Перайсьці да зьместу

Беларускі рэспубліканскі тэатар юнага гледача

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатар юнага гледача
Абрэвіятура ТЮГ
Дата ўтварэньня 1931
1956 (адноўлены)
Тып тэатар
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Менск, вул. Энгельса, д. 26
Каардынаты 53°53′55″ пн. ш. 27°33′52″ у. д. / 53.89851601° пн. ш. 27.56433201° у. д. / 53.89851601; 27.56433201Каардынаты: 53°53′55″ пн. ш. 27°33′52″ у. д. / 53.89851601° пн. ш. 27.56433201° у. д. / 53.89851601; 27.56433201
Дырэктар Уладзімер Савіцкі
Галоўны мастак Ларыса Рулёва
Загадчык музычнае часткі Тамара Пігулеўская
Сайт http://www.beltuz.by
Колішняя назва Тэатар юнага гледача БССР імя Н.Крупскай

Белару́скі дзяржа́ўны акадэмічны тэа́тар ю́нага гледача́ — адзін з найстарэйшых беларускамоўных тэатраў краіны, галоўны дзіцячы тэатар Беларусі.

Створаны ў Менску ў красавіку 1931 году пры Доме камсамолу. Яго арганізатарам стаў вядомы рэжысэр Мікалай Кавязін, на той час — энтузіяст тэатральнага мастацтва, настаўнік маляваньня і кіраўнік драматычнага гуртка чыгуначнай школы. У 1937 годзе тэатар узначаліў рэжысэр і пэдагог Яўсьцігней Міровіч, а ў 1941 годзе, незадоўга перад вайной, — вядомы актор і рэжысэр Міхаіл Зораў. З 1939 году тэатар насіў імя Н. Крупскай.[1]

Тэатар быў вядомы ня толькі ў Беларусі. У лістападзе 1940 году тэатар стаў самым маладым сярод 16 найлепшых тэатраў СССР, якія паказвалі свае спэктаклі на заключным туры Ўсесаюзнага агляду тэатраў для дзяцей у Маскве (спэктакль «Цудоўная дудка» В. Вольскага). Спыніў сваё існаваньне тэатар у ліпені 1941 году ў сувязі з пачаткам вайны.[1]

У 1949 годзе пра неабходнасьць аднаўленьня дзіцячага тэатру нагадала пісьменьніца, дзеяч культуры Зінаіда Бандарына.[2] У 1951 годзе на бюро ЦК КП(б) Беларусі была прынятая пастанова пабудаваць у 1951-52 гг. ў Менску дзіцячы рэспубліканскі тэатар, выкарыстаўшы дзеля гэтага каробку, што належала менскаму палацу піянэраў.[3]

У верасьні 1955 году быў падпісаны загад міністра культуры БССР Р. Кісялёва аб стварэньні Беларускага рэспубліканскага тэатру юнага гледача і 8 красавіка 1956 году тэатар адкрыў свае дзьверы ізноў. Уладзімер Стэльмах, які быў прызначаны дырэктарам тэатру, вельмі хацеў, каб не парывалася сувязь з даваенным тэатрам, каб сучасны стаў працягам яго дзейнасьці. Але ж кіраўніцтва рэспублікі вырашыла інакш. Магчымай прычынай афіцыйнага стварэньня дзіцячага тэатру наноў можа быць тое, што ў час вайны частка актораў ТЮГ засталася ў акупаваным Менску і працавала ў Гарадзкім тэатры.[1]

Пераемнасьць даваеннага і сучаснага тэатраў юнага гледача, а таксама агульныя мастацка-пэдагагічныя прынцыпы іх дзейнасьці — відавочныя. Перадусім на працягу ўсёй гісторыі тэатру была ўласьцівая арыентацыя на нацыянальны рэпэртуар. На адкрыцьці тэатру М. Кавязін спрабаваў паказаць (праўда, няўдала) напісаную для тэатру п’есу «На штурм» Я. Маўра. У 1936 годзе зьявіліся «Мікола Гоман» В. Сташэўскага (п’еса і спэктакль былі высока ацэненыя крытыкай) і «Ная» М. Зарэцкага. Л. Мазалеўская заахвоціла зьяўленьне п’есаў Я. Пасава, А. Гутковіча, У. Хазанскага, А. Вольскага, П. Макаля, І. Козела (спэктакль «Папараць-кветка» стаў візытоўкай тэатру на шмат гадоў і атрымаў дыплём першай ступені Ўсесаюзнага фэстывалю тэатраў юнага гледача ў 1958 годзе).[1]

Сучасны тэатар, як і даваенны пад кіраўніцтвам Я. Міровіча (пасьля рэфармаваньня) у 1937 годзе, адкрыўся спэктаклем «Як гартавалася сталь» паводле М. Астроўскага. Двойчы ставіліся «Цудоўная дудка» В. Вольскага (у 1939 і 1968 гадох) і «Рэвізор» М. Гогаля (у 1941 годзе зь яго распачаў сваю працу ў тэатры новы галоўны рэжысэр М. Зораў (рэпэтыцыі перапыніла вайна), а сучасны ТЮГ паставіў гэтую камэдыю ў 1960 годзе).[1]

У сёньняшнім рэпэртуары тэатру 25 спэктакляў, зь іх 24 — на беларускай мове:[4]

  • «Аднаклясьнікі» (Ю. Кулік)
  • «Беласьнежка і сем гномаў» (браты Грым)
  • «Блакітны аўтамабіль» (Я. Стэльмах, на расейскай мове)
  • «Брык і Шуся шукаюць лета» (Т. Сівец)
  • «Вясёлы Роджар» (Д. Салімзянаў)
  • «Дарога на Віфлеем» (С. Кавалёў)
  • «Казка чароўнага лесу» (С. Казлоў, Л. Жухавіцкі)
  • «Кот у ботах» (Ш. Пэро)
  • «Крыху пяшчоты» (А. Нікалаі)
  • «Куды падзеўся сьнег» (К. Драгунская)
  • «Ліса і вінаград» (Г. Фігейрэду)
  • «Міхалава зямля» (Я. Колас)
  • «Майго юнацтва крылы»
  • «Маленькі лорд Фаўнтлярой» (Ф. Бэрнэт)
  • «Мой бедны Марат» (А.Арбузаў)
  • «Пан міністар» (Ф. Аляхновіч)[5]
  • «Пані Завіруха» (браты Грым, Ю. Кулік)
  • «Прыгоды Бібігона» (К. Чукоўскі)
  • «Прыгоды пад Новы год» (Н. Марчук)
  • «Сакрэт сапраўднага сяброўства» (Я. Лёгкін)
  • «Тарас на Парнасе» (С.Кавалёў)
  • «Тры парсючкі» (К. Чукоўскі)
  • «Тэдзі» (А. Хромаў)
  • «Царэўна-жабка» (В. Ткачук)
  • «Шытая лялька Рэгэдзі Эн» (Ў. Гібсан)

У сучасным ТЮГу працаваў шэраг актораў даваеннага тэатру: А. Ротар, В. Окалаў, А. Якуцік, П. Бондараў, Ул. Говар-Бандарэнка, Л. Міхайлаў, Ул. Стэльмах (як дырэктар), З. Зяленка (памочнік рэжысэра), В. Станкевіч (загадчык бутафорскага цэху) А. Сагальчык (загадчык пастановачнай часткі).[1]

У розны час у тэатры працавалі вядомыя беларускія рэжысэры і акторы Ігар Дабралюбаў, Аляксей Дудараў, Зьдзіслаў Стома, Мікола Трухан.

Заслужаныя артысты Беларусі

Артысты

  • Людміла Асмалоўская
  • Раіса Астрадзінава
  • Натальля Ваўчок
  • Генадзь Гаранскі
  • Натальля Гарбаценка
  • Алеся Гераська
  • Аляксандар Гладкі
  • Тацьцяна Жданава
  • Аляксандар Зелянко
  • Ганна Казлова
  • Васіль Казлоў
  • Андрэй Каламіец
  • Андрэй Каралевіч
  • Зьміцер Козел
  • Аляксандра Крывашэй
  • Кацярына Крылова
  • Мікалай Лявончык
  • Сяргей Марговіч
  • Васіль Ніцко
  • Аляксандар Палазкоў
  • Ала Паплаўская
  • Тацьцяна Ражаўская
  • Людміла Разумава
  • Ігар Сідорчык
  • Вольга Сініца
  • Аляксандар Станілевіч
  • Іван Ушакевіч
  • Жанета Чацьверыкова
  • Алена Шабад
  • Марта Шантар
  • Іван Шрубейка
  • Натальля Якаўлева

Мастацкае кіраўніцтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўныя рэжысэры:

Будынак тэатру (вуліца Энгельса, 26) зьяўляецца помнікам савецкай архітэктуры, прыкладам творчага выкарыстаньня элемэнтаў архітэктуры клясыцызму. Пабудаваны ў 1936—1937 гадох (арх. Аляксандар Воінаў, Уладзімер Вараксін) у адным комплексе з палацам піянэраў і школьнікаў (вул. Кірава, 16). Разбураны ў гады вайны і адноўлены ў 1952—1954 гадох у некалькі зьмененым выглядзе. Часткова была выкарыстаная старая каробка будынку з прыбудовай новай сцэнічнай часткі. Галоўны фасад у асноўных рысах захаваў даваеннае архітэктурнае вырашэньне. Нягледзячы на распрацоўку праекту капітальнага рамонту ў 1972 годзе, да нашага часу захавалася аздабленьне інтэр’ераў, выкананае паводле праекту аднаўленьня тэатру ў 1951—1952 гадох пад кіраўніцтвам Аляксандра Воінава і Любові Усавай[6].

У 2007 годзе комплексу тэатру юнага гледача і палацу піянэраў і школьнікаў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці рэспубліканскага значэньня.[6]

  1. ^ а б в г д е Беларускі рэспубліканскі тэатар юнага гледача вэб-старонка тэатру Праверана 10 студзеня 2015 г.
  2. ^ Зінаіда Бандарына Тэатральнае мастацтва дзецям // Літаратура і Мастацтва : газэта. — Менск: 1949. — № 8 кастрычніка.
  3. ^ Пратакол пасяджэння № 139 ад 2 сакавіка 1951 году / Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Ф.4П, вопіс 81, справа 405, ліст 27.
  4. ^ Рэпэртуар Беларускага тэатру юнага гледача вэб-старонка тэатру Праверана 10 студзеня 2015 г.
  5. ^ Вераніка Ярмалінская. Класіка вяртаецца. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 2012, 27 красавіка. — № 17(4663). — С. 20.
  6. ^ а б Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
  • Тэатр юнага гледача імя Н. К. Крупскай. Менск, 1940.
  • Вольскі В., Рамановіч Я., Сегедзі А. Драматические театры Белоруссии / Искусство Советской Белоруссии. Менск, 1940.
  • Стэльмах Ул. Шчыры сябар школы. Народная асвета, 1966, №4.
  • Пятровіч С. Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.). Менск, 1983.
  • Гісторыя беларускага тэатра. Менск, 1985, Т.2.
  • Тэатру юнага гледача Рэспублікі Беларусь — 40 гадоў / [падрыхт. да друку Дзіяна Стэльмах] // Тэатральная творчасць. 1996. № 2. С. 23-50.
  • Стэльмах, Дз. «Ах, колькі самых светлых мар схавана за заслонай!» : пасляюбілейн. нататкі пра Тэатр юнага гледача Беларусі / Дзіяна Стэльмах // Роднае слова. 1996. № 8. С. 198—201.
  • Лебедзеў, В. З любоўю да тэатра… / Віктар Лебедзеў // Мастацтва. 1996. № 5. С. 50-52.
  • Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача// Тэатры Беларусі. Менск, 1998. С. 44-47.
  • Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача / М-ва культуры Рэсп. Беларусь; [склад. А. Ганчароў і інш. ; аўт. уступ. арт. Т. Арлова]. — Менск : Палібіг, 2000. — 21 с.
  • Стэльмах, Дз. З мінулага — у будучыню : старонкі гісторыі / Дзіяна Стэльмах // Мастацтва. 2001. № 3. С. 17.
  • З асаблівай місіяй / Леанід Улашчанка, Вера Кавалерава, Ігар Сідорчык [і інш. ; гутаркі запісалі Людміла Грамыка, Андрэй Ахметшын] // Мастацтва. 2001. № 3. С. 7-16.
  • Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Менск, 2002. Т. 1. С. 128—137.
  • Клімковіч, І. Тры чароўныя постаці ў рампе ТЮГа / Ірына Клімковіч // Маладосць. 2003. № 11. С. 118—125.
  • Тэатр юнага гледача Беларусі // Бел. энцыкл. : у 18 т. Менск, 2003. Т. 16. С. 95-97.
  • Ярмалінская, В. Разумныя казкі для маленькіх і дарослых / Вераніка Ярмалінская // Беларуская думка. 2004. № 5. С. 172—180.
  • Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Менск, 2006.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000279