Перайсьці да зьместу

Янка Шарахоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Янка Шарахоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 сакавіка 1908(1908-03-04)
Памёр 6 красавіка 1973(1973-04-06) (65 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці літаратуразнаўца, пісьменьнік, паэт
Узнагароды
ордэн «Знак Пашаны» ордэн «Знак Пашаны»

Янка Шарахоўскі (Іван Захаравіч Шарахоўскі; 4 сакавіка 1908, Бялынічы, Магілёўскі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя — 6 красавіка 1973) — беларускі празаік, крытык, літаратуразнавец.

Нарадзіўся 4 сакавіка 1908 году ў Бялынічах Магілёўскага павету Магілёўскай губэрні ў сялянскай сям’і. У 1925—1927 гадох вучыўся ў Магілёўскім пэдагагічным тэхнікуме, у 1931 годзе скончыў Ленінградзкі гісторыка-лінгвістычны інстытут.

Працаваў у рэдакцыях часопісу «Чырвоная Беларусь», газэты «Літаратура і мастацтва», часопісу «Полымя рэвалюцыі». У 1938—1941 гадох вучыўся ў асьпірантуры пры Менскім пэдагагічным інстытуце. Падчас нямецка-савецкай вайны ваяваў пад Масквой, на Бранскім, Другім Прыбалтыйскім, Ленінградзкім франтах як камандзір узводу, з 1943 году — інструктар франтавой газэты.

Пасьля вайны — адказны сакратар часопісу «Полымя» (1946—1948), галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1948—1957), намесьнік міністра культуры БССР (1957—1959), галоўны рэдактар газэты «Літаратура і мастацтва» (1959—1961), дырэктар Літаратурнага музэю Янкі Купалы (1961—1968)[1].

Памёр 6 красавіка 1973 году.

У друку пачаў выступаць як паэт, а з 1931 году — як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі пра жыцьцё і творчасьць Янкі Купалы «Янка Купала» (1962), «Пясьняр народных дум» (1970 — дарэвалюцыйны пэрыяд, 1976 — савецкі пэрыяд).

Аўтар зборнікаў апавяданьняў «Срэбраная раніца» (1951), «Сплочаны доўг» (1978), кніжкі апавяданьняў для дзяцей «Сэрдалікавая бухта» (1955).

Пераклаў на беларускую мову раман «Белая бяроза» М. Бубенава (1949), аповесьць «Сьляпы музыка» У. Караленкі (1950), раманы «Чэсць змоладу» А. Первенцава (1951), «Рудзін», «Напярэдадні» І. Тургенева (1952), «Аповесьць пра дзяцінства» Ф. Гладкова (1952), «Казкі» М. Салтыкова-Шчадрына (1953), «Апавяданьні» І. Франко (1956), апавяданьне «Лёс чалавека» М. Шолахава (1959) і іншых.

  • Янка Шарахоўскі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.