Спадчына (зборнік)
«Спадчына» | |
Вокладка зборніку «Спадчына» (Менск, 1922) | |
Жанр: | верш, паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Публікацыя: | 1922 |
Выдавецтва: | Беларускае каапэратыўна-выдавецкае таварыства «Адраджэньне» |
Электронная вэрсія | |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Спадчына» — чацьверты зборнік вершаў Янкі Купалы, ўпершыню выдадзены ў 1922 годзе ў Менску ў Беларускім каапэратыўна-выдавецікм таварыстве «Адраджэньне». Першы паэтычны зборнік Янкі Купалы савецкага часу на беларускай мове. Тыраж зборніку склаў 4 тысячы асобнікаў. Рукапіс быў падрыхтаваны Купалам яшчэ ў 1919 годзе[1].
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назву зборніку даў аднаназоўны філязофска-патрыятычны верш. Зборнік утрымлівае ў сабе вершы і паэмы, напісаныя ў 1913—1919 гадох, а таксама творы жалейкаўскай пары, якія раней не былі надрукаваныя з-за цэнзурных перашкодаў.[1]
У ідэйна-стылёвым пляне ўсе творы зьнітаваныя агульнай канцэпцыяй — думкай пра лёс беларускае нацыі і чалавека на ключавым павароце гісторыі. Рамантычная абагульненасьць і псыхалягіічная абвостранасьць ўспрыманьня жыцьця надае шмат якім з твораў дзёньнікавы характар.[1]
Зборнік складаецца з шасьці асобных разьдзелаў. Аўтарскі падзел твораў не супадае з тэматычным падзелам твораў зборніку. Галоўныя тэмы зборніку[1]:
- першая сусьветная вайна,
- жыцьцё вёскі,
- філязофскія санэты,
- грамадзянская публіцыстычная лірыка,
- інтымная лірыка,
- чалавек і свабода.
Адметнасьць і значэньне зборніку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паэтычныя вобразы ваеннай лірыкі, створаныя ў традыцыях народнага эпасу, кранаюць трагізмам і палкім гуманістычным пратэстам супраць вайны. Паасобныя творы пабудаваныя на рытміка-лексічным прынцыпе беларускіх народных галашэньняў. Прапускаючы праз сэрца боль, пакуты ўсяго чалавецтва, паэт не трапляе ў бездань адчаю. Ён паказвае свайго лірычнага героя ў гуманістычным вымярэньні свабоды, сьцьверджаньня сілы.[1]
Філязофскія творы Купалы зь іх маштабнай мэтафарычнасьцю, гіпэрбалізмам, прароцтвам выявілі страснае памкненьне паэта да гармоніі чалавецтва і яго гатоўнасьць да ахвярнасьці ў імя гуманістычных ідэалаў. Нізка філязофскіх санэтаў Купалы адзначаная пошукамі сэнсу існаваньня чалавека і грамадзтва, пачуцьцём адказнасьці асобы за недасканаласьць грамадзкага жыцьця.[1]
Інтымная лірыка зборніку раскрывае асобу паэта ў складаным перапляценьні сацыяльных тэмаў, у глыбока асабістым трагедыйным успрыйманьні сьвету. Цыкл пачынаецца своеасаблівым пралогам — сьветлай «паганскай» паэмай «Яна і я», а заканчваецца вершамі, ў якіх ў сьферу інтымнага ўключана адчуваньне драматызму зямнога жыцьця. Інтымная лірыка Купалы адметная незвычайнай музычнай поліфаніяй.[1]
Вядомы купалазнаўца Уладзімер Гніламёдаў заўважае:
Кніга «Спадчына» з незвычайнай лірычнай усхваляванасьцю і паўнатой адлюстравала карціну нацыянальнага становішча беларускага народу ў пераломна-кульмінацыйны момант яго гісторыі.[2] | ||
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Спадчына» / Аўтар — В. І. Гапава. — С. 572—573.
- Гапава, В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. — Мн., 1983. — 135 с.
- Лойка, А.. Як агонь, як вада… — Мн., 1984. — С. 230.
- Юрэвіч, Ул.. Янка Купала: Нарыс жыцця і творчасці. — Мн., 1983. — С. 135—143.