Яна і я
«Яна і я» | |
Дыптых М. Басалыгі да паэмы Янкі Купалы «Яна і я» (1982, афорт) | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 24 ліпеня 1913 |
Публікацыя: | 9—10 красавіка 1920 |
Электронная вэрсія |
«Яна і я» — фальклёрна-рамантычная паэма Янкі Купалы, завершаная 24 ліпеня 1913 году ў Акопах. Трэцяя з паэмаў, напісаных улетку 1913 году ў Акопах, задумы якіх выкрышталізаваліся ў сувязі з вывучэньнем Купалам беларускіх этнаграфічных зборнікаў. Упершыню надрукаваная ў Менску ў газэце «Беларусь» 9—10 красавіка 1920 году з падзагалоўкам «У цянётах жыцьця». Аўтограф паэмы захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы. На загалоўным лісьце аўтографу — назва: «„Яна і я“ (Песьня) або 66 і яшчэ 6 песень. Ад песьні да песьні».[1]
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зьмест паэмы — паэтызацыя каляндарнага кола сялянскіх заняткаў, працоўных будняў, пастаянных клопатаў, рэдкіх сьвятаў. Будзённае, звычайнае пададзена Купалам узбуйнена, велічна, тэма зямлі і сялянскага жыцьця па-філязофску абагульнена. Аснова твора — народна-фальклёрная традыцыя ў спалучэньні з вобразна-выяўленчымі тэндэнцыямі старажытных помнікаў сусьветнае літаратуры («Песьня песьняў» Саламона, «Турботы і дні» Гэсіёда) і навейшае пастаралі («Чатыры пары года» К. Данелайціса, «Герман і Даратэя» Ё. Гётэ). Творчае разьвіцьцё паэмы ў духу народнае паэзіі, традыцый паэтычнага сьветаўспрыманьня паганскае даўніны, не зьвязанае з канкрэтнымі народна-фальклёрнымі вобразамі і матывамі, робіць яе арыгінальнай і ўнікальнай. Пэўны сюжэтны рух лірычнае думкі ў паэме зьвязаны з раскрыцьцём узаемаадносінаў герояў, паказам іх сумеснага жыцьця ад раньняе вясны да лета.[1]
Амаль кожны разьдзел паэмы ўяўляе сабой абразок сялянскага жыцьця-побыту: «У хаце», «Праталіны», «За кроснамі», «Выган у поле жывёлы», «Агляд поля», «Радаўніца», «Ворка», «Беліць палатно», «Сяўба», «Поліць агародніну», «На сенажаці». Толькі два разьдзелы неабразковыя: першы — «Стрэча», у якім паэт уводзіць у ідэялізаваны сьвет абставінаў сельскага жыцьця герояў, і апошні — «Краса сьвету», дзе падагульняюцца думкі і пачуцьці да каханай. Уся паэма — адзіная ідэйна-мастацкая цэласнасьць, плён індывідуальна-мастацкага ўвасабленьня тэмы і ідэі (паэтызацыя жыцьця і працы, апяваньне жанчыны, яе прыгажосьці, шчасьця, каханьня) і адначасова ідэялізаванае адлюстраваньне мары паэта аб шчасьці чалавека працы, гімн зямлі, жыцьцью, каханьню. Купала — рамантык з вострым адчуваньнем драматызму і трагізму ў рэчаіснасьці антаганістычнага грамадзтва — упершыню так шырока ўславіў жыцьцё і працоўнага чалавека. Ён апаэтызаваў земляроба, які застаецца адзін на адзін з прыродай, яго прылады працы, прадметы штодзённага побыту і ўжытку.[1]
«Я песьняй мілую сваю праслаўлю |
Я. Купала
З заключнага разьдзелу паэмы «Яна і я» |
Культ каханай жанчыны авеяны ў паэме паэзіяй рыцарскае высакароднсьці. Ён схіляецца перад Ёй як перад багіняй. Ён для Яе абаронца, заступнік, верны і бескарысны спадарожнік у жыцьці. Ён працаўнік, дзеля каханай гатовы перабудаваць увесь сьвет, зрабіць яго ўтульным і сьветлым. Ад любасьці да Яе шматфарбным, багатым на гукі і пахі паўстае перад Ім навакольны сьвет. Усё, што ні зробіць Яна, Яму здаецца поўным чараў, незвычайнага хараства. Каханьне зьяўляецца зарукай іх шчасьця, перамогі сьвятла ў барацьбе зь нягодамі.[1]
У заключным разьдзеле вобраз каханай асацыюецца з вобразам маладой Беларусі. Героі паэмы сталі ўвасабленьнем лепшых рысаў характару беларускага селяніна-працаўніка — аптымізму, любові да зямлі, пяшчотнасьці ў чалавечых адносінах.[1]
Паэма, у якой арганічна сынтэзаваныя нацыянальныя і агульнаэўрапейскія традыцыі, зьявілася новым варыянтам фальклёрна-рамантычнае паэмы ў беларускае літаратуры: не гераічным, як «Курган», не аповесьцевым, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральным, дзе ідылічным паказана зямное, паганскае, сялянскае, мужыцкае.[1]
Твор багаты інтанацыйнымі перападамі, нечаканымі паўзамі, чляненьнямі сынтагмаў, насычаны клічнікамі, зваротамі, што добра вар’іруе рытміка-інтанацыйны лад твора. Пануючы памер — шасьцістопны ямб.[1]
Водгукі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паэма выключна своеасаблівая, зямная, паганская і ў той жа час па-беларуску ціхая, акварэльная і зноў, і зноў мужыцкая. | ||
Пераклады і мастацкія ўвасабленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На баўгарскую мову паэму пераклаў Х. Папоў, на кітайскую — Чжу Цзы, на латыскую — А. Веян, на летувіскую — В. Бложа, на нямецкую — З. Эстэррайхер (урывак), на польскую — А. Баршчэўскі, Т. Хрусьцялеўскі, на расейскую — Н. Кісьлік, Ул. Раждзественскі, на румынскую — Т. Дэлча, на таджыцкую — М. Фархат, на ўкраінскую — Р. Лубкіўскі. На песьню «Вясьнянка» з разьдзела «Поліць агародніну» Л. Шлег стварыла харавую паэму. А. Мдывані напісаў хор. Паводле матываў паэмы М. Савіцкі напісаў жывапіснае палатно «На пакосе», М. Басалыга, А. Кашкурэвіч, Г. Паплаўскі, В. Шаранговіч выканалі графічныя творы.[1]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Яна і я» / Аўтар — А.Лойка — С. 369—370.
- Бярозкін Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С.124—128.
- Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.176—181.
- Ралько І. Вершаскладанне: Даследванні і матэрыялы. — Мн., 1981. — С.194—21, 60.
- Ярош М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971. — С.126—130.
- Тацьцяна Ярашэвіч Мадэль ідэальнага існавання ў паэме «Яна і я» Янкі Купалы: Урок беларускай літаратуры // Роднае слова : часопіс. — Мн.: 2012. — № 6.