Адвечная песьня
«Адвечная песьня» | |
Вокладка першага асобнага выданьня паэмы, 1910 | |
Жанр: | драматычная паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская мова |
Год напісаньня: | 1908 |
Публікацыя: | 1910 |
Выдавецтва: | Выдавецтва Антона Грыневіча[d] |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Адве́чная пе́сьня» — першая драматычная паэма Янкі Купалы, завершаная 22 жніўня 1908 году ў Бараўцах і ўпершыню выдадзеная Антонам Грыневічам у 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу.[1]
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паэма напісаная пад уплывам народна-песеннай сымболікі і кніжных крыніцаў.[2] Паэма складаецца з 12 часткаў-праяваў, кожная зь якіх распачынаецца і заканчваецца аўтарскай рэмаркай.[1]
Зьмест паэмы паглыблена—філязофскі, эпічна-сацыяльны аналіз жыцьцёвага лёсу Мужыка, які выступае як галоўны герой паэмы, трагізму яго існаваньня ў тагачасным грамадзтве. Прынцып напісаньня паэмы — рэалістычна—сымбалічны паказ чалавека як сацыяльнае істоты. Гэта твор пра спрадвечнае гора Мужыка, пра яго нялёгкую працу, сацыяльныя крыўды, жыцьцёвыя пакуты, якія з пакаленьня ў пакаленьне заставаліся яму наканаванымі. Патас паэмы — у балючай рэакцыі паэта на гістарычную несправядлівасьць, у асуджэньні сілаў, варожых працоўнаму чалавеку.[1]
На працягу паэмы аўтар раскрывае жыцьцё Мужыка ад калыскі да труны. Паэма — твор высокага трагедыйнага гучаньня. Чорныя сілы, што зьлятаюцца над толькі што народжаным Мужыком, прарочаць яму трагедыю. Гэтае прароцтва спачатку як бы забываецца, але, як толькі жыцьцёвыя ілюзіі галоўнага героя разьвейваюцца, фарбы, тон і сымболіка ў паэме змрачнеюць. Кульмінацыя дзеяньня ў паэме двойчы трагічная, бо Мужык двойчы сыходзіць у магілу — і рэальна і сваім ценем.[1]
Паэма напісаная песенна-народным складам верша. Кожная карціна-праява мае сваю танальнасьць, вызначаецца адметным рытміка—інтанацыйным комплексам і вобразнасьцю. Большасьць праяваў статычныя, за выключэньнем 11-й і 12-й, дзе гаворка ідзе пра гібель Мужыка і ўзьнікненьне яго ценю на могілках.[1]
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Максім Горкі ў 1910 годзе ў лісьце да А. Чарэмнага пісаў, што «Адвечную песьню» варта было б перакласьці на расейскую мову. Дасьледчык творчасьці Купалы І. Навуменка лічыў, што купалаўскі гуманізм знайшоў у паэме трагедыйнае ўвасабленьне. У 1920-я гады паэму дасьледвалі Ц. Гартны, І. Замоцін, у пасьляваенны час — М. Арочка, Р. Бярозкін, М. Грынчык, М. Лазарук, А. Лойка, М. Ярош і інш.[1]
Польскі крытык С.Руднянскі адзначаў:
Панурай і безнадзейнай можа здавацца канцоўка паэмы, аднак тут укладзена спадзяваньне на лепшы дзень, і грамадзкае пачуцьцё выступае ў паэме як сіла, якую ня можа перамагчы нават сьмерць, а пытаньне «што зроблена для мужыка, што зроблена для ўздыму людзкой годнасьці, абуджэньня жыцьцёвай энэргіі чалавека?» пакідае незабыўны сьлед у сьвядомасьці і накіроўвае думку ў адпаведным кірунку.[3] | ||
Пераклады, сцэнічныя і мастацкія ўвасабленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На расейскую мову паэму пераклаў М. Ісакоўскі, на ўкраінскую — Т. Масэнка, на баўгарскую — Х. Папоў. Упершыню паэма інсцэніраваная ў 1921 годзе ў Першым беларускім дзяржаўным тэатры. У 1976 годзе Ўладзімер Мулявін стварыў паводле паэмы опэру-прытчу «Песьня пра долю», якую потым экспрэсіўна і калярытна выканаў ансамбль «Песьняры»[4]. Па матывах паэмы рэжысэр С. Кавальчык паставіў у 2002 годзе спэктакль у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, а рэжысэр А. Ляляўскі паставіў у 2004 годзе ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек лялечны спэктакль. Паэму ілюстравалі В. Александровіч, А. Волкаў, К. Елісееў, А. Кашкурэвіч, В. Мікіта, В. Шаранговіч[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Адвечная песня». — С. 28—29.
- ^ Некаторыя купалазнаўцы лічаць — пад уплывам п’есы расейскага пісьменьніка Л. Андрэева «Жыцьцё чалавека».
- ^ S.Rudnianski. Nowe życie, Wilno, 1911, №35.
- ^ Адкрыцьцё выстаўкі «Песьня пра долю» Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы Праверана 9 траўня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Адвечная песьня» / Аўтар — А.Лойка — С. 28—29.
- Александровіч Алеся. Паэма Янкі Купалы «Адвечная песьня» ў ацэнцы дарэвалюцыйнай крытыкі / Часопіс «Беларусь». — Мн., 1947, №6.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |