Магіла льва (паэма)
«Магіла льва» | |
па-беларуску: Магіла льва | |
Малюнак Я. Раманоўскага да паэмы Янкі Купалы «Магіла льва» (1959, папера, вугаль) | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 2 ліпеня 1913 |
Публікацыя: | 19—20 лютага 1920 |
Электронная вэрсія |
«Магіла льва» — паэма Янкі Купалы, завершаная 2 ліпеня 1913 году ў Акопах. Упершыню надрукаваная ў Менску ў газэце «Беларусь» 19—20 лютага 1920 году. Асобным выданьнем выйшла ў Менску ў 1927 годзе тыражом 3 тысячы асобнікаў. Адна зь вяршынных Купалавых разгадкаў крыўдаў і бедаў беларускага народу напярэдадні рэвалюцыйных падзеяў.[1]
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У аснове сюжэту паэмы — легенда пра ўзьнікненьне Магілёва, пра Машэку, нібыта пахаванага на гары з назваю Магіла льва альбо Машэкава гара. Але народная легенда была толькі адпраўным пунктам для купалавай фантазіі. Вобраз Машэкі атрымаў у Купалы прынцыпова розную ад фальклёрнай інтэрпрэтацыю. Ад фальклёрнага прататыпу аўтар узяў толькі вонкавае — канву сюжэту і народныя ўяўленьні пра Машэку як волата, яго незвычайныя рост і моц. Аўтар зьмяніў матывы, паводле якіх Наталька — каханая Машэкі — пакідае яго і ідзе за панам, а вобраз Машэкі падаў ня як волата і народнага заступніка, што помсьціць панам за народную крыўду, а як разбойніка, асьлепленага асабістай крыўдай, аднолькава варожага ў сваёй помсьце і грамадзе і пану. Асноўная ідэя паэмы — асуджэньне проціпастаўленьня асобы народу, асуджэньне эгаізму, сьляпога індывідуялізму, няразьвітасьці грамадзкае самасьвядомасьці.[1]
«Зьбіраць пачнем зярно к зярняці, |
Я. Купала
З паэмы «Магіла льва» |
Вобраз Наталькі ў паэму зьяўляецца супярэчлівым. З аднаго боку, яна — гераіня, якая ўздымае справядлівы караючы меч, зьдзяйсьняючы народную волю, народны прысуд Машэку-разбойніку. Але з другога — яна выступае здрадніцай, прычынай шаленства і разбою Машэкі, яго жыцьцёвай драмы. І Наталька, і Машэка — вобразы глыбока рамантычныя, постаці незвычайныя. Паэма аб іх каханьні — твор рамантычны, і рэалістычных матывіроўкаў паводзінаў, рэалістычнага раскрыцьця стану душы герояў у ёй няма. Паэт рамантчына трактуе каханьне як загадку, як насланьнё. Пакуты каханьня, аднак, аказаліся нішто перад пакутамі здрады. Ды здрада Наталькі, паводле паэмы, не яе віна: яна стала ахвярай «людской хітрасьці», «даніманьня», панскіх заляцаньняў, што павялі яе «пуцінамі крывымі». У сваёй лучнасьці з роднай вёскай, з грамадой Наталька становіцца гераіняй. Народная памяць яе як бы выбачае, забываецца на тое, што яна асьлепленая панскімі харомамі, калісьці пакінула сваю вёску.[1]
Крывавая разьвязка любоўнае калізіі ў паэме — як папярэджаньне, заклён Купалы ад небясьпекі быць адлучаным ад свайго народу. Прыватная крыўда Машэкі-разбойніка перарастае ў Купалы ў праблему нацыянальнае крыўды ўвогуле, у сьцьверджаньне, што «крыўда цэлай грамады» ёсьць сіла правамерная, натхняльная, гуманістычная.[1]
Па сваёй форме паэма нескладаная, арыентавана на клясычную сымэтрычнасць кампазыцыі: мае 20 разьдзелаў, у кожным зь якіх па 6 катрэнаў аднолькавай рыфмоўкі. Чатырохстопны ямб у першым і трэцім радках нарошчаны да жаночай рыфмы.[1]
Водгукі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазыцыйнае пабудовы і стылю ... паэмаў [«За што», «На куцьцю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»], зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры эўрапейскай. | ||
Пераклады і мастацкія ўвасабленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На расейскую мову паэму пераклаў М. Ісакоўскі, на ўкраінскую — М. Нагнібеда, на малдаўскую — П. Дарыё. Ілюстравалі паэму М. Басалыга, М. Бельскі, А. Кашкурэвіч, М. Купава, Я. Раманоўскі, В. Шаранговіч. Паводле матываў паэмы і іншых твораў Купалы на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1971 годзе быў створаны аднайменны кінафільм.[1]
Па матывах паэмы Р. Пукст напісаў опэру «Машэка», а Я. Глебаў — сымфанічную «Паэму-легенду».[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Магіла льва (паэма)» / Аўтар — А. Лойка — C. 369—370.
- Бярозкін Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С.102—104.
- Грынчык М. Фальклорныя тррадыцыт ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. — Мн., 69. — С.263—268.
- Каваленка В. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры. — Мн., 1981. — С.146—149.
- Лазарук М. Магіла льва як філасофская паэма // Янка Купала і Якуб Колас: некаторыя аспекты творчасці. — Мн., 1982.
- Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.173—176.
- Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.88—89.
- Пшыркоў Ю. Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы // Полымя рэвалюцыі. — 1940. — № 12.
- Шкраба Р. Ідэя паэмы «Магіла льва» // «Літаратура і Мастацтва». — 1947. — 9 жніўня.
- Ярош М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Паэма «Магіла льва» на сайце Архівы Беларусі
- Паэма Я.Купалы «Магіла льва»: кароткі зьмест і мастацкія асаблівасьці / Т. Грамадчанка на сайце BelSoch
- Янка Купала. "Магіла льва" (з народнага падання). 1913(недаступная спасылка)
- Восемдзесят гадоў асобнаму выданьню паэмы «Магіла Льва» на рэгіянальным партале «Магілёў»
- Машэка на сайце Міфалёгія славянаў