Флярыян Ждановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Фларыян Ждановіч»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ждановіч.
Флярыян Ждановіч
Род дзейнасьці Актор, рэжысэр
Дата нараджэньня 16 (28) кастрычніка 1884
Месца нараджэньня Менск, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 22 кастрычніка 1937(1937-10-22) (52 гады)
Месца сьмерці Менск, Беларуская ССР, СССР
Грамадзянства СССР
Занятак перакладнік, актор, тэатральны рэжысэр
Месца працы
Бацька Павал Ігнатавіч Ждановіч
Маці Кацярына Антонаўна Ждановіч
Жонка 1) Пралеска, 2) Гелена (дзяв. Маеўская)
Дзеці Двое: дачка Ірына Ждановіч(be) (1906—1994)

Флярыя́н Па́ўлавіч Ждано́віч (1884; Менск, цяпер Беларусь — 1937, Менск) — адзін з заснавальнікаў прафэсійнага тэатру, актор, рэжысэр і грамадзкі дзяяч. Псэўданімы: Алесь Крэсік, Іван Карась. Брат Антона Ждановіча.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Менску ў сям’і службоўца банка. Быў першынцам з 6 дзяцей. Скончыў Менскую рэальную вучэльню. У 1902 годзе скончыў Варшаўскую драматычную школу. Працаваў акторам у польскіх тэатрах Беларусі. У 1907 г. вярнуўся ў Менск, дзе выступаў у тэатральнай трупе пры польскім спартовым таварыстве «Сокал» зь вершамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Далучыўся да беларускага культурніцкага руху. 15 жніўня 1913 у Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы «Паўлінка». Ставіў спэктакль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Флярыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар — Янка Купала. Падрыхтаваў мастацкую праграму «Беларускі кірмаш». Арганізаваў драматычны гурток, які пасьля паказу ў вёсцы Старое Сяло пад Менскам спэктакля «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага быў забаронены ўладамі. Каб пазьбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на рускай сцэне.

Да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 працаваў у Менскай гарадзкой думе. У 1917 мастацкі кіраўнік Першага таварыства драмы і камэдыі ў Менску. У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатар[1]. У 1919 г. паставіў у Вільні п’есу Янкі Купалы «Раскіданае гняздо»[2]. У 1920 быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. 14 верасьня 1920 пад яго кіраўніцтвам у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1; цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Адначасова ў Наркамаце асьветы БССР курыраваў беларускія тэатры, быў рэжысэрам Беларускага савецкага тэатру, ставіў спэктаклі ў БДТ-3. З 1922 у акторскім складзе БДТ-1.

Ждановіч зрабіў шмат першых пастановак клясыкі беларускае драматургіі — Купалы, Коласа, Аляхновіча, Галубка, Каганца. Ён сам перакладаў на беларускую творы польскай, расейскай і ўкраінскай клясыкі.

У 1929 г. пакінуў Беларусь. У 1930 г. пераехаў зь сям’ёй у Саратаў (Расейская СФСР), дзе ўладкаваўся рэжысэрам-пэдагогам тэатральнай вучэльні[3]. 18 ліпеня 1930 году яго арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» й прысудзілі да 5 гадоў ссылкі, якую ён адбываў на Беламорканале. Але й пасьля яму не далі вярнуцца ў Беларусь.

8 ліпеня 1937 году Ждановіча арыштавалі ізноў і незаконна выраклі на расстрэл[4]. Рэабілітаваны ў 1956.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Kronika. Biełaruski teatr.  (бел.) // Hramadzianin : газэта. — 1919, 11 sakawika. — № 16. — С. 4.
  2. ^ Teatr. // Biełaruskaje žyćcio : газэта. — 1919, 5 čerwienia. — № 1. — С. 7.
  3. ^ Да 130-годзьдзя заснавальніка беларускага тэатра Флярыяна Ждановіча // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 кастрычніка 2014 г. Праверана 24 кастрычніка 2014 г.
  4. ^ Ждановіч Фларыян // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 432. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]