Перайсьці да зьместу

Гасьціны двор (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Гасьціны двор
КраінаБеларусь
ГорадМенск
Каардынаты53°54′15,4″ пн. ш. 27°33′20,42″ у. д.HGЯO
Архітэктурны стыльклясыцызм, мадэрн
Аўтар праектуФ. Крамер
Дата заснаваньняXVIII ст.
Статусахоўваецца дзяржавай
Гасьціны двор на мапе Беларусі
Гасьціны двор
Гасьціны двор
Гасьціны двор
Гасьціны двор на Вікісховішчы

Гасьці́ны дво́р — помнік архітэктуры XVIII — пачатку XX ст. у Менску. Знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага Высокага Рынку[a]. Твор архітэктуры клясыцызму і мадэрну. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі[1]. Утвараў адзіны ансамбль з комплексам Малога гасьцінага двара.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Гасьціны двор, абмеры 1800 г.

Па моцным пажары 1547 году ў Менску пачаліся вялікія будаўнічыя пераўтварэньні. У цэнтры новай забудовы апынуўся пляц Высокі Рынак, дамінантамі якога сталі ратуша і Гасьціны двор[2]. Упершыню Гасьціны двор упамінаецца ў пацьверджаньні прывілею на Магдэбурскае права 1569 году, дзе быў дадзены дазвол «… мещаном Менским в месте тамошнем Менском двор гостиный на местцу слушном для тоянья купцов збудовати»[2].

Комплекс Гасьцінага двара, які захаваўся да нашага часу, збудавалі ў XVIII ст., магчыма, з улучэньнем часткі больш раньніх пабудоваў. Першапачаткова ён меў С-падобную форму і складаўся зь некалькіх 2—3-павярховых будынкаў[2][3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачалося будаваньне паўночна-ўсходняй часткі комплексу. Праект гэтага будынку ў стылі клясыцызму (аўтар — губэрнскі архітэктар Ф. Крамер) зьмяшчаецца ў «Атлясе Менскай губэрні 1800 году»[4].

Па рэканструкцыі 1909 году над паўднёва-заходняй часткай надбудавалі трэці паверх, фасады дэкаравалі ў стылі мадэрну, зьмяніўся плян будынка[3]. У пачатку XX ст. у будынку месьціўся аддзел Азова-Данскога камэрцыйнага банку, крамы і купецкі клюб, дзе ў 1914 годзе выступаў Уладзімер Маякоўскі.

У 1917 годзе ў Гасьціным двары праходзілі 1-я і 2-я Паўночна-Заходнія абласныя канфэрэнцыя РСДРП(б), месьціўся Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласьці і фронту[3].

У час Другой сусьветнай вайны паўднёва-ўсходняя частка будынка пацярпела ад простага трапленьня авіябомбы. Астатнія ацалелыя будынкі занялі ўстановы Трэцяга Райху. У іх знаходзілася СД-абвэр, контрвыведка. 15 лютага 1944 году гітлераўцы прысудзілі тут да сьмяротнага пакараньня антыфашыста Фрыца Шменкеля.

Па вайне ўвесь комплекс на некаторы час займаў НКВД[5]. У 1946 годзе тут знаходзілася заля боксу спартовага таварыства «Дынама».

Комплекс будынкаў мае замкнёную кампазыцыю з двума ўнутранымі дворыкамі[1].

  • № 2 — 2-павярховы складаны ў пляне будынак, накрыты вальмавым дахам. Пад дахам праходзіць шматслойны карніз. Сьцены атынкаваныя і афарбаваныя. Куты будынка акцэнтуюцца роўнымі лапаткамі. Прастакутныя аконныя праёмы на другім паверсе дэкаруюцца абрамленьнямі з простымі сандрыкамі[1].
  • № 4 — 3-павярховы складаны Г-падобны ў пляне будынак з рызалітамі ў дваровай частцы. Галоўны фасад будынка мае сымэтрычную кампазыцыю. Цэнтральная яго частка вылучаецца кілепадобным шчытом з трыма вузкімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Бакавыя часткі фасаду завяршаюцца простымі атыкамі. Фасады рытмічна падзяляюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі. Плястыку фасадаў узбагачаюць ляпныя элемэнты, філёнгі[1]. Будынак мае калідорны плян. У інтэр’еры сходы з каванай агароджай, печы, абліцаваныя кафляй[3].
  • № 10 — 2-павярховы, шчыльна прымыкае да дамоў № 2 і № 4. Галоўны фасад мае сымэтрычную кампазыцыю. Цэнтральная частка будынка вылучаецца 4-калённым дарычным портыкам, завершаным масіўным антаблемэнтам і трыкутным франтонам. У тымпане франтона паўкруглая люкарна. Над галоўным уваходам навісае балькон з балюстраднай агароджай. Бакавыя часткі фасаду акцэнтуюцца неглыбокімі роўнымі рызалітамі. Дзьвярныя праёмы ў рызалітах дэкаруюцца трыкутнымі сандрыкамі. Гарызантальна фасад падзяляецца міжпаверхавай цягай і завяршаецца карнізам. Прастакутныя аконныя праёмы на першым паверсе аздабляюцца простымі ліштвамі з замковым каменем[1].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Сучасныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Свабоды
  1. 1 2 3 4 5 Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
  2. 1 2 3 Минск в четырёх изьмерениях
  3. 1 2 3 4 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
  4. Денисов В., Иванова Л., Кукуня О. Гостиный двор в Минске // Архитектура и строительство. № 2 (213), 2010 г.
  5. Гостиный двор, Менск стары і новы

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000234