Перайсьці да зьместу

Інстытут беларускай культуры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Інстытут беларускай культуры
Абрэвіятура ІБК
Папярэднік Навукова-тэрміналягічная камісія Наркамасьветы БССР
Наступнік Беларуская акадэмія навук
Дата ўтварэньня 22 студзеня 1922 (102 гады таму)
Дата спыненьня існаваньня 31 сьнежня 1928 (1928-12-31)
Тып навуковая
Юрыдычны статус урадавая ўстанова
Штаб-кватэра Койданаўская вуліца (цяпер Рэвалюцыйная, 15), Менск, Беларусь
Старшыня Сьцяпан Некрашэвіч (да 1924 году), Усевалад Ігнатоўскі
Колькасьць супрацоўнікаў 400 (1926 год)

Інстыту́т белару́скай культу́ры, скарочана Інбелку́льт або ІБК — вышэйшая шматгаліновая навукова-дасьледчая ўстанова, першая ў гісторыі Беларусі. Інстытут быў заснаваны 30 студзеня 1922 году ў Менску на базе Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасьветы БССР, і існаваў да 1928 году, калі быў ператвораны ў Беларускую акадэмію навук.

Навуковая камісія Інбелкульту, 1922 год

У чэрвені 1921 пры НКА ствараецца Акадэмічны цэнтар. Адной з задачаў, пастаўленых перад ім, было кіраўніцтва ўстановамі, якія маюць за мэту навуковую працу, запрашэньне ў Беларусь і падрыхтоўку ўласных навуковых сілаў[1].

На працягу 1921 году ў структуры Акадэмічнага цэнтру НКА БССР існавала 17 установаў. Пад адзінаццатым нумарам у справаздачы пазначаны Інстытут беларускай культуры[2]. Дакумэнт з назвай «Зьвесткі аб дзейнасьці ўстаноў НКА на 01.09.21 г.» інфармуе пра наяўнасьць навуковых установаў: «1. Інстытут беларускай культуры (арганізуецца)…». У іншым варыянце ў першым пункце адсутнічае слова «арганізуецца»[3]. За 1921 год ІБК «зрабіў падрыхтоўчую работу да арганізацыі ўсіх беларускіх навуковых устаноў у адзін навукова-дасьледчы Інстытут беларускай культуры, які павінен адкрыць сваю дзейнасьць у гэтым, 1922 г.»[4]

Інстытут беларускай культуры (далей — ІБК) пачаў сваё існаваньне на пачатку 1922 году замяніўшы сабой Навукова-тэрміналягічную камісію[5]. У. М. Ігнатоўскі адзначаў, што ў канцы 1921 году ІБК пачаў фактычнае існаваньне, фармальна ІБК замацоўваецца ў пачатку 1922[6]. Вучоны сакратар М. М. Гуткоўскі ў кастрычніку 1921 году адносіў да навуковых установаў, адначасова з НТК, Інстытут беларускай і габрэйскай культуры[7]. Паводле зьвестак, ІБК мусіў мець у сваім складзе 7 скэцыяў. Аднак ствараюцца толькі дзьве: этноляга-лінгвістычная (з слоўнікавай, тэрміналягічнай і літаратурна-дасьледчай камісіяй) і прыродазнаўчая (з геоляга-глебазнаўчай камісіяй). Усевалад Ігнатоўскі пісаў: «Інбелкульт у пачатку 1922 г. упітвае ў сябе Тэрміналягічную камісію, каторая перастае існаваць самастойна»[8].

Першы статут ІБК пакуль ня выяўлены, праз кепскую захаванасьць матэрыялаў 1920-х гадоў. Аднак некаторыя паведамленьні таго часу даюць магчымасьць скампанаваць інфармацыю, якая ўтрымлівае асноўныя палажэньні статуту[9]. У распрацоўцы першага статуту ІБК удзельнічалі Уладзімер Пічэта, Яўхім Карскі, Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), Язэп Дыла.

Старшыні: Сьцяпан Некрашэвіч (1922—1924), Усевалад Ігнатоўскі (1924—1926, з 1927 прэзыдэнт).

Першыя супрацоўнікі: Уладзіслаў Чаржынскі (сакратар ІБК), Мікалай Азбукін, Мікола Байкоў, Лявон Більдзюкевіч, Міхайла Грамыка, Мікалай Гуткоўскі, Канстантык Міцкевіч (Я. Колас), Іван Луцэвіч (Я. Купала), Часлаў Родзевіч і іншыя.

Празь недахоп матэрыяльных сродкаў вёў дасьледаваньні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблемаў беларускага мовазнаўства, вывучэньне беларускай літаратуры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклёру. У 1923—1924 створаныя агранамічная, прыродазнаўчая і мэдыцынская сэкцыі. У канцы 1923 году на правах пастаяннай камісіі створанае Цэнтральнае Бюро краязнаўства. У сакавіку 1924 арганізаваныя сэкцыі этнаграфіі й геаграфіі, мастацтва, права, пэдагогіка, мэдыка-вэтэрынарная, сацыяльна-эканамічная.

У ліпені 1924 году ЦВК і СНК БССР зацьвердзілі «Палажэньне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзяржаўнай навуковай установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэньню прыродных прадукцыйных сілаў Беларусі (створаная ў 1923 Дзяржплянам БССР), арганізаваны габрэйскі й польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасьветы БССР і ператвораны ў самастойную навуковую ўстанову пры СНК БССР. На 1 ліпеня 1926 у інстытуце працавала 77 правадзейных чальцоў, 69 чальцоў-супрацоўнікаў і 60 чальцоў-карэспандэнтаў. У яго дзейнасьці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ.

У чэрвені 1927 году зацьверджаны новы статут ІБК. Структура інстытуту была набліжаная да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Сьцяпан Некрашэвіч), прыроды й гаспадаркі (кіраўнік Аркадзь Смоліч). Створаная асьпірантура. У лістападзе 1927 году СНК БССР зацьвердзіў склад прэзыдыюму ІБК: Усевалад Ігнатоўскі (прэзыдэнт), М. І. Бялуга (віцэ-прэзыдэнт), Вацлаў Ластоўскі (сакратар), Сьцяпан Некрашэвіч, Стэфан Гельтман (загадчык польскага сэктару), Бэр Аршанскі (загадчык габрэйскага сэктара) і 14 правадзейных чальцоў ІБК: Усевалад Ігнатоўскі (катэдра гісторыі Беларусі), Вацлаў Ластоўскі (катэдра этнаграфіі), Уладзімер Пічэта (катэдра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), Антон Ясінскі (катэдра ўсеагульнай гісторыі), Станіслаў Матулайціс (катэдра гісторыі Летувы), Сьцяпан Некрашэвіч (катэдра жывой беларускай мовы), Язэп Лёсік (катэдра беларускай навуковай мовы), Іван Замоцін (катэдра беларускай літаратуры), Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны (Жылуновіч, катэдра мастацкай літаратуры), Мікалай Бліадухо (катэдра геалёгіі), Аркадзь Смоліч (катэдра геаграфіі), Якаў Афанасьеў (катэдра глебазнаўства). Працавалі катэдры: гісторыі беларускай мовы (з камісіяй па складаньні гістарычнага слоўніка беларускай мовы), жывой беларускай мовы (з камісіямі па складаньні слоўніка жывой беларускай мовы), дыялекталягічная (па вывучэньні беларускіх дыялектаў, у складзе катэдры Інстытуту навуковай мовы), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэньні грамадзкага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краінаў Беларусі, гісторыі асьветы на Беларусі), гісторыі беларускага права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі народнай гаспадаркі Беларусі, археалёгіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклёрнай камісіяй), гісторыі Летувы, глебазнаўства, батанікі (з батанічнай камісіяй і Батанічным садам каля Віцебску), заалёгіі (з заалягічным музэем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складаньні геаграфічнага слоўніка Беларусі), хіміі (з Цэнтральнай хімічнай лябараторыяй), антрапалёгіі (зь лябараторыяй вышэйшай нэрвовай дзейнасьці і антрапалягічным кабінэтам), біялёгіі (зь лябараторыяй экспэрымэнтальнай біялёгіі), Інстытут беларускага мастацтва (з камісіямі па вывучэньні гісторыі беларускага мастацтва, беларускага тэатру, беларускай песьні і музыкі, музэем беларускага мастацтва), геалягічны інстытут (з сэкцыяй рэгіянальнай геалёгіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналягічная, па вывучэньні Заходняй Беларусі, па вывучэньні культуры латышоў, па вывучэньні прамысловасьці, па вывучэньні хатніх рамёстваў, па вывучэньні каапэрацыі. У сыстэму ІБК уваходзілі таксама навуковае таварыства па вывучэньні Беларусі (пры Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі), бібліятэка, друкарня.

Пастанова аб рэарганізацыі Інбелкульту ў Беларускую акадэмію навук у газэце «Зьвязда»

Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалёгіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізыкі, хіміі, вывучэньня прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая сэкцыя дасьледавала прыроду рэспублікі. Яе экспэдыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцьця нафты.

У 1924 годзе сэкцыя правяла 1-ю Ўсебеларускую глебазнаўчую канфэрэнцыю, на якой быў вызначаны плян наступных дасьледаваньняў глебаў Беларусі. Дасьледаваліся геаграфія й генэзіс глеб, іх урадлівасьць. Да 1931 году былі абсьледаваныя глебы ўсёй рэспублікі і складзеная яе зводная глебавая карта. Дасьледавалася флёра й фаўна. У 1923—1928 гадох ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспэдыцыі (удзельнічалі В. П. Аўрамчык, Н. А. Зьбітнеўскі, В. А. Міхайлоўская, В. С. Палянская і іншыя). У выніку зьявіліся працы з апісаньнем расьліннасьці па раёнах рэспублікі. Пад рэдакцыяй Н. П. Кузьняцова была складзеная геабатанічная карта, Палянская апублікавала сьпіс 150 найбольш важных відаў расьлінаў і мапу іх распаўсюджаньня ў Беларусі. А. У. Фядзюшын (кіраваў сэкцыяй заалёгіі) дасьледаваў фаўну рэспублікі. Матэрыялы флёры, фаўны й геалёгіі Беларусі былі прадстаўленыя ў музэі прыроды (меў заалягічны, батанічны й глебавы аддзелы).

З 1927 году катэдра геаграфіі вывучала эканамічнае раянаваньне рэспублікі й рыхтавала поўнае геаграфічнае апісаньне Беларусі. Мэтэаралягічнае бюро (у складзе прыродазнаўчай сэкцыі) мела сетку мэтэастанцыяў і вяло вывучэньне клімату Беларусі. У 1927 годзе пад кіраўніцтвам А. І. Кайгародава была завершаная праца над «Кліматычным атлясам Беларусі», які падрыхтавала катэдра мэтэаралёгіі Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі. Мэдыцынская сэкцыя вывучала спэцыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі й лекавыя крыніцы рэспублікі. Сельска-гаспадарчая сэкцыя вывучала сельска-гаспадарчую гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі й удасканаленьня. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзыдыюме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай працай.

Да канца 1929 году ў Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУ з 10 500 членаў. Краязнаўцы сабралі вялізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925 выходзіў часопіс «Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэньні роднага краю. ІБК правёў Першую Ўсебеларускую краязнаўчую канфэрэнцыю, Першы зьезд дасьледчыкаў беларускай археалёгіі і археаграфіі, Акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АН СССР, АН УССР, замежнымі дасьледчымі навуковымі ўстановамі. 13 кастрычніка 1928 году пастановай ЦВК і СНК БССР рэарганізаваны ў АН БССР.

Выданьні Інбелкульту

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925)
  • «Чатырохсотлецьце беларускага друку, 1525—1925» (1926)
  • «Сацыялістычны рух на Беларусі ў праклямацыях 1905 г.» (1927)
  • «Беларуская этнаграфія ў досьледах і матэрыялах» (кнігі 1-5, 1926—1928)
  • «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалёгіі Беларусі» (кнігі 1-3, 1926—1927)
  • «Беларускі архіў» (том 1 — 2, 1927—1928)
  • «Матэрыялы да вывучэньня флёры і фаўны Беларусі» (том 1 — 2, 1927—1928)
  • «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М. М. Піятуховіча (часьць 1, 1928)
  • «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М. М. Шчакаціхіна (том 1, 1928)
  • «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі П. А. Бузука» (часьць 1, выпуск 1, 1928)
  • «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджваньне паляўнічай фаўны БССР» А. У. Фядзюшына (1929)
  • «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (том 1 — 2, 1928—1929)
  • Творы М. Багдановіча (том 1 — 2, 1927—1928)
  • «Матчын дар: Думы і песьні 1907—1914» А. Гаруна (1929) і іншае.

Інбелкультам выдаваліся «Запіскі аддзелу гуманітарных навук», «Запіскі аддзелу прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналёгіі» (1922—1930), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канфэрэнцыі, 16 — 17 красавіка 1924 г.» (1926), «Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускай археалёгіі і археаграфіі, 17 — 18 студзеня 1926 г.» (кніга 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі»(1927).

Правадзейныя сябры Інстытуту беларускай культуры 1922 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правадзейныя сябры Інстытуту беларускай культуры, абраныя ў адпаведнасьці са статутам 1922 году[10]:

Правадзейныя сябры Інстытуту беларускай культуры 1927 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правадзейныя сябры Інстытуту беларускай культуры, абраныя ў адпаведнасьці са статутам інстытуту 1927 году[11]:

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 42. Воп. 1. Спр. 535. Арк. 4; Петрыкаў, П. Ц. Інстытут беларускай культуры — 70 гадоў / П. Ц. Петрыкаў // Весці АН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 1992. — № 5 — 6. — С. 54.
  2. ^ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 42. Воп. 1. Спр. 519. Арк. 40; Петрыкаў, П. Ц. Інстытут беларускай культуры — 70 гадоў… — С. 54.
  3. ^ НАРБ. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 100. Арк. 4 адв.
  4. ^ НАРБ). Ф. 42. Воп. 1. Спр. 519. Арк. 40; Петрыкаў, П. Ц. Інстытут беларускай культуры — 70 гадоў… — С. 55.
  5. ^ Белорусская Советская Социалистическая Республика: [История, география, экономика, культура / Предисл. И. А. Адамовича]. — Мн.: Изд. СНК БССР, 1927. — VII, 528 с — С. 422.
  6. ^ Ігнатоўскі У. Старонка з гісторыі культурнага будаўніцтва ў БССР // Бальшавік Беларусі. — 1928. — № 12. — С. 11 — 12.
  7. ^ Академический центр Наркомпроса ССРБ // Вестник Наркомпроса ССРБ. — 1921. — № 2. — С. 19.
  8. ^ Ігнатоўскі У. Старонка з гісторыі культурнага будаўніцтва ў БССР… — С. 11.
  9. ^ Вестник Наркомпроса БССР. — 1921. — № 2. — С. 33—34; С. Н. [Некрашэвіч С. М.] Іінстытут беларускай культуры // Вестник Наркомпроса БССР. — 1921. — № 3—4. — С. 13
  10. ^ Інстытут беларускай культуры / АН Беларусі, Ін-т гісторыі; М. П. Касцюк, П. Ц. Петрыкаў, М. У. Токараў і інш; Рэдкал.: М. А. Барысевіч (старш.), М. У. Токараў (адк. сакратар). — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 255 сс.: іл. — С. 252. — ISBN 5-343-01034-2
  11. ^ Інстытут беларускай культуры / АН Беларусі, Ін-т гісторыі; М. П. Касцюк, П. Ц. Петрыкаў, М. У. Токараў і інш; Рэдкал.: М. А. Барысевіч (старш.), М. У. Токараў (адк. сакратар). — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 255 сс.: іл. — С. 254. — ISBN 5-343-01034-2