Раскіданае гняздо (п’еса)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Раскіданае гняздо»
па-беларуску: Раскіданае гняздо
Тытульны ліст першага выданьня
драмы «Раскіданае гняздо»
Жанр: п’еса
драма
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 4 верасьня 1913
Публікацыя: 1919
Электронная вэрсія

«Раскіданае гняздо» — п’еса Янкі Купалы (драма ў 5 актах), завершаная 4 верасьня 1913 году ў Акопах. Упершыню выдадзеная асобным выданьнем у Вільні ў 1919 годзе (выдавецтва Менскага камісарыяту асьветы, друкарня «Прамень»). Аўтограф п’есы захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[1]

Вытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па сьведчаньні Я. Купалы, драма напісаная на аснове жыцьцёвых фактаў.[2] Князі Вітгенштэйны выгналі зь зямлі продкаў паэта. Дзед Я. Купалы доўга судзіўся і, ня здолеўшы даказаць сваё права на валоданьне зямлёй, быў вымушаны зь сям’ёй пакінуць сядзібу і выправіцца ў сьвет у пошуках заработку. Дарэчы і сам Купала добра зазнаў, як цяжка зарабляць кавалак хлеба на чужым загоне. Падзеі ў драме, аднак, адбываюцца не ў 19 ст., а напярэдадні першае расейскае рэвалюцыі 1905 году. Праз тое аўтар надае твору вострае сацыяльнае гучаньне й выразную палітычную афарбоўку.[1]


« Я памру, але «Раскіданае гняздо» займе яшчэ на сцэне сваё пачэснае месца і загаворыць на поўны голас.
Я ўклаў у гэтую п’есу лепшае, што было ў маёй паэзіі і прозе
»

— Я. Купала

Сюжэт і мастацкія асаблівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падзеі драмы пачынаюцца ўлетку, перад касьбою, у хаце Лявона Зябліка, пасьля працягваюцца на яе руінах, на «раскіданым гнязьдзе» і завяршаюцца позьняй восеньню. У цэнтры твору — сям’я Зяблікаў. Гаспадар сям’і Лявон — самы трагічны пэрсанаж у п’есе. Ён нібы ўвабраў у сябе ўвесь горкі лёс безьзямельнага селяніна. Ня здолеўшы даказаць свайго права на ўладаньне зямлёй, зьнясілены царскім судом, Лявон накладвае на сябе рукі.[1]

Цэнтральным у творы зьяўляецца вобраз сына Лявона — Сымона. Дух бунтарства, непакоры ўласьцівы Сымону ад нараджэньня. Але спачатку яго бунтарства мае стыхійны характар. Чалавек горды, нескароны духам, Сымон, як і бацька, спачатку трымаецца ўласнага, хоць і ўжо разбуранага гнязда, імкнецца давесьці судовую справу да канца, даказаць праўду. Нічога не дамогшыся, Сымон пакідае руіны й ідзе ў шырокі сьвет, на вялікі сход, па Бацькаўшчыну.[1]

Вельмі драматычны лёс сястры Сымона Зоські, вобраз якой таксама пададзены ў псыхалягічна складаным і дыялектычным разьвіцьці. Натура надзвычай уражлівая, у нечым нават экзальтаваная, Зоська як бы ў палоне сваіх чароўных, дзівосных мрояў і мараў. Але сьветлыя, чыстыя памкненьні дзяўчыны ўступаюць у вялікі разлад з суровай, жорсткай рэчаіснасьцю, сутыкнуўшыся зь якой, Зоська губляе розум. Аднак у фінале твору, калі надышоў час узьнімацца на помсту, на Зоську находзіць як бы прасьвятленьне, і яна ідзе адзінай дарогай з Сымонам.[1]

Непаўторны характар 14-гадовага Данілкі — хлапчука не па гадах разумнага й разважлівага. Яго, як і Зоську, вабіць чароўны сьвет прыгожага й ягоны любімы занятак — змайстраваць скрыпку й сваёю музыкай суцешыць і разьвесяліць людзей, несьці сьветлы прамень у іх змрочнае, бязрадаснае жыцьцё. Калі Данілка выправіцца ў сьвет разам з маці, ён будзе ёй добрым памочнікам, будзе аберагаць сваіх малодшых — сястру Аленку й брата Юрку.[1]

Своеасаблівы шлях разьвіцьця праходзіць у п’есе жонка Лявона Марыля. Яна цяжка хворая, прыкаваная да ложку. Але калі памірае Лявон, Марыля ўстае з пасьцелі. Гэта сымбалічна: калі гінуць у змаганьні бацькі, на іх месца становяцца маці. Калі ў фінале п’есы Марыля разам з малодшымі дзецьмі пакідае родную хату, яе ўчынак не ўспрымаецца як капітуляцыя перад жыцьцёвымі нягодамі. Ходзячы ад хаты да хаты, Марыля будзе расказваць людзям пра самавольства паноў, пра несправядлівасьць на зямлі.[1]

Паказальна, што Марыля выпраўляецца ў вандроўку разам са Старцам, чалавекам блізкага да яе лёсу. Ён таксама раней меў свой кавалак зямлі, але яго адтуль сагналі. Дасьведчаны чалавек, Старац нясе людзям векавую народную мудрасьць. Ён умее выслухаць чалавека, паспагадаць яго бядзе, даць разумную параду. Старац сее сярод людзей дух непакоры, нязломнасьці перад выпрабаваньнямі лёсу.[1]

Пасьля Старца да Зяблікаў заходзіць Незнаёмы і таксама ў найбольш драматычныя, паваротныя моманты іх жыцьця. Як і Старац, Незнаёмы ня мае свайго ўласнага імя, прозьвішча, ня мае сваёй біяграфіі. Яго вобраз абагульнены, рамантызаваны. Гэта як бы сам покліч вякоў да людзей абудзіцца ад здранцьвеньня, узьняцца на змаганьне. І Сымон, і Зоська ўрэшце адгукваюцца на кліч Незнаёмага й ідуць за ім.[1]

Станоўчым вобразам п’есы проціпастаўлены Паніч, разбэшчаны нікчэмны малады чалавек, які сагнаў Зяблікаў зь зямлі, загадаў разбурыць іх хату, зьняславіў Зоську. Але Зяблікі ў канфлікце ня толькі з Панічом, вобраз якога ў творы эпізадычны. Яны ў канфлікце й з падкупленымі й споенымі сьведкамі на судзе, якія далі хлусьлівыя паказаньні, і з самім судом, што абараняе інтарэсы тых, хто мае ўладу.[1]

П’еса мае моцную драматычную спружыну, яна востраканфліктная. Вобразы твору раскрытыя зь вялікай мастацкай сілай. Пэрсанажаў нельга адарваць ад побыту, ад тых рэчаў, што іх атачаюць. Разам з тым твор глыбока паэтычны, мае высокае рамантычнае гучаньне. У ім ідэальна дасягнуты сынтэз побыту, паўсядзённасьці й вялікай паэзіі, канкрэтнага й агульнага. Звычайныя рэчы (кветкі, вянок, торбы, скрыпка, сякера) набываюць у п’есе сымбалічнае значэньне.[1]

Сцэнічная гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разумеючы сацыяльную й палітычную вастрыню п’есы, Я. Купала нават не зьвяртаўся ў царскую цэнзуру па дазвол на яе публікацыю й пастаноўку. П’еса ўбачыла сьвет толькі пасьля падзеньня царызму. П’еса адыграла значную ролю ў станаўленьні й разьвіцьці беларускага прафэсійнага тэатру. Упершыню п’еса была пастаўленая Ф. Ждановічам 10 ліпеня 1917 году ў Менску Першым беларускім таварыствам драмы і камэдыі ў памяшканьні гарадзкога тэатру.[1]

У Менску ў 1921 годзе 14 красавіка адбылася прэм’ера «Раскіданага гнязда» ў Беларускім дзяржаўным тэатры. Спэктакль быў перанесены Ф. Ждановічам зь Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі ў сваёй пераважна побытавай трактоўцы.[1]

«Раскіданае гняздо» шмат ставілі аматарскія тэатральныя калектывы: сярод іх — гурток Менскага рабочага клюбу, аматарскі гурток у Глуску. Нягледзячы на забарону польскіх уладаў, п’еса ставілася і ў Заходняе Беларусі: у в. Запольле Карэліцкага раёну і ў в. Чапялёва Слонімскага раёну. У 1920-я гады п’есу іграў у Латвіі Дзьвінскі беларускі народны тэатар.[1]

Новае сцэнічнае жыцьцё «Раскіданаму гнязду» даў Беларускі тэатар імя Я. Коласа. Прэм’ера спэктаклю адбылася ў Віцебску 13 сьнежня 1951 году.[1]

Пасьля пастаноўкі п’есы ў Віцебску да яе зьвярнуліся шматлікія аматарскія тэатральныя калектывы: Магілёўскі народны тэатар Дома культуры чыгуначнікаў, драматычныя гурткі Віцебскага дыванова-плюшавага камбінату, в. Бокшыцы Слуцкага раёну. Значнай падзеяй стала пастаноўка п’есы Мазырскім народным тэатрам (рэжысэр М. Колас). Яна атрымала высокую ацэнку ў Маскве ў 1967 годзе на Ўсесаюзным аглядзе народнага тэатру.[1]

У 1972 годзе новае прачытаньне п’есы прапанаваў Нацыянальны тэатар імя Я. Купалы. У 1982 годзе да 100-годзьдзя з дня нараджэньня Я. Купалы спэктакль быў пастаўлены Львоўскім украінскім тэатрам імя М. Занькавецкай.[1]

Свой унёсак ва ўвасабленьне творчай задумы Я. Купалы ў сваіх спэктаклях таксама зрабілі Нацыянальны тэатар імя Максіма Горкага, Берасьцейскі акадэмічны тэатар драмы, Гарадзенскі абласны драматычны тэатар, Мазырскі драматычны тэатар і інш.

У 1981 годзе на студыі «Беларусьфільм» паводле п’есы быў пастаўлены фільм. У 1959 годзе клявір опэры «Раскіданае гняздо» (лібрэта А. Астрэйкі і А. Скібнеўскага) напісаў М. Чуркін.[1]

Водгукі й крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы вядомы водгук у друку на «Раскіданае гняздо» зьявіўся ў 1919 годзе ў часопісе «Беларускае жыцьцё». У тым жа годзе ў газэце «Беларусь» з ацэнкай твору выступіў З. Бядуля. Ён адзначыў яго паэтычную вобразнасьць, зьвязаную з вуснай народнай творчасьцю, гарманічнае спалучэньне лірычнага й сымбалічнага пачаткаў, а ў адлюстраваньні рэчаіснасьці бачыў эмблему жыцьця ўсяго беларускага народу.

« Што тычыцца «Раскіданага гнязда» Я. Купалы, дык … гэта скарэй усяго паэма, чымся драма. Лірыка і сымболіка гэтага, бясспрэчна, мастацкага твору вытрымана болей гарманічна, як ва ўсіх другіх творах нашага паэта. Чытаючы «Раскіданае гняздо», атрымліваеш такое ўражаньне, як бы пад акампанемэнт чуластрунных гусьляў сівы дзед-баечнік, у стылі Баяна, пяе дзіўную песьню і чаруе грамаду людзей, каторыя слухаюць яго, седзячы на прызьбе ў летні вечарок пры захадзе сонца. … Уся драма Я. Купалы напоўнена гэткай паэзіяй у прозе. У большасьці месцаў чуецца нават і рытміка. Аўтар захопліваўся народнай паэзіяй і пад яе чарамі кідаў з сваёй душы па палаючы трыножнік творчасьці цудна-лірычныя косы-праменьні і гэтым затуляў празаічную характарыстыку сваіх багатыроў… »

— Зьм. Бядуля[3]

М. Гарэцкі новае ў драме перш-наперш зьвязаў з вобразам Незнаёмага.[4] Высокія ідэйныя і мастацкія вартасьці п’есы адзначаў І. Замоцін. Разам з тым ён пісаў аб праліках у кампазыцыйнай пабудове, аб маладзейнасьці «Раскіданага гнязда», лічыў драму «не зусім сцэнічнай»:

« Усе асобы п'есы заняты сваімі клопатамі і горасьцямі і жывуць не столькі ў дзеяньні, колькі ў размовах. »

— І. Замоцін[5]

Гэтую думку аб несцэнічнасьці п’есы пазьней падхапілі і іншыя дасьледчыкі і крытыкі «Раскіданага гнязда». Шэраг водгукаў зьявіўся ў сувязі з пастаноўкай п’есы ў Беларускім тэатры імя Я. Коласа. Іх аўтары (П. Глебка, Я. Рамановіч і інш.) зноў рэабілітуюць купалаўскі твор. Дасьледвалі п’есу М. Ярош, А. Лянсу, А. Семяновіч, І. Навуменка, А. Лойка, У. Няфёд, А. Сабалеўскі, Т. Гаробчанка.[1]


« Апрача таго, што «Раскіданае гняздо» — першая ў гісторыі беларускае драматургіі спроба выйсьці па-за межы абрыдлага ўжо жанру камэдыі-вадэвілю і самы значны, як прызнаваўся сам Купала, ягоны твор, гэтая п’еса, якая паказвае беларусу «раскіданасьць» яго ўласнае душы і тлумачыць прычыны гэтага. «Раскіданае гняздо» — п’еса пра Апакаліпсіс, пра зруйнаваны дом і сьвет, дзе чалавеку няма месца, пра страчаны рай, да якога чалавек нібы прыкуты ланцугамі. Гэта трагедыя беларускай душы, над якой бязьмежную ўладу мела зямля — беларуская мара.[…] «Раскіданае гняздо» — п’еса пра народ, укрыжаваны на сваёй зямлі, якая зьдзекуецца і паглынае ўласных дзяцей, бо яны любілі яе. І адначасова п’еса пра неабходнасьць зыходу, руху, шляху ў пошуках новага дому, новай бацькаўшчыны, новага Эдэму. »

— Марына Казлоўская[6]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т А. Сабалеўскі Раскіданае гняздо (драматычны твор) (беларуская) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 525—527.
  2. ^ Я. Купала Збор твораў у 7 т.. — Мн.: 1972—1976. Т. 7. — С. 435.
  3. ^ Зьм. Бядуля Водгук на п’есу «Раскіданае гняздо» // Беларусь : газэта. — Менск: 28 лістапада 1919.
  4. ^ М. Гарэцкі Гісторыя беларускае літаратуры. — 4-е выданьне. — Менск: 1926. — С. 191.
  5. ^ І. Замоцін Беларуская драматургія. Драматычныя творы Я. Купалы // Узвышша : часопіс. — 1927. — № 1. — С. 76.
  6. ^ «Раскіданае гняздо»: не дараслі мы? (газэта) Наша Ніва Праверана 8 красавіка 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]