Перайсьці да зьместу

Корань (вёска)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Корань
трансьліт. Korań
Першыя згадкі: 1395
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Лагойскі
Сельсавет: Гайненскі
Насельніцтва: 344 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1774
Паштовы індэкс: 223123
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°20′27″ пн. ш. 27°43′35″ у. д. / 54.34083° пн. ш. 27.72639° у. д. / 54.34083; 27.72639Каардынаты: 54°20′27″ пн. ш. 27°43′35″ у. д. / 54.34083° пн. ш. 27.72639° у. д. / 54.34083; 27.72639
Корань на мапе Беларусі ±
Корань
Корань
Корань
Корань
Корань
Корань
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ко́рань[1]вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці. Уваходзіць у Гайненскі сельсавет. Знаходзіцца за 50 км на поўнач ад цэнтру Менску, за 22 км на паўночны захад ад Лагойску, за 10 км на захад ад павароту на Козыры з аўтамагістралі М3 Менск — Віцебск. Сядзіба былога саўгасу «Коранскі» (зараз ААТ «Корань»).[2]

Першая зьвестка аб вёсцы тычыцца 1395 году, калі яна была падаравана вялікім князем Вітаўтам новаўтворанаму капітулу катэдральнага касьцёлу Сьвятога Станіслава ў Вільні [3]. З гэтага моманту і да канца XVIII стагодзьдзя Корань заставаўся прэстыманіяльным маёнткам капітула. Мяркуецца, што насельніцтва Кораншчыны зыходна было ўсходнеславянскім і вызнавала праваслаўную веру. Археалягічныя матэрыялы не захавалі аніякіх сьведчаньняў рэліктавага балцкага субстрату на тэрыторыі будучага Коранскага прыходу.[4]

У актавых кнігах Віленскага капітула захаваліся зьвесткі аб абставінах зьяўленьня ў Корані каталіцкага касьцёлу. Рашэньне аб заснаваньні прыходу было прынятае капітулам 3 кастрычніка 1572 году, а ў лісьце капітула ад 13 лютага 1576 году прыгадваецца ўжо існуючы касьцёл, заснаваны «ў тым краю Рускім».[5] Аднак першапачатковыя меры па матэрыяльным забесьпячэньні плябаніі аказаліся недастатковымі і ўжо ў 1591 годзе з-за недахопу сродкаў пробашч пакінуў прыход, а прыхаджане вярнуліся да праваслаўных цэркваў і выконвалі там усе абрады.[6] Адноўлены каталіцкі прыход у Корані быў ў 1605 годзе і з таго часу ён існаваў трывала.[4]

Зьвестка аб канфэсійным складзе насельніцтва Кораню маецца ў акце візытацыі Коранскага касьцёлу за 1742 год. У ім адзначаецца, што частка падданых капітульнага маёнтку лічаць сябе католікамі, а частка — «рускімі» (праваслаўнымі), але ўсе хрысьцяць дзяцей у Коранскім касьцёле, там жа спавядаюцца і канфірмуюцца. Пры гэтым пасты і царкоўныя сьвяты яны выконваюць паводле праваслаўных канонаў.[7]

Брама на старых каталіцкіх могілках у Корані

Апісаньні Коранскага прыходу, створаныя падчас расейскага панаваньня ў ХІХ стагодзьдзі, аднадушна адзначаюць, што мова мясцовых прыхаджан — беларуская. Прыток новага насельніцтва да скасаваньня прыгоннага права ў 1861 годзе і ў некалькі наступных дзесяцігодзьдзяў быў вельмі абмежаваным. Пераважную большасьць жыхароў стваралі прадстаўнікі тых старажытных родаў, якія прыгадваюцца яшчэ ў інвэнтары 1740 году альбо прыбылі звонку на працягу другой паловы XVIII стагодзьдзя.[4]

Масавая іміграцыя на тэрыторыю прыходу адбылася толькі на самым пачатку ХХ стагодзьдзя, калі была распрададзеная значная частка земляў, што пасьля рэформы 1861 году заставаліся ва ўласнасьці памешчыка. Сярод пакупнікоў гэтых земляў было каля 50 прышлых сем’яў, у тым ліку 23 гаспадаркі былі заснаваныя выхадцамі з тэрыторыі Вілейскага павету (з раёну возера Сьвір) і 13 гаспадарак — абшчынай старавераў. Хаця за кошт гэтых перасяленцаў колькасьць насельніцтва павялічылася, старажытныя карэнныя роды па-ранейшаму стваралі асноўную частку папуляцыі.[4]

У жніўні 1924 году ў складзе Лагойскага раёну Менскай акругі быў створаны Коранскі сельсавет, адміністрацыйным цэнтрам якога была вёска Корань.[8]

Сярод ахвяраў карнай акцыі нацыстаў у Хатыні, якая адбылася 22 сакавіка 1943 году, большасьцю былі вернікі рыма-каталіцкай парафіі Корань, да якой у той час адносілася і вёска Хатынь.[9]

На Каляды 1991 году сябры Менскага культурна-асьветніцкага грамадзкага клюбу «Спадчына» ладзілі ў вёсцы калядаваньне. Арганізатарам яго быў бард, загадчык клюбу вёскі Корань Уладзімер Палупанаў. Вяскоўцы сустракалі іх хлебам і сольлю. Калядаваньне было плённым: фотакарэспандэнт «Народнай газэты» М. Жынкін зьмясьціў 6 студзеня 1992 году рэпартаж «Ой, Каляда, Каляда», які стаў адной зь першых публікацыяў у дзяржаўных СМІ аб вяртаньні народных традыцыяў.[10]

  • 2010 год — 344 чалавекі
  • 1999 год — 383 чалавекі

Корань і Янка Купала

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Корані на каталіцкіх могілках Янка Купала пахаваў свайго бацьку Дамініка Луцэвіча, брата і дзьвюх сёстраў. Зьнясілены працай і хваробай страўніка Д. Луцэвіч памёр у траўні 1902 году ва ўзросьце 56 гадоў. Праз паўгоду на адным тыдні ад шкарлятыны памерлі 11-гадовы брат Янкі Купалы Казік і сёстры Сабіна (9 гадоў) і Гэлена (6 гадоў).[11] У той час сям’я Луцэвічаў жыла ў Селішчы. На магіле Д. Луцэвіча ў 1982 годзе пастаўлены помнік.[2]

У 1920-я гады ў пачатковай школе ў Корані настаўнічаў беларускі грамадзкі дзеяч, фальклярыст, этнограф Язэп Гладкі.[12]

Беларускі дасьледчык Вячаслаў Насевіч прысьвяціў сваёй «малой радзіме» — вёсцы Корань — навуковую працу, падрыхтаваную на сутыку двух мэтадалягічных кірункаў — мікрагісторыі і антрапалягічнай гісторыі. У сваёй кнізе В. Насевіч раскрыў разбурэньне традыцыйнай вёскі пад цяжарам таталітарнай сыстэмы і крытычна асэнсаваў ўсе наступствы гэтага працэсу.[13]

Вёска ў творах мастацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мастак Л. С. Ран выканаў афорт «Могілкі. Вёска Корань», які захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[2]

ААТ «Корань» спэцыялізуецца на вытворчасьці зерня з разьвітой жывёлагадоўляй. Агульная плошча сельскагаспадарчых земляў — 3777 га, у т. л. 2450 га пашні і 1327 га лугавых земляў. У прадпрыемства ўваходзяць 4 малочна-таварныя фэрмы («Корань», «Пуцілава», «Церахі», «Прудкі»), фэрма па гадоўлі маладняку «Ўкропавічы» і сьвіна-таварная фэрма «Прудкі».[14]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 246
  2. ^ а б в Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл. — Артыкул «Корань». — С. 303.
  3. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. - Krakow, 1948. N 25. S. 40-2.
  4. ^ а б в г Адзін са шляхоў фармавання польскай этнічнай меншасці на Беларусі (пэрсанальны сайт) Вячаслаў Насевіч Праверана 18 жніўня 2012 г.
  5. ^ Аддзел рукапісаў Бібліятэкі АН Летувы (АРБАНЛ). Ф. 43. Спр. 213. Л. 78, 202 адв. – 204.
  6. ^ Аддзел рукапісаў Бібліятэкі АН Летувы (АРБАНЛ). Ф. 43. Спр. 215. Л. 168 адв. - 171 адв.
  7. ^ Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 147. Воп. 2. Спр. 121. Л. 82, 89-90.
  8. ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2 С. 327
  9. ^ Жалобнае набажэнства ў Хатыні Рыма-Каталіцкі касьцёл у Беларусі Праверана 18 жніўня 2012 г.
  10. ^ Менскі культурна-асьветніцкі грамадзкі клюб “Спадчына”. Хроніка асноўных падзей (сайт клюбу) Рыма-Каталіцкі касьцёл у Беларусі Праверана 18 жніўня 2012 г.
  11. ^ Раманоўская, Ядвіга «…Не забудзься ты матулі». Успаміны пра маці Янкі Купалы. С.43—49. / Кн. Янка Купала «Мне сняцца сны аб Беларусі…». Успаміны, эсэ, артыкулы, дакументы / уклад. Галіна Шаблоўская. — Мн., Мастацкая літаратура, 2012. — 702 стар, іл.
  12. ^ Язэп Адамавіч Гладкі (Адам Варлыга) Лагойск. Віртуальны музэй Праверана 18 жніўня 2012 г.
  13. ^ Носевич В. Л. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. — Минск, 2004. — 350 с.
  14. ^ ААТ «Корань» (старонка прадпрыемства) Лагойскі райвыканкам Праверана 18 жніўня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]