Вялікі тэатар Беларусі
| Вялікі тэатар Беларусі | |
| Будынак тэатру | |
| Дата ўтварэньня | 25 траўня 1933 (93 гады таму) |
|---|---|
| Тып | Тэатар |
| Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
| Месцазнаходжаньне | Менск, пл. Парыскай Камуны, 1 |
| Каардынаты | 53°54′37″ пн. ш. 27°33′41″ у. д.HGЯO |
| Генэральны дырэктар | Кацярына Дулава |
| Мастацкі кіраўнік тэатра | Валянцін Елізар’еў |
| Галоўны хормайстар | Ніна Ламановіч |
| Сайт | bolshoibelarus.by |
| Колішняя назва | Дзяржаўны тэатар опэры і балету |
Нацыяна́льны акадэмі́чны Вялі́кі тэа́тар о́пэры і бале́ту — галоўны опэрны і балетны тэатар Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гісторыя тэатру распачалася ў 1920-я гады на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1), які меў у сваім складзе салістаў опэры, харавую і балетную групы і невялікі сымфанічны аркэстар. Ужо тады ставіліся музычна-драматычныя спэктаклі, урыўкі з опэраў і балетаў, гучала народная музыка. У 1920-я гады будучыя зоркі беларускага опэрнага і балетнага мастацтва навучаліся ў музычных тэхнікумах Менску, Віцебска, Гомелю, а таксама ў створанай у 1930 годзе Дзяржаўнай студыі опэры і балету, якую ўзначальваў вядомы сьпявак Антон Баначыч. За тры гады ў студыі былі падрыхтаваныя прафэсійныя артысты і пастаўлены опэры «Залаты певень», «Кармэн», «Яўген Анегін», «Царская нявеста»[1].
Урачыстае адкрыцьцё самастойнага тэатру опэры і балету адбылося на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра 25 траўня 1933 году спэктаклям «Кармэн»[1].
У Савецкім Саюзе тэатар меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыцьцяздольных опэрных і балетных калектываў. Яго высокі мастацкі ўзровень у розны час вызначалі такія вядомыя дырыжоры, як Анісім Брон, Уладзімер Пірадаў, Леў Любімаў, Тацьцяна Каламійцава, Яраслаў Вашчак, Уладзімер Машэнскі, Генадзь Праватораў, Аляксандар Анісімаў; рэжысэры Алег Маралеў, Дзьмітрый Смоліч, Юры Ужанцаў, Сямён Штэйн, Вячаслаў Цюпа, Маргарыта Ізворска-Елізар’ева; балетмайстры Леў Крамарэўскі, Канстанцін Мулер, Сямён Дрэчын, Аляксей Андрэеў, Атар Дадышкіліяні, Валянцін Елізар’еў; мастакі Сяргей Мікалаеў, Яўген Чамадураў, Эрнст Гейдэбрэхт, Яўген Ждан, Вячаслаў Вокунеў[1].
У 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатар падзяліўся на дзьве самастойныя структуры: опэры і балету. У 2009 годзе пасьля завяршэньня капітальнае рэканструкцыі будынку тэатру было прынятае рашэньне зноў аб’яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету[1].
Будынак
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Будынак, у якім месьціцца тэатар — помнік архітэктуры канструктывізму міжваеннага пэрыяду аўтарства Георгія Лаўрова і Ёсіфа Лянгбарда.
Паводле аднаго з кіраўнікоў рэканструкцыі тэатра 2008 году, на месцы будынка тэатра некалі знаходзіўся манастыр. Пад час рэканструкцыі быў выяўлены стары фундамэнт на вапнавым растворы[2].
У 1934 годзе[3] (паводле іншых зьвестак у 1935) на Траецкай плошчы заклалі масіўнае збудаваньне ў духу савецкага канструктывізму — новы тэатар опэры і балету. У 1937 годзе першапачатковы плян быў перапрацаваны ў бок памяншэньня выдаткаў і адпаведна памераў збудаваньня. Будаўніцтва тэатра завяршылася ў 1938[3] годзе (паводле іншых зьвестак — у 1937)[4]. Вялікі тэатар опэры і балета расчыніў дзьверы для гледачоў 10 сакавіка 1939 году. Аб'ём будынка 163 тыс. куб. мэтраў, кошт яго – 12.410 тыс. руб. У дзень адкрыцьця тэатра адбылася прэмʼера першай беларускай сучаснай опэры «Міхась Падгорны» – лібрэта Пятруся Броўкі, музыка кампазытара Яўгена Цікоцкага; пастаноўка Льва Ліцьвінава[5][6].
У час нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў тэатар быў пераўтвораны ў стайню. Інтэр’еры і ўпрыгожваньні былі разрабаваны і вывезены ў Нямеччыну. Пасьля выгнаньня захопнікаў тэатар быў грунтоўна рэканструяваны, у прыватнасьці зьявіліся ярусныя бальконы ў глядацкай залі. Пры аднаўленьні інтэр’ераў выкарыстоўваліся эскізы Андрэя Бэмбеля. Рэканструкцыя доўжылася тры гады і скончылася ў 1948 годзе. Навокал тэатру быў разьбіты парк, спраектаваны Ё. Лянгбардам.
У 1967 годзе адбылася рэканструкцыя завяршэньня тэатру, у выніку чаго апошні атрымаў нізкі шаломападобны дах. У 1978 годзе адбылася наступная рэканструкцыя. У 2006 годзе будынак менскай опэры ізноў быў зачынены на капітальную рэканструкцыю, якая закончылася ў 2009 годзе.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Рысунак аўтара, 1933 г.
- 1938 г.
- 1941-43 гг.
- 04.1943 гг.
- 1941-44 гг.
- Аэрафотаздымак 1941 гг.
- Аэрафотаздымак 1941 гг.
- 1939 гг.
- Аэрафотаздымак (10.09.1941)
- Рысунак R. Feldmeyer, 1942 г.
- Тэатр, 1943 г.
- Менск, Сьвіслач-Траецкая гара, тэатр (1943-44 гг.)
- Паліцыйны мост цераз раку Сьвіслач і Опэрны тэатар (1941 г.)
- рака Сьвіслач і Опэрны тэатар (05.1944)
- Опэра (1942-43)
- (1942-43)
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Бэнэдыкт Норд. Опэра «Кармэн». // Мастацтва і рэвалюцыя : часопіс. — 1932, ліпень. — № 1. — С. 25—28.
- В. Вольскі. На шляхох беларускай опэры. // Мастацтва і рэвалюцыя : часопіс. — 1932, жнівень. — № 2. — С. 11—15.
- Арх. Лаўроў. Да пабудовы Беларускага дзяржаўнага тэатру ў Менску. // Мастацтва і рэвалюцыя : часопіс. — 1932, жнівень. — № 2. — С. 23—25.
- Хроніка. Створан Беларускі дзяржаўны тэатр опэры і балету. // Мастацтва і рэвалюцыя : часопіс. — 1933, студзень—люты. — № 1—2. — С. 52.
- Прэм'ера оперы «Травіята». // Звязда : газэта. — 23 сакавіка 1941. — № 70 (6952). — С. 3, 4.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 4 Гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь вэб-старонка тэатру Праверана 28 кастрычніка 2012 г.
- ↑ Волкова, С. Сердце театра // 7 дней. — 2008. — № 47. — С. 31.
- 1 2 Беларусы: У 13 т. Т. 2. — Менск, 1997. С. 320
- ↑ М. Ходас. С. Касторскі. Што затрымлівае сканчэньне будаўніцтва. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 27 кастрычніка 1937. — № 55 (326). — С. 3.
- ↑ Адкрыццё Вялікага тэатра оперы і балета БССР. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 9 сакавіка 1939. — № 13 (427). — С. 1.
- ↑ Н. Нілаў. «Міхась Падгорны» у дзяржаўным тэатры оперы і балета. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 15 сакавіка 1939. — № 15 (429). — С. 4.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларусы: У 13 т. Т. 2: Дойлідства / В. Бандарчык і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Менск: Беларус. навука, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 711Г000210 |
- Афіцыйная старонка
- Фота сайт Менск стары і новы Архіўная копія
- Іосіф Лянгбард. Менская Опэра. «НН». Архіўная копія
