Курган (паэма)
«Курган» | |
па-беларуску: Курган | |
Каляровы лінарыт М.Басалыгі да паэмы Янкі Купалы «Курган» (1980) | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская мова |
Год напісаньня: | 1910 |
Публікацыя: | 21 чэрвеня 1912 |
Выдавецтва: | Наша ніва[d] |
Электронная вэрсія |
«Курган» — паэма-баляда Янкі Купалы, завершаная 23 траўня 1910 году ў Пецярбургу. Упершыню надрукаваная ў газэце «Наша Ніва» 21 чэрвеня 1912 году. У дарэвалюцыйны час друкавалася з аўтарскім прысьвячэньнем «Памяці С.Палуяна». Аўтограф паэмы з аўтарскімі праўкамі захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф.Скарыны ў Лёндане.[1]
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэтай паэмай адкрываецца шэраг фальклёрна-рамантычных паэмаў у творчасьці Я.Купалы дакастрычніцкага часу. У лісьце да Л.Клейнбарта 11 студзеня 1929 году аўтар аднёс паэму да твораў, спароджаных выключна фантазіяй. Паэма красамоўна сьведчыць пра арганічную нацыянальна-фальклёрную сутнасьць купалаўскага мастацкага бачаньня сьвету, скандэнсаванасьць народнасьці яго мастацкага мысьленьня і рамантычнага стылю. Гэта клясычны ўзор героіка-рамантычнае паэмы.[1]
Паэма прысьвечана лёсу мастака ў грамадзтве. На вясельле дачкі князь кліча мясцовага Гусьляра і патрабуе ад яго песень у сваю хвалу і на пацеху вяльможным гасьцям. Ён папярэджвае музыку, што пакарае сьмерцю, калі той не выканае загаду. Але замест пахвалы князю з вуснаў Гусьляра гучыць суровая праўда пра бязьлітаснасьць і чужасьць князя народу, цяжкі паднявольны лёс падданых князя. За непакору і непаслухмянасьць князь загадвае закапаць Гусьляра жывым разам з гусьлямі. Гусьляр гіне, але памяць аб ім у народзе вечная, як той курган, што як сімвал народнай памяці ўзьнёсься над магілай народнага заступніка.[1]
Ідэя паэмы празрыстая: народнай памяці варты толькі той мастак, які аддае справе народа і свае песьні, і сваё жыцьцё; сапраўднае мастацтва толькі тое, што служыць народу; у службе народнай праўдзе — веліч і прызваньне мастака. Па сваім гучаньні паэма паліфанічная. Мастацкая форма паэмы выключная па сваёй прыгажосьці і ўзьдзеяньні на чытача сваёй надзвычайнай эмацыйнай сілай, яркай палітрай мэтафараў, эпітэтаў, гіпэрбалаў, выключна зграбнай кампазыцыяй — як агульнай, страфічнай, так і зьвязанай з падачай дзеяньня ў яго разьвіцьці.[1]
У паэме 12 разьдзелаў, кожны зь якіх складаецца з 4 катрэнаў. Зьмена, рухомасьць гучаньня строфаў суадносяцца з разгортваньнем сюжэту. Экспазыцыйны, 1 разьдзел — частка твору шырокага эпічнага размаху. Пачатак сюжэтнага апавяданьня ў паэме як бы прысьпешаны, але завязка дзеяньня ў цэлым непасьпешлівая, з падрабязным раскрыцьцём абставінаў дзеяньня — апісаньнем княжацкага замку, «бяседы вялікай у князя» (2 і 3 разьдзелы) і з падрабязнай характарыстыкай Гусьляра (4 і 5 разьдзелы). У цэнтральных, самых драматычна напружаных разьдзелах (6-10) ідзе дыялёг князя і Гусьляра. Словы Гусьляра вытрыманы на самай высокай ноце. У кульмінацыйным 10 разьдзеле «Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б’е з воч». У 11 разьдзеле наступае разьвязка канфлікту. Заключны разьдзел як бы вяртае чытача да першага разьдзелу і так узьнікае адзінага тону эмацыянальная рамка сюжэтнага дзеяньня.[1]
«Курган» — шэдэўр ня толькі Я.Купалы, але і ўсёй новай беларускай літаратуры. Узьдзеяньне паэмы на беларускую літаратуру пачалося адразу ж пасьля яе зьяўленьня. Асабліва яно прыкметнае ў зборніку К.Буйло «Курганная кветка» (1914), а таксама на «Абразках» З.Бядулі (1913), на першае рэдакцыі паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка» (1918) і інш.[1]
Водгукі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазыцыйнага пабудаваньня і стылю ... паэмаў [«За што», «На куцьцю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»], зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры эўрапейскай. | ||
Пераклады і мастацкія ўвасабленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паэма перакладалася на шматлікія замежныя мовы, у тым ліку на азэрбайджанскую — Г.Беюкага, на ангельскую — В.Рыч, на армянскую — Г.Баран, на асэтынскую — А.Пухаеў, на баўгарскую — Н.Вылчаў, на кітайскую — Чжу Цзі, на латыскую —С.Еранім, на летувіскую — Э.Матузявічус, на малдаўскую — П.Дарые, на расейскую — М.Браўн, М.Галодны, С.Гарадзецкі, Н.Кісьлік, С.Рагавіцкі з Э.Падэрэўскім, на румынскую — С.Дэлчу, на узбэцкую — Міртэмір, М.Шэйхзадэ, на ўкраінскую — Т. Масэнка, П.Тычына, Я.Фамін, М.Цярэшчанка.[1]
Да паэмы зьвярталіся майстры сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі (творы М.Басалыгі, М.Бельскага, Я.Бусла, Л.Замаха, А. Кашкурэвіча, М.Пушкара, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, І. Сталярова, В.Ціхановіча, В. Шаранговіча і інш.) і Расеі (Я.Чарняцін).[1]
Некаторыя вобразы паэмы ўвайшлі ў кінафільм В.Рубінчыка «Магіла льва (Беларусьфільм)» (1971) і тэлеспэктакль У.Трацьцякова «Папараць-кветка» (1981).[1]
Паэме прысьвечаныя музычныя творы К.Галкоўскага, Я.Глебава, І. Лучанка, І. Любана, А.Туранкова, У.Чараднічэнкі.[1] У 1979 годзе Уладзімер Мулявін стварыў паводле паэмы «Курган» на музыку І. Лучанка паэму-легенду «Гусьляр», якую выканаў ансамбль «Песьняры».[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Курган» / Аўтар — А.Лойка — С. 325—327.
- Бярозкін Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С. 98—99.
- Вазнясенскі А. Паэмы Янкі Купалы. — Узвышша, 1927, №1.
- Казбярук У. Перачытваючы паэму. — Полымя, 1973, №10.
- Лазарук М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ- пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970. — С.106—107, 167—173.
- Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.160—167.
- Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. — Мн., 1965. — С.98—105, 112, 114.
- Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.77, 79.
- Шкраба Р. Тры паэмы Янкі Купалы. — У яго кн. Сіла слова. — Мн., 1958.
- Юрэвіч У. Янка Купала. — Мн., 1983. — С. 122—124.
- Ярош М. Р. Пясняр роднай зямлі. — Мн., 1982. — С.137—140.