Гандлёвыя рады (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Славутасьць
Гандлёвыя рады
Краіна Беларусь
Горад Менск
Каардынаты 53°54′15.91″ пн. ш. 27°33′24.64″ у. д. / 53.9044194° пн. ш. 27.5568444° у. д. / 53.9044194; 27.5568444Каардынаты: 53°54′15.91″ пн. ш. 27°33′24.64″ у. д. / 53.9044194° пн. ш. 27.5568444° у. д. / 53.9044194; 27.5568444
Архітэктурны стыль клясыцызм
Аўтар праекту М. Чахоўскі (?)
Будаваньне 18101817 гады
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Гандлёвыя рады на мапе Беларусі
Гандлёвыя рады
Гандлёвыя рады
Гандлёвыя рады
Гандлёвыя рады на Вікісховішчы

Гандлё́выя рады́ — гістарычны гандлёва-складзкі комплекс у Менску па адрасе вул. Герцэна, 1, помнік архітэктуры клясыцызму. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэспубліканскага значэньня[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пабудаваны на паўночна-ўсходнім баку Высокага рынку, паміж 1810—1817 гг. (архітэктар М. Чахоўскі (?)), першапачаткова былі вядомыя як Бэрнардынскія крамы. У выніку архітэктурна-археалягічных дасьледаваньняў устаноўлена, што рады ўзьведзеныя на месцы былых могілак, пад якімі захаваўся культурны пласт 12—17 стагодзьдзяў.

У 1838 г. да іх прыбудаваныя яшчэ чатыры, а ў пачатку 1860-х гадоў — тры крамы з усходняга боку й мураваны аднапавярховы будынак з заходняга, які быў таксама прыстасаваны пад гандлёвае памяшканьне.

Гандлёвыя рады ў 1910 годзе
Гандлёвыя рады ўздоўж вул. Герцэна

У сярэдзіне 1870-х гадоў гандлёвыя рады называліся мясныя. У другой палове XIX — пач. XX ст. вядомыя як Віленчукі. У пачатку XX ст. тут месьціліся малочныя, мясныя, каўбасныя й бакалейныя крамы, крама гатовага адзеньня, майстэрні кравецкая й абіваньня мэблі, пасудная лаўка й гарадзкая дэзінфэкцыйная камэра.

Часткова разбураныя ў Другую сусьветную вайну. Частка, якая захавалася, адноўленая ў 1980-я гады.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гандлёвыя рады ўяўляюць сабой аднапавярховы выцягнуты ў пляне будынак, пакрыты двухсхільным дахам, пад якім праходзіць прафіляваны карніз. Доўгая мураваная пабудова паўколам агінае касьцёл Сьв. Язэпа й арыентаваная на былую плошчу Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды).

Галоўны фасад вырашаны плоскасна й падзелены на два ярусы карнізам. Рытм фасаду ствараюць неглыбокія прарэзаныя па пэрымэтры будынка нішы, у якіх разьмешчаныя аконныя й дзьвярныя праёмы, якія вядуць у асобныя гандлёвыя памяшканьні. Захавалася сем больш позьніх і амаль цалкам перабудаваных крамаў, дванаццаць раньніх не захавалася.

Пад лаўкамі былі сутарэньні. Адно зь іх амаль квадратнае плошчай 14,4 м², у ім захаваліся рэшткі цыліндрычных скляпеньняў. Другое мае форму правільнага чатырохвугольніка плошчай 13,8 м².

У 1860-я гады з заходняга боку да гандлёвага раду прыбудаваны мураваны аднапавярховы будынак (паводле праекту 1859 г. плянаваўся двухпавярховы), які быў таксама прыстасаваны пад гандлёвае памяшканьне. Трапэцападобны ў пляне, ён быў падзелены ўнутры мураванай перагародкай на дзьве часткі, з двухсхільным дахам, двума вокнамі і дзьвярамі ў нішах сьценаў (не захаваўся).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000081

Гандлёвыя рады (Менск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў