Цэнтральны батанічны сад (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Парк
Цэнтральны батанічны сад
Менскі батанічны сад
Менскі батанічны сад
Краіна Беларусь
Месцазнаходжаньне Менск
Каардынаты 53°54′58″ пн. ш. 27°36′45″ у. д. / 53.91611° пн. ш. 27.6125° у. д. / 53.91611; 27.6125Каардынаты: 53°54′58″ пн. ш. 27°36′45″ у. д. / 53.91611° пн. ш. 27.6125° у. д. / 53.91611; 27.6125
Дата заснаваньня 1931 ці 1932
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Стан дзейны
Сайт Афіцыйны сайт
Цэнтральны батанічны сад на мапе Беларусі
Цэнтральны батанічны сад
Цэнтральны батанічны сад
Цэнтральны батанічны сад
Commons-logo.svg Цэнтральны батанічны сад на Вікісховішчы

Дзяржаўная навуковая ўстанова «Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» — агароджаная тэрыторыя плошчай 153 га, засажданая значнай колькасьцю відаў расьлінаў, пераважна іншаземных, якая выконвае наступныя функцыі: навуковую, экалягічную (ахова зьнікаючых расьлінаў Беларусі), гаспадарчую (выпрабаваньне іншаземных відаў дзікіх і новых сартоў акультураных расьлінаў на прадмет іх распаўсюджваньня ў сельскай і лясной гаспадарках, а таксама для азеляненьня тэрыторыі), эканамічную (гандаль, продаж квіткоў для наведвальнікаў), рэкрэацыйную (месца адпачынку).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральны батанічны сад (ЦБС) быў створаны ў 1931[1] ці 1932 г. У гэты час тэрыторыя будучага батанічнага саду знаходзілася па-за межамі сталіцы на ўсходзе ад яе і мела бедную малаўрадлівую глебу. Спачатку тэрыторыя, выдзеленая пад сад, складала каля 90 га, потым сад быў пашыраны да 153 га, стаўшы адным з найвялікшых па плошчы ў Эўропе.

У 1999 годзе ЦБС афіцыйна ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Сад аб’яўлены помнікам прыроды рэспубліканскага значэньня і помнікам ляндшафтнай архітэктуры другой паловы ХХ стагодзьдзя.

З 2006 году Цэнтральны батанічны сад абвешчаны тэрыторыяй, вольнай ад паленьня.

У 2007 годзе ў батанічным садзе адчынілася экспазыцыйная аранжарэя, у якой прадстаўленыя экзатычныя расьліны, якія насяляюць цёплыя кліматычныя зоны плянэты. Дзякуючы гэтаму, батанічны сад ня будзе зачыняцца на зіму зь лістапада па красавік, а застанецца адкрытым для наведваньня аранжарэі.

Батанічны сад як арганізацыя складаецца з 250 супрацоўнікаў, у тым ліку 120 навукоўцаў.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа батанічнага саду

Абрыс ЦБС мае няправільную форму (гл. мапу), з усіх бакоў абнесены агароджай, уваход у сад платны. Паўночны бок, дзе месьціцца ўваход, выходзіць на цэнтральны менскі праспэкт.

Сад адчынены для наведвальнікаў з траўня па кастрычнік, акрамя панядзелкаў (сандзень), ад 10-00 па 19-00. Аранжарэя працуе ўвесь год.

Унутры сад падзелены алеямі на тэматычныя сэктары, якія ў сваю чаргу падзяляюцца дробнымі сьцежкамі на асобныя ўчасткі. Кожная алея абсаджаная адпаведнай пародаю дрэваў: арэхам, дубам, райскімі яблынямі, чаромхай Маака, ясенем, ялінамі, ліпаю, туяй, бярозай, срэбным клёнам. Кожны сэктар прысьвечаны гэаграфічнаму рэгіёну, зь якога паходзяць расьліны: Беларусь, Заходняя Эўропа, Каўказ і Крым, Паўночная Амэрыка, Сыбір, Усходняя Азія, Цэнтральная Азія. Акрамя таго, маецца кветнік з рознымі кветкамі, ляндшафтны парк, каменістыя горкі, невялікае штучнае возера ды інш.

Батанічныя калекцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзякуючы як вялікай плошчы, так і шматгадовай працы батанікаў, ЦБС стаў адным з найбуйнейшых батанічных садоў Эўропы па складу батанічных калекцый (больш за 9 тысячаў найменьняў, у тым ліку 2,3 тыс. расьлінаў закрытага грунту, каля 2 тыс. дрэваў). Асабліва батанічны сад ганарыцца вельмі поўнай калекцыяй розных відаў глогу, вялікай калекцыяй рададэндранаў, шматлікіх сартоў бэзу, цюльпанаў. Многія дрэвы пазначаныя шыльдамі з назваю, робячы палёгку тым, хто ня ведае батанікі. Аднак большасьць батанічных садоў Эўропы разьмешчана ў больш цёплым клімаце, таму шмат якіх відаў, звычайных у іх, у менскім ЦБС няма. У адпаведнасьці з Канвэнцыяй аб біялягічнай разнастайнасьці (Рыя-дэ-Жанэйра, 1992) ЦБС рэгулярна абменьваецца насеньнем з 240 батанічнымі садамі замежных краінаў.

Сярод іншых расьлінаў саду можна адзначыць:

— цюльпанавае дрэва, альбо лірыядэндран цюльпанакветны, родам з ЗША. У ЦБС як мінімум 2 дрэвы, адно зь іх каля кветніку. Лісьце падобнае да клёну, але без цэнтральнага выразу, кветкі падобныя да цюльпанаў

— явар, дрэва, апетае ў шматлікіх народных песьнях («Явар і каліна» ды інш.)

— ціс, які нагадвае яліну, але з чырвонымі (увосень) ягадамі. Рос на Беларусі ў часы Александрыйскага міжледавікоўя, пазьней зьнік. Успамінаецца ў «Слове аб палку Ігаравым».

— зялёнакоры клён — дрэва родам з Паўночна-ўсходняй Азіі, вызначаецца карой зь зялёных і белых палосак

— катальпа — дрэва зь незвычайна вялікім лісьцем

— ядомы каштан — на Беларусі яму занадта холадна, рос невялікім хмызьняком, магчыма, ўжо загінуў

Фотагалерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Н. В. Шкутко «Хвойные экзоты Белоруссии и их хозяйственное значение», Мн, 1970

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Древесные растения Центрального ботанического сада АН БССР, Мн., 1982

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000155