Перайсьці да зьместу

Прымакі (п’еса)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Прымакі»
Сцэна са спэктаклю «Прымакі»
Бярэзінскага народнага тэатру
Жанр: п'еса
камэдыя
сцэнічны жарт
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 31 ліпеня 1913
Публікацыя: 1920
Электронная вэрсія

«Прымакі́» — п’еса Янкі Купалы («сцэнічны жарт у адной дзеі»), завершаная 31 ліпеня 1913 году. Упершыню надрукаваная ў газэце «Рунь» ў 1920 годзе (№ 5—8). Белавы аўтограф і машынапісны тэкст з праўкамі аўтара захоўваюцца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[1]

Падзеі твору адбываюцца на вёсцы. Максім Кутас прачынаецца ў чужой хаце і ня можа зразумець, дзе ён і чаму сюды трапіў. Даведаўшыся, што начаваў у кумы Даміцэлі, ён, як і яна, вельмі перажывае. Але добра пасьнедаўшы, абое павесялелі і выправіліся шукаць: Даміцэля — мужа Трахіма Сініцу, Максім — жонку Паланею. Тыя (яны таксама начавалі разам) у сваю чаргу шукаюць іх. Урэшце ўсе зьбіраюцца ў хаце Трахіма і пачынаецца агульная валтузьня і сварка. Зьяўляюцца ўраднік з соцкім і высьвятляюцца ўсе непаразуменьні: на першы дзень Сёмухі Трахім і Максім у манапольцы, перапіўшы, заспрачаліся, чыя жонка горшая, ды, каб разьвязаць спрэчку, вырашылі імі памяняцца. Мацейка Кутас і Кацярына Сініца, якія кахаюць адзін аднаго, пасьмейваюцца са сваіх бацькоў. Калі ж тыя нарэшце мірацца паміж сабою, яны дамагаюцца іх блаславеньня.[1]

Твор напісаны ў жанры народнага анэкдоту і камэдыі становішчаў з выкарыстаньнем фарсавых сытуацыяў. Для п’есы ўласьцівыя дасьціпнасьць і сакавітасьць мовы, кідкасьць фарбаў у абмалёўцы характараў герояў. Хаця п’еса па сваім сацыяльным гучаньні і мастацкім абанульненьні не ўздымаецца да ўзроўню сваёй папярэдніцы — камэдыі «Паўлінка», — набыты Купалам ў часе працы над «Паўлінкай» вопыт і майстэрства камэдыёграфа ў ёй вельмі адчуваюцца. Аўтар выкарыстаў у п’есе традыцыі і прыёмы народных камэдый і інтэрмэдый, народныя песьні, прыпеўкі. Адчуваецца ўплыў «Пінскае шляхты» В. Дунін-Марцінкевіча, асабліва ў абмалёўцы характараў галоўных герояў[1].

Пераклады і мастацкія ўвасабленьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На расейскую мову п’есу пераклаў А.Пракоф’еў, на польскую — С.Артоўскі.[1]

Камэдыя заняла прыкметнае месца на беларускай прафэсійнай і аматарскай тэатральнай сцэне. У 1936 годзе пастаноўку п’есы ажыцьцявіў Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ—2) і прадставіў разам з камэдыяй «Паўлінка» на гастролях у Бабруйску.[2] Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ—1) паставіў «Вечар беларускіх вадэвіляў», у які побач з «Паўлінкай» увайшлі «Прымакі» (прэм’ера адбылася 25 траўня 1944 году ў Томску). У 1972 годзе п’есу ставілі Гарадзенскі абласны драматычны тэатар і Беларускі тэатар юнага гледача. П’еса ставілася як дыплёмныя спэктаклі ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1958 і 1979 гадох. П’есу таксама ставілі шматлікія народныя тэатры і самадзейныя калектывы Беларусі. У 1959 годзе п’еса ставілася на Беларускім радыё. Удзельнікамі радыёпастаноўкі сталі П.Малчанаў, В.Пола, Г.Глебаў, Г.Макарава. У 1967 годзе купалаўскі твор знайшоў сваё ўвасабленьне ў тэлевізійным спэктаклі Беларускага тэлебачаньня.[1] У 2007 годзе адбылася новая пастаноўка «Прымакоў» у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры.

  1. ^ а б в г д Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Прымакі». — C. 506—507.
  2. ^ Аб знаходжаньні Я.Купалы ў Бабруйску Край Магілёўскі Праверана 1 лістапада 2012 г.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Прымакі» / Аўтар — А.Сабалеўскі — C. 506—507.
  • Гаробчанка, Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. — Мн., 1976. — С.21—22, 57—60, 114—115.
  • Есакоў, А. Янка Купала і беларускі тэатр. — Мн., 1972. — С.145—149.
  • Пятровіч, С. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. — Мн., 1972. — С.99, 137, 2334—234.
  • Семяновіч, А. Беларуская драматургія.- Мн., 1961. — С.72—76.
  • Ярош, М. Драматургія Янкі Купалы. — Мн., 1959. — С.72—76.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]