Дом Ваньковічаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дом Ваньковічаў
Дом-музэй Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагодзьдзя.
Філія Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
Месцазнаходжаньне МенскБеларусь
Адрас вул. Інтэрнацыянальная, 33а
Створаны 2000 г.
Геаграфічныя каардынаты 53°54′18.27″ пн. ш. 27°33′35.93″ у. д. / 53.905075° пн. ш. 27.5599806° у. д. / 53.905075; 27.5599806Каардынаты: 53°54′18.27″ пн. ш. 27°33′35.93″ у. д. / 53.905075° пн. ш. 27.5599806° у. д. / 53.905075; 27.5599806
Дом Ваньковічаў на мапе Беларусі ±
Дом Ваньковічаў
Дом Ваньковічаў
Дом Ваньковічаў
Дом Ваньковічаў
Дом Ваньковічаў
Дом Ваньковічаў
artmuseum.by/by/filb/vank

Дом Ванько́вічаў — помнік палацава-сядзібнай архітэктуры, былы дом прадстаўнікоў беларускага шляхецкага роду Ваньковічаў. Гэтак жа дом зьвязаны з жыцьцём і творчасьцю беларускага мастака Валенція Ваньковіча (1800—1842). Месца разьмяшчэньня — Беларусь, г. Менск, вул. Інтэрнацыянальная, 33А.[1]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дом пабудаваны ў канцы XVIII — першай палове XIX стагодзьдзя ў стылі клясыцызму. Месьціўся ў глыбіні двара, адгароджанага ад вуліцы агароджай з брамай, якія да нашага часу не захаваліся. Аднапавярховы прамавугольны (у пляне драўляны) дом накрыты высокім вальмавым дахам з мансардай у цэнтры. Інтэр’ер быў дэкарыраваны кафлянымі печамі, якія да нашых дзён не захаваліся.

Гарадзкі дом (Уладзіслаў Ваньковіч атрымаў у навакольлі Менску 2894 дзесяціны зямлі, узьвёў тры карчмы, якія давалі 320 рублёў гадавога даходу. У маёнтку Вялікая Сьляпянка ён пабудаваў каменны дом) В. Ваньковіча ня толькі помнік архітэктуры клясыцызму, але й мэмарыяльны аб’ект гісторыі беларускай культуры. У ім бывалі Ян Дамель, Станіслаў Манюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — сучасьнікі й сябры В. Ваньковіча.[1]

Археалягічныя раскопкі, якія праводзіліся ў 1983 годзе на тэрыторыі дому на Інтэрнацыянальнай, пацьвердзілі час яго заснаваньня — канец XVIII стагодзьдзя. Пад будынкам знаходзяцца каменныя падзямельлі XVII стагодзьдзя, якія прыстасаваныя пад склеп. Гэтак жа тут былі знойдзеныя: чарапіца канца XVIII стагодзьдзя, якой быў пакрыты дом, асколкі керамічных, жалезных і шкляных рэчаў таго часу. У 1982 г. пачалася рэстаўрацыя гэтага помніка.

У 2000 годзе, да 200-годзьдзя з дня нараджэньня мастака Валенція Ваньковіча, музэй быў адкрыты пасьля рэстаўрацыі.[2] Да гэтай даты было прымеркаванае адкрыцьцё ў сядзібным доме пастаяннай экспазыцыі, якая дае магчымасьць пазнаёміцца з працамі В. Ваньковіча й культурай беларускай сядзібы першай паловы XIX стагодзьдзя.[3]

Адноўленая сама сядзіба: пабудаваны флігель упраўляючага, брама, устаноўлены помнік Валенцію Ваньковічу.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Комплекс уключае сядзібны дом у стылі клясыцызму, дзьве афіцыны, гаспадарчыя пабудовы, фруктовы сад. Сядзібны дом (вул. Інтэрнацыянальная, 33) — аднапавярховы прамавугольны ў пляне драўляны будынак (у пачатку XIX ст. частка паўночна-заходняй сьцяны была мураванай) пастаўлены на каменны падмурак і накрыты высокім вальмавым дахам, сьцены атынкаваныя. Сымэтрычны па кампазыцыі галоўны паўднёва-ўсходні фасад вылучаў васьмікалённы портык з цэнтральным уваходам, завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном. Аналягічны портык меў і паўночна-заходні фасад. Рытм фасадаў ствараецца прамавугольнымі вокнамі ў абрамленьні простых ліштваў і лапатак. Пляніроўка анфілядна-калідорная. У інтэр’еры былі печы, дэкарыраваныя кафэльнымі пліткамі. Сядзібны дом і дзьве афіцыны ўтваралі парадны двор-курданёр. Паўднёва-заходняя афіцына (№ 33а) — мураваная, двухпавярховая, прамавугольная ў пляне, накрытая аднасхільным дахам. Паўночна-ўсходняя афіцына — двухпавярховая, прамавугольная ў пляне, накрытая вальмавым дахам. У цэнтры яе паўночна-ўсходняга фасаду знаходзіўся пяцігранны эркер зь вежападобным завяршэньнем. Афіцына была зруйнаваная, адноўленая ў пачатку XXI стагодзьдзя. Захавалася шырокая праезная брама[4].

Экспазыцыі музэю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У некалькіх залях дома-музэю месьціцца ўнікальная калекцыя сядзібнага партрэту канца XVII—XIX стагодзьдзяў, якая дапаўняе ўяўленьні аб значнай ролі сядзібы ў разьвіцьці культуры Беларусі гэтага пэрыяду. У доме-музэі экспануюцца архіўныя дакумэнты, фатаграфіі жывапісных палотнаў, сапраўдныя творы жывапісу й дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праходзяць вечары рамансаў і камэрнай музыкі.[3]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Дом-усадьба В. Ваньковича (рас.) Музеи Праверана =2011-04-10 г.
  2. ^ Дом-музэй Ваньковичей (рас.) Каталог организаций. Официальный интернет-портал Минского горисполкома. Праверана 2011-04-10 г.
  3. ^ а б Музей Ваньковичей. Культура и искусство первой половины XIX века (рас.). Сайт Музэю. Праверана 2011-04-10 г.
  4. ^ Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  711Е000001