Летува (каралеўства, 1918)
Каралеўства Летува Lietuvos Karalystė | ||||
| ||||
| ||||
Афіцыйная мова | Летувіская | |||
Сталіца | Вільня | |||
Форма кіраваньня | Канстытуцыйная манархія Міндоўг II |
Карале́ўства Летува́ (па-летувіску: Lietuvos Karalystė; таксама Летува́) — дзяржава, якая існавала ў пэрыяд з 11 ліпеня 1918 году па 2 лістапада 1918 году. Дзяржава існавала падчас Першай сусьветнай вайны, калі тэрыторыя Летувы была пад кантролем Нямецкай імпэрыі. Летувіская Тарыба 16 лютага 1918 году абвясьціла незалежнасьць Летувы, але не змагла сфармаваць урад, паліцыю або іншыя дзяржаўныя ўстановы з-за далейшай прысутнасьці нямецкіх войскаў. Немцы прадставілі розныя прапановы для ўключэньня Летувы ў склад Нямецкай імпэрыі, у прыватнасьці Прусіі. Летувісы супрацьстаялі гэтай ідэі й спадзяваліся захаваць незалежнасьць шляхам стварэньня асобнай канстытуцыйнай манархіі. 4 чэрвеня 1918 году Тарыба прагаласавала за тое, каб прапанаваць пасаду манарха нямецкаму прынцу й вайскоўцу Вільгельму Карлу фон Ураху. Вільгельм прыняў прапанову ў ліпені 1918 году і прыняў імя Міндаўгас II (Міндоўг II). Тым ня менш, ён ніколі не наведваў Летуву. Ягонае абраньне распачало спрэчкі й падзяліла Тарыбу, якая так і не змагла дасягнуць жаданых вынікаў. Паколькі Нямеччына прайгравала вайну й была ахопленая Нямецкай рэвалюцыяй, Летува прыпыніла сваё рашэньне запрасіць Вільгельма Карла фон Ураха 2 лістапада 1918 году, тым самым паклаўшы канец ягонаму кароткаму праўленьню.
Перадгісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе нямецкія войскі акупавалі заходнія вобласьці Расейскай імпэрыі, у тым ліку літоўскія губэрні. Нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі правесьці канфэрэнцыю ў Вільні, падчас якой была абраная Рада Летувы (Летувіская Тарыба), якая пачала сваю дзейнасьць у мэтах стварэньня Летувіскай дзяржавы. 11 сьнежня 1917 чальцы Тарыбы падпісалі дэклярацыю, паводле якой жадалі бачыць Летуву ў цесным й сталым зьвязе зь Нямеччынай. У дэклярацыі абвяшчэньня незалежнасьці Летувіскай дзяржавы не было ніводнага згадваньня пра альянс зь Нямеччынай. Пасьля Берасьцейскага міру, калі Расея афіцыйна дазволіла акупаваць Летуву, немцы прызналі незалежнасьць Летувы, але на ўмовах дэклярацыі 11 сьнежня.
Абраньне караля
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нямецкі імпэратар Вільгельм II заяўляў, што жадае аб’яднаць Прусію й Летуву асабістай уніяй пад сваім пачаткам. У якасьці альтэрнатывы прапанаваў у летувіскія каралі малодшага сына Ёагіма. Сваіх кандыдатаў прапанавала Каралеўства Саксонія (прынц Фрыдрых Крысьціян). Саксонцы спрабавалі гістарычна абгрунтаваць свой варыянт і ўспаміналі, што саксонскія курфюрсты Аўгуст Моцны й Аўгуст III у 1696-1763 былі й вялікімі князямі Літоўскімі.
Але летувісы жадалі стварыць сувэрэнную дзяржаву, і таму вырашылі абраць уласнага кандыдата ў каралі. 4 чэрвеня яны адправілі запрашэньне нямецкаму вайскоўцу й прынцу з Вюртэмбэрскага дому Вільгельму Карлу фон Ураху. 11 ліпеня 1918 Тарыба прагаласавала (13 галасоў за, 5 супраць, 2 устрымаліся) за стварэньне Каралеўствы Летува. 12 жніўня Вільгельм фон Урах атрымаў афіцыйнае запрашэньне на пасад.
Умовы ўзыходжаньня на пасад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле ўмоваў Тарыбы новы манарх (які павінен быў узысьці на пасад пад імем Міндоўга II) абавязваўся кіраваць краінай толькі ў згодзе з парлямэнтам і міністрамі. Кароль павінен быў выконваць канстытуцыю, абараняць незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Летувы, павінен быць верацерпным, але сам абавязаны быць каталіком (гэта было адно з асноўных патрабаваньняў пры выбары караля). Каралю трэба было вывучыць летувіскую мову, якая стала афіцыйнай мовай дзяржавы й пры двары. Кароль павінен быў пераехаць у Летуву са сваёй сям’ёй. Але Вільгельм так ніколі й не пабываў у сваім каралеўстве.
Падзеі пасьля абраньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У самой Тарыбе некаторыя яе чальцы былі супраць манархіі ў Летуве, у прыватнасьці: Сьцяпонас Кайрыс, Ёнас Вілейшыс, Міколас Біржышка, Станіславас Нарутавічус і Пятрас Клімас, якія галасавалі супраць. Пазьней у Тарыбе зьявілася шэсьць новых чальцоў: Марцінас Ічас, Аўгусьцінас Вальдэмарас, Юозас Пурыцкіс, Елізэюс Драўгеліс, Юргіс Алекна й Стасіс Шылінгас, якія мелі сваё меркаваньне, што лепш для Летувы, манархія ці рэспубліка. Адным з аргумэнтаў супернікаў манархіі было тое, што такі лад супярэчыць палажэньням, якія былі прынятыя на Віленскай канфэрэнцыі.
Нямецкія ўлады таксама паставіліся адмоўна да выбару Тарыбы, і патрабавалі, каб Летува выконвала свае дамоўленасьці па дэклярацыі 11 сьнежня 1917. Літоўскія ўлады спрабавалі ўкрыць ад немцаў зьвесткі пра новага караля. Дайшло да таго, што на месяц зачынілі газэту «Летувас эйдас» („Lietuvos aidas“, «Рэха Летувы») за навіну пра караля. Пасьля паразы Нямеччыны ў вайне, Тарыба вырашыла фармаваць урад. Пасьля доўгіх спрэчак улады Летувы вырашылі стварыць Летувіскую рэспубліку. Запрашэньне да Ураха было адкліканае. Каралеўства Летува перастала існаваць.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Čepėnas, Pranas Naujųjų laikų Lietuvos istorija. — Chicago: Dr. Griniaus fondas, 1986. — Т. II. — ISBN 5-89957-012-1
- Eidintas, Alfonsas Lithuania in European Politics: The Years of the First Republic, 1918-1940. — New York: St. Martin's Press, 1999. — ISBN 0-312-22458-3
- Janužytė, Audronė Lietuvių istorikų politikų valstybingumo samprata (1907–1918 m.). — 2007 Т. 65.
- Liulevicius, Vejas G. War land on the Eastern Front: culture, national identity and German occupation in World War I. — Cambridge University Press, 2000. — (Studies in the social and cultural history of modern warfare). — ISBN 978-0-521-66157-7
- Maksimaitis, Mindaugas Lietuvos valstybės konstitucijų istorija (XX a. pirmoji pusė). — Vilnius: Justitia, 2005. — ISBN 9955-616-09-1
- Page, Stanley W. The Formation of the Baltic States. — Harvard University Press, 1959.
- Karališkojo kraujo paieškos: Lietuva ir šimto dienų karalius. Bernardinai.lt.
- Senn, Alfred Erich The Emergence of Modern Lithuania. — Greenwood Press, 1975. — ISBN 0-8371-7780-4
- Skirius, Juozas Gimtoji istorija. Nuo 7 iki 12 klasės. — Vilnius: Elektroninės leidybos namai, 2002. — ISBN 9986-9216-9-4
- Council of Lithuania. — Boston, Massachusetts: Juozas Kapočius, 1970–1978. — Т. I.
- Tuska, Liudas Lietuvos Respublikos prezidentai. — Valstybinis leidybos centras, 1995. — ISBN 9986-09-055-5