Ванда Лявіцкая
Ванда Лявіцкая лац. Vanda Lavickaja | |
Фрагмэнт сямейнай фатаграфіі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Ванда Л-а, Вандзя Л-я, Ванда Ле-вая, В. Л-к., Вясёлка |
Нарадзілася | 25 верасьня 1895 |
Памерла | 8 сьнежня 1968 (73 гады) |
Бацькі | Антон Лявіцкі Люцыя з Гнатоўскіх |
Муж | Язэп Лёсік |
Дзеці | Люцыя, Алеся і Юры |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладніца, паэтка, пісьменьніца |
Мова | беларуская мова і расейская мова |
Дэбют | «Бацькаўшчына» // «Наша Ніва» 4 (17), 21 траўня 1909 |
Ва́нда Ляві́цкая (у шлюбе Лёсік; 25 верасьня 1895, Радашкавічы — 8 сьнежня 1969, пас. Татарка, Стаўрапольскі край) — беларуская пісьменьніца, перакладніца, пэдагогіца. Жонка Язэпа Лёсіка.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася 25 верасьня 1895 году ў Радашкавічах. Дачка беларускага літаратара Антона Лявіцкага і Люцыі з Гнатоўскіх. У 1914 годзе скончыла мясцовую вышэйшую пачатковую школу. 21 траўня 1909 апублікавала ў газэце «Наша Ніва» свой дэбютны абразок «Бацькаўшчына». З 1914 году бясплатна працавала ў першай беларускай кнігарні (куды яе рэкамэндавала Алаіза Пашкевіч) і ў гарадзкой бібліятэцы імя А. С. Пушкіна, у часопісах «Саха» і «Лучынка», у дзіцячым прытулку пры Таварыстве помачы ахвярам вайны. У канцы чэрвеня 1916 зь яе ініцыятывы прытульных дзяцей перавезьлі ў радавы маёнтак Карпілаўку[1].
У ліпені 1917 году падпісала статут Беларускага хаўруса настаўнікаў. Пасьля заканэчньня ў 1917 годзе беларускіх курсаў была настаўніцай першай менскай беларускай школы. Сёлета ўвосень выйшла замуж за Язэпа Лёсіка. У гэтую пару друкавалася ў газэтах «Вольная Беларусь», «Беларусь», часопісах «Зоркі» ды «Іскра Ільліча».
15—16 траўня 1917 году ўдзельнічала ў зьезьдзе настаўнікаў Менскай губэрні. У адказ на крыўдную для беларускіх асьветнікаў прамову «Самавызначэньне Беларусі і мова навучаньня ў беларускай школе» В. Т. Ругалевай горача запярэчыла, выбегшы на трыбуну, аднак яе падтрымалі толькі два дэлегаты[2]. 28 траўня 1917 з гэтай нагоды пісаў «Вестник минского губернского комиссариата»:
Горячую прочувственную речь против положений докладчика произнесла Ванда Левицкая, но собрание она совершенно не убедила… | ||
У 1919 свой грамадзянскі шлюб Ванда і Язэп Лёсікі асьвяцілі ў менскім Касьцёле Сьвятога Роха. Напісала ў 1922 успаміны пра бацьку.
Калі ў 1930-х Язэпа Лёсіка арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», працавала пасудамыйкаю, разносчыцай тэлеграмаў, а як толькі гэта сталася магчымым, паехала да высланага мужа. Улетку 1959 вярнулася ў Менск, дзе яе прыняла Ўладзіслава Луцэвіч на Омскім завулку 7[3].
Памерла 8 сьнежня 1969 году ў пасёлку Татарка Стаўрапольскага краю.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мела зь Язэпам Лёсікам траіх дзяцей: сына Юрку (28 жніўня 1919, Карпілаўка — 9 чэрвеня 1997) — інжынэр энэргетык, жыў ў Армавіры; Люцыю (нар. 8 сакавіка 1921) — настаўніца ў Ліпецку; і Алесю (нар. 22 лютага 1923) — настаўніца ў мястэчку Татарка, Стаўрапольскага краю[4][5][6].
Хросным бацькам дзяцей Ванды — Люцыі і Алесі — быў Янка Купала[7]. У 1992 годзе Люцыя і Алеся прыязджалі на месца колішняга радавога маёнтку Карпілаўкі[6]. Сын Юры на Беларусь не вяртаўся[8].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дасюль творчая спадчына пісьменьніцы не ацэненая. Шмат пісала, перакладала, але пры жыцьці ў пісьменьніцы не зьявілася ніводнай кнігі. Апавяданьні, абразкі, вершы, успаміны выходзілі ў раскід пры жыцьці Ванды, ці як падпісвалася сама пісьменьніца, Вандзі Лявіцкай[9]. У пісьменьніцкай і публічнай дзейнасьці Вандзя Лявіцкая так і засталася ў цені слыннага мужа — Язэпа Лёсіка, а часам заставалася ў цені выбітнага бацькі Ядзвігіна Ш.
В. Лявіцкая разам з Цёткай — адна зь першых сучасных беларускіх празаіцаў — першае ейнае апавяданьне «Бацькаўшчына» зьявілася ў 1909 годзе[9]. Пісала коратка, эмацыйна. У абразках і апавяданьнях тужліва апісвае беларускую прыроду і складаны лёс беларусаў, напрыклад, у абразку «Задушкі», які быў надрукаваны ў 1919 годзе ў газэце «Беларусь». Гэты абразок гучыць як паганская малітва, як верш у прозе. Да ўсяго гэта цікавы этнаграфічны прыпамінак пра сьвята, якое адзначаюць 2 лістапада каталікі, у тым ліку і беларускія каталікі — Задушкі ці Задушны дзень. Сьвята, якое накладаецца ці часам зьліваецца ў каталіцкай традыцыі зь Дзядамі[9]. У некаторых тэкстах спэцыяльны акцэнт робіць на цяжкасьцях жыцьця беларускай жанчыны. За савецкім часам пісала ў асноўным у часопісах для дзяцей «Зоркі» і «Іскры Ільіча»[10].
Ёю былі падрыхтаваныя пераклады на беларускую мову такіх твораў, як «Сястрычка Галя» (з укр.: Чайчэнка В.); «Крыста» (з пол.: Канапніцкая М.)[9]
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Wanda L-a. Baćkouszczyna. (бел.) // Nasza niwa : газэта. — 21 maja 1909. — № 21. — С. 311.
- Ванда Лев-ая. Майскіе ночы. (бел.) // Наша Ніва : газэта. — 31 мая 1913. — № 22. — С. 3.
- абразок «Сумна, сумна шуміць старушка ліпа» // «Лучынка». — 1914. — № 4.
- Ванда Лёсік. Пасьмертныя ўспаміны. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). † 24. ІІ. 1922 г. // Адраджэньне : часопіс. — 1922. — № 1. — С. 265—267.
- Алесь Жынкін. «Мае дарагія…» // Маладосць : часопіс. — 1990. — № 11 (453). — С. 153—162.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пра гэта згадваў яшчэ Максім Багдановіч у артыкуле «Деятельность Минского белорусского комитета»: «…Видное место в комитетских начинаниях заняло основание белорусского приюта для детей беженцев. В качестве места для приюта было выбрано имение „Карпиловка“, находящееся в 30 верстах от Минска, в живописной и здоровой местности. Там было поселено около 50 детей, надзор за которыми поручили двум воспитательницам: г-же Ванде Левицкой и г-же Ядвиге Родкевич.»
- ^ Содаль, Ул. «Магу я сябе назваць самай шчаслівай...»: 100 гадоў з дня нараджэння Ванды Лявіцкай // Роднае слова. — Мн.: 1995. — № 9. — С. 168—173.
- ^ Уладзімер Содаль (18 лістапада 2008) Ванда ў Купаліхі. Наша Ніва. Праверана 24 лістапада 2011 г.
- ^ Алесь Жынкін. «Мае дарагія…» // Маладосць : часопіс. — 1990. — № 11 (453). — С. 153—162.
- ^ Содаль, У. Вугельчыкі з попелу: Малавядомыя старонкі з біяграфіі Ядвігіна Ш. // Роднае слова. — Мн.: 1999. — № 12. — С. 184.
- ^ а б Содаль, У. Летуценнік з карпілаўкі // Роднае слова. — 1994. — № 1. — С. 73.
- ^ Людміла Рублеўская (23 лютага 2009) Ядвигин Третий и единственный (рас.). Советская Белоруссия. Праверана 2 жніўня 2011 г.
- ^ Арлоў, Уладзімер (19 лютага 2007) Імёны Свабоды: Ванда Лявіцкая (25.9.1895, мяст. Радашковічы (цяпер Маладэчанскі раён) — 8.12.1968, пас. Татарка, Стаўрапольскі край, Расея). Радыё Свабода. Праверана 24 лістапада 2011 г.
- ^ а б в г [Гарбацкі]. Ад жанчынаў чакалі іншага. Вяртанне забытай пісьменніцы. У Вільні рыхтуецца зборнік твораў вядомай дзяячкі, рэдактаркі, перакладніцы і пісьменніцы, у якой пры жыцці і дасюль не выйшла ніводнай кнігі. // Новы час, 1 лістапада 2020 г.
- ^ Ванда Лявіцкая ― сапраўдная жанчына і грамадзянка / Таццяна Лабада // Знакамітыя мінчане XIX—XX стст. : постаці і роля жанчын у грамадскім і культурным жыцці Мінска і Міншчыны ў XIX ― пачатку XX стагоддзя : матэрыялы [VII] беларуска-польскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі, Мінск, 26 красавіка 2012 г. / [рэдкалегія: А. Вялікі, З. Вінніцкі (навуковыя рэдактары) і інш.]. — Мінск, 2013. — С. 202―206.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арлоў, Уладзімер. Імёны свабоды. «Мы — толькі нечая памяць пра нас.». — 4-е. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020. — С. 280, 281. — 826 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.). — ISBN 978-0-929849-83-6
- Саламевіч І. У. Лёсік (дзявочае Лявіцкая) Ванда Антонаўна. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9 — С. 232.
- Трус М. Эпісталярны канвалют: Ядвігін Ш. у сямейна-творчым інтэр’еры // Маладосць. — 2024. — № 3. — С. 79‒88.
- Трус М. Знічкі [Люцыя Лявіцкая і Ванда Лёсік — жонка і дачка пісьменніка Ядвігіна Ш. (1869—1922)] // Літаратура і мастацтва. — 14.06.2024. — № 22 (5283). — С. 10.