Леў Клейнбарт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леў Клейнбарт
Лейб Навумавіч (Максімавіч) Клейнбарт
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 15 кастрычніка 1875
Капыль, Менская вобласьць, Расейская імпэрыя
Памёр 20 лістапада 1950 (75 гадоў)
Ленінград, СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці крытык, публіцыст
Гады творчасьці 1902—1920-я гады
Жанр эсэ, мэмуары, нарысы
Мова расейская мова
Значныя творы «Очерки рабочей журналистики» (1924), «Очерки народной литературы» (1924), «Молодая Белоруссия» (1929)

Леў Навумавіч Клейнбарт (часам Лейб Навумавіч (Нахманавіч, Максімавіч); 15 кастрычніка (27 кастрычніка паводле новага стылю) 1875, Капыль, Менская вобласьць, Расейская імпэрыя — 20 лістапада 1950, Ленінград, СССР) — расейскі і беларускі[1] публіцыст, крытык, журналіст, літаратар. Дасьледчык асноўных тэндэнцый і кірункаў беларускага літаратурнага руху.[2] Першы біёграф Янкі Купалы і адзін зь першых дасьледчыкаў яго творчасьці.[3] Рэдактар часопіса «Темы жизни».

Жыцьцёвы і творчы шлях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і ўрача.[4] Навучаўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце спачатку на фізыка-матэматычным факультэце, потым — на юрыдычным факультэце. У 1901 годзе выключаны з унівэрсытэту за ўдзел у студэнцкім і рэвалюцыйным руху. Неаднаразова арыштоўваўся (першы раз у 1899 годзе) і сядзеў у турме.[5]

З 1902 году выступаў у друку з артыкуламі аб народнай асьвеце.[3] Друкаваўся ў часопісах «Вестник Европы», «Вестник знания», «Современный мир», «Новая жизнь», «Современник» і інш.[5] Дасьледаваў падпольныя выданьні капыльскай арганізацыі «Самаразьвіцьцё і самаадукацыя», разглядаў раньнюю творчасьць А. Гурло, Ц. Гартнага, пісаў пра творчасьць Ф. Чарнышэвіча, Ф. Шантыра і інш. У кнізе «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснае беларускае літаратуры 1905—1928 гг.» вызначыў заканамернасьці і спэцыфіку разьвіцьця беларускае літаратуры, ахарактарызаваў асноўныя тэндэнцыі і кірункі беларускага літаратурнага руху 1920-х гадоў, дасьледваў творчасьць А. Александровіча, А. Бабарэкі, А. Дудара, Ул. Дубоўкі, К. Чорнага і інш.[6] Пакінуў успаміны аб рэвалюцыйных падзеях у родным Капылі.[4]

Клейнбарт з увагай ставіўся да творчай моладзі. Яму ў свой час накіраваў рукапіс сваей першай кнігі паэзіі «Радуніца» С. Ясенін. У 1920-я гады кіраваў літаратурнымі студыямі ленінградзкага Пралеткульта, займаўся дасьледчыцкай дзейнасьцю. Вывучаў гісторыю пралетарскай культуры, народную публіцыстыку, гісторыю беларускае літаратуры.

Клейнбарт і Янка Купала[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З Купалам пазнаёміўся ў Пецярбургу вясною 1910 году праз Ц. Гартнага. Сустракаўся і перапісваўся з Купалам на працягу многіх гадоў.[7]

Аўтар рукапісных успамінаў пра Купалу «Сустрэчы».[8] Зрабіў неацэнны ўнёсак у навуковае вывучэньне біяграфіі Купалы, распачаты перапіскай з паэтам. Ліст Янкі Купалы да Клейнбарта 1910 году стаў першай вядомай аўтабіяграфіяй паэта. Аўтар першага манаграфічнага разьдзела пра Купалу ў кнізе «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснае беларускае літаратуры 1905—1928 гг.», прадмовы да «Зборніка вершаў» Купалы на расейскай мове (1930).[3] Аўтар першай манаграфіі пра Янку Купалу «Янка Купала. Вопыт характарыстыкі літаратурнай і біяграфічнай» (1929—1934).[9]

Адным зь першых пры дасьледаваньні творчасьці Купалы выкарыстоўваў прынцыпы навуковага сацыялягізму і крытэры мастацкасьці як мэтаду ўласна эстэтычнага. Бачыў у асобе Купалы цэнтральную фігуру беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Вызначаў творчы мэтад Купалы як рамантычны рэалізм, які зусім не ўпускаў з поля зроку рэчаіснасьці, быў рамантызмам пазытыўнае школы, сацыяльным і нацыянальным рамантызмам. Лічыў Купалу глыбока народным і арганічна нацыянальным паэтам. У асобе Клейнбарта Купала меў аднаго са сваіх самых значных біёграфаў і дасьледчыкаў—інтэрпрэтатараў.[3]

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «В тюрьме и ссылке» (1906)
  • «О партиях и партийности» (1906)
  • «Русский империализм в Азии» (1906)
  • «Безработица и движение безработных» (1907)
  • «Очерки рабочей интеллигенции» (т. 1—2, 1923—1924)
  • «Очерки народной литературы» (1924)
  • «Русский читатель-рабочий» (1924)
  • «Молодая Белоруссия» (1928)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т.. Т. 3./ Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1984. — 751 с, 40 л. іл.: Артыкул «Клейнбарт» / Аўтар — У. М. Конан. — С.69.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Клейнбарт» / Аўтары — А. Лойка, І. Саламевіч. — С.298—299.
  • Критико-биографический словарь русских писателей и ученых (от начала русской образованности до наших дней). СПб, 1889—1914.
  • Рукапісная спадчына Янкі Купалы. Каталог, у 2-х частках. Нав.рэд. В.Рагойша, кансультанты Ж.Дапкюнас і Я.Раманоўская, укл. А.Бурбоўская. — Мн.,Чатыры чвэрці, 2008. — Ч.1. — С.384—415.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У гэтыя дні Радыё Свабода Праверана 18 красавіка 2012 г.
  2. ^ Значныя даты кастрычніку Нацыянальная бібліятэка Беларусі Праверана 18 красавіка 2012 г.
  3. ^ а б в г Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Клейнбарт». — С. 298—299.
  4. ^ а б Клейнбарт Леў Капыльская бібліятэка Праверана 18 красавіка 2012 г.
  5. ^ а б Клейнборт Лев Наумович Российская еврейская энциклопедия Праверана 18 красавіка 2012 г.
  6. ^ Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 3. — Мн., БелСЭ, 1984. — Артыкул «Клейнбарт». — С. 69.
  7. ^ Рукапісная спадчына Янкі Купалы. Каталог у 2-х ч. Нав.рэд. В.Рагойша, кансультанты Ж.Дапкюнас і Я.Раманоўская, укл. А.Бурбоўская. — Мн.,Чатыры чвэрці, 2008. — Ч.1. — С.384—415.
  8. ^ Захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы
  9. ^ Не надрукавана з-за нападкаў на Клейнбарта і Купалу вульгарна-сацыялягічнае крытыкі. Машынапіс манаграфіі захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]