Безназоўнае (паэма)
«Безназоўнае» | |
Ілюстрацыя В. Шаранговіча да паэмы Янкі Купалы «Безназоўнае» (1977) | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 1924 |
Публікацыя: | 1924 |
Электронная вэрсія |
«Безназоўнае» — паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1924 годзе. Чарнавыя аўтографы паэмы захоўваюцца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[1] Рукапіс паэмы таксама захоўваецца ў публічнай бібліятэцы Нью-Ёрку.[2]
Гісторыя публікацый
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню цалкам паэма надрукаваная ў Менску ў 1924 годзе ў часопісе «Полымя» (№ 2). Разьдзел 8 пад назвай «Трэба» прысьвечаны «Газэце «Савецкая Беларусь» з прывітаньнем выхаду яе тысячнага нумару», напісаны 2 студзеня 1924 году, апублікаваны ў газэце «Савецкая Беларусь» 5 студзеня 1924 году. Разьдзелы 6 і 7 пад агульным загалоўкам «Як бы хто набаяў…» з прысьвячэньнем «На прывітаньне пашырэньня Беларусі і шостага Усебеларускага з'езда Радаў» напісаныя 11 сакавіка 1924 году і ўпершыню апублікаваныя ў газэце «Савецкая Беларусь» 12 сакавіка 1924 году.[1]
«Пакінем спадчыну мы для патомкаў |
Я. Купала
З заключнага разьдзелу паэмы «Безназоўнае» |
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галоўная тэма паэмы — нацыянальнае дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі, духоўнае самасьцьвярджэньне беларускага народу.[3] В. Рагойша вызначае паэму як героіка-патрыятычную.[4]
У паэме Я. Купала адгукнуўся на падзеі, што адбываліся на Беларусі ў 1920-я гады, у прыватнасьці, на ўваходжаньне ў склад Беларусі тэрыторыяў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губэрняў. У паэме 10 разьдзелаў, аб’яднаных вобразам Беларусі і ўслаўленьнем яе дзяржаўнасьці. Я. Купала як бы назірае за працэсам адраджэньня краіны, набываньнем ім шырыні і размаху. Нацыянальнае адраджэньне паэт параўноўвае з абрадамі заручынаў і вясельля, дзе сабраліся жаданыя госьці. Каранаваная нявеста, якая сымбалізуе Беларусь, заняла свой пачэсны пасад, стала гаспадыняй у сваёй хаце.[5]
Адна з найбольш загадкавых паэмаў Купалы. Ул. Някляеў назваў яе «апошняй купалаўскай паэмай Купалы». У паэме няма ніводнага названага героя, ёсьць толькі абагуленае «мы». Як і ў «Адвечнай песьні», герой паэмы ня мае імені, ён проста Мужык.[6]
І. Навуменка адзначае рухомую інтанацыю паэмы, насычанасьць твору яркімі эпітэтамі, мэтафарамі, якія падкрэсьліваюць маштабны палёт паэтавай думкі, «нястрымны разьліў пачуцьця». Новыя, народжаныя на гістарычным сацыяльным пераломе паняцьці паэт падводзіць пад вобразы, выпрацаваныя народнай традыцыяй, або стварае ў яе духу.[1]
Пераклады і мастацкія ўвасабленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На польскую мову паэму пераклаў Ч. Сенюх (разьдзел 6), на расейскую — А. Андрэеў, Н. Кісьлік, на ўкраінскую — І. Муратаў, А. Паніў. Ілюстраваў паэму В. Шаранговіч.[1]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г І. Навуменка Безназоўнае (паэма) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 68—69.
- ^ У Публічнай бібліятэцы Нью-Ёрка адкрываюць беларускі архіў Хартыя '97 Праверана 2 студзеня 2013 г.
- ^ Янка Купала (біяграфія) Родныя вобразы Праверана 1 студзеня 2013 г.
- ^ В. Рагойша Уводзіны ў літаратуразнаўства. Ч. 1. Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка. — Менск: БДУ, 2011. — Т. 1. — 247 с. — ISBN 978-985-518-375-5
- ^ Паэмы Янкі Купалы Янка Купала Праверана 1 студзеня 2013 г.
- ^ Уладзімер Някляеў Шлях (папулярны біяграфічны нарыс) // Дзеяслоў : часопіс. — Менск: 2007. — № 28. — ISSN 2076-1309.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Безназоўнае (паэма)» / Аўтар — І. Навуменка — С. 68—69.
- Арочка М. Беларуская савецкая паэма. — Мн., 1979. — С.92—100.
- Бярозкін Р. Свет Купалы; Зьвенні. — Мн., 1981. — С.124—128.
- Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.137—140.
- Майсейчык, Аляксей «Свой пачэсны пасад між народамі…»: Паэма «Безназоўнае» Я. Купалы як гімн нацыянальнаму адраджэнню 20-х гадоў // Роднае слова : Штомесячны навукова-мэтадычны часопіс. — Менск: 1996. — № 3(99). — ISSN 0234-1360.