульнаадукацыйныя курсы Чарняева, куды прыцягваліся прафэсары з вышэйшых навучальных устаноў Пецярбурга. Па словах Янкі Купалы, гэтая вучоба сыстэматызавала яго хаатычныя веды. Чатыры гады малады паэт пражыў на кватэры Б. Эпімах-Шыпілы. Браніслаў Ігнатавіч аддаў яму ў распараджэньне пакой і забясьпечваў паэта поўным харчаваньнем. Жывучы ў Эпімах-Шыпілы, малады Купала меў магчымасьць карыстацца вялікай бібліятэкай, што ў значнай ступені паўплывала на фармаваньне яго грамадзкае пазыцыі й жыцьцёвых прынцыпаў, на якасьць творчасьці й нават на службовую дзейнасьць (пасьля ад’езду зь Пецярбурга стаў працаваць рэдактарам у «Нашай Ніве»)
Янка Купала адчуваў вялікую ўдзячнасьць да Браніслава Ігнатавіча. Малады паэт прысьвяціў яму свой верш «Прафэсару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам».[4] 1910 году гарыць дом у Залесьсі, дзе была згублена вялікая калекцыя вучонага. У гэтай сытуацыі беларускі клясык выказвае сваю маральную падтрымку вершам «Прафэсару Б. Эпімах-Шыпілу», які мае загаловак «З прычыны пажару ў яго маёнтку».[5] У 1914 годзе, калі памёр малодшы брат Браніслава Ігнатавіча Ўладзіслаў, Янка Купала прачытаў на пахаваньні свой верш «Сьветлай памяці Уладзіслава Эпімах-Шыпілы».[6]
Пэрыяд Першае сусьветнае вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая сусьветная вайна ўнесла свае карэктывы ў дзейнасьць Б. Эпімах-Шыпілы. Беларусь стала арэнаю жорсткіх баёў, а частка яе тэрыторыі была акупаваная немцамі. У сувязі з гэтым у Петраградзе было створанае дабрачыннае Беларускае таварыства па аказаньні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—1918), аднім з арганізатараў якое быў Б. Эпімах-Шыпіла. На паседжаньнях таварыства разглядаліся пытаньні матэрыяльнае падтрымкі бежанцаў-беларусаў. Адмова царскіх уладаў у дапамозе бежанцам зь Беларусі зьявілася штуршком да ўдзелу ў III эўрапейскае канфэрэнцыі народаў, якая праходзіла ў 1916 годзе ў швэйцарскім горадзе Лязане. Выступленьне прадстаўнікоў Беларусі на гэтым форуме атрымала назву «Мэморыя». Гэта своеасаблівая праграма, дзе паказаная трагічная гісторыя разьвіцьця беларускае нацыі, выказаныя абвінавачваньне ў адрас царскіх уладаў і пратэст супраць паднявольнага становішча беларускага народа, абгрунтаванае яго права на раўнапраўнае існаваньне сярод іншых народаў, самастойнае нацыянальнае разьвіцьцё. Існуюць меркаваньні, што гэты дакумэнт падрыхтаваў сам Эпімах-Шыпіла. Ён жа пераклаў «Мэморыю» на беларускую.[7] «Мэморыя» — дакумэнт вялікае публіцыстычнае сілы — была надрукавана й шырока распаўсюджвалася.
Нягледзячы на цяжкасьці ваеннага часу, Эпімах-Шыпіла шукаў новыя сродкі для ўзмацненьня беларускага руху. Каля трох гадоў ён праводзіў заняткі па беларускай мове для навучэнцаў гімназіі пры касьцёле.
Кастрычніцкі пераварот. Вяртаньне ў Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку перавароту ў Беларусі стварыліся больш спрыяльныя ўмовы для нацыянальнай культурна-грамадзкай працы. Тагачаснае кіраўніцтва Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі было зацікаўлена ў вяртаньні на радзіму знакамітых беларусаў — дзеячаў навукі й культуры. На пачатку 1920-х гадоў у сувязях Б. Эпімах-Шыпілы зь Беларусьсю зьявіліся новыя абставіны. У 1924 годзе ён атрымоўвае афіцыйнае запрашэньне ў Менск і абіраецца правадзейным чальцом Інстытуту беларускай культуры. У 1925 годзе Эпімах-Шыпіла звальняецца зь бібліятэкі ўнівэрсытэту, якой аддаў 34 гады жыцьця. Па прыезду ў Менск актыўна ўключыўся ў культурнае жыцьцё Беларусі.
Ён працаваў сакратаром музэйна-бібліятэчнай сэкцыі Інбелкульта, чальцом, а з 1927 году старшынём камісіі па ўкладаньні слоўніка жывой беларускай мовы. Гэта была вельмі маштабная праца, якая вялася па ўсёй Беларусі. Пад рэдакцыяй Б. Эпімах-Шыпілы выйшлі «Віцебскі краёвы слоўнік» М. Касьпяровіча й «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М. Шатэрніка. Плянавалася выданьне агульнага слоўніка беларускае мовы.
Б. Эпімах-Шыпілам публікуюцца захаваныя вершы Янкі Купалы 1910—1913 гадоў, якія дагэтуль так і не былі выдадзеныя. Супрацоўнічае з рэдактарамі першага акадэмічнага збору твораў Максіма Багдановіча, перадае ім лісты паэта ў выдавецтва «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ» і іншыя эпісталярныя матэрыялы. Выконваў пачэсныя місіі — адкрываў бюст Францішку Скарыну ад імя Інбелкульта, вітаў яго пераўтварэньне ў Акадэмію навук.
У 1929 годзе ён перадаў у дар Беларускай Акадэміі Навук сваю асабістую бібліятэку, якую зьбіраў усё жыцьцё, — 5 тысячаў тамоў, пераважна па беларусазнаўстве.
1930-я гады. Пачатак рэпрэсіяў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатку 1930-х гадоў пачаліся рэпрэсіі супраць нацыянальнае інтэлігенцыі. Па сфабрыкаванай ДПУ (органамі дзяржбясьпекі) справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», 18 ліпеня 1930 году, пасьля ператрусу, Б. Эпімах-Шыпіла быў арыштаваны й зьняволены ў турму, дзе знаходзіўся два месяцы. Нягледзячы на 70-гадовы ўзрост і дрэнны стан здароўя, на допытах Браніслаў Ігнатавіч трымаў сябе годна. Прызнаньне «віны» прагучала толькі ў некаторых паказаньнях, дадзеных, відавочна пад ціскам, і нават пасьля таго, як быў вызвалены.
Б. Эпімах-Шыпілу загадалі пакінуць Менск. Па вяртаньні ў Ленінград ён апынуўся ў надзвычай цяжкім становішчы. Цягам чатырох год кватараваў у некалькіх даўніх знаёмых, жыў у галечы. У гэты ж час (1931 год) зьяўляюцца апошнія запісы ў ягонай «Хрэстаматыі» — пераклады Б. Эпімах-Шыпілы на польскую й нямецкую мовы верша Альбэрта Паўловіча «Сумная восень». Іх пэсымістычны настрой, відавочна, быў падобны да тагачаснага душэўнага стану Б. Эпімах-Шыпілы. У гэтыя гады дзейнасьць на карысьць Беларусі была фактычна спынена.
Цяжкасьці неўладкаванага жыцьця паскорылі сьмерць Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы. На «Беларускай хрэстаматыі» даўнім сябрам, навукоўцам Канстанцінам Пушкарэвічам была зафіксавана гэтая трагічная падзея «2-га чэрвеня пасьля другога ўдару Б. Ігн. страціў прытомнасьць і сканаў 6.6.34 а 8-й г. раніцы ў бальніцы імя С. Пяроўскай». Месца пахаваньня выбітнага беларускага мовазнаўца дагэтуль невядомае. Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілу неафіцыйна «рэабілітавалі» ў 1945 годзе, праз 15 гадоў пасьля высылкі зь Беларусі.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дзесяць боскіх прыказаньняў: [Верш] // Беларус. 8 жніўня 1913;
- Беларуская мова ў гімназіі // Вольная Беларусь. 30 кастрычніка 1917.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
У Санкт-Пецярбургу, 1910 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
1918 г.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Паводле іншых зьвестак, у фальварку Будзькаўшчыне
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Èpìmach-Šypìla, Branìslaŭ Ìhnatavìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Янушкевіч Я. Хто такі Браніслаў Эпімах-Шыпіла? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 55.
- ^ Адзначаем 150-годдзе з дня нараджэння Б. І. Эпімаха-Шыпілы (1859-1934)
- ^ Браніслаў Эпімах-Шыпіла і Янка Купала. Верш Янкі Купалы «Прафесару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам» (снежань 1909 г.)
- ^ Родныя Вобразы / Вершы / Прафэсару пану Б. Эпімах-Шыпілу(недаступная спасылка)
- ^ Верш Янкі Купалы «Светлай памяці Уладзіслава Эпімах-Шыпілы». Архівы Беларусі
- ^ «Меморыя прадстаўнікоў Беларусі на ІІІ канфэрэнцыі народаў» у г. Лазане (Швайцарыя). Пераклад Б. Эпімах-Шыпілы з францускай мовы на беларускую. 1916 г. Архівы Беларусі.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памерлі 6 чэрвеня
- Памерлі ў 1934 годзе
- Кавалеры ордэна Сьвятога Ўладзімера 4 ступені
- Кавалеры ордэна Сьвятой Ганны 2 ступені
- Кавалеры ордэна Сьвятой Ганны 3 ступені
- Нарадзіліся 16 верасьня
- Нарадзіліся ў 1859 годзе
- Беларусісты
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускамоўныя паэты і паэткі
- Беларускія мовазнаўцы
- Беларускія літаратуразнаўцы
- Кандыдаты філялягічных навук
- Асуджаныя па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»
- Беларускія пэдагогі
- Беларускія выдаўцы
- Беларускія фальклярысты
- Выпускнікі гісторыка-філялягічнага факультэту Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту