Спадчына (верш)
Спадчына | |
Ілюстрацыя М. Басалыгі да вершу (1981) | |
Жанр: | верш |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 19 лістапада 1918 |
Публікацыя: | 1922 |
Асобнае выданьне: | зборнік «Спадчына» |
Выдавецтва: | «Адраджэньне» |
Электронная вэрсія |
«Спа́дчына» — верш Янкі Купалы, напісаны 19 лістапада 1918 году ў Воршы. Філязофска—патрыятычны твор. Тэматычна прымыкае да праграмных купалаўскіх твораў 1918 году: вершы «Для Бацькаўшчыны», «Свайму народу», «Паязджане». Верш даў назву першаму зборніку вершаў Я. Купалы савецкага часу, у якім ён і быў упершыню надрукаваны. Аўтограф верша захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[1]
Гістарычны кантэкст
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Створаны ў пэрыяд складанае гістарычнае сытуацыі, калі Беларусь стала арэнай вайсковых дзеяньняў і амаль уся яе тэрыторыя была акупаваная. Верш напісаны ў час адыходу нямецкіх войскаў, калі пасьля ануляваньня савецкім урадам Берасьцейскага замірэньня яны перадавалі беларускія землі польскаму войску. Паэт балюча адчуваў трагедыю Бацькаўшчыны, прыгадваў ліхалецьце першае сусьветнае вайны, выгнаньне з родных мясьцінаў мільёнаў людзей, сваё нядаўняе зьняменьне перад жорсткасьцю і крывавай драмай сусьветнае бойні. З гэтых настрояў і роздумаў нарадзіўся верш аб ролі нацыянальнае гісторыі і культуры ў жыцьці чалавека[1].
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак верша загадкавы. Бачная вострая духоўная калізія лірычнага героя з навакольнымі абставінамі: «сярод сваіх і чужакоў» ён адчувае сябе беспрытульным. Ратуе яго ад загубы спадчына, скарбы мінулых пакаленьняў. Далей паэт апрадмечвае загадкавы талісман-спадчыну. Увасабленьне яе, жыцьцёвыя дэталі выглядаюць нечакана простымі. Узьнікае рамантычны дысананс паміж чарадзейна-гаючай функцыяй і побытавай звычайнасьцю прадметаў і зьяваў, якія паэт уключае ў паняцьце спадчыны. Прадметы-скарбы аўтар прыўзьнімае арыгінальным эпітэтам ці падводзіць пад канон рамантычнай злавеснасьці або ахутвае флёрам даўніны. У перадапошняй страфе верша спадчына выглядае ўжо сымбалічным скарбам, чыста духоўнай каштоўнасьцю, чарадзейнай паходняй. Апошняя страфа верша набліжаецца да чарадзейнага закліканьня[1].
У вершы сутыкаюцца традыцыйна-фальклёрны спосаб выяўленьня зь літаратурна-рамантычнай сымболікай. Глыбокая псыхалягічная паўза падрыхтоўвае нечаканую, нават парадаксальную канцоўку-адказ: «Завецца ж спадчына мая // Ўсяго С т а р о н к а й Р о д н а ю». Спалучэньне займеньніка «ўсяго» з напісанымі разрадкай, зь вялікай літары словамі «Старонкай Роднаю» ня проста рамантычны парадокс, іранічная антынома. У падтэксьце адчуваюцца жорсткія спрэчкі, якія Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч вялі з касмапалітычна настроенымі абывацелямі, для якіх старонка родная — усяго толькі кавалак беднае зямлі. Для паэта ж яна — цудоўная паходня. Азначэньнем «мая» паэт падкрэсьлівае права на сваё, суб’ектыўнае разуменьне каштоўнасьцяў, на ўласную, незвычайную сыстэму ацэнкаў. Але такая выключнасьць павінная стаць нормай — для гэтага і творыць свае вершы-думы нацыянальны паэт[1].
Чатырохстопны ямб надае строгасьць рытмічнай арганізацыі верша, якая кантрастуе з дынамічнай кампазыцыяй, выдатна завершанай рамантычным парадоксам[1].
Значэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Высокароднасьць патрыятычнае ідэі, глыбокая філязофская напоўненасьць, выразная фальклёрна-рамантычная вобразнасьць зрабілі верш адным з найвыдатнейшых твораў Я. Купалы[1].
Пераклады і мастацкія ўвасабленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На ангельскую мову верш пераклалі В. Рыч і У. Мэй, на армянскую — Г. Камуні, на асэтынскую — Х.-М. Дзуццаці, А. Пухаеў, на баўгарскую — Н. Вылчаў, на башкірскую — Х. Бікулаў, на гішпанскую — К. Шэрман, на грузінскую — Т. Джангулашвілі, Ш. Нішніянідзэ, на кыргыскую — Ц. Уметаліеў, на летувіскую — З. Праткеленас, В. Рэймэрыс, на малдаўскую — П. Дарые, А. Чыбатару, на нямецкую — З. Эстэррайхер, на польскую — А. Баршчэўскі, А. Тум, на расейскую — С. Абрадовіч, А. Андрэеў, І. Васілеўскі, Н. Кісьлік, С. Спаскі, на сэрбскахарвацкую — С. Раічкавіч, на таджыцкую — М. Фархат, на туркмэнскую — А. Агабаеў, на ўкраінскую — М. Львовіч, Дз. Паламарчук, на францускую — Ж. Гаш, на чуваскую — А. Алга, на эрзянскую — А. Мартынаў[1].
Ілюстраваў верш М. Басалыга. На музыку верш паклаў І. Лучанок. У выкананьні ансамблю «Песьняры» гэтая песьня стала ці не найбольш вядомым музычным творам на словы Я. Купалы[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Спадчына (верш)» / Аўтар — Ул. Калесьнік. — С. 571—572.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Верш у выкананьні В. Манаева на сайце vmusice.net
- Відэазапіс выкананьня песьні «Спадчына» ансамблям «Песьняры» (2001 г., саліст — Ул. Мулявін) на сайце YouTube
- Верш Р. Крушыны, прысьвечаны вершу Я. Купалы «Спадчына»(недаступная спасылка) на сайце Родныя вобразы