Вітаўт Кіпель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вітаўт Кіпель
Дата нараджэньня 30 траўня 1927(1927-05-30)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 3 сьнежня 2022(2022-12-03) (95 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак гісторык, літаратуразнаўца
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы
Псэўданімы В. Зубкоўскі
Бацька Яўхім Кіпель
Дзеці Алеся Кіпель[d]
Узнагароды
мэдаль 100 гадоў БНР
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кіпель.

Вітаўт Кіпель (30 траўня 1927, Менск — 3 сьнежня 2022, ЗША) — беларуска-амэрыканскі грамадзкі дзяяч і публіцыст. Быў адным з кіраўнікоў скаўцкага руху беларусаў у эміграцыі і амэрыканскага скаўцкага руху.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1933 годзе Вітаўт Кіпель разам з маці пераехаў у г. Налінск (пазьней Молатаўск) Вяцкай вобласьці, каб быць бліжэй да бацькі, Яўхіма Кіпеля, якога арыштавалі ў 1930 годзе (быў асуджаны на 5 гадоў ссылкі як «нацдэм»). У 1935 годзе яго сям’я пераехала ў Арол (паколькі ім было забаронена вяртацца ў Беларусь). У тым самым годзе бацьку паўторна арыштоўваюць і засуджваюць яшчэ на 5 гадоў лягероў у Байкала-Амурскім Краі.

У 1936 годзе маці зарэгістравала Вітаўта пад прозьвішчам Зубкоўскі (ейнае дзявочае прозьвішча), каб пазьбегчы магчымых далейшых перасьледаў сям’і ды мець магчымасьць паслаць сына ў школу без таўра сына «ворага народу». Прозьвішчам Зубкоўскі Вітаўт карыстаўся ўсе свае школьныя гады да 1942 году.

У г. Арле, дзе ён навучаўся з 1935 году, закончыў 6-ю клясу ў 1941 годзе. Далей, у 1942—1944 гадах, вучыўся ў Менску чаргова ў народнай школе (дыр. Пётра Кісель), настаўніцкай сэмінарыі (дыр. Саломенік) і прагімназіі (дыр. Аляксандар Акановіч).

У 1945—1948 гадах вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, у горадзе Рэгенсбургу, Баварыя (матурыст ІІІ выпуску). У 1948—1949 гадах вучыўся на мэдычным факультэце Цюбінгэнскага ўнівэрсытэту, а ў 1949—1953 гадах на геалягічным факультэце Лювэнскага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі. У 1953 годзе атрымаў ступень магістра, а ў 1955 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па мінэралёгіі з суправаджальнай («меншай») тэзай з палеанталёгіі. У тым сама годзе выехаў ў ЗША. У 1956 годзе ажаніўся з Зорай Савёнак (сяброўка яшчэ па гімназіі і ўнівэрсытэце).

У ЗША Вітаўт Кіпель нейкі час працаваў ў галінах геялёгіі й геахіміі, супрацоўнічаў са спэцыялізаванымі навуковымі часопісамі «Chemical Abstracts», «Engineering Index», «Economic Geology». У 1962—1963 гадах закончыў бібліятэказнаўства ў Ратгэрскім унівэрсытэце ў штаце Нью-Джэрзі. Кіпель 26 гадоў працаваў на розных пасадах у навуковым аддзеле Нью-ёрскай публічнай бібліятэкі (пачынаючы ад найніжэйшай прафэсійнай прыступкі да пасады загадчыка навуковага аддзелу), ён укамплектаваў гэты аддзел больш чым стотысячным зборам новых навуковатэхнічных выданьняў. У 1982—1985 гадах рэдагаваў месячны бібліяграфічны бюлетэнь «New Technical Books». Разам са сваёй жонкай Зорай Вітаўт разбудаваў і папоўніў беларускі збор у славянскім аддзеле бібліятэкі.

Дзейнасьць у беларускай дыяспары. Скаўцкая справа[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

В. Кіпель увесь час дапасоўваў сваё жыцьцё да грамадзкіх вымогаў беларускай дыяспары.

У Нямеччыне прымаў актыўны ўдзел у беларускім скаўтынгу, у аб’яднаньні «Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне», як адзін зь ягоных кіраўнікоў і арганізатараў: наведваў дзясяткі лягероў ДП зь беларускімі групамі й засноўваў у тых лягерох скаўцкія адзінкі.

У Бэльгіі В. Кіпель працаваў у студэнцкім згуртаваньні, пасьля ў Саюзе беларусаў Бэльгіі (дзе некалькі гадоў быў заступнікам старшыні гэтай арганізацыі). Наладжваў новыя кантракты, зьмену працы для беларускіх работнікаў, іх выезды ў Амэрыку. Ладзіў культурна—асьветніцкую працу: даклады, канцэрты, заняткі беларусаведы для дзяцей.

У ЗША ягоная грамадзкая дзейнасьць толькі пашыралася. В. Кіпель браў актыўны ўдзел у «вонкавым» — палітычным — жыцьці беларусаў Амэрыкі, палітычна прыспасабляючыся да рэспубліканскага боку (у параўнаньні з дэмакратамі рэспубліканцы былі менш схільныя да «патураньня камунізму»). Кантакты са шматлікімі вядучымі амэрыканскімі палітыкамі й удзел у працы розных камітэтаў надаў магчымасьць увесьці беларускае пытаньне на палітычную арбіту ЗША. Беларуская прысутнасьць ў грамадзкім жыцьці Амэрыкі замацавалася ўдзелам у шматлікіх міжнацыянальных (этнічных) арганізацыях.

Увесь гэты час перабываньня ў ЗША быў багаты й на грамадзка—палітычную публіцыстыку В. Кіпеля (як на беларускай, так і на ангельскай мовах). Шмат артыкулаў пра беларусаў у Амэрыцы Кіпель зьмяшчае ў квартальніку «Heritage Review» (які ў 1970-х гадох выходзіў у штаце Нью-Джэрзі). У В. Кіпеля ва ўнутраным эміграцыйным жыцьці былі сотні арганізацыйных зборак, дакладаў і выступаў, мэмарандумаў і артыкулаў. З 1982 году В. Кіпель пераймае кіраўніцтва «Беларускім інстытутам навукі й мастацтва». Гэтаксама й далей працягвае навукова-выдавецкую дзейнасьць гэтай установы.

У 1993 годзе Вітаўт Кіпель атрымаў тытул доктара honoris causa Гарадзенскага ўнівэрсытэту.

У 1997 г. абраны ў склад Прэзыдыюму Рады БНР.[1] Займаў пасаду Намесьніка Старшыні Рады БНР.[2]

У Амэрыцы грамадзкая актыўнасьць В. Кіпеля зьвязаная таксама з амэрыканскім скаўтынгам, у якім ён дзейнічаў больш за 12 гадоў. Вітаўт скончыў вышэйшыя курсы інтэрнацыянальнага скаўтынгу, быў выкладнікам на гэтых курсах, арганізаваў скаўцкія лягеры, некалькі гадоў кіраваў адной з найстарэйшых амэрыканскіх скаўцкіх адзінак (Troop 161, Tamarack Council, засн. 1910). Меў некалькі амэрыканскіх і інтэрнацыянальных скаўцкіх узнагародаў.

Памёр 3 сьнежня 2022 году на 96 годзе жыцьця[3].

Навуковыя работы й публіцыстыка В. Кіпеля[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Byelorussia under Russian Occupation: Past, present, future (у кніжцы Russian Empire. Some Aspects of Tsarist and Soviet Colonial Practices, Clevelend, 1985, Institute for Soviet and East European Studies, John Carroll University and Ukrainian Historical Assn.);
  • Some Demographic and Industrial Aspects of Soviet Byelorussia during 1965—1975 (у кніжцы Nationalism in the USSR and Eastern Europe in the Era of Brezhnev and Kosygin, Detroit, The University of Detroit Press, 1977);
  • Byelorussians (у кніжцы Guide to the Study of the Soviet Nationalities — Non-Russian Peoples of the USSR, Littleton, Colorado, Libraries Unlimited, 1982);
  • Byelorussians in New Jersey (у кніжцы The New Jersey Ethnic Exxperience, Union City, New Jersey, 1977);
  • Byelorussian-American Theater (разам з Зорай Кіпель у кніжцы Ethnic Theater in the United States, Westport, Connecticut, Greenwood Press, 1983);
  • кніжка Byelorussian Americans and Their Communities in Cleveland, Cleveland State University, 1982;
  • быў адным зь пяцёх рэдактараў англамоўнае 47тамовае сэрыі American Ethnic Groups: The European Heritage, New York, Arno Press, A New York Times Co., 1978—1980.
  • разам Зорай Кіпель адрэдагаваў кніжкі:
«Янка Купала й Якуб Колас на Захадзе: бібліяграфія» (Нью Ёрк, БІНіМ, 1985),
Byelorussian Statehood (Нью Ёрк, БІНіМ, 1988)

У 1993 годзе ў Менску выйшла манаграфія В. Кіпеля «Беларусы ў ЗША» — фундамэнтальны досьлед беларускае дыяспары ў ЗША ад ейных пачаткаў да сёньняшняга дня.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч. Рада БНР (1947—1970) — Падзеі. Дакументы. Асобы. Менск, 2013 — с. 93
  2. ^ 26 СУСТРЭЧА БЕЛАРУСАЎ ПАЎНОЧНАЙ АМЭРЫКІ — Віталь ЗАЙКА, Газэта «Беларус», №501, 2004
  3. ^ Памёр Вітаўт Кіпель, патрыярх беларускай дыяспары, старшыня Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Радыё Свабода (4 сьнежня 2022).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]