Дом Козінай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
даходны дом
Дом Козінай
Дом Козінай да рэстаўрацыі. 2009 год
Дом Козінай да рэстаўрацыі. 2009 год
Краіна Беларусь
Горад Менск
Адрас вуліца Кірава, 5
Каардынаты 53°53′37.42″ пн. ш. 27°33′06.34″ у. д. / 53.8937278° пн. ш. 27.5517611° у. д. / 53.8937278; 27.5517611Каардынаты: 53°53′37.42″ пн. ш. 27°33′06.34″ у. д. / 53.8937278° пн. ш. 27.5517611° у. д. / 53.8937278; 27.5517611
Архітэктурны стыль эклектыка
Дата заснаваньня 1890
Будаваньне ???—1890-я
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Дом Козінай на мапе Беларусі
Дом Козінай
Дом Козінай
Дом Козінай
Дом Козінай на Вікісховішчы

До́м Ко́зінай, альбо Буды́нак было́й Аляксе́еўскай прыва́тнай васьмікля́снай з права́мі ўра́давай жано́чай гімна́зіі Е. Д. Рэ́йман — будынак у Менску, помнік архітэктуры ў стылі эклектыкі, пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя. Месьціцца па вуліцы Кірава, 5.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гімназія Рэйман

Пабудаваны як даходны дом у 1890-я гады па адрасе Пецярбурскі завулак, 8рог Пецярбурскага завулку і Міхайлаўскай вуліцы, даходны дом Козінай Алены Сямёнаўны[1][2]. У 1905 годзе на гэтым будынку былі разьмешчаныя кулямёты, зь якіх расстрэльвалі ўдзельнікаў дэманстрацыі, якія беглі з Прывакзальнай плошчы (Курлоўскі расстрэл)[2]. Не пазьней за 1913 год — дом Эйсымонта[3]. У 1913 годзе ў будынак пераяжджае Аляксееўская прыватная жаночая гімназія Елізаветы Дзьмітрыеўны Рэйман. Быў надбудаваны чацьверты паверх, зьмененая пляніроўка. Тут жа месьцілася ўпраўленьне чацьвертай паліцэйскай часьці гораду. У 1923 годзе ў будынку адкрылася сярэдняя ўзорная чыгуначная школа № 25. Пазьней ёй было прысвоенае імя Аляксандра Чарвякова[4]. Пазьней у будынку быў разьмешчаны камітэт па адукацыі Менгарвыканкаму. Цяпер у доме месьціцца Суд Эўразійскай эканамічнай супольнасьці(ru).

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак уяўляе цагляны трапэцападобны чатырохпавярховы будынак з двума ўваходамі — з боку галоўнага і дваровага фасадаў[5]. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным рызалітам і бакавымі зрэзанымі кутамі з трохкутнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэньні ў цэнтры. Фасады насычаныя дэкаратыўнымі дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элемэнты, як, напрыклад, руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы вокнаў, карнізы, картушы і інш. былі пакрытыя белай тынкоўкай[5]. Уваход з боку вуліцы Кірава вылучаны трохкутным франтонам са стылізаваным арачным завяршэньнем. Па пэрымэтры будынка, паміж трэцім і чацьвертым паверхамі, праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся)[6].

Будынак ўзьведзены з адкрытай, неатынкаванай цэглы, таму адначасова адносіцца да так званага «цаглянага стылю», дзе кладка выкарыстоўвалася як канструкцыйны і адначасова дэкаратыўны матэрыял[5]. Маляўнічасьць гэтаму будынку надавалі кантрасныя суадносіны колеравай гамы фасадаў: чырвоная цэгла і асобныя ляпныя дэталі, пакрытыя белай тынкоўкай (капітэлі пілястраў, карнізныя паяскі, ляпныя ўстаўкі на франтоне галоўнага ўваходу, акантаванае лісьцё на замкавых камянях акон і інш.)[5].

Нутраная пляніроўка была зьмененая з улікам новага прызначэньня пад гімназічныя клясы. У цэнтры паміж дзьвюма лесьвіцамі знаходзіўся вэстыбюль. Пакоі клясаў месьціліся па пэрымэтры паверхаў дому[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Яхимович, С. М. Весь Минскъ: или спутникъ по г. Минску. — Минскъ типографія Фельдмана и Перскаго, 1911. — 130 с.
  2. ^ а б Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — С. 204. — 304 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-01-0729-9
  3. ^ Памятная книжка Минской губерніи на 1914 г.. — Минскъ. Губернская Типографія: Изданіе Минскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1913. — С. 79. — 461 с.
  4. ^ Здание женской гимназии Рейман (рас.). minsk-minsk.by. Праверана 15 верасьня 2015 г.
  5. ^ а б в г д Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 337-338. — 338 с. — ISBN 978-985-01-0880-7
  6. ^ Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000068

Дом Козінайсховішча мультымэдыйных матэрыялаў