Брацкія вайсковыя могілкі (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Бра́цкія вайско́выя мо́гілкі — мэмарыяльны комплекс у гонар загінулых у Першай сусьветнай вайне, што месьціцца ў Менску паміж вуліцай Чарвякова, Старавіленскім трактам і завулкам Азёрным. Нэкропаль зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю рэгіянальнага значэньня[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Брацкія вайсковыя могілкі Першай сусьветнай вайны 1914-18 гг. былі заснаваныя ў Менску 29 лістапада 1914 г. на Пярэсьпе, паміж Старавіленскім і Даўгінаўскім трактам на ўчастку зямлі, выкупленым у Катэдральнага сабору[2]. Ініцыятарам стварэньня могілак быў кіраўнік Аляксандраўскага камітэту параненых генэрал-лейтэнант П. А. Смародзкі. У 1915 годзе тут збудаваная невялікая драўляная капліца.

Могілкі падзяляліся на 12 участкаў. Усяго на іх пахавана каля 5 тысячаў чалавек. У наш час у Расейскім Дзяржаўным Ваенна-гістарычным архіве захоўваюцца сьпісы толькі 2180 вайсковых чыноў, пахаваных на могілках, зь іх пайменна вядомыя 1955. Асноўныя пахаваньні ў гэтых сьпісах датаваныя пачаткам 1915 — сярэдзінай 1916 гг.

За савецкім часам спачатку была зруйнаваная капліца, а ў канцы 1940-х зьнесеныя й самі могілкі. На іх месцы разьмясьціўся Старажоўскі рынак, дзе прадавалі жывёлаў і птушак. Рынак праіснаваў да першай паловы 1990-х. Пасьля скасаваньня рынку тэрыторыя могільніку атрымала статус аб’екту гісторыка-культурнай спадчыны[3]. У 2000-х гг. тэрыторыя могілак пачала добраўпарадкоўвацца.

Падчас стварэньня мэмарыялу была ўзьведзеная невялікая капліца з купалам і крыжам (архітэктар М. Дзятко). Капліца адкрытая з трох бакоў, але каб пазьбегнуць вандалізму доступ да яе абмежаваны каванымі рашоткамі[2]. Унутры рэлігійныя мазаікі. Інтэр’ер аздоблены мастакамі-манумэнталістамі С. Бышнёвым, Ф. Драгунам, А. Сушам, В. Чайкам[3]. Знадворку на портыках месьцяцца бронзавыя барэльефы Аляксандра Неўскага, Дзьмітрыя Данскога, Яна-воіна, а таксама арханёла Міхаіла. Вакол капліцы на гранітных пастамэнтах зьмешчаныя імёны загінулых і пахаваных тут жаўнераў, зьвесткі пра якія атрымалася знайсьці ў архівах[2].

Пахаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўным чынам на Брацкіх могілках у Менску пахаваныя пехацінцы — салдаты пяхотных, грэнадэрскіх і стралковых палкоў Расейскай Імпэратарскай арміі, адносна мала прадстаўнікоў іншых вайсковых спэцыяльнасьцяў — артылерыстаў, кавалерыстаў, сапэраў, сустракаюцца таксама пахаваньні казакоў, пагранічнікаў, матацыклетчыкаў, лётчыкі, паветраплавальнікаў, шафэраў, сувязістаў. Для пахаваньня афіцэраў і ваенных чыноўнікаў прызначаўся 1-ы ўчастак могілак. Могілкі не былі выключна праваслаўнымі. Два ўчасткі — 4-ы й 8-ы — прызначаліся для пахаваньня воінаў-хрысьціянаў іншых канфэсіяў. На 8-м участку пахаваныя 107 вядомых пайменна ніжніх чыноў рымска-каталіцкага веравызнаньня, на 4-м — 44 ніжніх чыноў эвангелічна-лютэранскага веравызнаньня. Пахаваныя на могілках й невядомыя жаўнеры.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  713Д000004