На куцьцю

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«На Куцьцю»
Ілюстрацыя Я.Куліка
да паэмы Янкі Купалы «На Куцьцю» (1982)
Жанр: паэма
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1911
Публікацыя: 22 сьнежня 1911
Электронная вэрсія

«На Куцьцю» — паэма Янкі Купалы, завершаная 14 сьнежня 1911 году ў Санкт-Пецярбургу. Упершыню надрукаваная ў газэце «Наша Ніва» 22 сьнежня 1911 году. Сваёй патрыятычнай накіраванасьцю і маштабнасьцю твор выходзіць за межы вершаванай аповесьці і набліжаецца да героіка-рамантычнае паэмы. У яго структуры і прыёмах мастацкага абагульненьня адчуваецца цесная сувязь з традыцыямі славянскага рамантызму, асабліва з А.Міцкевічам і Ю.Славацкім.[1]

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сюжэт паэмы пабудаваны вакол фантастычнай сцэны княжацкага балю на старым замчышчы ў калядны вечар. Праз калярытнае ўзнаўленьне старажытных звычаяў і павер’яў, сымбалічныя вобразы і дэталі аўтар разгортвае глыбокі філязоофскі роздум пра мінулае і будучыню роднага краю.[1]

Паэма вызначаецца стройнасьцю кампазыцыйнае будовы, рэзкім чляненьнем усіх яе 12 разьдзелаў, строгай пасьлядоўнасьцю сюжэту, умелай перадачай старажытнага калярыту вобразаў і жанравых сцэнаў. Агульнай узьнёслай настраёвасьці, эпічнай манумэнтальнасьці сцэнаў і вобразаў адпавядаюць чаканны 4—стопны ямб зь вельмі выразнай і гучнай перакрыжаванай рыфмоўкай, багацьце інтанацыйнага малюнку, рытарычныя звароты, эмацыянальныя выклічнікі.[1]

Водгукі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

« Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазыцыйнага пабудаваньня і стылю … паэмаў [«За што», «На куцьцю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»], зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры эўрапейскай. »

Андрэй Вазьнясенскі[2]

Пераклады і мастацкія ўвасабленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На расейскую мову паэму пераклаў В.Тарас, на украінскую — П.Гірнык. Ілюстраваў паэму беларускі мастак Я.Кулік. Беларускае тэлебачаньне ў 1982 годзе паставіла па паэме аднайменны тэлеспэктакль.[1] Урыўкі з паэмы выкарыстаны ў спэктаклі Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы «Сны аб Беларусі».[3]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «На куцьцю». — С. 416—417.
  2. ^ Янка Купала. «Магіла льва» (з народнага падання). 1913 Праверана 3 лістапада 2012 г.
  3. ^ «Сны аб Беларусі» afisha.tut.by Праверана 27 чэрвеня 2007 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «На куцьцю» / Аўтар — М.Грынчык. — С. 416—417.
  • Грынчык М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. — Мн., 1969. — С.229—231.
  • Лазарук М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ- пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970.
  • Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]