Леў Цьвяткоў
Леў Цьвяткоў | |
Дата нараджэньня | 1881 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 28 лістапада 1937 |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | Маскоўскі ўнівэрсытэт |
Занятак | журналіст, мовазнавец, літаратуразнаўца, пэдагог |
Навуковая сфэра | славянскае мовазнаўства, літаратуразнаўства |
Месца працы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Леў Мікалаевіч Цьвяткоў (1881, Яраслаўль — 28 лістапада 1937, Смаленск) — мовазнавец, літаратуразнавец, пэдагог, журналіст; дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і сакратар Інстытуту навуковай мовы.
Адзін зь першых беларускіх славістаў савецкага часу, займаўся найперш паляністыкай і сэрбістыкай. З 1926 году актыўна выступаў у друку з рэцэнзіямі на новыя беларускія, расейскія і замежныя выданьні, з артыкуламі пра літаратурна-грамадзкі рух у XIX стагодзьдзі, нататкамі пра нацыянальныя супольнасьці Беларусі, выказваў прапановы датычна спосабаў усталяваньня правапісу беларускай мовы.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1881 годзе ў Яраслаўлі. Скончыў Маскоўскі ўнівэрсытэт (1904), працаваў у Яраслаўлі і Вязьме, з 1907 году — у Менску, выкладнік (верагодна, нямецкай або францускай мовы) Камэрцыйнай, а пазьней — Політэхнічнай вучэльні.
У 1912—1913 гг. рэдагаваў штодзённую газэту Ўсерасейскага нацыянальнага саюзу «Минское русское слово». У 1917 годзе — выкладнік Менскай духоўнай вучэльні. У 1920 годзе быў выкладнікам у Палітпрасьветы 16-й арміі, парадкаваў бібліятэку пры Менскім архіве. У 1922 годзе працаваў у 5-й савецкай школе Менску. Тады ж як «знаўца славянскай філялёгіі» быў запрошаны працаваць на пэдагагічны факультэт БДУ.
1 кастрычніка 1922 году быў зацьверджаны на пасадзе бібліятэкара кабінэта мастацтваў і літаратуры пры пэдагагічным факультэце БДУ. У 1922/1923 навучальным годзе выкладаў на першым і другім курсах этноляга-лінгвістычнага аддзяленьня дысцыпліны «ўводзіны ў мовазнаўства» і «стараславянская мова». Пазьней выкладаў параўнальнае мовазнаўства і славянскія мовы.
Да канца 1926/1927 навучальнага году займаў на пэдагагічным факультэце пасаду асыстэнта катэдры параўнальнага мовазнаўства, з 1927 году — дацэнт, аднак у канцы году быў вымушаны пакінуць унівэрсытэт. У 1929 г. быў звольнены і зь Беларускай Акадэміі навук.
У 1930-я працаваў настаўнікам у пасёлку Надва Руднянскага раёну Смаленскай вобласьці. Арыштаваны 27 верасьня 1937. Асуджаны 17 лістапада 1937 камісіяй НКВД і пракуратуры СССР за «шпіянаж» і «антысавецкую агітацыю»[1]. Расстраляны 28 лістапада 1937 у Смаленску.
Погляды на правапіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Леў Цьвяткоў далучыўся да прапановы Язэпа Лёсіка адмовіцца ад ўведзенага Браніславам Тарашкевічам дысыміляцыйнага яканьня ў другім складзе перад націскам. Адмоўна ставіўся да прапановы Язэпа Лёсіка скасаваць пазначэньне асыміляцыйнай мяккасьці праз знаходжаньне ў «супярэчнасьці з духам нашага правапісу»[2]. Ухваляў увядзеньне аканьня ў чужаземных словах, лічыў, што для ўнікненьня магчымай аманіміі (напрыклад, «онтолёгія» — 'частка мэтафізыкі' і «анталёгія» — 'збор лірычных твораў') можна ствараць нэалягізмы тыпу «існаслоўе»)[2]. Дапускаў выкарыстаньне ў беларускай графіцы для зьлітага гуку «дж» сэрбскай літары «ј», а для згука «дз» кірылічнай літары «дзело́» (Ѕ) — нэнѕа, ѕякаваць, суѕьѕя.
Асьвятляючы пытаньне перадачы ўласных назоваў іншамоўнага паходжаньня, Леў Цьвяткоў лічыў патрэбным клапаціцца аб дакладнасьці ў транскрыпцыі чужаземных гукаў, а не пераймаць чужыя напісаньні; ён імкнуўся дасягнуць найбольшае дакладнасьці, якая толькі магчымая пры карыстаньні знакамі беларускага альфабэту[3]. Леў Цьвяткоў выступаў за:
- выкарыстаньне літары «ґ» для перадачы лацінскага «g» (Гамэр, Гэсіёд, Гарацы, Гарры, але Ґорды, Аґрыгент, Вэрґілі);
- перадачу італьянскага «ch» праз «к», гішпанскага і ангельскага праз «ч», нямецкага, чэскага і польскага — праз «х», францускага — праз «ш»;
- перадачу глухога ангельскага «th» праз «с», звонкага — праз «з»;
- перадачу ангельскага білябіяльнага «w» праз ў (нескладовае) для адрозьненьня «w» ад «u»
- перадачу гішпанскага «ñ», францускага і італьянскага «gn» беларускім мяккім «н»;
- перадачу гішпанскага «ll», італьянскага «gl», сэрбскага «љ» беларускім мяккім «л»;
- перадачу гішпанскага «j» (хоты), а таксама «g» перад галоснымі пярэдняга раду праз «х»;
- перадачу гішпанскага «b» і «u» паміж галоснымі праз «в» (Ibáñez — Іванес);
- перадачу падвойных зычных толькі ў становішчы пасьля націску (Шлё́ссэр, Шы́льлер, але Шамісо́, Русо́) і толькі ва ўласна асабовых назовах (не ў геаграфічных);
- перадачу польскага r (rz) праз «ж» (а побач з глухім зычным — праз «ш») і чэскага «r» праз «рж» і «рш»
- перадачу старагрэцкага «ζ» (дзэты) праз «з», а не «дз»;
- перадачу ў пазыцыі паміж галоснымі грэцкага ды гішпанскага «s» праз «с» (Мэндоса, Піса, Лісандр, Элісэйскія палі);
- скасаваньне «дзеканьня», «цеканьня» і «рэканьня» ў расейскіх асабовых назовах (Брюлоў, Брюсаў, Тіханаў, Дедюлін);
- скасаваньне «яканьня» ў расейскіх асабовых назовах (Лескоў, Мережкоўскі)
- скасаваньне «дзеканьня» пры перадачы францускага «u» і нямецкага «ü» пасьля «д», «т» (Дюран, Дюрынг, Тюрлюпэн);
- перадачу нямецкага «ö» празь «ё» толькі пасьля «г», «к»; у іншых выпадках — праз «э»;
- перадачу ангельскага «а» ў моцнай пазыцыі праз «эй» (часам перад «l» і «w» — праз «о»);
- перадачу нямецкіх дыфтонгаў «eu», «äu» праз «ой», дыфтонга «au» — праз «аў»;
- перадачу «оканьня» ў небеларускіх і нерасейскіх асабовых імёнах (Огоноўскі, Дорошэнка, сэрб. Поповіч, баўгар. Попоў);
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рэцэнзія на: Я. Лёсік. Граматыка беларускае мовы. Фонэтыка // Асвета. 1926. № 3. С. 175–177.
- Аб некаторых спрэчных пытаньнях беларускага правапісу і аб яго рэвізіі // Асьвета. 1926. № 4. С. 140—144
- Да пытаньня аб рэвізіі правапісу (Programma minimum настаўніка сямёхгодкі) // Асьвета. 1926. № 7. С. 90—92
- Рэцэнзія на: Я. Лёсік. Сынтакс беларускае мовы. Менск, 1926 // Асвета. 1926. № 8. С. 118–119
- Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці. (Рысы народніцтва на беларускай глебе ў творчасьці Сыракомлі) // Маладняк. 1926. № 12. С. 122–137.
- Кнігапіс. Ул. Дзяржынскі. Выпісы з беларускай літаратуры XIX і XX ст. Дзяржаўнае Вы-тва Беларусі. Менск — 1926. // Асьвета : часопіс. — 1927. — № 3. — С. 137—139.
- Рэцэнзія на: Практычны беларускі вайсковы слоўнік. Ч. 1 (расійска-беларуская). Менск, 1927 // Полымя 1927. № 6. С. 216 – 219.
- Некалькі слоў аб менскіх татарах // Наш край. 1927. № 6-7. С. 10–16.
- Ян Чачот (1797—1847) // Савецкая Беларусь. 1927. 24 верасьня.
- Увагі аб мове філёматаў. Менск, 1927. 13 с.
- Таварыства філёматаў (Некаторыя цікавыя рысы аб’яднаньня маладых пісьменьнікаў у Вільні, больш чымся за сталецьце перад нашаю эпохаю) // Маладняк. — 1927. — № 1—2. — С. 60–70; 76–88.
- Некалькі слоў аб беларускім элемэнце ў польскай лексіцы // Працы Акадэмічнае конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 1927. С. 403–417.
- Некаторыя рысы іншаславянскай фанэтыкі ў беларускім лексічным матэрыяле // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн. 2. Працы клясы філёлёгіі. Т. 1. 1928. С. 45–85.
- Янка Купала як перакладчык // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы. Менск, 1928. С. 142—176.
- Л. Цьвяткоў. «Увагі а правапісе і скланеньні чужаземных іменьняў у беларускай мове». / Рэдакцыйная калегія // Полымя : часопіс. — Менск: «Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі», 1928. — № 9. — С. 199–216.
- Л. Цьвяткоў. Кнігапіс. «С. М. Некрашэвіч і М. Я. Байкоў — члены слоўнікавай камісіі Інстытуту Беларускае Культуры. Расійска-беларускі слоўнік. Русско-белорусский словарь. Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва. Менск. — 1928, стар. VIII + 728». / Рэдакцыйная калегія // Полымя : часопіс. — Менск: «Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі», 1928. — № 5. — С. 165–167.
- Л. Цьвяткоў. Кнігапіс. «Інстытут беларускай культуры, Адзьдзел гуманітарных навук. М. Шчакаціхін. (Доцэнт Беларускага Дзяржаўнага Універсітэту.) Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Том першы. Менск–1928 г. (Старонак 280, табліц 45. Цана 3 рублі)». / Рэдакцыйная калегія // Полымя : часопіс. — Менск: «Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі», 1929. — № 3. — С. 169–170.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цвяткоў Леў Мікалаевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ а б Цьвяткоў, Л. Аб некаторых спрэчных пытаньнях беларускага правапісу і аб яго рэвізіі // ARCHE Пачатак. — Мн.: 2010. — № 11. — С. 191.
- ^ Цьвяткоў, Л. Увагі аб правапісе і скланеньні чужаземных уласных іменьняў у беларускай мове // ARCHE Пачатак. — Мн.: 2010. — № 11. — С. 264.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Лінгвістыка 1920-х: тэрміналёгія, лексыкаграфія, правапіс, фармаваньне літаратурнай мовы. ARCHE 2010, № 11.
- Цыхун, Г.А. З гісторыі беларускай славістыкі: Леў Цвяткоў і яго беларуска-іншаславянскія штудыі // Белорусский и другие славянские языки: семантика и прагматика. Мн., БГУ, 2002.С. 165-171.