Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні — культурна-асьветніцкае згуртаваньне беларускай інтэлігенцыі ў 1911-16 г.

Гурток разгарнуў шырокую культурна-асьветніцкую дзейнасьць, праводзіў у жыцьцё ідэі газэты «Наша ніва», садзейнічаў грамадзка-палітычнаму адраджэнскаму руху, станаўленьню беларускага прафэсійнага драматычнага і музычнага мастацтва. Наладжваў вечары нацыянальнай культуры ў форме беларускіх вечарынак — сынтэтычных канцэртаў, якія ўключалі паказ невялікіх п’ес, выступленьні хору, салістаў, чытальнікаў і танцораў.

Удзельнікамі гуртка ўпершыню пастаўлены «Паўлінка» Я. Купалы (1913) і «Залёты» В. Дуніна-Марцінкевіча (1915), а таксама «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Як яны жаніліся» А. Валодзьскага, «Хам» і «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага і інш.

Спэктаклі ставілі Францішак Аляхновіч і Аляксандар Бурбіс. Сярод удзельнікаў Ян Булгак, Зьмітрок Бядуля, А. Ляжневіч, С. Маркевіч, Паўліна Мядзёлка, Алаіза Пашкевіч, Леапольд Родзевіч, Часлаў Родзевіч, М. Шыла і інш. Хорам кіравалі Людамір Міхал Рагоўскі, І. Шыдла, Марыя Ячыноўская.