Анатоль Багатыроў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Анатоль Багатыроў
Дата нараджэньня 31 ліпеня (13 жніўня) 1913
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 19 верасьня 2003(2003-09-19) (90 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы
Занятак кампазытар, музычны пэдагог, сьпявак
Гады дзейнасьці 1930-я — 1960-я
Жанры опэра, сымфонія
Узнагароды

Анато́ль Багатыро́ў (31 ліпеня (13 жніўня паводле новага стылю) 1913, Віцебск — 13 верасьня 2003, Менск) — беларускі кампазытар, пэдагог і грамадзкі дзяяч. Прафэсар (1960). Народны артыст БССР (1968).[2] Ганаровы грамадзянін Віцебску (2002).[3]

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1937 годзе скончыў Беларускую кансэрваторыю па класу В.Залатарова. У 1938—1949 гадох — старшыня праўленьня Саюза кампазытараў БССР. У 1938—1959 гадох — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. З 1948 году выкладаў у кансэрваторыі кампазыцыю. Выхаваў больш за 30 кампазытараў, сярод якіх Я.Глебаў, І. Лучанок, Дз. Смольскі). У 1948—1962 гадох — рэктар Беларускай кансэрваторыі.[2]

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Належаў да першага пакаленьня беларускіх кампазытараў, творчасьці якіх фармавалася ў рэчышчы савецкага музычнага мастацтва. Кампазытарскаму мысьленьню Багатырова ўласьцівыя шырокі вобразны дыяпазон, схільнасьць да ўвасабленьня глыбока жыцьцёвых канцэпцый, дэмакратычная накіраванасьць. Тэмы сучаснасьці, гуманістычнай ідэі ўвасоблены ў музыцы Багатырова яснай, пераканаўчай музычнай мовай, заснаванай на беларускай народнай песеннасьці. Нацыянальныя рысы выяўляюцца ў мэласе, рытміцы, ладавых формах. Музыкальная тканіна твораў звычайна прасякнута разьвітымі мэладычнымі ўтварэньнямі, якія фарміруюць поліфанізаваную фактуру. Для твораў характэрнае працяглае дынамічнае разьвіцьцё тэматычнага матэрыялу, вытокі якога знаходзяцца ў фальклёрных жанрах (баляда, жніўныя песьні і інш.). Творчай манеры ўласьцівая эпічнасьць выказваньня. Узьнёслая філязофская лірыка, псыхалягічная паглыбленасьць характэрныя для камэрна-інструмэнтальнай і камэрна-вакальнай творчасьці Багатырова. Хорам і апрацоўкам народных песень уласьцівая выразная кантылена, заснаваная на народна-песенных прынцыпах разьвіцьця.[2]

Анатоль Багатыроў і Янка Купала[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пазнаёміўся з Я.Купалам ў сьнежні 1934 году на вечарыне-канцэрце беларускай музыкі ў Доме пісьменьнікаў. Купала зацікавіўся аўтарскім выкананьнем на фартэпіяна «Варыяцый» на тэму беларускай народнай песьні і запрасіў кампазытара дамоў. На тэксты вершаў «Восень» і «Сонцу», якія Купала падараваў пад час сустрэчы, напісаў рамансы. Наведваў дом Купалы, сустракаўся зь ім ў Доме пісьменьнікаў і на творчых вечарынах. У дакладзе «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя» на сэсіі АН БССР за некалькі месяцаў да сваёй гібелі (Казань, 12 сакавіка 1942 году) Купала гаварыў пра майстэрства Багатырова ў апрацоўцы народнай музыкі і посьпех яго опэры «У пушчах Палесься». Напісаў шматлікія хоры на вершы Я.Купалы. Аўтар успамінаў пра Купалу (часопіс «Полымя», 1982, №6).[4]

Музычныя творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • опэры «У пушчах Палесься» (1939), «Надзея Дурава» (1946),
  • кантаты «Казка пра Мядзьведзіху» (1937), «Ленінградцы» (1942), «Беларускім партызанам» (1942), «Беларусь» (1949), «Беларускія песьні» (1967), «Малюнкі роднага краю»,
  • араторыя «Бітва за Беларусь»,
  • дзьве сымфоніі (1946 і 1947),
  • канцэрт для віяланчэлі з аркэстрам (1962),
  • канцэрт для кантрабаса з аркэстрам (1964),
  • пьесы для віяланчэлі, фартэпіяна,
  • харавыя творы,
  • вакальныя цыклы на вершы Я.Купалы, Г.Ахматавай, М.Лермантава, У.Шэксьпіра,
  • музыка да драматычных спэктакляў,
  • каля 100 харавых і вакальных апрацоўкаў беларускіх народных песень.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Богатырёв Анатолий Васильевич // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ а б в Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 1. — Мн., БелСЭ, 1984. — Артыкул «Багатыроў». — С. 253.
  3. ^ Кампазытар Анатоль Багатыроў узнагароджаны дыплёмам Ганаровага грамадзяніна Віцебска БелаПАН Праверана 11 траўня 2012 году г.
  4. ^ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Багатыроў». — С. 57.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т.. Т. 1./ Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1984. — 727 с, 40 л. іл.: Артыкул «Багатыроў» / Аўтар — Т. А. Дубкова. — С. 253.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Багатыроў» / Аўтар — Дз. М.Жураўлёў. — С. 57.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996.
  • Дубкова Т. А. Анатоль Багатыроў. — Мн., 1972.
  • Дубкова Т. А. Сімфоніі А.Багатырова. — У яе кн.: Беларуская сімфонія. — Мн., 1977.
  • Нисневич С. Г. Опера «В пущах Полесья» А.Богатырёва. — У кн. Белорусское искусство. — Мн., 1957.
  • Ваданосава Ф. «Музыка — блізкая сястра Купалавай паэзіі…»: Творчыя стасункі Янкі Купалы і Анатоля Багатырова / Часопіс «Роднае слова», 2002, №2.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]