Перайсьці да зьместу

Летува

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Летувіская Рэспубліка»)
Летува
лац. Letuva

Lietuvos Respublika
Сьцяг Летувы Герб Летувы
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Vienybė težydi
Дзяржаўны гімн: «Tautiška giesmė»
Месцазнаходжаньне Летувы
Афіцыйная мова Летувіская
Сталіца Вільня
Найбуйнейшы горад Вільня
Форма кіраваньня Парлямэнцкая рэспубліка
Гітанас Наўседа
Інгрыда Шыманіце
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
120-е месца ў сьвеце
65 300 км²
1,35
Насельніцтва
 • агульнае (2016)
 • шчыльнасьць
138-е месца ў сьвеце
2 862 786[1]
45,3/км²
СУП
 • агульны (2012)
 • на душу насельніцтва
81-е месца ў сьвеце
$102 млрд[2]
$36 997[2]
Валюта Эўра (€) (EUR)
Часавы пас
 • улетку
EET (UTC+2)
EEST (UTC+3)
Незалежнасьць
 - Абвешчаная
 - Прызнаная
 - Згубленая
Незалежнасьць
 - Абвешчаная
 - Прызнаная
Ад Расейскае імпэрыі
16 лютага 1918
12 ліпеня 1920
1940
Ад СССР
11 сакавіка 1990
4 лютага 1991
Аўтамабільны знак LT
Дамэн верхняга ўзроўню .lt
Тэлефонны код +370
Мапа Летувы
Мапа Летувы

Летува́, Летуві́ская Рэспу́бліка (лет. Lietuvos Respublika) — дзяржава ў Паўночнай Эўропе, найбольшая з трох балтыйскіх краінаў. Мяжуе зь Беларусьсю на ўсходзе (724 км), з Польшчай на поўдні (110 км), з расейскай Калінінградзкай вобласьцю на паўднёвым захадзе (303 км) і з Латвіяй на поўначы (працягласьць мяжы 610 км). На захадзе амываецца Балтыйскім морам (даўжыня ўзьбярэжжа складае 99 км). Колькасьць насельніцтва краіны на 2016 год — 2 862 786 чалавек[1]. Сталіца і найбольшае местаВільня, у 1919—1939 гадох сталіцай была Коўна. Больш за 85% грамадзянаў этнічныя летувісы. Дзяржаўная мова — летувіская.

Сябра НАТО, Рады Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу, з 21 сьнежня 2007 году — паўнапраўны сябра Шэнгенскага пагадненьня.

Назва

Летува[3] — летувіская форма назвы Літва[4], афіцыйна ўзятая летувісамі для сваёй нацыянальнай дзяржавы па Першай сусьветнай вайне[5]. Шэраг гісторыкаў і мовазнаўцаў (Ян Станкевіч[6], Павал Урбан[7], Мікола Ермаловіч[8], Аляксандар Краўцэвіч[9][10][11], Генадзь Сагановіч[12], Ніна Баршчэўская[13], Эдвард Зайкоўскі[14], Тымаці Снайдэр[15], Эндру Ўілсан[16], Норман Дэвіс[17], Уладзімер Арлоў[18], Зьміцер Санько[19], Анатоль Астапенка[20] ды іншыя) зьвяртаюць увагу на аб’ектыўную патрэбу тэрміналягічнага адрозьненьня гістарычнай Літвы і сучаснай Летувы.

З 1990-х гадоў летувісы выступаюць супраць ужываньня саманазвы ўласнай дзяржавы ў іншых мовах (хоць у выпадку іншых уласных імёнаў, зьвязаных зь Вялікім Княствам Літоўскім, яны ў тэкстах на іншых мовах, наадварот, выкарыстоўваюць летувіскія формы[4]), тым часам гэтая тэрміналёгія мае даўнюю традыцыю ў самой Летуве. Напрыклад, у 1928 годзе для шматлікай супольнасьці расейскіх старавераў, што жылі ў Летувіскай рэспубліцы, на заказ урадоўцаў зрабілі афіцыйны расейскі пераклад дзяржаўнага гімну, які пачынаўся словамі: рас. «Летува, отчизна наша…»[18] (увогуле, назва «Летува» — рас. «Маленькая Летува… Миленькая Летува» — ужывалася ў перакладзе летувіскай песьні яшчэ ў трэцім томе выданьня «Живописная Россия(ru)», які выйшаў з друку ў 1882 годзе[21][a], а назву краіны «Літува», народу «літувы» або «літувя» з вытворным прыметнікам «літуўскі» яшчэ ў 1850 годзе ўжываў летувіскі аўтар Даніла ў часопісе Міністэрства народнай асьветы[23]).

У 1930-я гады, калі Ліга Нацыяў фактычна прызнала адыход Віленшчыны зь Вільняй да заходнебеларускага абшару, у летувіскім друку загучалі прапановы зьмяніць назву дзяржавы на Жамойць — разам зь зьменай дзяржаўнага гербу (варыянту Пагоні) на жамойцкага Мядзьведзя[24].

Назва Летува пасьлядоўна ўжываецца па Другой сусьветнай вайне ў клясычнай моўнай норме Беларускай дыяспары[25] — у адрозьненьне ад наркамаўкі, дзе савецкія ўлады дазволілі толькі варыянт «Літва». Напрыклад, у тэкстах Аляксандра Надсана сустракаецца пераважна Летува, летувіскі, летувіс (а ў размове таксама жмудзін, Жмудзь). У 1960—1970-я гады ў часопісе «Божым шляхам» у многіх тэкстах ужываліся словы Летува, летувіскі (у Часлава Сіповіча, Льва Гарошкі). Тое ж назіралася ў мове беларускага друку Паўночнай Амэрыкі: у тэкстах Сяргея Хмары ўжываецца Летува ў апісаньні праекту летувіскай дзяржаўнасьці з сталіцай сьпярша ў Коўне, потым у Вільні. Газэта беларусаў ЗША «Беларус» ўжывае выняткова Летува. Словы Летува, летувіс і летувіскі фіксуюцца ў неапублікаваным «Беларуска-францускім слоўніку» Льва Гарошкі[19].

Як адзначаецца ў энцыкляпэдычным даведніку «Народная культура Беларусі» (пад рэдакцыяй доктара гістарычны навук Віктара Цітова), які выйшаў у 2002 годзе ў выдавецтве Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі: «Сучасныя Л. называюць сваю краіну Летувой, а сябе — летувісамі, і гэтыя назвы зьяўляюцца больш дакладнымі і гістарычна апраўданымі, чым „Літва“ і „літоўцы“, якія на працягу некалькіх вякоў ужываліся ў адносінах да Беларусі»[26].

Праўнік Кірыл Касьцян зьвяртае ўвагу на тое, што ўжыванне тэрміну Летува ў беларускай гістарычнай навуцы мае ня толькі лягічнае абгрунтаваньне, але і адпавядае эўрапейскаму досьведу датычна асэнсаваньня спадчыны шматэтнічных данацыянальных дзяржаўных фармаваньняў. Найяскравейшым прыкладам ёсьць шматнацыянальная дзяржаўная фармацыя ў цэнтры Эўропы — Вугорскае каралеўства (Regnum Hungariae) як асобна, так і як частка Аўстра-Вугоршчыны (Österreichisch-Ungarische Monarchie). Хоць самі вугорцы называюць сябе мадзярамі (адзіночны лік magyar, множны лік magyarok), а сваю краінуMagyarország незалежна ад гістарычнага кантэксту, назва гістарычнай Вугоршчыны ў мовах розных славянскіх народаў, якія калісьці мелі дачыненьне да гэтай фармацыі, адрозьніваецца ад назвы нацыянальнай дзяржавы вугорскага народу, якая існуе на частцы тэрыторыі былой шматнацыянальнай краіны (напрыклад, чэскае Uhersko датычна гістарычнай Вугоршчыны, але Maďarsko датычна сучаснай)[27].

Вялікае Княства Літоўскае і сучасная Летува

У дзяржаўнай палітыцы

У Прэамбуле Канстытуцыі Летувы падкрэсьліваецца, што менавіта летувіскі народ «шмат вякоў таму стварыў Летувіскую дзяржаву» і што «яго (народу) праўны фундамэнт грунтуецца на (сярэднявечных) Літоўскіх Статутах», а ў артыкуле 17 сьцьвярджаецца, што «сталіцай Летувіскай дзяржавы ёсьць места Вільня — шматвекавая гістарычная сталіца Летувы»[28]. Усе гэтыя палажэньні грунтуюцца на «гістарычных правах», а ў цэнтры ўсёй канцэпцыі знаходзіцца паняцьце народ (лет. tauta). Такім чынам, на падставе «гістарычных правоў летувіскага народу» сучасная Летувіская дзяржава прэзэнтуе сябе ў якасьці адзінай праваспадкаемцы Вялікага Княства Літоўскага, а сучасных летувісаў народам, цалкам тоесным ліцьвінам Вялікага Княства Літоўскага[29]. Больш таго, аналіз гэтых палажэньняў Канстытуцыі дазваляе сказаць, што афіцыйнымі ўладамі Летувы Вялікае Княства Літоўскае разглядаецца як летувіская нацыянальная дзяржава[30].

Зьвяртаючыся, аднак, да значэньня слова народ (tauta) у летувіскай мове і вылучыўшы такім парадкам тры ключавыя словы дзеля аналізу адпаведнасьці паміж літоўскай нацыяй Вялікага Княства Літоўскага і летувіскай нацыяй Летувіскай Рэспублікі — тэрыторыя, мова і культура — можна прыйсьці да высновы, што тлумачэньне гістарычнай ролі летувіскага народу, якое прапануе Канстытуцыя Летувіскай Рэспублікі, ёсьць больш чым спрэчным, а летувіская нацыя не эквівалентная літоўскай нацыі ў аніводным з гэтых трох кампанэнтаў. З гэтай прычыны нельга казаць пра дзяржавастваральную ролю і дамінантнае становішча балтыйскай летувіскай меншасьці ў Вялікім Княстве Літоўскім[30].

У той жа час этнічная група, зь якой сфармавалася сучасная летувіская нацыя, была адной з складовых частак шматэтнічнага ВКЛ, таму летувісы маюць неад’емнае права на пэўную частку спадчыны гэтай дзяржавы.

У летувіскай гістарыяграфіі

Па Другой сусьветнай вайне ў сусьветнай гістарыяграфіі замацавалася «летувісацэнтрычная» канцэпцыя разгляду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Такая сытуацыя склалася на падставе шматлікіх публікацыяў летувіскіх гісторыкаў у замежных акадэмічных крыніцах яшчэ за савецкім часам. З прычыны браку крытычнага гледзішча (беларускую гістарыяграфію савецкія ўлады цалкам вынішчылі яшчэ ў 1930-я гады, а яе аднаўленьне адбылося толькі да пачатку 1990-х гадоў) сусьветная навуковая супольнасьць паступова пачала ўспрымаць нічым не падмацаваныя гіпотэзы гэтых аўтараў як «бясспрэчныя факты»[31], тым часам некаторыя летувіскія гісторыкі ня грэбавалі нават наўмыснымі падтасоўкамі і фальсыфікацыямі[30][32]. Увогуле, у межах інтэрнацыянальнага СССР толькі ў Летуве з дазволу Масквы побач з камуністычнай існавала нацыяналістычная ідэалёгія, заснаваная на гістарычных мітах (у савецкай гістарыяграфіі спадчына Вялікага Княства Літоўскага абвяшчалася выняткова летувіскай, а Вільня — спрадвечна летувіскім местам[33]), — рэч парадаксальная і абсалютна немагчымая ў іншых рэспубліках[34]. За савецкім часам у Летуве выйшлі сотні навуковых і навукова-папулярных выданьняў, дзе такі падыход усяляк прапагандаваўся і абгрунтоўваўся. Да прыкладу, у кнігу «Lietuvos piles» (бел. Летувіскія замкі) улучылі Наваградзкі, Мірскі, Лідзкі, Полацкі і дзясяткі іншых беларускіх замкаў. Таксама рабіліся спробы залічыць у лік выдатных дзеячоў летувіскай культуры Францішка Скарыну[33].

З аднаўленьнем дзяржаўнай незалежнасцьі на старонках летувіскіх школьных падручнікаў працягваюць прапагандавацца сьцьверджаньні, што Вялікае Княства Літоўскае было летувіскай дзяржавай, кіроўная дынастыя Гедзімінавічаў — летувісамі, што ядро земляў ВКЛ знаходзілася на летувіскіх землях, а сталіца ВКЛ Вільня стаіць у цэнтры тых земляў. Паводле аўтараў летувіскіх падручнікаў «заваяваныя славянскія землі» былі толькі анэксамі (дадаткам), якімі кіравалі прадстаўнікі летувіскай княжай дынастыі. Сваім парадкам беларусы разглядаюцца ў гэтых выданьнях як бясспрэчная нацыянальная меншасьць, чые здабыткі (у хоць-якой галіне чалавечай дзейнасьці) мала паўплывалі на разьвіцьцё летувіскай нацыі і дзяржавы. Беларускія населеныя пункты згадваюцца аўтарамі звычайна ў выпадку асьвятленьня падзеяў той або іншай вайны[35].

На думку шэрагу беларускіх гісторыкаў, у сучаснай Летуве «гістарычная навука — частка дзяржаўнай ідэалёгіі», таму пры падтрымцы Летувіскай дзяржавы тамтэйшыя гісторыкі маюць шырокія магчымасьці ў прасоўваньні сваіх канцэпцыяў навонкі[30][31]. Як зазначае летувіскі гісторык Русьціс Камунтавічус, на 2023 год «летувісы лічаць, што ў беларусаў не было дзяржаўнасьці». Паводле актуальных летувіскіх школьных падручнікаў, «беларусы — шэрая маса, якую летувісы заваявалі ў сярэднія вякі». Апроч таго, Камунтавічус адзначае, што да сёньняшняга часу няма ніводнай кнігі беларускага гісторыка, якая б была перакладзеная на летувіскую мову. Паводле Камунтавічуса, «у адрознасьць ад летувісаў, чыя ідэнтычнасьць будуецца ў апазыцыі да іншых (для іх амаль усе суседнія народы — ворагі), беларусы імкнуцца з усімі жыць у згодзе»[36]. Таксама ён падкрэсьлівае: «гэта прыніжэньне беларусаў — скарачаць іх гісторыю і сьцьвярджаць, што вось яны толькі нядаўна зьявіліся, а мы тут жылі спрадвеку» і што такое скарачэньне гісторыі Беларусі ёсьць актуальным для расейцаў, каб сьцьвярджаць, што да таго, як зьявіліся Беларусь і беларусы, усе былі адзінымі — русінамі, рускімі, былі часткай Расеі[37].

З пачатку спробаў аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці ў XX стагодзьдзі, у беларускай гістарыяграфіі робяцца спробы аспрэчаньня летувіскіх замахаў на спадчыну старадаўняй літоўскай дзяржавы. Адным зь першых дасьледнікаў, які аспрэчыў згаданыя замахі, быў Язэп Лёсік, які адназначна вызначаў спадкаемнасьць Беларусьсю Вялікага Княства Літоўскага і крытыкаваў замахі на згаданую спадкаемнасьць з боку Летувы, што знайшло адлюстраваньне ў артыкуле „Літва — Беларусь: гістарычныя выведы“, выдадзеным у 1921 годзе ў пачатку беларусізацыі ў БССР[38][39].

Гісторыя

Старажытнасьць

Зьяўленьне на тэрыторыі Летувы першых людзей адбылося ў пачатку сучаснага пэрыяду галацэну кайназойскай эры (10—8 тыс. год да н. э.). Амаль да XVIII тысячагодзьдзя да н. э. тут панавала культура эпіпалеаліту. У VII—VI тысячагодзьдзях да н. э. на большай частцы сучаснай Летувы сфармавалася культура мэзаліту. Нэаліт пачаўся тут пазьней за час свайго сканчэньня на тэрыторыі цывілізацыяў паўднёвай Мэсапатаміі (IV ст. да н. э.). Бронзавыя вырабы зьявіліся на тэрыторыі Летувы ў другой чвэрці II тысячагодзьдзя да н. э., аднак іх мясцовая вытворчасьць пачалася толькі каля 1500 году да н. э. Жалезны век на Летуве працягваўся да сярэдзіны I тысячагодзьдзя н. э.

У IX і X стагодзьдзях продкі летувісаў займаліся пераважна паляваньнем, рыбалоўствам, зрэдку земляробствам; ёсьць згадкі пра бортніцтва і жывёлагадоўлю, асабліва на гадоўлю коняў, якіх ужывалі ў ежу. Гандлёвыя зносіны ў летувісаў былі з гарадамі славяна-балтыйскага памор’я і зь зямлёй крывічоў: яны зьмянялі шкуры, мяхі, воск на мэталічныя вырабы і зброю. Сярод летувісаў рана сустракаюцца зародкі станаў: існавалі роды, якія валодалі шматлікай нявольнай чэлядзьдзю; з гэтых родаў абіраліся мясцовыя князі (кунігасы). Рабынямі (нявольная чэлядзь) былі галоўным чынам ваеннапалонныя. Жрэцкі стан не складаў асобай касты, ён меў велічэзнае значэньне ў народзе і быў даволі шматлікім. Жрацы ў летувісаў зваліся вайдэлотамі, былі і жрыцы вайдэлоткі. Багам сваім летувісы ахвяравалі жывёлаў, а ва ўрачыстых выпадках — і людзей. Пры пахаваньні знаць спальвалі разам з улюбёнымі прадметамі і рабынямі. Замагільнае жыцьцё летувісы ўяўлялі працягам сапраўднага[40].

Да XIII стагодзьдзя ў продкаў летувісаў не было аб’яднаўчай палітычнай улады, як не было і аб’яднаўчых цэнтраў-гарадоў. У другой палове XIII ст. у крыніцах згадваюцца асобныя правадыры, але ўлада іх пашыралася толькі на малаважную тэрыторыю, на сельскія акругі[40].

Яшчэ ў XII ст. з заснаваньнем факторыі любецкіх купцоў ва ўтоцы Дзьвіны пачалася нямецкая ваенная экспансія на тэрыторыю сучасных Латвіі й Летувы. 22 верасьня 1236 году адбылася гістарычная перамога жамойцкіх войскаў над мечаносцамі пад Шаўлямі, у выніку чаго нямецкі ціск з поўначы быў спынены больш чым на дзесяцігодзьдзе.

Францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў і наяўнасьць фінскага субстрату ў летувісаў[41].

Працэс уваходжаньня этнічных летувіскіх зямель у склад Вялікага Княства Літоўскага

Рост Вялікага Княства Літоўскага

Аб’яднаньне большасьці зямель продкаў сучасных летувісаў у складзе Вялікага Княства Літоўскага расьцягнулася на пэрыяд з другой чвэрці XIII і да першай чвэрці XV стагодзьдзя. Значную ролю ў гэтым працэсе сыграла неабходнасьць супрацьстаяць крыжацкай агрэсіі.

Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага мае повязі зь імем Міндоўга, які 6 ліпеня 1253 году каранаваўся ў Наваградку. Хаўрус Літвы зь Лівонскім ордэнам на падставе прыняцьця каталіцтва дазволіў ордэну патрабаваць у Міндоўга «мірнай» перадачы яшчэ не ахрышчаных зямель. Так, у 1255 годзе Міндоўг напісаў грамату дарэньня Лівонскаму ордэну Селы, а ў 1259 — Скалвы, Нардувы, Паўночнай Судувы і Жамойці (гэта было пацьвярджэньне, Жамойць перайшла да Лівоніі яшчэ пры каранацыі Міндоўга) — большай часткі тэрыторыі сучаснай Летувы.

Літва. Мапа з атлясу 1692 году (перадрукоўвалася ў 1702 годзе)

Аднак жамойты паднялі паўстаньне, 13 ліпеня 1260 году адбылася бітва на Дурбэ, у якой загінула 130 рыцараў і магістар Лівонскага ордэна Бургхард Горнгузэн. У адказ папа Аляксандар IV арганізаваў падмогу Тэўтонскаму ордэну. На мяжы 1260—1261 гадоў лівонцы занялі два замкі ў Куроніі, але 3 лютага 1261 году жамойты разьбілі іх пры Лелвардэ. У канцы лета гэтага ж году дэлегацыя жамойтаў прыбыла да Міндоўга з просьбай прыняць Жамойць пад уладу Літвы і пачаць вайну супраць Тэўтонскага ордэна. Пад націскам Траняты Міндоўг задаволіў гэтую просьбу.

На працягу стагодзьдзя большая частка Жамойці знаходзілася ў складзе Вялікага Княства, аднак па сьмерці вялікага князя літоўскага Кейстута, у 1382 годзе, ягоны наступнік Ягайла аддаў гэтыя землі лівонцам. Жамойты неўзабаве паўсталі й зрынулі гэтую залежнасьць. У 1398 годзе вялікі князь Вітаўт зноў перадаў гэтыя тэрыторыі лівонцам, другасна жамойцкія землі перайшлі пад уладу немцаў па паўстаньні 1400—1401 гадоў. Вядома, што Вітаўт чатырохразова (у 1384, 1390, 1398 і 1404 гадох) аддаваў Жамойць Тэўтонскаму ордэну. Гэтая тэрыторыя хоць і была важнай, аднак выкарыстоўвалася вялікімі князямі літоўскімі ў якасьці разьменнай манэты ў іхняй тагачаснай замежнай палітыцы. Неаднаразовае выкарыстаньне Жамойці ў шматлікіх палітычных камбінацыях сьведчыць пра тое, што Вітаўт не ставіўся да яе як да роднай зямлі[42].

Канчатковае далучэньне большай часткі Жамойці да Вялікага Княства адбылося толькі па Грунвальдзкай бітве (1410 год), да якой большая частка цяперашняй Летувы знаходзілася пад акупацыяй крыжакоў і нават юрыдычна ўваходзіла ў склад крыжацкай дзяржавы[43].

Жамойцкія староства й біскупства

Гістарычны герб Жамойці
Жамойць на мапе 1659 году

Пад Жамойцю гістарычнай звычайна разумеюць дзьве адзінкі — адміністрацыйную (Жамойцкае староства), якая была асобнай палітычнай адзінкай Вялікага Княства Літоўскага, і касьцельную (Жамойцкае біскупства).

Вялікае Княства Літоўскае (без Жамойці), 1770 г.

У 1413 годзе Жамойць на падставе прывілею вялікага князя Вітаўта атрымала статус аўтаноміі, пацьверджаны ў 1441 годзе вялікім князем Казімерам. Такім чынам, Жамойць стала самакіравальнай тэрыторыяй, пазьней вядомай як Жамойцкае староства, а ейны статус сёньня б значыў сувэрэнітэт у межах Вялікага Княства Літоўскага. На просьбу жамойтаў, якія хацелі падкрэсьліць сваю адрознасьць ад ліцьвінаў і русінаў, зьявіўся асобны дадатак да найменьня дзяржавы, якая пачала называцца Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. У 1492 годзе вялікі князь Аляксандар даў Жамойці «земскі прывілей» (на беларускай мове), у першым пункце якога ён забараняў казаць падданым, што жыхароў Жамойці далучылі да Вялікага Княства Літоўскага сілай, а не паводле добрай волі: «Найпярвей, хочам, іж ім [жыхарам Жамойці] жадны ня маець мовіці, альбо на вочы ісьціць, іж бы празь меч, альбо цераз оныі валкі былі звалчоныя, але з добраю волею прысталі»[44]. Адно з пазьнейшых сьведчаньняў захаваньня адасобленасьці — асобнае пералічэньне жамойцкіх харугваў у рэестры дзяржаўнага войска ў XVI стагодзьдзі. Апроч таго, жамойты неаднаразова зьвяртавліся ў Сойм з просьбамі не прызначаць ім на адміністрацыйныя пасады «чужынцаў»-ліцьвінаў. Такія ж звароты накіроўваліся да вялікіх князёў[45]. Жамойцкае староства заставалася асобнай адміністрацыйнай адзінкай з дакладна акрэсьленымі межамі ўсё далейшае існаваньне Вялікага Княства Літоўскага да 1795 году.

Аднак Жамойць гістарычная ў рэлігійным, а г. зн. і ў культурным, кантэксьце выходзіла па-за межы Жамойцкага староства, у прыватнасьці ўсходняя мяжа Жамойцкай дыяцэзіі ня цалкам адпавядала палітычнай мяжы Літвы і Жамойці, ахопліваючы, сярод іншага, частку суседняга з Жамойцкім староствам Упіцкага павету Троцкага ваяводзтва[30].

Да нашага часу Жамойць стала адным з этнаграфічных рэгіёнаў Летувы, які ня ёсьць ані палітычнай, ані адміністрацыйнай адзінкай. Аднак, нягледзячы на таки статус, улады Летувы зацьвердзілі межы Жамойци на афіцыйным узроўні[46]. Прытым летувіскі этнаграфічны рэгіён займае нашмат меншую тэрыторыю за Жамойць гістарычную[30].

Карта Вялікага Княства Літоўскага і Белай Русі (1687). Тэрыторыя сучаснай Беларусі пазначаецца як «Літва» (Lithuaniæ), а тэрыторыя сучаснай Летувіскай Рэспублікі як «Жамойць» (Samogitia)

Летувіская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім

Вокладкі першых летувіскіх слоўніка лац. Dictionarium trium linguarum (налева) і лемантара лет. Moksłas skaytima raszto lękiszko del mazu waykialu або польск. Nauka czytania pisma polskiego dla małych dziatek (направа)

Як падкрэсьлівае амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр: «летувіская мова цягам стагодзьдзяў не была мовай палітыкі»[47]. Насамрэч, палітычная, эканамічная, сацыяльная і культурная сытуацыя ў ВКЛ не была прыхільнай да летувіскай мовы, якая паводле летувіскага гісторыка З. Зінкявічуса была загнаная «ў ніжэйшую клясу ва ўласнай айчыне»[48]. Напрыклад, «вялікія князі літоўскія ніколі не друкавалі кнігаў на летувіскай мове»[47]. Больш за тое, паводле З. Зінкявічуса, «для летувіскай мовы сытуацыя была катастрафічнай, ёй не давалі разьвівацца, выштурхоўвалі з агульнага ўжытку ды й друкаваць пісьмовыя тэксты па-летувіску было цяжка». Пэўна таму летувіскія навукоўцы стала падкрэсьліваюць «адзінства арэалу летувіскай мовы праз палітычную мяжу паміж ВКЛ і Прусіяй». Сапраўды, «летувіскія граматыкі і слоўнікі доўгі час (да канца XVIII ст.) друкаваліся толькі ў Прусіі» (выняткам быў слоўнік Канстанціна Шырвіда, які выйшаў каля 1620 году, некалькі разоў перавыдаваўся і быў адзіным слоўнікам летувіскай мовы, выдадзеным на тэрыторыі ВКЛ да канца XVIII стагодзьдзя[49]). У сваю чаргу, «перасьледаваная стагодзьдзямі летувіская мова ўпершыню за сваю гісторыю атрымала статус дзяржаўнай» толькі ў першай Летувіскай Рэспубліцы (то бок у 1918 годзе)[50].

Такім чынам, выкарыстаньне летувіскай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім абмяжоўвалася максымум рэгіянальным узроўнем, у тым ліку асобнымі натарыяльна засьведчанымі перакладамі дзяржаўных актаў (як прыклад, летувіскі пераклад тэксту Канстытуцыі 3 траўня 1791 году)[30].

У складзе Расейскай імпэрыі і Прусіі

Губэрні Расейскай імпэрыі на тэрыторыі сучаснай Летувіскай Рэспублікі

У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэч Паспалітая была ліквідаваная, а рэшту яе тэрыторыі ўлучылі ў склад Расейскай імпэрыі, Аўстра-Вугоршчыны і Прусіі. Большая частка тэрыторыі сучаснай Летувы апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ўвайшла ў Ковенскую і часткова ў Віленскую, Сувальскую і Гарадзенскую губэрні. У першай палове XIX ст. ураджэнцы Жамойці (Д. Пашкевіч, Л. Юцэвіч, С. Даўкантас ды інш.) у сваіх этнаграфічных публікацыях пачалі задаваць эталёны летувіскасьці, якія пазьней пачалі выкарыстоўвацца іншымі дасьледнікамі дзеля ацэнкі адпаведнасьці «традыцыйнаму» і «этнічнаму». Значную ролю ў іх дасьледаваньнях адыграла канцэптуалізацыя «чыстых», «клясычных», «не закранутых вонкавымі ўплывамі» летувіскіх зямель. Лінгва-этнаграфічны калярыт Жамойці дазволіў выбудаваць значную адлегласьць ад «славянскага» і стварыць на аснове жамойцкага трывалы вобраз летувіскасьці з максымальным індэксам адрознасьці ад суседзяў[51]. Сярод іншага, у канцы XIX ст. на базе гістарычнай жамойцкай мовы — архаічных гаворак ваколіцаў Коўна, Шаўляў і Клайпеды — утварылася летувіская мова[52].

У 1854 годзе на старонках часопіса Библиотека для чтения(ru), які рэдагаваўся ўраджэнцам Віленшчыны прафэсарам-паліглётам Восіпам Сянкоўскім, зьявілася крытычная нататка датычна называньня часткі жамойтаў «літвой» (пазьнейшых «аўкштайтаў», абвешчаных «уласнымі літоўцамі», якія насяляюць «Аўкштоту» — «Верхнюю або ўласную Літву»), а жамойцкай мовы — «літоўскай»[53]:

Я хачу яшчэ аддаць гістарычнай і філялягічнай крытыцы сябраў віленскага камітэту самы тэрмін Літва. Я не зусім разумею адрозьненьне, якое робяць яны ў адным і тым жа чудзкім народзе, паміж Літвою і Жамойцю. Мне здаецца, што дарма адну частку гэтага народа называюць Літвою, тады як іншай пакідаюць агульную і сапраўдную назву ўсяго народа, Жамойць. Абедзьве яны — тая ж Жамойць. Слова Літва зусім не літоўскае[b] і яно належыць столькі ж і яшчэ больш славянскай частцы ранейшага літоўскага гаспадарства, як і чудзкай. Калі жыхары чудзкай часткі адгукаюцца, што яны — Літува і што яны кажуць літувішкі, па-літоўску, гэта па-мне значыць толькі, што яны ўжываюць на свой асабісты рахунак агульную палітычную назву гаспадарства, а не сваю племянную назву. Гэтак жа цяперашнія Грэкі, Італьянцы і паўднёвыя Швайцарцы, таму, што некалі знаходзіліся пад рымскім валадарствам, выхваляюцца, нібыта яны — Рымляне і гавораць па-рымску (Romeі, Rumanі, Roman). Латышы, альбо Леты, чудзкія людзі аднаго кораня зь літоўскай Чудзьдзю, не называюць сябе Літвою; такім чынам, і сястра іхняя, літоўская Чудзь, этнаграфічна, ня мае права на гэтую назву. Уся яна — Жамогусы, Жамогі альбо Жамодзі, Сямогі альбо Сямодзі, адкуль ўтварыліся словы Жамойць і Самагіція. Латышы таксама называюць сябе Земме, Семме, а гэта значыць толькі «свая зямля» падобна таму, як Сома альбо Суомі, «свая зямля» Фінляндыя і Суомалайне, «людзі сваёй зямлі», Фіны, альбо Фінляндцы. Жамогус альбо жмогус значыць — чалавек. Яны проста — людзі, а ня літоўцы. Вядома, што ў прыбалтыйскіх Чудзкіх пакаленьнях няма асобых назваў для іх моваў: кожнае запэўнівае, што яно гаворыць на мове ма-кіль, «мове зямлі». Як у літоўскай Чудзі, альбо Жамогусаў, відаць, не было асобай назвы дзеля народнай мовы, то яна тым больш ахвотна пагадзілася называць яе «літоўскай», што слова «Літва» было палітычным тытулам знакамітай дзяржавы, якой Чудзь гэтая належала.

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Я хочу еще подвергнуть исторической и филологической критике членов виленского комитета самый термин Литва. Я не совсем понимаю различие, которое делают они в одном и том же чудском народе, между Литвою и Жмудью. Мне кажется, что понапрасну одну часть этого народа называют Литвою, тогда как другой оставляют общее и настоящее название всего народа, Жмудь. Обе они — та же Жмудь. Слово Литва вовсе не литовское и оно принадлежит столько же и еще более славянской части прежнего литовского господарства, как и чудской. Если жители чудской части отзываются, что они — Литува и что они говорят литувишки, по-литовски, это по-мне значит только, что они употребляют на свой личный счет общее политическое название господарства, а не свое племенное название. Точно так же нынешние Греки, Валахи и южные Швейцарцы, потому, что некогда находились под римским владычеством, хвастаются, будто они — Римляне и говорят по римски (Romei, Rumani, Roman). Латыши, или Леты, чудские люди одного корня с литовскою Чудью, не называют себя Литвою; следовательно, и сестра их, литовская Чудь, этнографически, не имеет права на это название. Вся она — Жемогусы, Жемоги или Жемоди, Семоги или Семоди, откуда произошли слова Жмудь и Самогиция. Латыши также называют себя Земме, Семме, а это значит только «своя земля» подобно тому, как Сома или Суома, «своя земля» Финляндия и Суомалайне, «люди своей земли», Финны, или Финляндцы. Жемогус или жмогус значит — человек. Они просто — человеки, а не литовцы. Замечательно, что у прибалтийских чудских поколений нет особенных названий для их языков: каждое уверяет, что оно изъясняется на языке ма-киль, «языке земли». Как у литовской Чуди, или Жемогусов, вероятно, не было особенного названия для народного языка, то она тем охотнее согласилась называть его «литовским», что слово «Литва» было политическим титулом знаменитого государства, которому Чудь эта принадлежала.

У 1861 годзе ў афіцыйным прадстаўленьні папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Аляксандра Шырынскага-Шыхматава(ru) да генэрал-губэрнатара Ўладзімера Назімава(ru) адзначалася, што большасьць сельскага насельніцтва Ковенскай губэрні — жамойты, якія размаўляюць па-жамойцку, тым часам большасьць сельскага насельніцтва Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губэрніяў размаўляюць па-беларуску. Адпаведна, у народных вучэльнях дзеля першых прапаноўвалася выкладаць па-жамойцку, а дзеля другіх — толькі па-расейску. Тым часам летувісы (рас. литовцы) і летувіская мова (рас. литовский язык) не ўпаміналіся:

« Так, у большай частцы Ковенскай губэрні, населенай жамойтамі, якія маюць сваю пісьменнасьць, хоць яшчэ і нязначную, але якая прадстаўляе ўжо для народу малітоўнікі, календары і некаторыя іншыя карысныя кнігі на жамойцкай мове, на якой народ слухае пропаведзі ў касьцёлах і спавядаецца ў гэтай губэрні, навучаньне ў пачатковых вучэльнях жамойцкай грамаце варта дазволіць, выкладаньне ж польскай мовы, на якой гавораць абшарнікі і чыноўнікі, у гэтыя вучэльні ня ўводзіць, пакінуўшы яе толькі ў гімназіях і прагімназіях. У губэрнях жа Віленскай, Гарадзенскай і Менскай вялікая частка сельскага насельніцтва размаўляе беларускай гаворкай, таму і народныя вучэльні ў гэтых мясцовасьцях маюць быць чыста расейскімі.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
Так, в большей части Ковенской губернии, населенной жмудинами, имеющими свою письменность, хотя еще и незначительную, но представляющую уже для народа молитвенники, календари и некоторыя другие полезные книги на жмудском языке, на котором народ слушает проповеди в костелах и исповедуется в этой губернии, обучение в первоначальных училищах жмудской грамоте следует допустить, преподавание же польского языка, которым говорят помещики и чиновники, в эти училища не вводить, оставив его только в гимназиях и прогимназиях. В губерниях же Виленской, Гродненской и Минской большая часть сельского населения говорит наречием белорусским, поэтому и народные училища в этих местностях должны быть чисто русскими.
»

—Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 4—5.

У 1862 годзе ў прадстаўленьні Аляксандра Шырынскага-Шыхматава да кіраўніка Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі Аляксандра Галаўніна(ru) адзначалася, што адной з мэтаў адкрыцьця школаў на Жамойці (пад якой найперш разумелася этнічна летувіская Ковенская губэрня) мусіць быць умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці зь бесьперапынным пераконваньнем тамтэйшых сялянаў, што яны жамойты і літоўцы (ліцьвіны) і што ўлады Расейскай імпэрыі жадаюць не абмаскаліць іх, а наблізіць іхныя інтарэсы да інтарэсаў Расеі:

« На Жамойці — умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці, зусім не варожай Расеі і ўраду ў ніжэйшых пластах насельніцтва, і бесьперапыннае ўнушэньне сялянам, што яны не палякі, а жамойты і літоўцы, і што Расея не жадае зусім абмаскаліць іх, а хоча толькі зблізіць іх інтарэсы з інтарэсамі дзяржавы.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
На Жмуди — укрепление жмудской национальности, вовсе не враждебной России и правительству в низших слоях населения, и постоянное внушение крестьянам, что они не поляки, а жмудины и литовцы, и что Россия не желает вовсе обрусить их, а хочет только сблизить их интересы с интересами государства.
»

—Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 22.

Шыльда летувіскай школы (лет. Lietuviška mokykla, рас. Литовское училище) на Лідзкай вуліцы ў цэнтры Вільні, 1912 год. Тым часам хоць-якія беларускія школы ў Расейскай імпэрыі заставаліся пад забаронай

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў расейскія ўлады надумалі падтрымаць летувіскі нацыянальны рух (які правільней называць «жамойцкім», бо летувісы ў той час называліся жамойтамі) у супрацьвагу моцным пазыцыям палякаў[54]. Царскі ўрад пачаў заахвочваць летувіскія асьвету і друк[34], летувіскую мову зрабілі мовай навучаньня ў Мар’ямпальскай дзяржаўнай вышэйшай вучэльні, якая стала цэнтрам падрыхтоўкі летувіскай эліты. Летувіскую мову таксама выкладалі ў Сейненскай і Сувалкаўскай гімназіях. Тым часам выкладаньне беларускай мовы ў школах усіх узроўняў апынулася пад забаронай[54]. Апроч гэтага, у час знаходжаньня пад расейскай уладай летувісы мелі нацыянальны касьцёл (яшчэ перад паўстаньнем біскуп Матэвус Валанчус дамогся дазволу адчыняць пры касьцёлах парафіяльныя школы з выкладаньнем па-летувіску[54]), тады як беларусы па зьнішчэньні ў 1839 годзе Ўніяцкай царквы згубілі сваю канфэсійную нішу[34].

Невялікая частка этнічных летувіскіх зямель (г. зв. «Малая Летува») засталася ў складзе Прусіі, дзе ў спрыяльных для разьвіцьця ўласнай культуры ўмовах пражывала каля 100 000 балтаў. Гэта давала магчымасьць кантактаў з Эўропай, пашырэньню ў сьвеце зьвестак пра свае нацыянальныя патрэбы (да 1904 году ў Тыльзыце і Караляўцы па-летувіску выйшла каля 3300 найменьняў кніг і каля 120 пэрыядычных выданьняў агульным накладам некалькі мільёнаў асобнікаў[4]). Менавіта нямецкі (прускі) фактар быў вызначальным у справе дасягненьня Летувой незалежнасьці ў 1918 годзе і вырваў краіну з сфэры расейскага ўплыву[34].

Выдадзеная ў Расейскай імпэрыі летувіскамоўная паштоўка з рэпрадукцыяй малюнка Высокага Гарадзенскай губэрні (аўтар малюнка — Напалеон Орда) і подпісам: лет. Augštaičai, Gardino gubernijoje. Падобныя летувіскія паштоўкі выйшлі з краявідамі Наваградку, Крэва, Ліды, Геранёнаў

У другой палове XIX стагодзьдзя пачаў фармавацца летувіскі нацыянальны рух. Спрыяньне разьвіцьцю жамойцкай культуры і мовы расейскімі ўладамі прывяло да таго, што жамойцкае адраджэньне пачалося значна раней за беларускае. Дзеячы жамойцкага нацыянальнага руху пачалі выкарыстоўваць не назву Жамойць, а найменьне старадаўняй, пераважна славянскай дзяржавы з эпіцэнтрам у Беларусі — Вялікага Княства Літоўскага. Выпускнікі Мар'ямпальскай вучэльні Вінцас Кудзірка і Ёнас Басанавічус стварылі міт пра Вялікае Княства Літоўскае як выняткова летувіскую дзяржаву. Гэты міт пашырыўся і стаўся падмуркам да адбудовы летувіскамоўнай Летувы[54].

Летувіскія адраджэнцы прысвоілі ня толькі назву Літва (у форме Летува[4]), але і заявілі пра свае вынятковыя правы на гістарычную і культурную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, а таксама на сымболіку. Замест свайго гістарычнага гербу Мядзведзя жамойцкія дзеячы пачалі выкарыстоўваць Пагоню славянскага паходжаньня. А паколькі ў жамойцкай мове не было слова дзеля яе абазначэньня, жамойцкая эліта (а менавіта Сыманас Даўкантас) прыдумала яго, назваўшы Пагоню новым словам «Віціс»[9]. Як адзначае Тымаці Снайдэр, апроч расейскіх уладаў, фальшаваньню гісторыі ВКЛ спрыяла сацыяльнае паходжаньне дзеячоў летувіскага нацыянальнага руху, якія былі дзецьмі заможных сялянаў, а не шляхтай, і таму ня мелі адпаведнага кодэксу гонару[4]. Спазьненьне беларускага адраджэньня ў параўнаньні з жамойцкім прывяло да таго, што беларускія дзеячы, пачынаючы з Францішка Багушэвіча, прынялі назву, якая тады была пашыранай на Смаленшчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне, а таксама выкарыстоўвалася расейскім друкам ― беларусы.

За канцэпцыю ўтварэньня ВКЛ жамойцкія адраджэнцы ўзялі канцэпцыю балцка-славянскай канфрантацыі, якая ўзьнікла ў ходзе навуковай дыскусіі паміж польскімі і расейскімі дасьледнікамі ў канцы XIX ― пачатку XX стагодзьдзя. Паводле яе, падмуркам утварэньня Вялікага Княства Літоўскага была перамога раньнефэадальнага балцкага ўтварэньня над славянамі, ў выніку чаго гэтая новая краіна трансфармавалася ў Вялікае Княства Літоўскае. У канцы XX стагодзьдзя гэтую канцэпцыю зьняпраўдзіў Аляксандар Краўцэвіч, які сьцьвярджае, што ВКЛ ад самага пачатку была біэтнічнай балта-славянскай дзяржавай з дамінаваньнем славянаў, а балта-славянскія дачыненьні ў часы ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага насілі толькі мірны характар[55]. З больш славянацэнтрычнымі канцэпцыямі зь сярэдзіны XX стагодзьдзя выступілі гісторыкі Павал Урбан, Мікола Ермаловіч і Мікалай Шкялёнак, тэзісы якіх у лучнасьці зьняпраўджвалі балцкае паходжаньне першых князёў ВКЛ.

За часамі Першай сусьветнай вайны ўлетку 1915 году тэрыторыю сучаснай Летувы занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэньня браты Іван і Антон Луцкевічы разам з Вацлавам Ластоўскім выступілі з прапановай аднавіць Вялікае Княства Літоўскае з сталіцай у Вільні, аднак гэтая ідэя не знайшла падтрымкі ў летувіскіх дзеячоў[56].

«Коўна — цяперашняя сталіца Жамойці» (аўтар — Антоні Аляшчынскі, 1850 год)

Першая Летувіская Рэспубліка

Тэрыторыя Летувіскай Рэспублікі

16 лютага 1918 году Летувіская Рада або Летувіская Тарыба (лет. Letuvos Taryba) абвясьціла незалежнасьць Летувы[57]. 23 сакавіка яе незалежнасьць прызнаў нямецкі кайзэр[57]. 13 ліпеня 1918 году Тарыба абвясьціла каралём Летувы — Міндоўгасам (Міндоўгам) II — герцага віртэмбэрскага Вільгельма фон Ураха[57] згодна з чым дзяржава стала называцца Каралеўства Летува, але ўжо 2 лістапада таго ж году прыняла часовую канстытуцыю, згодна зь якой Летува стала рэспублікай[57].

23 лістапада 1918 году прэм’ер-міністар Аўгустынас Вальдэмарас выдаў загад утварыць 1-ы летувіскі полк і такім чынам запачаткаваў летувіскае войска[57]. Існаваньню маладой дзяржавы пагражалі бальшавікі, якія 22 сьнежня 1918 году прызналі ўрад Капсукаса і савецкую дзяржаўнасьць Летувы[58]. 8 лютага загінуў за бацькаўшчыну першы летувіскі жаўнер — Павіляс Люкшыс[59]. 25 жніўня летувіскае войска выціснула савецкія аддзелы, якія ўтрымлівалі апошні пункт апоры на тэрыторыі Летувы — места Езяросы[59]. 20—21 лістапада 1919 году каля Радзівілішкаў летувіскае войска перамагло бэрмонтчыкаў — расейскіх і нямецкіх белагвардзейцаў, якія атакавалі з тэрыторыі Латвіі[59].

Літва гістарычная і Летува («Літва этнаграфічная»). Рыга, 1920 г.

27 студзеня 1920 году адкрыліся вышэйшыя курсы ў Коўні, што было пачаткам летувіскай вышэйшай адукацыі[59]. 14—15 красавіка 1920 году адбыліся дэмакратычныя выбары ў Сойм (сабраўся празь месяц)[59].

Другой пасьля Нямеччыны істотнай сілай, што de jure прызнала незалежнасьць Летувы, быў бальшавіцкі ўрад Леніна, які 12 ліпеня 1920 падпісаў зь ёй Маскоўскую дамову. Гэтая дамова істотна падмацавала пазыцыю Летувы на міжнароднай арэне, што было асабліва важным ва ўмовах браку прызнаньня з боку дзяржаваў-хаўрусьніцаў. Згодна з дамовай, Савецкая Расея пакідала за летувісамі ня толькі Вільню, але і Горадню, Шчучын, Ліду, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў, адначасна дэкляравалася адмова ад далейшых прэтэнзіяў на летувіскую тэрыторыю[59]. Перадача Летуве этнічнай тэрыторыі беларусаў стала вынікам афіцыйных прэтэнзіяў яе ўраду, які прызнаваў, што большасьць мясцовага насельніцтва ня лічыць сябе летувісамі і ня ведае летувіскай мовы, але безапэляцыйна сьцьвярджаў, што гэта — зьбеларушчаная частка Летувіскай дзяржавы[60]. У сваю чаргу Летува мусіла прытрымлівацца нэўтралітэту ў ходзе савецка-польскай вайны, што гарантавала бясьпеку правага флангу войскаў Заходняга фронту ў яго наступленьні на Варшаву. Апроч таго, летувіскі бок абавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць «антысавецкіх арганізацыяў і груп», у тым ліку органаў БНР. Па падпісаньні дамовы летувіскі ўрад ліквідаваў асобныя беларускія вайсковыя часьціны, Міністэрства беларускіх справаў урэшце мусіла спыніць сваё існаваньне, а ў 1923 годзе Рада Беларускай Народнай Рэспублікі пераехала з Коўны ў Прагу[60].

Мапа «Летувіскае тэрыторыі», на якой у склад Летувы ўлучылі Горадню, Шчучын, Ліду, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў

Тэрыторыя Віленшчыны стала прадметам спрэчак паміж Летувой і Польскай Рэспублікай, якая катэгарычна адкінула летувіска-бальшавіцкую дамову. Пад націскам краінаў Антанты 7 кастрычніка 1920 году польская дэлегацыя мусіла падпісаць зь летувісамі Сувальскую дамову[59], якая рэгулявала граніцу паміж дзьвюма дзяржавамі на Сувальшчыне, Гарадзеншыне й Лідчыне да Бастунаў; граніца ў іншых месцах мела быць вызначанай наступнай дамовай або пастановай Найвышэйшай Рады Антанты. Аднак у выніку «бунту» дывізіі Люцыяна Жалігоўскага, які адбыўся 8 кастрычніка 1920 году, Вільню занялі польскія войскі[59]. Места на пэўны час стала цэнтрам Сярэдняй Літвы.

22 верасьня 1921 году Летува стала сябрам Лігі Нацыяў, не зьяўляючыся de jure прызнанай дзяржавамі-хаўрусьніцамі, такое прызнаньне краіна атрымала толькі 20 сьнежня 1922 году.

4 красавіка 1926 году Ватыкан адаптаваў межы летувіскіх біскупстваў да новых дзяржаўных граніцаў Летувы й утварыў летувіскую касьцельную правінцыю[61]. Віленшчына паводле ранейшага канкардату з Польшчаю (1925 год) падпарадкавалася польскім касьцельным уладам[62].

У 1926 годзе ў Летуве адбыўся дзяржаўны пераварот, які ператварыў краіну ў аўтарытарную дыктатуру. 28 верасьня 1926 году паміж СССР і Летувой была складзеная дамова аб ненападзе і нэўтралітэце, у якой «СССР пацьвердзіў, што ўсе палажэньні Маскоўскай мірнай дамовы 1920 году зь Летувой застаюцца дзейнымі»[63].

„О, Вільня, не забывайце, летувісы!“: летувіскі прапагандысцкі плякат 1924 году

У 1928 годзе Летува прыняла чарговую Канстытуцыю, у якой абвясьціла пра свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Віленшчыну. Згодна з гэтым і наступнымі дзяржаўнымі актамі, Вільня абвяшчалася сталіцай Летувы, а да атрыманьня летувісамі кантролю над местам, ролю «часовай сталіцы» выконвала Коўна. Увогуле, у пытаньні Віленскага краю палітыкі тагачаснай Летувіскай Рэспублікі наўпростава зьвярталіся да гісторыі, сьцьвярджаючы, што «гістарычныя правы і гістарычная прыналежнасьць мусяць вызначаць цяперашнюю прыналежнасьць»[64]. Яшчэ ў 1929 годзе гэта паказаў галяндзкі юрыст Райнэр Флаэс, адцеміўшы, што «летувіскі ўрад падкрэсьліваў, што калі места Вільня было сталіцай старога Вялікага Княства Літоўскага, яно мусіць стаць ядром новай (летувіскай) дзяржавы. Адзін ужо гэты факт мае быць вызначальным»[65]. Такім чынам, летувіская гістарычная школа часоў першай Летувіскай Рэспублікі цалкам абслугоўвала інтарэсы недэмакратычнай дзяржавы зь ейнымі экспансіянісцкімі памкненьнямі датычна ўсталяваньня кантролю над Віленскім краем[30].

17 сакавіка 1938 польскі ўрад запатрабаваў ўсталяваць дыпляматычныя зносіны пад пагрозай вайны, з чым летувісы пагадзіліся[66]. 22 сакавіка 1939 году ўлады Летувіскай Рэспублікі згадзіліся аддаць Трэцяму Райху рэгіён Клайпеды[61].

Дыскусіі пра дзяржаўны герб

Герб Летувы, 1920 г.

У 1920 годзе летувісы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт гербу Вялікага Княства Літоўскага Пагоні. Такім чынам, прысваеньне літоўскага гербу мусіла падмацаваць прэтэнзіі маладой Летувіскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім.

Аднак у 1920—1930-я гады шмат якія дзяржаўныя дзеячы Летувы паказвалі на неадпаведнасьць гербу менавіта летувіскай гістарычнай традыцыі. У 1935 годзе прэм’ер-міністар Летувіскай Рэспублікі Ёзас Тубаліс(lt) афіцыйна прызнаў не-летувіскае паходжаньне Пагоні і паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэньні новага дзяржаўнага гербу. З усяго відаць, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[67][68].

У савецкай зоне ўзьдзеяньня

Па здушэньні супраціву з боку войска Польскай Рэспублікі і адпраўленьня ў выгнаньне польскага ўраду, 28 верасьня 1939 году Трэці Райх і СССР падпісалі дамову аб дружбе і супольнай мяжы. Частку Польшчы, якая знаходзілася паміж Віслай і Бугам і паводле пакту Молатава-Рыбэнтропа мусіла перайсьці пад савецкую ўладу, кіраўніцтва СССР саступіла немцам ўзамен на дазвол захопу Летувы[69].

Міністар замежных справаў Летувы Ёзас Урбшыс(be) падпісвае ўмову з СССР аб узаемнай дапамозе і перадачы Летуве места Вільні, 10 кастрычніка 1939 г.

Нягледзячы на тое, што галава савецкай адміністрацыі Заходняй Беларусі яшчэ на пачатку верасьня 1939 году атрымаў паўнамоцтвы абвясьціць Вільню сталіцай Заходнебеларускай ССР[70], а летувіскае насельніцтва места складала толькі каля 1,5%[33], 10 кастрычніка была складзеная летувіска-савецкая дамова, згодна зь якой места Вільня зь Віленскаю вобласьцю, якія саветы занялі за часам агрэсіі на Польшчу, былі перададзеныя Летуве. Апошняя павінная была, аднак, пагадзіцца на ўвядзеньне савецкіх войскаў і будаўніцтва іхных базаў[69], што de facto азначала пачатак канца летувіскай незалежнасьці.

Беларускі пераклад[71] тэксту афіцыйнаага віншаваньня «пану Сталіну <…> глыбокапаважанаму Ёсіфу Вісарыёнавічу» ад міністра замежных справаў Летувы Ёзаса Ўрбшыса, 21 сьнежня 1939 г.

12 кастрычніка 1939 году старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка накіраваў пратэст прэзыдэнту Летувы Антанасу Сьмятоне супраць падпісаньня дамовы «аб пераходзе да Летувы беларускага места Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласьці», у якой паказаў на адказнасьць Летувы перад беларускім народам за гэты акт.

27 кастрычніка летувіскія адборныя войскі ўрачыста ўвайшлі ў Вільню[69]. Польскаму ўраду ў выгнаньні летувіскія ўлады заявілі, што ўвесь міжваенны час Вільня з праўнага гледзішча належала Летуве. Паводле кіраўніка новай віленскай адміністрацыі Антанаса Мяркіса, мэтай летувіскіх уладаў было «прымусіць усіх думаць, як летувісы» і «вывесьці зь Віленскага краю ўсялякі чужынскі элемэнт». Так, нязгодных мясцовых беларусаў з тэрыторыі незалежнай Летувы дэпартаваў яшчэ савецкі НКВД, а многім беларусам[72], палякам і габрэям, нават тым, якія нарадзіліся ў Вільні, было адмоўлена ў летувіскім грамадзянстве[70].

Увод савецкіх войскаў, чэрвень 1940 г.

21 лістапада Антанас Сьмятона зацьвердзіў апошні ў міжваенныя часы летувіскі ўрад зь Мяркісам на чале. 30 траўня 1940 году саветы неапраўдана зьвінавацілі летувіскі ўрад ў падрыхтоўцы замахаў на савецкіх вайскоўцаў і шпіёнстве[69]. 14 чэрвеня саветы ўручылі ўльтыматум, у якім яны запатрабавалі стварэньня новага летувіскага ўраду, асуджэньня высокіх летувіскіх урадоўцаў і дазволу ўвядзеньня большай колькасьці савецкіх войскаў. Летува мусіла прыняць гэтыя ўмовы[73].

15 чэрвеня савецкія войскі пачалі яўную акупацыю краю, прэзыдэнт Сьмятона ўцёк за граніцу. На наступны дзень у Летуву прыбыў намесьнік народнага камісара замежных справаў, пачалася саветызацыя. 17 чэрвеня быў створаны прамаскоўскі ўрад Юстаса Палецкіса, які 27 чэрвеня распусьціў Сойм 4-га скліканьня[74]. У ліпені прайшлі арышты найбольш вядомых летувіскіх палітычных дзеячаў[74]. 14—15 ліпеня адбыліся сфабрыкаваныя паводле ранейшых савецкіх схемаў «выбары» ў парлямэнт[74], да ўдзелу ў якіх дапусьцілі толькі адзін партыйны сьпіс: прасавецкі «Блёк працоўнага народу». Паводле афіцыйных зьвестак, у выбарах удзельнічала 1 386 569 чалавек, г.зн. 95,51% ад агульнай колькасьці выбарнікаў. За кандыдатаў «Блёку працоўнага народу» Летувы галасавала 1 375 349 выбарнікаў, г.зн. 99,19% ад тых, што бралі ўдзел у галасаваньні[75].

Летувіская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Сьцяг Летувіскай ССР

21 ліпеня 1940 кантраляваны камуністамі парлямэнт Летувы абвясьціў утварэньне Летувіскай ССР і папрасіў Вярхоўны Савет СССР прыняць ЛССР у склад СССР. 3 жніўня 1940 году Вярхоўны Савет СССР задаволіў гэтую просьбу. 25 жніўня была зьмененая канстытуцыя[74]. 11 лістапада ў Бэрліне ўтварыўся Фронт Актыўных Летувісаў, які згуртаваў дзеячоў антысавецкага падпольля[74]. Тым часам дзеля залагоджваньня летувісаў савецкія ўлады перадалі ў склад Летувіскай ССР яшчэ 2,6 тысячы квадратных кілямэтраў памежнай тэрыторыі Беларускай ССРэтнічную тэрыторую беларусаў зь Сьвянцянамі, Салечнікамі і Друскенікамі[76].

10 студзеня 1941 году Трэці Райх і СССР падпісалі дамову аб перасяленьні насельніцтва. З Райху перасялілі ў Летуву ня толькі летувісаў, але й 9,3 тыс. расейцаў і беларусаў[77]. 14 красавіка 1941 году на летувіскіх сялянаў наклалі высокія падаткі. 14 чэрвеня пачаліся масавыя дэпартацыі[77].

22 чэрвеня 1941 году пачалася нямецка-савецкая вайна. Пры адступленьні саветы забівалі палітычных вязьняў (у Правенішках — каля 400 асобаў). 23 чэрвеня ковенская радыёстанцыя абвясьціла дэклярацыю адраджэньня летувіскага народу[78]. Летува стала адной зь першых краінаў, дзе ў масавым маштабе пачаўся генацыд жыдоў (да канца 1941 году нацысты з дапамогай тысячаў летувіскіх добраахвотнікаў зьнішчылі 22 тысячы жыдоўскага насельніцтва Вільні)[79]. За часамі нямецкай акупацыі нацысты дазволілі летувісам стварыць паліцыйныя аддзелы самааховы Saugumas, якія ўзаконілі ў Вільні напады летувісаў на палякаў (апалячаных беларусаў). Пад прыкрыцьцём нямецкае ўлады летувіскія нацыянал-экстрэмісты заклікалі нацыстаў ачысьціць Вільню ад спалянізаванага насельніцтва і былі расчараваныя, калі выявілася, што немцы маюць іншыя пляны. Змаганьне паміж летувісамі й палякамі за Вільню перайшло на ўзровень грамадзянскай вайны мясцовага маштабу. З восені 1943 году падпольная польская Армія Краёва ў месьце і прылеглых раёнах нападала на падразьдзяленьні летувіскіх паліцыянтаў-калябарантаў і раззбройвала іх. У адказ летувіскія паліцыянты каралі сьмерцю цывільнае польскае насельніцтва. Каб адпомсьціць, палякі нападалі на летувіскія вёскі[70].

Па заняцьці Віленшчыны савецкімі войскамі (1944 год) Лаўрэнці Берыя, які тады ачольваў НКВД, пісаў Сталіну:

« Стаўленьне насельніцтва да вызваленьня Вільні з-пад нямецкай улады станоўчае. Насельніцтва выказвае задавальненьне, што імша ў касьцёлах будзе цяпер служыцца па-польску, а не па-летувіску. Насельніцтва таксама спадзяецца, што Вільня будзе далучаная да Заходняй Беларусі — абы не да Летувы. »

Летувізацыя Віленшчыны

Этнаграфічная мапа Ўсходняй Эўропы (Вільня — частка тэрыторыі, заселенай беларусамі), складзеная супрацоўнікамі Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША ў 1943 г.

Нягледзячы на меркаваньне віленчукоў і боязьнь летувісаў страціць Вільню праз факты масавай супрацы з нацыстамі, Сталін надумаў пакінуць места за Летувіскай ССР[80]. 30 траўня 1945 году, палітбюро ЦК Кампартыі Летувы пастанавіла скіраваць усе сілы рэспублікі на тое, каб выселіць зь Вільні большасьць тытульнага насельніцтва[70]. Летувіскі ўрад у асобе міністра асьветы Жугжды не дазволіў адчыніць у Вільні ніводнай беларускай школы, чаго дамагаліся Адам Станкевіч ды іншыя беларускія дзеячы. Летувіскія ўлады зачынілі беларускую гімназію і настаўніцкую сэмінарыю, а Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ліквідавалі і фактычна разрабавалі — большая частка яго збораў трапіла ў летувіскія музэйныя фонды і бібліятэку Акадэміі навук Летувы. Прытым Слуцкія паясы і ўрэцкае шкло абвясьцілі «вырабамі летувіскіх рамесьнікаў»[81]. Усё гэта адбывалася адначасна з новай хваляй рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі. Практычна ўсе беларускія нацыянальныя дзеячы і іх сем’і падпалі пад арышты і дэпартацыю[72]. Тым часам у 1944—1948 гадох каля 100 тысячаў віленчукоў, сярод якіх большую частку складалі беларусы[82], прымусілі запісацца палякамі і дэпартавалі ў камуністычную Польшчу[70]. Замест дэпартаваных месьцічаў на працягу толькі 1944—1946 гадоў у Вільню прыбыло каля 100 тысячаў новых жыхароў з этнічна жамойцкіх тэрыторыяў.

Летувіскія ўлады сьцьвярджалі, што беларусы — гэта «страчаныя летувісы», таму ў афіцыйных дакумэнтах (а таксама ў літаратуры, навуковых працах, на мэмарыяльных дошках) іх усяляк імкнуліся запісаць летувісамі[81]. Адпаведна, пачалося масавае перапісваньне прозьвішчаў з дабаўленьнем канчаткаў «-ас», «-ус», «-іс» мужчынскім прозьвішчам (напрыклад, Міцкевіч ― Міцкявічус), канчаткаў «-айце» і іншых ― жаночым (напрыклад, Астроўская ― Астраўскайце). Пэўныя прозьвішчы, увогуле, перакладаліся (напрыклад, Верабей ― Жвірбіліс). Сярод беларусаў павялічвалася беспрацоўе, яны дыскрымінаваліся пры ўладкаваньні на дзяржаўную службу[83]. Тыя, хто нарадзіўся па-за Віленшчынай, не маглі атрымаць летувіскага грамадзянства. Апроч таго, праводзілася перайменаваньне амаль усіх населеных пунктаў (Трокі — Тракай, Друскенікі — Друскенінкай, Сьвянцяны — Швянчоніс, Лаварышкі — Лаварышкес і г. д.). У выніку, не засталося амаль ніводнай беларускай назвы[72].

Зь іншага боку летувіскія ўлады праводзілі палітыку дэнацыяналізацыі беларускага насельніцтва Віленшчыны: на ўзгадненьне з Масквой і камуністычнай Польшчай, замест зачыненых беларускіх школаў насаджаліся польскія і расейскія, беларусаў дыскрымінавалі ў атрыманьні вышэйшай адукацыі — колькасьць студэнтаў-беларусаў у летувіскім Віленскім унівэрсытэце не перавышала 1%[81]. Замест ліквідаваных беларускіх выданьняў у савецкай Вільні пачала выходзіць польскамоўная газэта «Чырвоны штандар». Апроч таго, летувіскія ўлады не перашкаджалі ксяндзам-палякам пашыраць сярод беларусаў-каталікоў думку, што тыя — палякі[82].

Калі паводле зьвестак перапісу 1959 году, з 236 100 віленчукоў 34% назваліся летувісамі, 29% расейцамі, 20% палякамі і 6% беларусамі, то перапіс 1970 году засьведчыў, што летувісаў стала 50,5%, расейцаў 20%, палякаў 19%, а беларусаў 5%[84].

Разам з тым, савецкія ўлады ажыцьцяўлялі ў Летуве і тыповую рэпрэсіўную палітыку: у чэрвені — верасьні 1945 году дэпартавалі 6,3 тыс. чалавек[85] (у тым ліку і ўласна летувісаў), 22—23 траўня 1948 году — правялі Апэрацыю Вясна, накіраваную на ліквідацыю антысавецкага падпольля, але ахвярамі дэпартацыі сталі таксама заможныя гаспадары. Масавыя дэпартацыі прайшлі таксама 25—28 сакавіка 1949 году, калі вывезьлі 29 тыс. чалавек, 2—3 кастрычніка 1951 году (16 тыс. чалавек), у 1952 годзе (1,1 тыс. чалавек) і ў 1953 годзе[86]. 8 ліпеня 1948 году савецкія ўлады нацыяналізавалі храмы ўсіх веравызнаньняў. У 1950 годзе зьнішчылі вядомыя сымбалі сучаснай Летувы — скульптуры на франтоне Віленскае катэдры, помнік свабоды ў Коўне, зьмянілі дзяржаўны гімн[86]. У 1960 годзе Хрушчоў крытыкаваў рэканструкцыю замка ў Троках як ідэалізацыю фэадальнага ладу[87].

Аднак у адрозьненьне ад БССР і УССР, савецкае кіраўніцтва дазволіла Летуве, як і Латвіі з Эстоніяй, мець унівэрсытэт на мове тытульнай нацыі. Гэты летувіскамоўны Віленскі ўнівэрсытэт хутка стаў «раем для балцкіх дасьледаваньняў»[88]. Тым часам у адменнасьць ад сталіцаў іншых рэспублік, Масква дазволіла Летуве летувізацыю Вільні (калі Талін ці Рыґу хутка апанавала расейскамоўная працоўная сіла, Вільню павольна засяляла жамойцкая вёска[34]), у выніку чаго места пачало набываць летувіскае аблічча[30].

Такім чынам, у адказ на вонкавую ляяльнасьць летувіскіх камуністаў Масква фактычна дазволіла ў Летуве побач з камуністычнай і нацыяналістычную ідэалёгію: спадчына Вялікага Княства Літоўскага абвяшчалася выняткова летувіскай, а Вільня — спрадвечна летувіскім местам. За савецкім часам у Летуве выйшлі сотні навуковых і навукова-папулярных выданьняў, дзе гэтыя падыходы ўсяляк прапагандаваліся і абгрунтоўваліся[84]. Летува заняла вынятковае становішча сярод усіх эўрапейскіх саюзных рэспублікаў, маючы больш магчымасьцяў дзеля разьвіцьця нацыянальнага жыцьця, чым якая-кольвек зь іх. Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр тлумачыць гэта кампрамісамі паміж з аднаго боку Масквой і летувіскімі камуністамі, а з другога боку — летувіскай інтэлігенцыяй[89].

Летувіская Рэспубліка

Палітыка перабудовы і галоснасьці дала магчымасьць легальна існаваць руху за незалежнасьць Летавы — Саюдзіс. Незалежніцкія настроі пашыраліся. У 1989 годзе прайшоў Балтыйскі шлях, у якім каля 2 мільёнаў чалавек сталі на шашы Вільня — Талін і ўзяліся за рукі.

У пачатку 1990 году прайшлі першыя выбары ў Летувіскі сойм, на якіх удзельнічалі сябры Саюдзісу. Яны ж атрымалі большасьць месцаў. 11 сакавіка 1990 году Летувіскі сойм на чале зь Вітаўтасам Ландсбергісам абвясьціў незалежнасьць Летувы ад СССР — першай з савецкіх рэспублік. 17 верасьня 1991 году Летува стала сябрам ААН.

29 сакавіка 2004 году Летува ўвайшла ў НАТО, а 1 траўня 2004 году — у Эўрапейскі Зьвяз.

Дзяржаўны лад

Летува — унітарная дзяржава, форма кіраваньня — прэзыдэнцкая рэспубліка. Прэзыдэнт абіраецца простымі выбарамі на пяцігадовы тэрмін. Ён вызначае асноўныя кірункі замежнай палітыкі, лічыцца галоўнакамандуючым летувіскага войска. Прэзыдэнт вылучае парлямэнту на зацьверджаньне кандыдатуру прэм’ер-міністра, а потым паводле рэкамэндацыі апошняга — кандыдатуры сябраў Ураду, таксама як і шэраг іншых найвышэйшых дзяржаўных урадоўцаў і судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду (лет. Konstitucinis Teismas).

Аднапалатны летувіскі парлямэнтСойм — налічвае 141 дэпутата, якія абіраюцца на чатырохгадовы тэрмін. Крыху больш за палову дэпутатаў абіраюцца на аднамандатных акругах (71), а іншая частка (70) — паводле партыйных сьпісаў. Бар’ер праходжаньня ў Сойм для партыі роўны 5%.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Летува складаецца зь 10 паветаў (лет. apskritys), якія называюцца адпаведна з сваёй сталіцай:

  1. Аліта
  2. Коўна
  3. Клайпеда
  4. Мар’ямпаль
  5. Панявеж
  6. Шаўлі
  7. Таўрогі
  8. Цельшы
  9. Уцяна
  10. Вільня

Паветы падзяляюцца на акругі. Некаторыя буйныя гарады ўтвараюць самастойныя адміністрацыйныя адзінкі.

Геаграфія

Фізычная мапа Летувы

Летува афіцыйна падзяляецца на 4 рэгіёны, абвешчаныя гістарычнымі і адрознымі сваімі традыцыямі, дыялектамі і ляндшафтам: Аўкштота (лет. Aukštaitija), Жамойць (лет. Žemaitija), Сувалкія (лет. Suvalkija) і Дзукія (лет. Dzukija). Пяты рэгіён — «Малая Летува» (лет. Mažoji Lietuva) да 1918 належаў да Ўсходняй Прусіі. Тут Летува пясковымі пляжамі і дзюнамі мяжуе з Балтыйскім морам. Далей на ўсход цягнецца ўзгорысты марэнны ляндшафт. Віленшчына багатая грудамі і азёрамі. Бліжэй да польскай мяжы знаходзіцца рэгіён Сувалкія. Разам з раўнінай між Панявежай і Коўнам гэты раён найбольш актыўна выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. На ўсход ад Сувалкіі, на беларускай мяжы знаходзіцца лясная Дзукія. Там, ля Друскенікаў пачынаецца летувіскі адцінак Нёману (лет. Nemunas). Нёман ёсьць найбольш працяглай ракой у Летуве — у межах краіны ягоная даўжыня складае 475 км, а апошнія 200 км ракі ўтвараюць натуральную мяжу з Калінінградзкай вобласьцю. Пры мястэчку Руснэ Нёман упадае ў Балтыйскае мора.

З паўднёвага захаду на паўночны ўсход у Паўднёвай і Ўсходняй Летуве распрасьціраецца Балтыйская града, якая ў межах краіны складаецца з Судуўскага, Дзуцкага і Аўкштайцкага ўзвышшаў (дасягаюць вышыні 250—280 м). З паўднёвага боку да Летувіскай дугі Балтыйскай грады далучаецца Паўднёва-Ўсходняя пясковая раўніна. З усходу тэрыторыю краіны займаюць часткі Сьвянцянска-Нарачанскага і Ашмянскага ўзвышшаў, на апошнім разьмяшчаецца адзін з найвышэйшых пунктаў краіны — гара Язэпава (293,6 м). На захадзе разьмяшчаецца выспавае Жамойцкае ўзвышша з найвышэйшым пунктам гарой Мядвегаліс (234 м). Уздоўж Балтыйскага мора распрасьціраецца Прыморская раўніна — нізіна шырынёй 15—20 км. На поўдні гэтай нізіны — дэльта Нёмана. На астатняй тэрыторыі паміж Балтыйскай градой і Жамойцкім узвышшам расьсьцілаюцца плоскія ці крыху хвалістыя нізіны — Сярэднелетувіская, Зэмгальская і інш. Галоўным чыньнікам ва ўтварэньні рэльефу краіны быў ледавік.

Летува разьмяшчаецца на Рускай пліце Ўсходне-Эўрапейскай плятформы. Крышталічны фундамэнт залягае глыбока (ад 300 да 2000 м ніжэй за ўзровень мора). З карысных выкапняў ёсьць вапнякі, даляміты, гліны, крэйда. Таксама нетры Летувы маюць пласты мінэральных водаў.

Клімат

Клімат Летувы пераходны — ад марскога да кантынэнтальнага. Сярэдняя гадавая тэмпэратура складае +6,1 °C. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −4,9 °C (ад −2,8 °C на ўзьбярэжжы да −6,5 °C на паўночным усходзе). Сярэдняя тэмпэратура ліпеня +17,2 °C (у межах краіны адрозьніваецца меней, чым на 2 °C).

Тэмпэратурныя рэкорды па месяцох (°C)[90]
Месяц
Найвышэйшая тэмп.
+12,6
+16,5
+21,8
+28,8
+34
+35
+37,5
+36
+32
+26
+18
+15,6
Найніжэйшая тэмп.
-40,5
-42,9
-37,5
-23,0
-6,8
-2,8
+0,9
-2,9
-6,3
-19,5
-23
-34

Гадавая колькасьць ападкаў складае 540 мм на Сярэднелетувіскай нізіне і 930 мм на паўднёва-заходніх схілах Жамойцкага ўзвышша. Найбольшая колькасьць ападкаў прыпадае на жнівень, найменшая — на кастрычнік. Да галоўных асаблівасьцяў клімату Летувы адносяць шмат атмасфэрных ападкаў і перавагу адносна цёплага надвор’я. Наяўнасьць вялікай колькасьці атмасфэрных ападкаў, а таксама наяўнасьць блізкіх да паверхні водных пластоў стварылі ўмовы для разьвіцьця густой сеткі рэк. У Летуве налічваюць 722 ракі даўжынёю больш за 10 км і агульнай працягласьцю 27 500 км, 71,5% рэк належаць да басэйну Нёмана. Рэкі Летувы сілкуюцца дажджавымі, талымі ды грунтовымі водамі. У сярэднім каля трох месяцаў рэкі пакрытыя льдом. На тэрыторыі Летувы больш за 2500 азёраў плошчай больш за 0,1 км² кожнае і 1000—1500 дробных азёраў. Самыя буйныя азёры — Друкшай, Дзіснай, найбольш глыбокае — Таўрангас (60,5 м). У Летуве налічваюць 40 тысячаў тарфяных балот, шмат дзе здабываецца торф.

Глебы

Амаль 45% тэрыторыі Летувы займаюць дзярнова-падзолістыя глебы, 17% — балотна-падзолістыя глебы, 4% — падзоліста-баравыя глебы, 8% — дзярнова-карбанатныя глебы, столькі ж карбанатныя дзярнова-глеева-падзолістыя, 5% — балотныя і 1,4% — алювіяльныя глебы ў дэльце Нёмана і абалёнах рэк.

Расьлінны сьвет

Летува разьмяшчаецца ў падзоне мяшаных лясоў лясной зоны. Выдзяляюць правінцыю з грабам і правінцыю безь яго, мяжа пралягае ў сярэдняй частцы тэрыторыі. Агулам лясы займаюць 27,6% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя (37,2%) і бярозавыя (23%) лясы. У Летуве сустракаюцца больш за 2000 відаў кветкавых расьлінаў і папаратнікаў, вядома каля 250 відаў мхоў, 400 відаў лішайнікаў і 2000 відаў грыбоў.

Жывёльны сьвет

У Летуве атрымалі пашырэньне жывёлы тайгі й шыракалістых лясоў. Хрыбетных налічваецца 426 відаў, зь іх 61 від сысуноў, 290 — птушак, 7 — гадаў, 11 — земнаводных і 57 рыб. Дробныя сысуны — кажаны, яжы, краты, землярыйкі, мышы-палёўкі і іншыя. Большасьць птушак належаць да атраду вераб’іных. Сярод гадаў варта адзначыць трытонаў, жаб і раптух.

У краіне разьмяшчаюцца Летувіскі нацыянальны парк (на паўночным усходзе, плошча каля 300 км²), 3 запаведнікі (Жувінтас, Чапкаляй, Каманос)[91].

Насельніцтва

Колькасьць палякаў (апалячаных беларусаў[92]) у Летуве паводле раёнаў

Расейцы ў асноўным зьявіліся ў Летуве па Другой сусьветнай вайне, калі краіна трапіла ў склад Савецкага Саюзу, і жывуць пераважна ў рэгіёнах Вільні й Клайпеды. Сярод старэйшага пакаленьня летувісаў вялікая ступень валоданьня расейскаю мовай, у той час, як моладзь збольшага валодае ангельскаю. У раёне Клайпеды (былога прускага Мэмэлю) ёсьць доля нямецкамоўнага насельніцтва. Рэгіён вакол Вільні і ўздоўж беларускай мяжы гістарычна быў засяляюць беларусы, дагэтуль там пашыраныя дыялекты беларускай (тутэйшай) мовы.

Этнічны склад насельніцтва (2015 год)[94]:

Эканоміка

Летува — індустрыяльная краіна з разьвітай сельскай гаспадаркай. На 1 сакавіка 1998 году Летуве было дадзена 1,976 млрд $ пазык з-за мяжы, прычым каля траціны зь іх былі крэдытамі МВФ. Істотнае значэньне для разьвіцьця эканомікі Летувы мела ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз. Сукупны ўнутраны прадукт краіны вырас за першы квартал 2004 году на 7,7%.

Найбуйнешым інвэстарам зьяўляюцца ЗША — 25% усіх зьнешніх інвэстыцыяў, потым ідуць Швэцыя (13%), Нямеччына (12%) і Вялікабрытанія (8%). Структура ВУП: (у % ад агульнага кошту) сельская і лясная гаспадарка — 9,3, здабывальная і перапрацоўчая прамысловасьць — 25,9, будаўніцтва — 6,7, камунальныя паслугі — 3,0, транспарт і сувязь — 7,6, гандаль — 23,9, фінансы — 3,2, іншае — 20,4.

Ад 1 студзеня 2015 году Летува перайшла на Эўра[95].

Рост рэальнага СУП краіны

Цеплавыя электрастанцыі працуюць на замежнай сыравіне, найбуйнейшыя — Летувіская і Віленскія. Маюцца гідраэлектрастанцыі — Кайшадорская, Ковенская. Самай магутнай зьяўляецца Ігналінская атамная электрастанцыя.

Найважнейшая галіна прамысловасьці — машынабудаўніцтва і мэталаперапрацоўка. Найбольшае разьвіцьцё атрымала станкабудаўніцтва з асноўнымі цэнтрамі ў Вільні, Коўне, Шаўлях; прыборабудаваньне, электратэхніка і радыётэхніка (Вільня, Коўна, Панявеж і інш.), суднабудаваньне і рамонт караблёў (Клайпеда), вытворчасьць абсталяваньня для харчовай прамысловасьці (Мар’ямпаль), вытворчасьць ровараў і рухавікоў для мапедаў (Шаўлі). Прамысловасьць па перапрацоўцы нафты дае мазут, бэнзін, дызэльнае паліва, асфальт, парафін і інш. прадукты (Мажэйкі). Разьвітая хімічная прамысловасьць: вытворчасьць сернай кіслаты, амафосу, супэрфасфату (Кейданы), азотных угнаеньняў (Янава), штучных валокнаў (Коўна), плястмасавых вырабаў (Вільня) штучнай скуры (Плунге), фармацэўтычнай прадукцыі (Вільня, Коўна і інш.), прадукцыі мікрабіялягічнай прамысловасьці (Вільня, Кейданы). Вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў ажыцьцяўляецца зь мясцовай сыравіны. Разьвіта вытворчасьць цэмэнту (Наўёі-Акмяны), сылікатных вырабаў, мяккага пакрыцьця даху і да т. п. (Вільня, Коўна, Гаргаждай), керамікі (Таўрогі), шкла (Вільня, Коўна і інш.). Здаўна ў Летуве існуе дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прамысловасьць з разьвітай вытворчасьцю мэблі (Янава, Клайпеда, Коўна, Шаўлі), паперы і кардону (Коўна, Грыгішкі), цэлюлозы ды фанэры (Клайпеда), запалак (Коўна), двп (Клайпеда, Вільня, Грыгішкі, Казлова Руда)[96].

Транспарт

Летува мае важнае значэньне як транзытная краіна між Цэнтральнай і Паўночнай Эўропай, між Скандынавіяй і Беларусьсю. Ключавую ролю Летува грае як транзыт між Расейскай Фэдэрацыяй і ейным эксклявам Калінінградзкай вобласьцю. Сталіца Летувы Вільня знаходзіцца вельмі блізка да закрытай беларускай граніцы, таму больш важным транспартным вузлом Летувы зьяўляецца гістарычная сталіца Коўна.

Аўтамабільны транспарт

Асноўныя аўтамабільныя дарогі Летувы

Летува мае разьвітую сетку шашаў, у тым ліку аўтамабільную дарогу, што злучае Коўна і Клайпеду і магістраль E67 «Via Baltica» з Варшавы праз Коўну, Рыгу, Талін да Хэльсынкі. Апроч таго, Летува мае вялікае значэньне для транзыту нафты з Расеі.

Карабельны транспарт

У Клайпедзе знаходзіцца буйны марскі порт, злучаны паромнымі маршрутамі з важнымі гарадамі ўзьбярэжжа Балтыйскага мора.

Чыгунка

Пры Шастоках і Сувалках (Польшча) знаходзіцца важны чагуначны перавал у Польшчу, які ў апошнія гады, з прычыны замежнапалітычнай самаізаляцыі Беларусі, атрымаў ключавую важнасьць, бо альтэрнатыўны маршрут ідзе празь Беларусь. Важнасьць гэтага шляху ўзрасла па адкрыцьці летувіска-польскай граніцы ў ходзе пашырэньня Эўразьвязу на ўсход. Летувіская чыгунка, таксама як чыгунка ў іншых краінах былога Савецкага Саюзу, мае шырокую каляіну (1520 мм замест 1435 мм у Заходняй Эўропе).

Турызм

У Летуве расьце роля турызму на Балтыйскім моры, напрыклад, гарады Ніда і Паланга. Таксама расьце прыцягальнасьць для турыстаў гарадоў Вільні і Коўны.

Культура

Летувіская літаратура

Першая друкаваная летувіская кніга[97][98]: ням. Catechismus in preüßnischer sprach, gecorrigiret und dagegen das deüdsche (1545 год)

Пісьмо на летувіскай мове пачалося з кнігаў рэлігійнага зьместу. Летувіская дзяржава на афіцыйным узроўні лічыць першай летувіскай кнігай «Катэхізм» Марціна Мажвіда, выдадзены ў 1547 годзе. Тым часам беларускія гісторыкі Вацлаў Пануцэвіч і Павал Урбан зьвяртаюць увагу на тое, што напраўду першую летувіскую кнігу выдалі на два гады раней — у 1545 годзе, хоць мова гэтай кнігі і называецца «прускай». Тым часам у назове «Катэхізму» Мажвіда і наступнай летувіскай кнігі 1559 году выданьня назва мовы не ўпамінаецца, што ёсьць сьведчаньнем разуменьня мовы гэтых дзьвюх кніг таксама як «прускай»[97]. Толькі ў 1579 годзе, па сьмерці герцага прускага Альбрэхта Гогенцолерна, які быў ініцыятарам летувіскага кнігадрукаваньня, выйшаў летувіскі катэхізм, у назове якога мова выданьня азначалася як летувіская. Гэтая назва замацавалася ў наступных летувіскіх кнігах[99]. Як падкрэсьлівае гісторык і літаратуразнаўца Іван Саверчанка, у XVI ст. раньнія ідэолягі жамойцкага (летувіскага) нацыянальнага руху, найперш пісьменьнікі і багасловы Марцін Мажвід, Мэльхіёр Пяткевіч, Мікалай Даўкша і Канстанцін Шырвід, пачалі актыўна ўжываць тэрмін «літоўская мова» ў дачыненьні да гістарычна жамойцкай мовы. Абапіраючыся выняткова на этнічныя фантазіі ды показкі, яны назвалі свой народ «літоўцамі»[100].

Катэхізм Мажвіда (1547 г.), які афіцыйна лічыцца ў Летуве першай друкаванай кнігай на летувіскай мове, тым часам па-беларуску яго азначалі як «катэхізм па-жамойцку друкаваны»[c] (1580 г.)[101]

Аўтар другой летувіскай кнігі Марцін Мажвід быў пастарам з Рагніту (цяпер у Калінінградзкай вобласьці Расеі). Яго кніга выйшла з друку ў Караляўцы (Прусія) і, апроч катэхізісу, утрымлівала вершаваную прадмову на летувіскай мове, адзінаццаць царкоўных сьпеваў з нотамі і першы летувіскі буквар. Таксама Мажвід падрыхтаваў першы летувіскі зборнік царкоўных сьпеваў «Песьні Хрысьціянскія» (1 частка — 1566 год, 2 частка — 1570 год), які па ягонай сьмерці выдаў каралявецкі пастар Балтрамеюс Вілентас. Першы поўны пераклад Бібліі на летувіскую мову зрабіў Ёнас Брэткунас (1536—1602) паміж 1579 і 1590 гадамі. Крыху пазьней у адказ на пратэстанцкія рэлігійныя кнігі зьявілася каталіцкая рэлігійная літаратура на летувіскай мове.

У пачатку XIX стагодзьдзя аблічча летувіскай літаратуры складалі каталіцкія сьвятары. Юзэф Арнульф Гедройц, які гуртаваў вакол сябе летувіскіх пісьменьнікаў, і Мацей Казімер Валанчэўскі займаліся зьбіраньнем народнага летувіскага фальклёру і перакладамі на летувіскую мову. Ёнас Мачуліс-Майроніс пісаў вершы ў стылі рамантызму і ў 1895 годзе выдаў зборнік «Вясеньнія галасы», які абудзіў грамадзкія пачуцьці. Пісьменьнік, паэт і перакладчык Вінцас Крэве-Міцкевіч распачаў традыцыю фальклярызму ў летувіскай літаратуры напачатку XX стагодзьдзя. Сярод фігур пачатку XX стагодзьдзя празаікі Ёзас Тумас-Вайжгантас (1869—1933), Ёнас Білюнас (1879—1907), Юлія Жэмайтэ (1845—1921). У пэрыяд незалежнай Летувы плённа працаваў паэт Людас Гіра. Паэт і перакладчык Яўген Шкляр зрабіў вялікі ўнёсак у знаёмства замежнікаў зь летувіскай паэзіяй. Казіс Бінкіс стаў на чале футурыстычнай групоўкі паэтаў «Чатыры вятры» ў 1920-я гады (Юозас Жлабіс-Жанге, Пятрас Таруліс). Пранас Будвітыс, Пятрас Вайчунас перакладалі творы замежных аўтараў дзеля ўзбагачэньня летувіскай літаратурнай мовы. У постсавецкай летувіскай літаратуры адбіваецца пошук свайго нацыянальнага «я» летувісаў. Гэтая тэндэнцыя пачалася яшчэ ў часы хрушчоўскай адлігі. Старажытныя паэтычныя міты — асноўная крыніца, дзе можна знайсьці аблічча летувіскага народу. Дахрысьціянскі пэрыяд найбольш яскрава паказвае летувіскі сьвет «у чыстым выглядзе», бо па прыходзе хрысьціянства і зьяўленьні пісьменнасьці летувіская нацыя спазнала істотны ўплыш суседніх нацыяў — беларускай, польскай, нямецкай і расейскай, савецкі ўплыў.

Матыў сельскай, дахрысьціянскай сьвядомасьці пануе ў паэзіі Марцэліюса Марцінайціса (нар. 1936), асабліва ў ягоных знакамітых балядах Кукуціса (1977). Юдзіта Вайчунайце (нар. 1937) спалучыла вобразы старажытнага паганскага сьвету з гарадзкімі пэйзажамі. Сігітас Геда (нар. 1943) адухаўляе краявіды, надае ім памяць. Сярод іншых можна выдзеліць Ёзаса Грушаса (1901—1989), Ёнаса Авіжуса (нар. 1922), Юсьцінаса Марцінкевічуса (нар. 1930), Рамуальдаса Гранаўскаса ды Леанардаса Густаўскаса (абодва нар. 1939). Сучасную літаратуру разьвіваюць Рычардас Гавеліс ды Ніёле Міляўскайтэ (абодва нар. 1950), Дональдас Каёкас (нар. 1953), Юрга Іванаўстайтэ (н. 1961), Сігітас Парульскіс (нар. 1963), Антанас Ёнінас (нар. 1965).[102] Аўтар нацыянальнага гімну Летувы — Вінцас Кудырка.

Пераходная зона

З пункту гледжаньня культуры Летува знаходзіцца ў зоне пераходу. На захадзе краіны, пры Балтыйскім моры, ёсьць відавочны ўплыў ганзейска-паўночна-эўрапейскіх архітэктурных і фальклёрных традыцыяў — нямецкай, дацкай і швэдзкай культураў. З часоў уваходжаньня ў Вялікае Княства Літоўскае праз прыняцьце каталіцтва ў першую чаргу ў архітэктуры зьявіліся італійскія элемэнты (Сабор часоў Рэнэсансу ў Вільні).

Усход і поўдзень Летувы традыцыйна быў пад моцным беларускім, пазьней таксама польскім уплывам. У гарадох да Другой сусьветнай Вайны была шматлікая габрэйская дыяспара.

Сусьветная культурная спадчына ЮНЭСКО

Старажытныя насыпы ў Кернаве на месцы былых умацаваньняў

Старое места Вільні ўваходзіць у Сусьветную культурную спадчыну паводле ЮНЭСКО, гэтаксама як і дзюны на Курскай пярэсьпе і старажытныя гарадзішчы ў Кернаве.

Помнікі

Нацыянальны сымбаль Летувы — Крыжовая гара (лет. Kryžių Kalnas) пры Шаўлях.

Паганскія помнікі

Культура Летувы, як апошняга хрысьціянізаванага рэгіёну Эўропы, багатая на паганскія элемэнты. Пашырэньне атрымалі рэшткі культаў розных бажкоў, у першую чаргу побытавых (дамавік, лазьнік, лесавік і іншыя). Край багаты старажытнымі паганскімі помнікамі, капішчамі. У Коўні ёсьць музэй паганства, а ў Юодкрантэ — «Вядзьмарская гара».

Замежная палітыка

Летува — сябра НАТО, Рады Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу, з 21 сьнежня 2007 году — паўнапраўны сябра Шэнгенскага пагадненьня.

Дачыненьні зь Беларусьсю

Пытаньне дзяржаўнай граніцы

Нягледзячы на тое, што Беларусь і Летува прызналі адно адную ўжо ў 1991 годзе, да 1994 году «двухбаковыя дачыненьні не адрозьніваліся вялікай інтэнсіўнасьцю і нейкімі адмысловымі дасягненьнямі»[103].

Летува была адзінай суседняй краінай, да якой незалежная Беларусь высоўвала афіцыйныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Так, 24 лютага 1992 году на сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапейскіх супольнасьцяў тагачасны міністар замежных справаў Пятро Краўчанка заявіў пра неабходнасьць на міжнародным узроўні ўзьняць пытаньне перагляду беларуска-летувіскай граніцы. Пра гэта апэратыўна напісалі вядучыя замежныя СМІ, такія як, напрыклад, The New York Times[104].

Прэтэнзіі афіцыйнага Менску адбіліся на эканамічных дачыненьнях паміж дзьвюма краінамі. Так, праз тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Віленшчыну і Вільню Беларусь «магла адмовіцца ад сьціслых эканамічных зносінаў» зь Летувой, што выявілася ў пастанове выкарыстоўваць польскі порт Гдыню замест найбліжэйшай летувіскай Клайпеды[105].

Рэактывацыя двухбаковых дачыненьняў Беларусі і Летувы была нашмат зьвязанай з абраньнем Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам, што праявілася ўжо ва ўдзеле прадстаўнікоў летувіскіх уладаў у ягонай інаўгурацыі, а таксама ў візыце беларускага кіраўніка ў Летуву ў лютым 1995 году[106]. Акурат у часе таго візыту былі падпісаныя дзьве дамовы: «Аб супрацы і добрасуседстве» і «Аб дзяржаўнай граніцы паміж Летувой і Беларусьсю», — што дазволіла ўпершыню ў гісторыі ўсталяваць паміж дзьвюма дзяржавамі граніцу, якая б юрыдычна прызнавалася абодвума бакамі, і зьняць шмат цяжкіх тэрытарыяльных пытаньняў, якія тычыліся савецкіх часоў[30].

На думку Зьмітра Санько, адной з прычынаў значнага паляпшэньня дачыненьняў стала падрыхтоўка рэфэрэндуму 1995 году з адмовай рэжыму Лукашэнкі ад традыцыйнага беларускага нацыянальнага гербу Пагоні: «І калі ў нас зрынаньне Пагоні выклікала душэўны боль, дык там з нагоды гэтай неспадзяванкі, пэўна ж, шмат на якіх бяседах зьвінелі келіхі»[19]. Беларускі палітык і грамадзкі дзяяч Зянон Пазьняк зьвяртае ўвагу на тое, што за заяву аб асуджэньні ўводу войска ў беларускі парлямэнт і расправы над беларускімі дэпутатамі Беларускага Народнага Фронту прагаласавалі толькі тры з 140 дэпутатаў Летувіскага Сойму[107]. Летувіскі гісторык Русьціс Камунтавічус зазначае, што па зьневажаньні рэжымам Лукашэнкі беларускіх нацыянальных сымбаляў у 1995 годзе іншыя летувіскія гісторыкі адкрытым тэкстам гаварылі яму: «Вельмі добра, што ў Беларусі Лукашэнка. Таму што ў такім выпадку яны не аднімуць нашай гісторыі»[108].

Афіцыйная назва Беларусі

У 2010 годзе Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь зьвярнулася ў Дзяржаўную камісію па летувіскай мове з просьбай перагледзіць афіцыйную назву Беларусі (лет. Baltarusija, balta — белы колер, Rusija — Расея). Сярод прапанаваных да разгляду варыянтаў было традыцыйнае летувіскае найменьне — Baltoji Rusia (бел. Белая Русь)[109]. Аднак сябры Дзяржаўнай камісіі з спасылкай на меркаваньне летувіскіх гісторыкаў адзінагалосна пастанавілі пакінуць прыняты ў часы кіраваньня Сталіна савецкі варыянт назвы Беларусі[110].

У красавіку 2021 году часовая палітычная падкамісія пры Дзяржаўнай камісіі па летувіскай мове зноў адмовілася зьмяняць афіцыйную расейскую каляніяльную назву Беларусі — на гэты раз на просьбу Сьвятланы Ціханоўскай, тым часам у сьнежні 2020 году гэтая ж камісія зьмяніла афіцыйную летувіскую назву Грузіі на просьбу грузінскіх дыпляматаў[111].

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. ^ Першы варыянт гэтай песьні з словамі рас. «Миленькая Летува… Миленькая Летува» надрукавалі яшчэ ў выданьні Віленскага губэрнскага статыстычнага камітэту Расейскай імпэрыі (1854 год), назву якога прадублявалі па-летувіску з подпісам рас. «Перевод заглавия по-литовски»[22]
  2. ^ Тут — у сэнсе «летувіскае»
  3. ^ «катехизмъ по жомоитьску друкованыи»

Крыніцы

  1. ^ а б Official Statistics Portal
  2. ^ а б [1] International Monetary Fund. 2019 (анг.)
  3. ^ Litwa ж. Літва, Летува // Польска-беларускі слоўнік / Słownik polsko-białoruski. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2004. ISBN 985-11-0307-1. — С. 865.
  4. ^ а б в г д Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 349.
  5. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 32.
  6. ^ Станкевіч Я. Нарысы зь гісторыі Вялікалітвы-Беларусі // Станкевіч Я. Гістарычныя творы. — Менск, 2003. С. 633—634.
  7. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 5.
  8. ^ Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча. Успаміны, творы, фотаматэрыялы. — Менск, 2007. — 360 с.
  9. ^ а б Краўцэвіч А. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 54.
  10. ^ Краўцэвіч А. Тэрміны «Літва» і «Летува» ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі // Гістарычны Альманах. Том 9, 2004.
  11. ^ Краўцэвіч А. Гісторыя ВКЛ. — Гародня—Уроцлаў, 2013. С. 10—12.
  12. ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 237.
  13. ^ Баршчэўская Н. Уплыў суседніх народаў на зьмену дзяржаўнага назову Беларусі ў ацэнцы беларускіх вучоных у дыяспары 1—4, 5—8 // Droga ku wzajemności. 50 lat białorutenistyki na Uniwersytecie Warszawskim. Redakcja naukowa Mikołaj Timoszuk i Mikołaj Chaustowicz. (Acta Albaruthenica 6). — Warszawa, 2007. S. 50—66.
  14. ^ Зайкоўскі Э. Літва гістарычная // Наша Слова. № 26 (917), 1 ліпеня 2009 г.; № 27 (918), 8 ліпеня 2009 г.
  15. ^ Snyder T. The Reconstruction of Nations. — Yale Univ. Press, 2003. P. 50, 81.
  16. ^ Wilson 2012. С. 21–22.
  17. ^ Davies N. Litva: The Rise and Fall of the Grand Duchy of Lithuania. — Penguin Group US, 2013. — 90 p. ISBN 9781101630822.
  18. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 33.
  19. ^ а б в Санько З. І ўсё ж — Літва ці Летува?, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2020 г.
  20. ^ Остапенко А. В. Етнічні фактори у процесах формування білоруського народу та нації : автореф. дис. … д-ра іст. наук : [спец.] 07.00.05 «Етнологія» / Остапенко Анатолій Володимирович ; Київський нац. ун-т ім. Тараса Шевченка. — Захищена 26.04.2021. — Київ, 2021. С. 114, 140.
  21. ^ Живописная Россия. Т. 3. — СПб., М., 1882. С. 41.
  22. ^ Черты из истории и жизни литовского народа = Iszrynkimai isz giwenima ir apraszimo letuwiu / составлены, с разрешения начальства, Виленским губернским статистическим комитетом. — Вильно, 1854. С. 129.
  23. ^ Данилло Н. Значение некоторых имен литовских князей и названий местностей Литвы // Журнал Министерства народного просвещения. Т. 66. — СПб., 1850. С. 147—150, 153, 155.
  24. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 373.
  25. ^ Гарбацкі Ў. У тарашкевіцы не абыйсьціся бяз слова «Летува», ARCHE: электронная газэта, 9 сакавіка 2020 г.
  26. ^ Народная культура Беларусі: энцыклапедычны даведнік / пад рэдакцыяй В. Цітова. — Менск: БелЭн, 2002. С. 222.
  27. ^ Касцян К. Беларусь і Летува: у пошуках гістарычнага кампрамісу ў спадчыне ВКЛ // Крывія. № 34—35, 2014. С. 25—26.
  28. ^ Ангельскі пераклад Канстытуцыі Летувіскай Рэспублікі, даступны на афіцыйным сайце Сойму ЛР
  29. ^ Kaścian K. Die Litauische Verfassung und die Auslegung des Begriffs «Volk» in historischer Perspektive // Osteuropa-Recht. Nr. 5, 2008, S. 290—297 (291—292).
  30. ^ а б в г д е ё ж з і Касьцян К., Васілевіч Г. Спадчына ВКЛ вачыма беларускіх і летувіскіх гісторыкаў: поле для роўных магчымасьцяў? // ARCHE Пачатак. № 11—12 (86—87), 2009. С. 292—303.
  31. ^ а б Краўцэвіч А. Кніга Гудавічуса — праява летувіскай гістарычнай экспансіі ў Беларусь, Радыё Свабода, 8 кастрычніка 2006 г.
  32. ^ Арлоў У., Шыбека З. Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну // Дзеяслоў. № 11, 2004.
  33. ^ а б в Навумчык С., Каткоўскі Ў. Вільня, Вялікае Княства і Беларусь — поўны тэкст онлайнавай канфэрэнцыі з Уладзімерам Арловым, Радыё Свабода, 8 лютага 2005 г.
  34. ^ а б в г д Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  35. ^ Антонаў А. Беларусь і беларусы ў літоўскіх школьных падручніках па гісторыі (1993—2000) // Беларускі гістарычны агляд. Том 8, сшытак 1—2 (14—15), 2001.
  36. ^ Антось Жупран, «Як зразумець беларуса, калі ён такі складаны». Гутарка з аўтарам першай гісторыі Беларусі на літоўскай мове, Наша Ніва, 6 жніўня 2023 г.
  37. ^ Сяргей Абламейка, Літоўскі гісторык Русьціс Камунтавічус: Нельга напісаць сумесную гісторыю, якая задаволіць і літоўцаў, і беларусаў, Радыё Свабода, 3 траўня 2023 г.
  38. ^ Лёсік Я. Літва — Беларусь: гістарычныя выведы // Школа и культра Советской Белоруссии. № 2, 1921. С. 12—22.
  39. ^ Літва — Беларусь: гістарычныя выведы / Язэп Лёсік; [прадмова З. Санько; пасляслоўе А. Жлуткі]. — Менск: Тэхналогія, 2016. — 33, [2] с. — ISBN 978-985-458-266-5.
  40. ^ а б Литовско-русское государство // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  41. ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 96.
  42. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 158.
  43. ^ Грыцкевіч А. Улады не заўважаюць перамогі пад Грунвальдам, Радыё Свабода, 14 ліпеня 2009 г.
  44. ^ Жалованная грамота литовского великого князя Александра Казимировича жителям Жмудской земли. 15 августа 1492 г. // Акты относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: в 5 т. — Т. 1. 1340—1506. — Санкт-Петербург : Тип. II Отделения Собственной Е.И.В. Канцелярии, 1846. — С. 120—122.
  45. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 158.
  46. ^ Рэкамэндацыі Рады аховы этнічнае культуры Летувы № 1 аб усталяваньні межаў этнаграфічных рэгіёнаў ад 17 верасьня 2003 году.
  47. ^ а б Snyder T. The Reconstruction of Nations. — Yale Univ. Press, 2003.
  48. ^ Zinkevičius Z. History of the Lithuanian Language. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1998. P. 244.
  49. ^ Schmalstieg, W. R. Early Lithuanian Grammars // Lituanus. Vol. 28, Nr. 1, 1982.
  50. ^ Zinkevičius Z. History of the Lithuanian Language. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1998. P. 297.
  51. ^ Унуковіч Ю. Этнічная ідэнтыфікацыя і катэгарызацыя беларусаў і літоўцаў у ХІХ ст. // Białorutenistyka Białostocka. T. 12 (2020). S. 393.
  52. ^ Свяжынскі У. Літоўская мова // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 209.
  53. ^ Библиотека для чтения. Том 123, 1854. С. 28—29.
  54. ^ а б в г Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 348.
  55. ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998.
  56. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 347.
  57. ^ а б в г д Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 80.
  58. ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 81.
  59. ^ а б в г д е ё ж Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 82.
  60. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 363.
  61. ^ а б Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 84.
  62. ^ Konkordat pomiędzy Stolicą Apostolską a Rzecząpospolitą Polską, podpisany w Rzymie dnia 10 lutego 1925 r. (ratyfikowany zgodnie z ustawą z dnia 23 kwietnia 1925 r.), Dz. U. Nr 72, poz. 501 (пол.)
  63. ^ Eidintas A., Žalys V. Lithuania in European Politics: The Years of the First Republic, 1918—1940. Edited by E. Tuskenis with an introduction and afterword by A. E. Senn. — New York: St. Martin’s Press, 1998. P. 109.
  64. ^ Flaes, R. Das Problem der Territorialkonflikte. Eine Untersuchung ueber ihre Grundlagen und Eigenschaften am Beispiele der Territorialgeschichte Polens. — Utrecht: Univ., jur. Fak., Diss., 1929. S. 269.
  65. ^ Flaes, R. Das Problem der Territorialkonflikte. Eine Untersuchung ueber ihre Grundlagen und Eigenschaften am Beispiele der Territorialgeschichte Polens. — Utrecht: Univ., jur. Fak., Diss., 1929. S. 268—269
  66. ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 86.
  67. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 155.
  68. ^ Скобла М. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў», Радыё Свабода, 31 студзеня 2008 г.
  69. ^ а б в г Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 87.
  70. ^ а б в г д Снайдэр Т. Частка 1 з кнігі «Рэканструяваньне нацыяў: Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569—1999 гг.)» // Дзеяслоў. № 13, 2004.
  71. ^ Звязда. № 295, 1939. С. 4.
  72. ^ а б в Зайкоўскі Э. Як Вільня сталася жамойцкім горадам? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 69—70.
  73. ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 87—88.
  74. ^ а б в г д Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 88.
  75. ^ Сообщение главной избирательной комиссии Литвы о результатах выборов в Народный Сейм, 17.07.1940. // Полпреды сообщают… — М., Международные отношения, 1990. С. 473.
  76. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 379.
  77. ^ а б Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 89.
  78. ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 90.
  79. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 384.
  80. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 385.
  81. ^ а б в Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 386.
  82. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 387.
  83. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 382.
  84. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 388.
  85. ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 93.
  86. ^ а б Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 95-96.
  87. ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 97.
  88. ^ Snyder T. The Reconstruction of Nations. — Yale Univ. Press, 2003. P. 93.
  89. ^ Snyder T. The Reconstruction of Nations. — Yale Univ. Press, 2003. P. 93, 95.
  90. ^ meteo.lt
  91. ^ Кунчина И. П. и др. Литва // Страны и народы; Науч.-попул. геогр.-этнограф. изд. в 20-ти т. Советский союз. Республики прибалтики. Белоруссия. Украина. Молдавия. — М.: Мысль, 1984. — 349 с.
  92. ^ Калачынскі Ю. Адкуль у Беларусі ўзяліся палякі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 54—55.
  93. ^ Ethnicity, mother tongue and religion (анг.) — зьвесткі перапісу 2011 году.
  94. ^ Butkus A. Lietuvos gyventojai tautybės požiūriu, Alkas, 16.12.2015 г.
  95. ^ 1 студзеня Летува пераходзіць на эўра. Polskie Radio S.A. 30.12.2014
  96. ^ Большая энциклопедия: в 62 томах. Т. 26. — М: ТЕРРА, 2006. — 592 с. ISBN 5-373-00432-2.
  97. ^ а б Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 271.
  98. ^ Урбан П. У сьвятле гістарычных фактаў (У сувязі з брашурай Л.С. Абэцэдарскага). — Мюнхэн — Нью-Ёрк: БІНІМ, 1972.
  99. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 273.
  100. ^ Саверчанка І. Aurea mediocritas. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі. Адраджэнне і ранняе барока. — Менск: Тэхналогія, 1998. С. 14.
  101. ^ Lebedys J. Lietuvių kalba XVII—XVIII a. viešajame gyvenime. — Vilnius, 1976. P. 111.
  102. ^ Twayne companion to contemporary world literature: from the editors of World Literature Today. ISBN 0-8057-1700-5 (hardset)
  103. ^ Грицюс А. Влияние «белорусского фактора» на внешнюю политику Литвы и стабильность в Балтийском регионе. С. 139—162 // Белоруссия на перепутье. — Москва: Московский центр Карнеги, 1998. С. 153.
  104. ^ Belarus Official Lays Claim To Lithuanian Border Lands // The New York Times. 25.2.1992.
  105. ^ Burant, S. R. International Relations in a Regional Context: Poland and its Eastern Neighbours Lithuania, Belarus, Ukraine // Europe-Asia Studies 45 (993), Nr. 3. P. 407, 417.
  106. ^ Грицюс А. Влияние «белорусского фактора» на внешнюю политику Литвы и стабильность в Балтийском регионе. С. 139—162 // Белоруссия на перепутье. — Москва: Московский центр Карнеги, 1998. С. 154.
  107. ^ «Беларусаў у 2020-м падставілі сумнеўныя асобы з-за мяжы праз інтэрнэт». Вялікае інтэрв'ю з Зянонам Пазняком, TUT.BY, 26 красавіка 2023 г.
  108. ^ «Вельмі складана зразумець, што ёсць дзве праўды». Літоўскі гісторык пра «Пагоню» і спадчыну ВКЛ, Наша Ніва, 25 чэрвеня 2024 г.
  109. ^ Літва адмовілася Беларусь называць Belarus, Наша Ніва, 16 красавіка 2010 г.
  110. ^ В Литве Беларусь останется Baltarusija, TUT.BY, 16 красавіка 2010 г.
  111. ^ Літоўскія мовазнаўцы вырашылі не мяняць назву Беларусі, Радыё Свабода, 5 красавіка 2021 г.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі