Перайсьці да зьместу

З угодкавых настрояў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«З угодкавых настрояў»
Жанр: паэма
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1927
Публікацыя: 1927

«З уго́дкавых настро́яў» — паэма Янкі Купалы, завершаная ў Менску 29 кастрычніка 1927 году і ўпершыню надрукаваная 7 лістапада 1927 году ў газэтах «Звязда» і «Савецкая Беларусь». Мае падзагаловак «Да дзесяцігодзьдзя Кастрычніцкае рэвалюцыі». Аўтографы паэмы захоўваюцца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[1]

Твор лірыка-публіцыстычны, па структуры ўяўляе сабой цыкль з 6 частак-вершаў на тэму рэвалюцыі і грамадзянскае вайны. Адзінства тэмы, храналягічнае апісаньне падзеяў, якія ўтвараюць своеасаблівы сюжэтны стрыжань твору, даюць падставу разглядаць яго як паэму. Шмат якімі рысамі родніцца з паэмай «Безназоўнае»: паэмы аб’ядноўвае характар паэтычнага мысьленьня і імкненьне аўтара намаляваць пераважна лірычнымі сродкамі панарамную карціну маштабных сацыяльных пераўтварэньняў.[1]

Твор прасякнуты патасам услаўленьня рэвалюцыі. Яму ўласьцівая ўрачыста-ўзьнёслая танальнасьць, сьвяточная настроенасьць. Паэт шырока выкарыстоўвае народна-песенныя матывы, абагульненыя фальклёрныя вобразы. У творы дамінуе фальклёрная стыхія, сустракаюцца вобразы і матывы дарэвалюцыйных вершаў паэта. Павышаная экспрэсіўнасьць аповяду выяўляецца ў шырокім выкарыстаньні фальклёрных параўнаньняў, эпітэтаў, розных стылістычных фігураў, паўтораў. Кожная частка твора мае адметны рытмічны малюнак.[1]

Паэма стала адным зь першых твораў Купалы, якія сьведчылі аб трагічным спыненьні творчага ўздыму паэта, пазбаўленага магчымасьці ствараць свабодна. Ул. Арлоў залічыў паэму да шэрагу «дзяжурных, пазначаных штучным патасам вершаванак».[2]

На расейскую мову паэму пераклалі М. Ісакоўскі і Ул. Раждзественскі.[1]

  1. ^ а б в г М. Лазарук З угодкавых настрояў // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 232.
  2. ^ Арлоў, Уладзімер 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882. Нарадзіўся Янка Купала Дзесяць вякоў беларускай гісторыі Праверана 2 студзеня 2013 г.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «З угодкавых настрояў» / Аўтар — М. Лазарук. — С. 232.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]