Аб’яднанае Балтыйскае герцагства
Аб’яднанае Балтыйскае герцагства ням. Vereinigtes Baltisches Herzogtum | |||||
| |||||
| |||||
Курляндзкая губэрня, Лівонская губэрня, Эстонская губэрня ў складзе Расейскае імпэрыі да Лютаўскае рэвалюцыі 1917 году | |||||
Афіцыйная мова | нямецкая | ||||
Сталіца | Рыга | ||||
Форма кіраваньня | манархія |
Аб’ядна́нае Балты́йскае ге́рцагства (па-нямецку: Vereinigtes Baltisches Herzogtum) — злучаная пэрсанальнай уніяй з Прусіяй марыянэткавая дзяржава, абвешчаная ў 1918 годзе кіруючымі коламі астзэйскіх немцаў пры падтрымцы акупацыйнага нямецкага войска на тэрыторыі сучасных Латвіі (акрамя Латгаліі) і Эстоніі пасьля заключэньня Берасьцейскага міру.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас Першае сусьветнае вайны, нямецкае войска акупавала Курляндзкую губэрню Расейскае імпэрыі да восені 1915 году. Фронт стабілізаваўся ўздоўж лініі Рыга — Дзьвінск — Баранавічы.
Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі ў Расеі з былых расейскіх Эстляндзкіх і поўначы Ліфляндзкае губэрняў 12 красавіка (30 сакавіка) 1917 году стварылі Эстонскую аўтаномную губэрню. Пасьля кастрычніцкага перавароту, 28 лістапада 1917 абраны парлямэнт аўтаномнай губэрні абвясьціў сябе вярхоўнай уладай у Эстоніі й 24 лютага 1917 (за дзень да акупацыі нямецкімі войскамі) выдаў Дэклярацыю аб незалежнасьці Эстоніі. Заходнія саюзьнікі прызналі Эстонскую Рэспубліку дэ-факта ў траўні 1918 году[1].
Латвійскую нацыянальную раду сфармавалі 16 лістапада 1917 году. 30 лістапада 1917 году ў памяшканьні Латвійскага этнаграфічнага музэю Рада абвясьціла аўтаномію латыскага краю ў этнічных межах. Афіцыйна незалежнасьць Латвійскае Рэспублікі была абвешчаная 15 студзеня 1918 году[1].
Пасьля кастрычніцкага перавароту нямецкія войскі пачалі наступ з Курляндыі, а да канца лютага 1918 нямецкія войскі кантралявалі тэрыторыі былых расейскіх Ліфляндзкай губэрні й Эстонскае аўтаномнае губэрні, якая абвясьціла пра сваю незалежнасьць. Паводле Берасьцейскага міру 3 сакавіка 1918 году бальшавіцкая Расея страціла Курляндзкую губэрню, і згодна з Бэрлінскае дамовай ад 27 жніўня 1918 году страціла Эстонскую аўтаномную губэрню й Ліфляндзкую губэрню[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля падпісаньня Берасьцейскага міру, які замацаваў аддзяленьне Прыбалтыкі ад Савецкае Расеі, Курляндзкі (8 сакавіка) і Ліфляндзкі (12 красавіка) соймы (т. з. Ляндэсраты) абвясьцілі аб аднаўленьні на тэрыторыі былых Курляндзкае, Ліфляндзкае, Эстляндзкае губэрняў герцагстваў Курляндыя й Лівонія, адпаведна.
Нямецкае камандаваньне Ўсходняга фронту (Обэр-Ост) прадугледжвала аб’яднаць гэтыя самаабвешчаныя ўтварэньні ў буфэрнае «вялікае герцагства Лівонскае», злучанае асабістай уніяй з прускай каронай. Стаўка пры гэтым рабілася на садзейнічаньне нямецкага насельніцтва Прыбалтыкі (астзэйскіх немцаў) і антыбальшавіцкіх узброеных фарміраваньняў на чале з Бэрмонт-Авалавым.
Увосень 1918 нямецкі імпэратар пасьля шматмесячных ваганьняў прызнаў незалежнасьць прыбалтыйскага герцагства. На гэтым этапе меркавалася, што фармальным кіраўніком «аб’яднанага герцагства» са сталіцай у Рызе стане Адольф Фрыдрых Мэкленбург-Швэрынскі, але накшталт іншых нямецкіх квазідзяржаўных утварэньняў Балтыя ўвальецца ў склад фэдэратыўнае Нямецкае імпэрыі.
У кастрычніку 1918 райсканцлер Максыміліян Бадэнскі аддаў распараджэньне аб перадачы кіраваньня Прыбалтыкай ад вайскоўцаў у рукі грамадзянскага ўраду. На час адсутнасьці герцага ўладныя паўнамоцтвы павінна была ажыцьцяўляць утвораная ў лістападзе рэгенцкая рада, у склад якой увайшлі чатыры немцы, тры эстонцы й тры латышы. Узначальваў савет барон Адольф Канстантын Якаб Піляр фон Пільхаў-Аўдэрн.
Скасаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]30 студзеня 1918 Латвійская часовая нацыянальная рада прыняла рашэньне аб стварэньні сувэрэннае й дэмакратычнае Латвіі, у якую павінныя быць уключаныя ўсе населеныя латышамі рэгіёны.
Пасьля пачатку Лістападаўскае рэвалюцыі ў Нямеччыне 9 лістапада 1918 году, прычынай якой было паражэньне кайзэраўскае імпэрыі ў Першае сусьветнае вайне, міністар абароны абвешчанай нямецкімі рэвалюцыянэрамі Ваймарскае рэспублікі аддаў загад аб вывадзе з Прыбалтыкі дывізіяў Нямецкае імпэрскае арміі, якая падтрымлівала Балтыйскае герцагства.
Балтыйскае герцагства спыніла сваё існаваньне, а ўжо 18 лістапада 1918 году Народная рада на чале з Карлісам Улманісам і Янісам Чакстэ, якая прадстаўляла шэраг латвійскіх партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, абвясьціла незалежнасьць Латвійскае Рэспублікі.