Перайсьці да зьместу

Янка Купала… Я адплаціў народу

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Янка Купала… Я адплаціў народу»
дакумэнтальны фільм
кадр з фільму
Жанр дакумэнтальны фільм
Рэжысэр Сяргей Лук’янчыкаў
Вытворчасьць Беларускі відэацэнтар
Дата выхаду 2012
Працягласьць 27 хв.
Краіна Беларусь
Мова беларуская

«Янка Купала… Я адплаціў народу» — дакумэнтальны фільм, пастаўлены ў 2012 годзе рэжысэрам Сяргеям Лук’янчыкавым у Беларускім відэацэнтры. Выхад фільму быў прымеркаваны да 130-годзьдзя з дня нараджэньня беларускага клясыка.[1]

Структура карціны простая: актор (Аляксандар Марчанка) і актрыса (Вераніка Буслаева) па чарзе зачытваюць фрагмэнты цытатаў, біяграфічную інфармацыю, урыўкі з купалаўскіх вершаў, фонам для якіх ідуць матэрыялы фота- ды кінахронікі. Выкарыстоўваюцца кадры са спэктаклю Рэспубліканскага тэатру беларускае драматургіі «Янка Купала. Кругі раю», здымкі ў музэях і памятных купалаўскіх мясьцінах: Вязынка, Ляўкі, Акопы. Зьяўляюцца і кадры пастаноўкаў драматычных твораў: «Паўлінкі» Л. Літвінава, «Раскіданага гнязда» Б. Луцэнкі, «Тутэйшых» М. Пінігіна. Фактычна, у фільме прысутнічаюць амаль усе магчымыя візуальныя згадкі пра Купалу і ягоную творчасьць.[1]

« Калі працаваў са зьвесткамі пра Купалу, склалася ўражаньне, што нехта добра «падчысьціў» яго біяграфію: такое адчуваньне, што з жыцьцёвага кантэксту вырваныя цэлыя старонкі… […] Карціну было рабіць цяжка. Яна лёгка здымалася, манціравалася, але цяжка было шукаць матэрыял, прымаць рашэньне. У выніку матэрыялу хапіла б і на поўнамэтражны фільм. Некаторыя рэчы я проста не захацеў расказваць: яны выбіваліся з агульнага кантэксту. […] Галоўная думка стужкі — таталітарны рэжым і лёс мастака. Самае цікавае: пераможцам выйшаў Янка Купала, а не ўлада! Дзе яна? А Купала жывы — маладыя яго вершы чытаюць, а моладзі навязаць штосьці немагчыма. У жыцьці, канечне, ён прайграў. А творчасьць яго актуальная і сёньня. Слова вельмі шмат значыла і значыць. »

— Стваральнік фільму Сяргей Лук'янчыкаў[2]

« Пры відавочнай прастаце драматургіі, стужка аднаго з самых дасьведчаных беларускіх рэжысэраў-кінадакумэнталістаў, які адначасова выступіў і стваральнікам сцэнарыю, уяўляе сабой не столькі біяграфічны фільм, колькі эсэ пра характары, час і лёсы. «Янка Купала… Я адплаціў народу…» — стужка, разьлічаная на здольнасьць гледача эмацыйна перажываць убачанае. Для сучаснае дакумэнталістыкі фільм Сяргея Лук'янчыкава — своеасаблівая кінематаграфічная рэдкасьць. Вядомы, у першую чаргу, сваімі публіцыстычнымі выказваньнямі, аўтар гэтым разам выкарыстаў насычаную вобразамі і мэтафарамі паэтычную кінамову. Шматграннасьць асобы народнага паэта праз стужку складаецца ня столькі на экране, колькі ў свядомасьці гледачоў. У апошні час падобны падыход у неігравым кіно крыху адсунуты на другі план так званай дакумэнталістыкай факту — інфармацыйна больш насычанай, але занадта сухой для аповяду пра жыцьцё і творчасьць паэта. «Янка Купала… Я адплаціў народу» ў гэтым сэнсе — прыемнае выключэньне. »

— Антон Сідарэнка[1]


« У стужцы шмат лірыкі, якая выглядае не патасна і не банальна. Па-першае, вельмі парадавалі песьні, якія гучаць у фільме. Сучасныя, з добрымі аранжыроўкамі і вакалам, пранікнёныя. Песьні на невыпадковыя словы. Па-другое, лірыкі надае і сугучнасьць кампазыцыі фільма музычнаму спэктаклю Рэспубліканскага тэатру беларускае драматургіі «Янка Купала. Кругі раю». […] Тэатралізаваныя сцэны глядзяцца арганічна, злучаюць дакумэнтальныя фота і кадры старой кінахронікі з сучаснасьцю. »

— Вольга Чайкоўская[3]

  1. ^ а б в Антон Сідарэнка Чаму Купалу пашанцавала? // Культура : газэта. — Менск: 7 ліпеня 2012. — № 27. — С. 11.
  2. ^ Сяргей Лук'янчыкаў Пра Янку Купалу можна зрабіць моцны ігравы фільм // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: 8 чэрвеня 2012. — ISSN 0024-4686.
  3. ^ Вольга Чайкоўская Янка Купала. Супрацьстаянне паэта // Звязда : газэта. — Менск: 28 чэрвеня 2012.