Перайсьці да зьместу

Бяларучы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бяларучы
трансьліт. Bialaručy
Бяларучы
Першыя згадкі: 1551
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Лагойскі
Сельсавет: Бяларуцкі
Насельніцтва: 94 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1774
Паштовы індэкс: 223114
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°7′15″ пн. ш. 27°35′49″ у. д. / 54.12083° пн. ш. 27.59694° у. д. / 54.12083; 27.59694Каардынаты: 54°7′15″ пн. ш. 27°35′49″ у. д. / 54.12083° пн. ш. 27.59694° у. д. / 54.12083; 27.59694
Бяларучы на мапе Беларусі ±
Бяларучы
Бяларучы
Бяларучы
Бяларучы
Бяларучы
Бяларучы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бяла́ручы[1]вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 25 км на поўнач ад цэнтру Менску, за 5 км на паўночны ўсход ад павароту на Лускава з аўтамабільнае дарогі Р58 МенскКалачыМядзел, недалёка ад ракі Вяча. Зьяўляецца цэнтрам Бяларуцкага сельсавету. У вёсцы знаходзяцца бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, царква, аддзяленьне сувязі, крама, піянэрскі лягер «Зорка».

За ракой Вячай, прыблізна за паўкілямэтру ад вёскі, стаіць высокая круглая гара — Салаўіная. Гэта недаступныя птушыныя ўгодзьдзі, у тым ліку і салаўіныя. Але акрамя гэтага чутны й звонкі пералівісты голас ручая. Ваду яму даюць крыніцы, што б’юць з адхону гары. Ручай цурчыць па каменьнях і ўзьбівае белую пену, што сплывае ўніз. Вось за гэтыя белыя пеністыя «ручнікі», што ўвесь час трымаюцца на вадзе ў паднажжа Салаўінай гары, ручай і назвалі Белым. Упадае ручай у недалёкую Вячу. Пазьней назва «Белы Ручай» пераўтварылася ў Беларучча, а затым ў Бяларучы. На мапах ХVI стагодзьдзя мястэчка так і пазначана — «Бяларуч».[2]

У цэнтры вёскі захавалася гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку: простакутная пляцоўка памерам 63×30 м, пашкоджаная траншэямі Вялікай Айчыннай вайны.[2] Вядомае з канца ХІХ стагодзьдзя. Дасьледавалі гарадзішча ў 1897 годзе Г. Г. Ігнацьеў, у 1964 годзе — Ю. І. Драгун., у 1979 годзе — М. І. Лашанкоў. У траншэях і шурфах сабрана кераміка эпохі Кіеўскай Русі. Матэрыялы дасьледаваньняў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.[3]

З паўднёвага і паўднёва-заходняга бакоў да гарадзішча прымыкала селішча плошчай каля 1 га, якое належала да часоў Кіеўскай Русі і пазьнейшага часу. На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі — курганны могільнік (23 насыпы).[2]

Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1551 годзе. У 1567 годзе маёнтак Бяларучы згадваецца ў попісе войска ВКЛ, у Менскім павеце (Менскае ваяводзтва). У 1582 годзе двор Бяларучы належаў Каленіцкай-Тышкевіч, княгіні Барбары Васільеўне Саламарэцкай.[2]

У 1816 годзе маёнтак Бяларучы належаў менскаму памешчыку Фаме Аборскаму. Ён меў пры сабе 29 сялянаў і 5 дваравых. У канцы ХІХ стагодзьдзя Бяларучы заставаліся невялікім, глухім і бедным паселішчам: шынок, млын, і некалькі крамаў, тры дзясяткі хат, невялікі драўляны будынак вучылішча, які стаяў каля рэчкі, блізка ля дарогі. Вёска мела мясцовую ўладу: валасны стараста, пісар, ураднік і поп. У вёсцы было дзьве царквы: Сьвята-Багародзіцкая царква і драўляная праваслаўная Сьвята-Ўсьпенская царква. Паводле перапісу 1861 году ў мястэчку было 15 двароў, 139 жыхароў. У 1870 годзе вёска — цэнтар Бяларуцкай воласьці.

У 1870 годзе ў вёсцы было адкрытае народнае вучылішча. Школа знаходзілася ў падножжа гары, на якой расьлі сосны. Ад вуліцы школа была агароджана частаколам. У школе было чатыры пакоі і тры пакоі-кватэры. У вучылішчы навучаліся толькі хлопчыкі. У школе выкладаліся Закон Божы, арыфмэтыка, чытаньне, чыстапісаньне і сьпевы. Навучаньне йшло толькі на рускай мове. У канцы XIX стагодзьдзя ў вучылішчы было 39 навучэнцаў.[2]

Пачатак ХХ стагодзьдзя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва займалася земляробствам. Нязначная яго частка, выключна габрэі, займаліся гандлем і кустарнымі промысламі. З культурных установаў таго часу вылучаліся два будынкі, што знаходзіліся пры ўваходзе ў вёску Бяларучы з напрамку вёскі Гаяны. Першы будынак зь левага боку ад дарогі — сядзіба Бяларуцкай воласьці, другі — крыху далей, ужо з правага боку вуліцы, супраць габрэйскіх домікаў, што ў сосьніку, — Бяларуцкая школа. Да канцу 1920-х гадоў вуліцу ў Бяларучах выклалі брукам. Брук клалі спэцыялісты, якія наймалі самі жыхары вёскі.

У 1911 годзе на месцы, дзе цяпер разьмяшчаецца крама, быў адкрыты помнік расейскаму імпэратару Аляксандру ІІ. На адкрыцьці прысутнічаў губэрнатар, іграў губэрнскі аркестар, а сялянам выдалі па чарцы гарэлкі. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі мясцовы каваль падняўся па лесьвіцы и малатком разьбіў галаву «імпэратару-вызваліцелю». Пастамэнт ад помніка прастаяў ажно да пачатку 1980-х гадоў. Пасьля пачатку будаўніцтва крамы, помнік зьнесьлі.

З 20 жніўня 1924 году вёска Бяларучы стала цэнтрам сельсавету Астрашыцка-Гарадоцкага раёну Менскай акругі. У 1930 годзе быў створаны калгас «Іскра», працавала кузьня і вадзяны млын на беразе ракі Вячы. Млын быў аднапавярховы, драўляны на драўляным фундамэнце, 9 аршынаў даўжыні, 9 — шырыні і 6 — вышыні. Дах млына быў гонтавы.

Народнае вучылішча ў Бяларучах у 1907 годзе было пераўтворана ў аднакляснае, а ў 1909 годзе — у двухкляснае. У 1917 годзе вучылішча стала сямігадовай школай, якую наведвалі дзеці з навакольных вёсак. У 1924 годзе ў ёй вывучалася больш за паўтысячы вучняў. У другой палове 1930-х гадоў Бяларуцкая няпоўная сярэдняя школа была даведзена да ўзроўню базавай дзесяцігадовай школы.[2]

Вялікая Айчынная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1941 годзе ў вёсцы было 69 двароў і 353 жыхары. У акупаваных Бяларучах разьмяшчаўся паліцэйскі ўчастак. Дзейнічала ў вёсцы і падпольная арганізацыя, якую ўзначальваў І. І. Сьляшынскі. З дапамогай партызанскай сувязной Надзеі Харчанкі партызанам удалося зьнішчыць варожае гняздо. У ліпені 1942 году фашысты спалілі вёску (69 двароў), 13 жыхароў забілі, а 24 жыхароў вывезьлі ў Нямеччыну. За гады вайны 19 жыхароў вёскі загінулі на фронце, а 4 — у партызанскай барацьбе. У навакольлі Бяларучаў дзейнічалі падпольныя партызанскія арганізацыі «Дзіма», «Дзядзя Коля», «За Бацькаўшчыну», брыгады «Штурмовая», Астрашыцка-Гарадоцкае патрыятычнае падпольле і інш. У баях за вызваленьне вёскі загінулі 2 савецкія воіны.[2]

Бяларучы і Янка Купала

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славуты беларускі паэт Янка Купала пятнаццацігадовым хлапчуком вучыўся з восені 1897 году да вясны 1898 году ў Бяларуцкім народным вучылішчы, якім загадваў Мікалай Турчыновіч. Жыў Янка Луцэвіч у інтэрнаце, што месьціўся ў звычайнай хатцы побач са школай. Копія атэстату, які Янка атрымаў пасьля здачы экзамэну, па сёньняшні дзень захоўваецца ў музэі Бяларуцкай школы. Пасьля гэтага ён доўгі час ня мог вучыцца: галеча прымусіла яго шукаць іншага хлебу. У 1898 годзе Луцэвіч пакідае Бяларуцкае вучылішча. Ён сам здабывае сабе веды, шмат чытае.


« Была такая Марыя Яфімаўна Мігай. Яна была дзяўчынкай гадоў дзесяці, у карчму хадзіла. Карчма стаяла, дзе я цяпер жыву. Хадзіла ў карчму на танцы. Расказвала, што Купала прыйдзе, дык ён яе падхопліваў на польку. Ну такі прасьцецкі хлопец быў. Гэта ўжо потым нейкі шляхетны гонар аднекуль узялі. Але ж з той граматай, якую ў Бяларучах узяў, так і пражыў усё жыцьцё. »

З успамінаў жыхаркі Бяларучаў Яўгеніі Баранчык[4]

Цяпер Бяларуцкая школа, адна з найстарэйшых школаў у Лагойскім раёне, носіць імя Янкі Купалы. Яно было прысвоена школе пастановай СНК БССР і ЦК КП(б)Б у жніўні 1945 году.[5] У 1954 годзе тут была адкрытая першая кляса-музэй Янкі Купалы.[2] У 1972 годзе на будынку школы ўсталявана мэмарыяльная дошка.[5] У 1998 годзе была адкрытая новая экспазыцыя музэю «Янка Купала ў Бяларучах», прымеркаваная да 100-годзьдзя з дня заканчэньня Купалам Бяларуцкай школы.[2] Пакуль захаваўся будынак старой школы ў Бяларучах, дзе знаходзілася народнае вучылішча.[4]

  • 2010 год — 94 жыхары
  • 2003 год — 78 жыхароў, 39 двароў
  • 1999 год — 86 жыхароў

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сядзіба Аборскіх
  • Царква Сьвятой Багародзіцы. На месцы царквы ў 2004 годзе пабудаваная з чырвонай цэглы Сьвята-Ўсьпенская царква (архітэктар Г. І. Чырван)[6]
  • Царква Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы. Пабудаваная ў XVIIIXIX стагодзьдзі. У 1800 годзе царква адзначана як уніяцкая пры маёнтку менскага крайчага Фамы Аборскага. Невялікі вясковы храм быў зроблены ў форме падоўжанага крыжа. Гонтавыя дахі над зрубамі завяршаліся двума глухімі купаламі, у франтоннай частцы ўзвышалася шатровая званіца. Унутры апсыду вылучаў двухярусны іканастас на сем абразоў, які меў блакітную афарбоўку і дэкаратыўную пазалочаную накладную разьбу. Ад вясковай забудовы храм адасабляўся простай агароджай зь бярвеньня. Зруйнаваная ў 1914 годзе.[2]
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 244
  2. ^ а б в г д е ё ж з і Лагойскі віртуальны музэй Праверана 4 сьнежня 2011 г.
  3. ^ Памятныя мясьціны Лагойшчыны вэб-старонка Лагойскага райвыканкаму Праверана 4 сьнежня 2011 г.
  4. ^ а б Бяларучы: “Купала быў такі задуменны, такі музычны, такі ранімы. У шэсьць гадоў сядзе і нешта думае. Нешта сачыняе” Радыё «Свабода» Праверана 4 сьнежня 2011 г.
  5. ^ а б Энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Бяларучы». — Мн., БелСЭ, 1986. — С. 101.
  6. ^ Галерэя фатаздымкаў царквы Праверана 4 сьнежня 2011 г.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Бяларучы» / Аўтар — Н. Цвірка. — C. 101.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бяларучысховішча мультымэдыйных матэрыялаў