Перайсьці да зьместу

Музэй старажытнабеларускай культуры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Музэй старажытнабеларускай культуры
Фрагмэнт экспазыцыі музэю
Філія Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру
Месцазнаходжаньне МенскБеларусь
Адрас вул. Сурганава, д. 1 к. 2
Велічыня калекцыі 30 000 адзінак
Плошча экспазыцыі 600 м²
Створаны 7 ліпеня 1977 г.
Адкрыты 15 траўня 1979 г.
nasb.gov.by/bel/organiza…

Музэй старажытнабеларускай культуры — музэй у Менску (Беларусь).

Заснаваны ў 1977 року на базе Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук БССР як цэнтар вывучэньня і прапаганды беларускай мастацкай спадчыны. Адкрыцьцё, прымеркаванае да сьвяткаваньня 50-рочча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адбылося ў траўні 1979 року.

Агульная плошча музэю 1200 м², плошча экспазыцыі — 600 м².

Аснову калекцыі музэю склалі экспанаты, сабраныя цягам шматлікіх гадоў супрацоўнікамі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы (ІМЭФ) падчас мастацтвазнаўчых ды этнаграфічных экспэдыцыяў па тэрыторыі ўсёй Беларусі. Усе без вынятку экспанаты музэю – арыгінальныя.

Галоўнай мэтай музэю ёсьць фармаваньне экспэрымэнтальнай базы для далейшага разьвіцьця розных галінаў гістарычнай навукі — гісторыі мастацтваў, рамёстваў, этнаграфіі, эстэтыкі. Калекцыі музэю апавядаюць пра асноўныя вехі гістарычнага разьвіцьця беларускай культуры і мастацтва, пра найбольш значныя помнікі ад каменнага веку да канца XX стагодзьдзя.

Музэй разьмешчаны ў трох залях. Першая заля ўяўляе археалягічную калекцыю з раскопак старажытных стаянак і паселішчаў людзей каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Другая заля — сакральнага кірунку. У ёй разьмешчаныя абразы, званы, прадстаўленая скульптура і дэкаратыўная разьба з касьцёлаў і цэркваў. Тут жа можна ўбачыць калекцыю мастацкіх тканінаў, датаваных XVII—XIX стагодзьдзямі. У трэцяй залі музэю, прысьвечанай народнай творчасьці й этнаграфіі Беларусі, прадстаўленыя традыцыйныя строі, ручнікі, абрусы, паясы, маляваныя дываны, музычныя інструмэнты, посуд з дрэва, керамікі, - прадметы, якія апавядаюць пра рамёствы і промыслы беларусаў[1].

  1. ^ Тарасевич, Ксения (23 чэрвеня 2015) Музей древнебелорусской культуры (рас.) Музеи Беларуси Праверана 10 чэрвеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]