Перайсьці да зьместу

Раскіданае гняздо (спэктакль, Рэспубліканскі тэатар беларускае драматургіі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Раскіданае гняздо»
Афіша спэктаклю
Афіша спэктаклю
Жанртрагэдыя ў 2-х дзеях
Паводлеп’есы Янкі Купалы
«Раскіданае гняздо»
РэжысэрАляксандар Гарцуеў
Мастак-пастаноўнікІгар Анісенка
КампазытарЗьміцер Фрыга
ХарэографВольга Скварцова
АкторыІгар Сігоў
Валянцін Салаўёў
Людміла Сідаркевіч
Алена Баярава
Максім Брагінец
Вольга Скварцова
Натальля Халадовіч
Ільля Ясінскі і інш.
Працягласьць2 гадз. 20 хв.
КраінаБеларусь
Мовабеларуская
Год прэм’еры6 красавіка 2013
ПастаноўкіРэспубліканскі тэатар беларускае драматургіі

«Раскіданае гняздо» — спэктакль, пастаўлены рэжысэрам Аляксандрам Гарцуевым ў Рэспубліканскім тэатры беларускае драматургіі па аднайменнай п’есе Янкі Купалы да 100-годзьдзя напісаньня п’есы. Прэм’ера адбылася 6 красавіка 2013 году. Спэктакль стаў другой творчай спробай увасабленьня Аляксандрам Гарцуевым драматычнай задумы Янкі Купалы: першай была пастаноўка «Раскіданага гнязда» ў Гарадзенскім абласным драматычным тэатры.[1]

« Янка Купала для беларускага народа быў і застаецца прарокам, які марыў пра вольную будучыню і свабодных, незалежных людзей. Купалаўская трагэдыя «Раскіданае гняздо» самае яркае адлюстраваньне думак паэта. Пьеса мае рэальную аснову — такі ж складаны лёс калісьці напаткаў і сям'ю Луцэвічаў, якая таксама была пазбаўлена жыльля і адарваная ад роднай зямлі. Таму ў п'есе ўвага сканцэнтраваная толькі на праблемах і пэрыпэтыях адной сям’і. А сям’я Зяблікаў і ёсьць адлюстраваньне ўсяго зьбяднелага народу і панскага самаўладзьдзя. Пра лёс астатняга беларускага сялянства мы чуем толькі з вуснаў Незнаёмага і Старца, якія і выступаюць у якасьці правобраза самаго Купалы. Думкі і разважаньні гэтых пэрсанажаў спраўджваюцца і ў наш час. [....] Пастаноўка драмы «Раскіданае гняздо», яе сцэнічнае адлюстраваньне — гэта ня новае прачытаньне пьесы, не перапісаньне купалаўскага тэксту, а чарговы доказ бліскучага драматычнага таленту і магчымасьць сказаць гледачам словамі клясыка важныя і каштоўныя сучаснаму чалавеку ісьціны.. »

— З анонсу спэктаклю[1]


« [Пастаноўка] ня столькі пра разбураную хату, колькі — пра пошукі свайго месца ў жыцьці [...] з глыбокім сацыяльным сэнсам, дзе далёка ня ўсё ляжыць на паверхні, многае пераведзена ў пласты асацыятыўных сувязяў, вобразаў-сымбаляў. »

— Аляксандар Гарцуеў[2]

Ва ўласьцівай яму манэры Аляксандар Гарцуеў прапануе глядачу сьмелы погляд на клясычны драматычны твор Купалы і ў чымсьці выводзіць яго па-за часовую прастору, калі дакладна нават не зразумела, у які час адбываецца дзея.

« Пасярэдзіне кардонных дэкарацый — два плюшавыя мішкі і маленькі тыграня, што адразу наводзіць на пэўныя асацыяцыі. Незнаёмы, які кліча аднаго з галоўных герояў на сход «па Бацькаўшчыну», асацыіруецца калі не з забойцамі з эскадронаў сьмерці, дык з прадстаўнікамі пэўных спэцслужбаў, якія часта выкарыстоўваюць у сваёй працы метады правакацыі... Тым не менш — гэта проста асацыяцыі, паралелі. [...] Гарцуеў кажа, што для сябе ён вызначыў месца дзеяньня як сельгаспасёлак на ўскраіне Менску. Касьцюмы артыстаў — і не зусім вясковыя, і не суперсучасныя. Але пры гэтым, напрыклад, Паніч зьяўляецца на сцэне ўвесь з іголачкі і нават са смартфонам ў руках. Дарэчы, на пачатку спэктаклю касьцюмы як бы крыху зьбіваюць з панталыку, але потым усё становіцца на свае месцы. »

— Марына Коктыш[2]

Падкрэсьлена асучасьненае прачытаньне клясычнага твору Аляксандрам Гарцуевым было неадназначна сустрэта крытыкамі. Адныя ўспрынялі пастаноўку як моцную і бясспрэчны посьпех.

« Кажуць, калі пасьля спэктаклю ў арганізьме застаецца нейкі доўга не растваральны асадак, калі не ідзе з галавы або сюжэт, або нейкі вобраз, значыць, у рэжысэра ўсё атрымалася. Вось і ў Аляксандра Гарцуева атрымалася. […] Гэтую п’есу называюць не зусім сцэнічнай. Зь ёй няпроста працаваць з-за ня вельмі выразнай фабулы, яна больш падыходзіць для чыткі. Магчыма, менавіта таму крытыкам у пастаноўках «Раскіданага гнязда» заўсёды бракавала нейкіх спэцыяў. […] дзякуючы розным рэжысэрскім штучкам і прыдумкам аб шаноўным узросьце твору падчас спэктаклю нават і не ўспамінаеш… Моцны спэктакль. »

— Марына Коктыш[2]

« Пастаноўка Гарцуева каштоўная тым, што дазваляе без цяжкасьцяў паяднаць драматургічны матэрыял з рэаліямі розных эпохаў. [...] Купалаўскі тэкст гучыць абсалютна сучасна, прымушае разважаць пра вечныя, глабальныя праблемы жыцьця, сьмерці, каханьня, зямлі. Спэктакль Гарцуева пераконвае, што кожная эпоха робіць гэтыя пытаньні для беларусаў надзіва актуальнымі. І гэта адна з несумненных вартасьцяў новага «Раскіданага гнязда» […] «Раскіданае гняздо» — прафэсійна зробленая і годная пастаноўка. Так, пасьля яго прагляду дасведчаны тэатрал не ўбачыць неба ў дыямэнтах. Але задумаецца пра логіку паводзінаў герояў і сэнс іх жыцьця. Такі спэктакль варта глядзець і абмяркоўваць. »

Дзяніс Марціновіч[3]

Іншыя крытыкі адчулі, што ўхіл у бок нязвычайнасьці трактоўкі п’есы — перш за ўсё яе вонкавага раду — прывёў да пэўных зьмястоўных мастацкіх стратаў.

« Аляксандар Гарцуеў паспрабаваў актуалізаваць Купалаву п'есу, пасадзіўшы Зоську на ровар, Марыю — за швэйную машынку шыць жабрацкія, заўважым, торбы (якія чамусьці ператварыліся ў клятчастыя валізкі чаўнакоў), даўшы ў рукі Панічу айфон апошняе мадэлі, зрабіўшы Старца люмпэнізаваным алкашом, Сымона — гопнікам на раёне, а Незнаёмага — шалёным правакатарам, а да таго ж і кілерам, нанятым тым жа Панічом, каб пазбыцца надакучлівых Сымона і Зоські. Чаго гэтым дабіўся рэжысэр? — Адчуваньня вар’яцтва ў тых, хто любіць Купалу не таму, што так было загадана ў падручніку белліта. Натуральна, кожны мае права на сваю інтэрпрэтацыю клясычнага тэксту. Але хацелася б пачуць нейкія разумныя довады на карысьць такога прачытаньня Купалавага твора. [...] Купалава ідэя згубілася на люмпэнізаваным дне, куды Аляксандр Гарцуеў зьмясціў яго герояў, ператварылася ў зацягнуты шэраг крыклівых сцэнаў, за якім ужо не разгледзець беларусаў тых, якімі яны былі, у якім сябе не пазнаюць беларусы тыя, якімі яны сталі, прамяняўшы любоў да зямлі на зацятае адмаўленьне ад яе. »

— Марына Казлоўская[4]

  1. ^ а б в «Раскіданае гняздо» (народная трагэдыя) сайт Рэспубліканскага тэатру беларускае драматургіі Праверана 8 красавіка 2013 г.
  2. ^ а б в На разрыў аорты (газэта) Народная Воля Праверана 9 красавіка 2013 г.
  3. ^ Тэатр: Хто і чаму раскідаў гняздо? Будзьма разам Праверана 1 траўня 2013 г.
  4. ^ «Раскіданае гняздо»: не дараслі мы? (газэта) Наша Ніва Праверана 8 красавіка 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]