Перайсьці да зьместу

Архірэйскае падвор’е (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Архірэйскае падвор’е
Архірэйскае падвор’е. Аўтэнтычны выгляд
Архірэйскае падвор’е. Аўтэнтычны выгляд
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′09.6″ пн. ш. 27°33′50.0″ у. д. / 53.902667° пн. ш. 27.563889° у. д. / 53.902667; 27.563889Каардынаты: 53°54′09.6″ пн. ш. 27°33′50.0″ у. д. / 53.902667° пн. ш. 27.563889° у. д. / 53.902667; 27.563889
Дата заснаваньня XIX стагодзьдзе
Статус Ахоўная зона
Архірэйскае падвор’е на мапе Беларусі
Архірэйскае падвор’е
Архірэйскае падвор’е
Архірэйскае падвор’е
Архірэйскае падвор’е на Вікісховішчы

Архірэ́йскае падво́р’е — помнік архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў у Менску. Знаходзіцца на ўзгорку Новага Места, на рагу гістарычных Захараўскай і Кашарскай вуліцаў[a]. Твор архітэктуры клясыцызму і расейскай эклектыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаўся з мураваных будынкаў менскай архіскапіі, царквы Покрыва Багародзіцы, царкоўна-археалягічнага музэю і двух флігеляў. Да нашага часу захаваўся паўночна-заходні флігель, што пачаткова прызначаўся пад Менскую духоўную кансысторыю, а таксама будынак музэю[1]. У 1930-я гады савецкія ўлады зруйнавалі царкву, а на яе мурах збудавалі левае крыло Дома афіцэраў[2][3].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з плянам Менску канца XVIII ст.[b], на ўзгорку, дзе пазьней разьмясьцілася Архірэйскае падвор’е, стаяла ўніяцкая царква.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Агульны выгляд, 1897 г.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) улады Расейскай імпэрыі заснавалі на кананічнай тэрыторыі Канстантынопальскага патрыярхату Менскую япархію Маскоўскага патрыярхату. У зьвязку з гэтым узьнікла патрэба ў разьмяшчэньні духоўнай кансысторыі і рэзыдэнцыі япіскапа, якіх часова пасялілі ў адабраны ў Кіеўскай, галіцкай і ўсяе Русі мітраполіі (Сьвяты Пасад) будынак мужчынскага базылянскага манастыра. У 1799 годзе пад рэзыдэнцыю набылі камяніцу на Новым Месьце, побач зь якой збудавалі паўмураваную Прачысьценскую царкву.

У 1850-я гады архітэктар Казімер Хршчановіч спраектаваў новы комплекс падвор’я. У 1860 годзе збудавалі 2-павярховы мураваны будынак менскай архіскапіі (архірэйскі дом), да якога ў 1885 годзе прыбудавалі на месцы разабранай папярэдніцы мураваную царкву Покрыва Багародзіцы[1].

У 1909 годзе архітэктар В. Струеў на загад менскага архірэя Мітрафана і з ініцыятывы Менскага царкоўна-археалягічнага камітэту збудаваў будынак царкоўна-археалягічнага музэю. У пачатку 1913 году Менская япархія ў зьвязку зь юбілеем цараваньня расейскай дынастыі Раманавых надумала пашырыць будынак музэю (атрымаў назву Юбілейны дом). Неўзабаве будынак скончылі, а ў кастрычніку таго ж году асьвяцілі.

У ліпені — жніўні 1918 году ў будынку археалягічнага музэю праходзілі паседжаньні Рады БНР[4]. У пачатку 1920-х гадоў ў колішнім архірэйскім доме месьціўся ўрад БССР — Савет Народных Камісараў[5].

Пакроўская царква, 1903 г.

15 верасьня 1922 году ўтварылася Беларуская дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка. Ад пачатку яна месьцілася ў будынку царкоўнага археалягічнага музэю. Гэты будынак Беларуская дзяржаўная бібліятэка займала да 1962 году[6].

У 1934 годзе пры будаваньні Дома афіцэраў савецкія ўлады зруйнавалі Пакроўскую царкву. У канцы 1940-х гадоў яны зьнішчылі паўднёва-ўсходні флігель (выкарыстоўваўся як пеўчая, потым земскім судом).

З 1963 году будынак царкоўна-археалягічнага музэю выкарыстоўваўся як Дом працаўнікоў мастацтва (пр. Незалежнасьці, 26). У 1999 годзе яго перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У колішніх мурах духоўнай кансысторыі за савецкім часам разьмяшчаўся музэй гісторыі войскаў Беларускай вайсковай акругі, цяпер у будынку месьціцца Тэалягічны інстытут Кірылы і Мятода БДУ (вул. Чырвонаармейская, 1).

14 жніўня 2015 году на купал Юбілейнага дома паставілі вялізны ўкосны васьміканцовы (маскоўскі) крыж. Архітэктар Генадзь Лаўрэцкі, вядомы надбудовай купалоў-цыбулінаў на царкву Сьвятых Барыса і Глеба ў Наваградку, сьцьвярджае, што ўзнавіў (рас. воссоздал) яго паводле тых крыжоў, што былі на Пакроўскай царкве[7]. Аднак паводле захаваных здымкаў царквы, на яе купалах былі не ўкосныя васьміканцовыя, а звычайныя грэцкія крыжы.

Пакроўская царква (таксама вядомая як Крыжовая[2]) — твор архітэктуры расейскай эклектыкі. Гэты быў прастакутны аб’ём з разьвітым галоўным фасадам, дамінантай якога зьяўлялася 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца з купаламі-цыбулінамі ў завяршэньні і ў аснове шатра. Усярэдзіне бляшанага даху стаяў вялікі 8-гранны сьветлавы барабан з паўсфэрычным купалам. Галоўны фасад вылучаўся глыбокім рызалітам, з бакоў якога стаялі чацьверыковымі вежападобнымі прыбудовы з закамарным завяршэньнем граняў і купаламі-цыбулінамі. Аналягічнае завяршэньне, але меншае памерамі было над апсыдай. Будынак вылучаўся насычаным дэкорам, пазычаным з царкоўнага дойлідзтва Маскоўскай дзяржавы — закамары і какошнікі, вокны-біфорыюмы, аркатурныя фрызы. Атынкаваныя фасады падзяляліся 40 вялікімі і 4 малымі аконнымі праёмамі. Мела тры ўваходы.

Падвор'е. М. Уладычына, 1928 г.

Будынак менскай архіскапіі — твор архітэктуры клясыцызму з элемэнтамі расейскай эклектыкі. Гэта быў 2-павярховы прастакутны ў пляне аб’ём сымэтрычнай кампазыцыі. Фасад, што выходзіў на Навамескі пляц падзяляўся філёнгавым пасам на два паверхі, першы зь якіх апрацоўваўсярустам і падзяляўся лучковымі аконнымі праёмамі. Архітэктурным акцэнтам зьяўляліся два рызаліты, завершаныя лучковым згібам верхняга карнізу і вылучаныя наверсе вокнамі-біфорыюмамі з круглай разеткай у агульным аркавым афармленьні. Вось сымэтрыі фасаду адзначалася кілепадобным франтончыкам з круглай разеткай над завяршальным карнізам. У выцягнутым прастакутным аб’ёме, што выходзіў на Захараўскую вуліцу, разьмяшчалася выстаўная заля. У кароткім крыле, разьмешчаным пэрпэндыкулярна, былі фондасховішчы і адміністрацыйныя памяшканьні. У месцы злучэньня гэтых двух аб’ёмаў разьмяшчаліся сходы, што вялі на другі паверх. Тут жа знаходзіўся ўваход у будынак і невялікі вэстыбюль.[8]

Абапал архірэйскага дома месьціліся Г-падобныя ў пляне флігелі — помнікі архітэктуры клясыцызму. Паўночна-заходні флігель — 3-павярховым будынак (трэці паверх надбудаваны ў савецкі час). Рытмічна разьмешчаныя аконныя праёмы вылучаюцца на руставаным тле сьценаў. Унутры памяшканьні перакрываюцца цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеньнямі, плян калідорны.

Царкоўна-археалягічны музэй, вядомы як юбілейны дом  — твор архітэктуры расейскай эклектыкі. Гэта 2-павярховым прастакутным у пляне будынак на высокім цокальным паўпаверсе, накрытым вальмавым дахам. Асымэтрыю ў кампазыцыю галоўнага фасаду ўносіць уваходны рызаліт, завершаны кілепадобным франтонам, кутняя дэкаратыўная шатровая вежачка і кутняя цыліндрычная вежа пад купалам-цыбулінай. Галоўны фасад падзяляецца высокімі лучковымі аконнымі праёмамі ў багатых дэкаратыўных ліштвах з паўкалёнкамі, 2- і 3-лопасьцевымі аркамі, філёнгамі[1].

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Цяпер рог праспэкта Незалежнасьці і вуліцы Чырвонаармейскай
  2. ^ Плян Менску канца XVIII ст., пад нумарам 16 — уніяцкія цэрквы
  1. ^ а б в Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 267.
  2. ^ а б Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 301.
  3. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 145.
  4. ^ Дашчынскі А. Менск — сталіца БНР // Радыё Свабода, 22 сакавіка 2008 г.
  5. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 144.
  6. ^ Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гістарычная даведка, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь
  7. ^ «В этом здании бывали Ефремов и Высоцкий»: судьба Юбилейного дома в Минске – музей, библиотека, Дом актёра и храм, Сталічнае тэлебачаньне, 19 сьнежня 2017 г.
  8. ^ Чарняўская Т. Архірэйскае падвор’е // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 449
  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
  • Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. ШыбекіМенск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000172
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000175