Касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынаў (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынаў
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′17.28″ пн. ш. 27°33′24.6″ у. д. / 53.9048° пн. ш. 27.556833° у. д. / 53.9048; 27.556833Каардынаты: 53°54′17.28″ пн. ш. 27°33′24.6″ у. д. / 53.9048° пн. ш. 27.556833° у. д. / 53.9048; 27.556833
Канфэсія каталіцтва
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVII ст.
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Язэпа[a] і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Менску. Знаходзіцца на паўночна-ўсходнім баку Высокага Рынку, на гістарычнай Вялікай Бэрнардынскай вуліцы[b]. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Утварае адзіны ансамбль з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштарам бэрнардынак. Комплекс займаў квартал паміж вуліцамі Вялікай і Малой Бэрнардынскай, Зыбіцкай і пляцам Высокага Рынку і складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса, флігеляў і гаспадарчых пабудоваў, аточаных мурам з брамамі, галоўная зь якіх стаяла перад касьцёлам. У наш час у будынку касьцёла месьціцца архіў, у кляштарным корпусе — гатэль.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян комплексу, 1806 г.

У 1624 годзе староста краснасельскі Андрэй Кансоўскі перадаў манахам-бэрнардынам пляц з драўляным домам у Менску. У 1628 годзе гэты фундуш зацьвердзіў біскуп віленскі Яўстах Валовіч. У 1638 годзе завяршылася будаваньне драўлянага касьцёла і кляштару, якія неўзабаве згарэлі.

У 1644 годзе біскуп віленскі Абрагам Война даў згоду на будаваньне новага мураванага касьцёла і кляштару. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1656 годзе касьцёл і кляштар значна пацярпелі. Па вайне комплекс аднавілі. У 1676 годзе з фундацыі Крыштапа Станіслава Завішы збудавалі мураваную капліцу.

Пажары 1738 і 1740 гадоў прычынілі значную шкоду будынкам. У 1752 скончылася рэканструкцыя комплексу, у выніку якой ён набыў цяперашнія рысы[1]. У 1753 годзе на ахвяраваньні Я. Юдзіцкага пры кляштары заснавалі брацтва Сьвятой Ганны. У XVIII ст. пры кляштары існавала школа філязофіі, дзе ў 1753—1799 гадох было 8—10 студэнтаў і 2 выкладаньнікі[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар з мапы XVIII ст.
Плян комплексу, XIX ст.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Комплекс цярпеў ад пажараў 1809 і 1835 гадоў. У 1810—1817 гадох з паўднёвага боку ад касьцёла збудавалі гандлёвыя рады. На 1830 год у кляштары было 12 манахаў і 12 студэнтаў.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 29 жніўня 1864 году расейскія ўлады ліквідавалі кляштар і адабралі будынкі ў Сьвятога Пасаду. Касьцёл прыстасавалі пад палкавую царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), якую асьвяцілі пад тытулам Сьвятых Кірыла і Мятода, а кляштарныя карпусы ператварылі ў кашары Каломенскага пяхотнага палку і вязьніцу. У 1872[3] годзе будынак касьцёла часткова зруйнавалі і прыстасавалі пад архіў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1960-х гадоў унутраную прастору касьцёла падзялілі на паверхі 2 жалезабэтоннымі перакрыцьцямі. У 1984 годзе над касьцёлам аднавілі зьнішчаны расейскімі ўладамі фігурны шчыт (архітэктар Г. Босак). 3 1992 году ў ім знаходзіцца Архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі і Архіў-музэй літаратуры і мастацтва Беларусі.

З 19 сакавіка 2005 году сябры рымска-каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа ладзіць штодзённыя вячэрнія малебны за вяртаньне будынка касьцёла вернікам. 15 ліпеня 2009 году ўпаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што касьцёл бэрнардынаў ня могуць вярнуць каталікам праз тое, што адсутнічае сховішча, куды можна перамясьціць фонды архіваў[4].

У 2014 годзе былы кляштар рэканструявалі пад гатэль, адкрыцьцё якога прымеркавалі да Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году[5].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар (направа) у панараме места з боку Сьвіслачы, XIX ст.

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл — 3-нэфавая 6-слуповая бязьвежавая базыліка з 5-граннай апсыдай пад агульным высокім 2-схільным дахам. Бакавыя нэфы ўтвараюць 3 злучаныя паміж сабой капліцы, накрытыя 1-схільнымі дахамі. У архітэктуры пануе плястычны сылюэт галоўнага фасада, які мае хвалістую паверхню, падзеленую 4 шырокімі янічнымі пілястрамі на 3 часткі. Цэнтральная частка завяршаецца фігурным шчытом з бакавымі валютамі. Уваход мае выгляд шырокага парталу. Над ім месьціцца вялікае аркавае акно хораў, абапал якога паміж пілястрамі — нішы, дзе стаялі стукавыя скульптуры сьвятых. Сьцены бакавых фасадаў падзяляюцца аркавымі і лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасьценках, контрфорсамі на апсыдзе.

Унутраная прастора перакрываецца цыліндрычнымі скляпеньнямі ў бакавых нэфах і крыжовымі ў капліцах. Цэнтральны нэф перакрываўся цыліндрычным скляпеньнем (не захавалася). У тоўшчы сьцяны галоўнага фасада — вітыя ўсходы на хоры і ў крыпту. Дэкор і росьпісы 9 алтароў, з выняткам ляпніны капітэляў пілястраў і слупоў, не захаваліся. У крыпце знаходзіліся пахаваньні Завішаў, Кансоўскіх, Тышкевічаў, Хмараў ды іншых прадстаўнікоў шляхецкіх родаў.

Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які далучаецца да касьцёла з паўночнага ўсходу. Архітэктурны рытм фасадаў ствараюць прастакутныя аконныя праёмы і пілястры ў прасьценках. Плян галерэйны. Усярэдзіне месьціліся манаскія кельлі, трапезная, бібліятэка і інш.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Іншыя варыянты імя Сьвятога: Юзэф, Ёсіф
  2. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Кірыла і Мятода, 4, 6, 8

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Печанко С. «Мінская спадчына» зноў бярэцца за кляштар бернардзінцаў і касцёл Св. Язэпа // «Наша Ніва», 29 студзеня 2010 г.
  2. ^ Дзянісаў У. Менскі кляштар бернардзінцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 294.
  3. ^ Дзянісаў У. Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 332.
  4. ^ Мінскі кляштар бернардзінцаў вернікам не аддадуць // Наша Ніва. 15 лiпеня 2009 г.
  5. ^ Как кельи переделали в номера. Фоторепортаж из новой гостиницы «Монастырская» (рас.). onliner.by (27.03.2014). Праверана 14 траўня 2014 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000081