Перайсьці да зьместу

Алеся Александровіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алеся Александровіч
Аляксандра Іванаўна Александровіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 12 ліпеня 1904(1904-07-12)
Памерла 25 жніўня 1947(1947-08-25) (43 гады)
Пахаваная
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці літаратуразнаўка, пэдагог
Гады творчасьці 1920-я—1940-я
Кірунак захаваньне памяці аб дзеячах беларускага народу першае паловы 1900-х гадоў
Жанр Успаміны
Дэбют «Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала)»
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Александровіч.

Але́ся Александро́віч (12 ліпеня 1904, Менск — 25 жніўня 1947, Менск) — беларуская літаратуразнаўца і пэдагог. Сястра паэта Андрэя Александровіча.[1]

Алеся Александровіч з мужам Міхаілам Марозам, 1923 г.

На пачатку 1920-х гадоў адыгрывала адметную ролю ў грамадзкім жыцьці Менску, прымала ўдзел у дзейнасьці клюбу беларускае мастацкае інтэлігенцыі «Беларуская хатка». Сябравала з паэтам М.Чаротам[2] У 1921 годзе стала першай выканаўцай ролі Алесі ў музычнай драме М.Чарота «На Купальле(be)» у Беларускім дзяржаўным тэатры[1], якую ён напісаў спэцыяльна для яе.[3]

На працягу некалькіх гадоў сьпявала ў славутым тады беларускім хоры, якім кіраваў Уладзімер Тэраўскі. Слухаць сольнае выкананьне Алесі вельмі любіў Янка Купала[3]. Актор і тэатральны дзяяч Яўген Рамановіч пісаў, што

« Алеся Александровіч была ўжо добра вядомай у Менску салісткай з непараўнанай дзявочай абаяльнасьцю і рэдкім па чысьціні лірычным сапрана. Усім нам Алеся ў тыя гады здавалася ідэальным увасабленьнем беларускай дзяўчыны, якая нібы сышла са старонак паэзіі Янкі Купалы[3]. »

У 1928 годзе скончыла БДУ[1]. Выкладала літаратуру ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме[4]. Паэт Міхась Кавыль (Язэп Лешчанка) узгадваў:

« Вельмі добрая была ў нас выкладчыца літаратуры — Алеся Александровіч, сястра паэта Андрэя Александровіча. Яна чаравала і сваёй прыгажосьцяй, і пявучым задушэўным голасам.[4] »

З 1934 па 1936 гады працавала ў аддзеле рэкамэндацыйнай бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. Склала чытанкі для малодшых клясаў беларускай школы, хрэстаматыі па беларускай літаратуры.[1] Першая хрэстаматыя выйшла ў 1928 годзе, апошняя кніга для чытаньня «Роднае слова» (13-е выданьне) убачыла сьвет праз 10 гадоў пасьля сьмерці ўкладальніцы (у 1957 г.)[3]. У 1944—1947 гадох працавала ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[5] Аўтарка артыкулаў пра творчасьць З. Бядулі, А. Куляшова, П. Труса, К. Чорнага. Пераклала на беларускую мову кнігі Н. Крупскай «Пра Уладзімера Ільліча» (1925), Ул. Караленкі «Куплены хлопчык» (1947) і інш.[1]

Алеся Александровіч і Янка Купала

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Знаёмая зь Я. Купалам з пачатку 1920-х гадоў. Часта бывала на кватэры паэта. Улетку 1933 году на яе запрашэньне Купала з жонкай адпачываў у Капылі ў доме Марозаў, бацькоў мужа Александровіч. Складальніца жыцьцёвага і творчага летапісу Янкі Купалы да 1917 году. Аўтарка ўспамінаў пра Купалу[5].

  • «Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала)» («Савецкі селянін», 9 сьнежня 1945 году).
  • «Сябра моладзі» («Сталинская молодежь», 29 чэрвеня 1945 году.
  • «Аб дакастрычніцкай творчасьці Янкі Купалы» (часопіс «Полымя», 1947, №6).
  • «Паэма Янкі Купалы „Адвечная песьня“ ў ацэнцы дарэвалюцыйнай крытыкі» (часопіс «Беларусь», 1947, №6).
  • Успаміны ў зборніку «Янка Купала», Мн., 1952.
  1. ^ а б в г д Александровіч Алеся // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1: А капэле — Габелен. — С. 83.
  2. ^ Наш край у новай энцыкляпэдыі Пухавіцкія навіны Праверана 11 траўня 2012 году г.
  3. ^ а б в г Стагодзьдзе Купалавай Алесі Газэта Звязда Праверана 11 траўня 2012 году г.
  4. ^ а б «Жыве яшчэ душа ў народзе гэтым…» Бібліятэка згуртаваньня беларусаў сьвету Праверана 11 траўня 2012 году г.
  5. ^ а б Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Александровіч Алеся». — С. 36.
  • Н. Б. Ватацы. Александровіч Алеся // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1: А капэле — Габелен. — С. 83. — 9500 ас.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с., 26 л. іл.; Артыкул «Александровіч Алеся» / Аўтар — Н. П. Саламевіч. — С. 36.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]