Сукупны ўнутраны прадукт
Суку́пны ўну́траны праду́кт (СУП, ВУП) — валавы ўнутраны прадукт, абагульняючы эканамічны статыстычны паказчык; паказвае сукупны кошт усіх тавараў і паслугаў, створаных у межах краіны як рэзыдэнтамі, так і нерэзыдэнтамі. Зьяўляецца адным з базавых паказчыкаў эканамічнага разьвіцьця краіны.
Разьлічваецца трыма мэтадамі: па даходах, па выдатках, і мэтадам даданага кошту. Прымяняецца ў Сыстэме нацыянальных контаў (СНК). На коньце «Вытворчасьць» СНК СУП вылічваецца як розьніца між аб’ёмамі сукупнага выпуску і прамежнага спажываньня, на коньце «Стварэньне даходаў» — як сума аплочваньня працы наёмных работнікаў, чыстых падаткаў на вытворчасьць і сукупнага прыбытку ў эканоміцы, а ў коньце «Выкарыстаньне даходаў» — як сума выдаткаў на канчатковае спажываньне і ашчаджэньні.
СУП адрозьніваецца ад паказчыка чыстага ўнутранага прадукту на велічыню спажываньня асноўнага капіталу. СУП разьлічваецца ў фактычных асноўных і рынкавых цэнах (намінальны СУП). Для вывучэньня дынамікі СУП прымяняюцца сталыя цэны. Рэальны СУП разьлічваецца мэтадам дэфлятаваньня.
СУП на душу насельніцтва вылічваецца дзяленьнем СУП на колькасьць жыхароў краіны. Для большае якасьці параўнаньня ён часта падаецца з папраўкай на розьніцу цэнаў у розных краінах.
СУП паказвае толькі грашовы эквівалент усяе створанае прадукцыі, а ня якасьць прадукцыі, таму ня можа прымяняцца для параўнаньня дабрабыту і якасьці жыцьця. Для гэтага існуюць іншыя паказчыкі, як Індэкс чалавечага разьвіцьця.
Унізе паказаныя краіны з найбольшымі СУП у мільярдах даляраў ЗША:
Месца | Краіна | 1980 | 1990 | 2000 | 2003 | 2009 |
---|---|---|---|---|---|---|
1. | ЗША | 2795,600 | 5803,300 | 9824,700 | 10 857,200 | 14 256,275 |
2. | Японія | 1072,900 | 3052,200 | 4766,100 | 4290,700 | 5068,059 |
3. | Нямеччына | 826,100 | 1547,000 | 1875,200 | 2386,200 | 3352,742 |
4. | Вялікабрытанія | 536,700 | 994,600 | 1440,900 | 1775,000 | 2183,607 |
5. | Францыя | 682,400 | 1219,800 | 1313,300 | 1731,600 | 2675,951 |
6. | Італія | 454,600 | 1104,500 | 1077,600 | 1455,400 | |
7. | Кітай | 301,500 | 387,800 | 1080,800 | 1372,000 | |
8. | Канада | 268,900 | 582,700 | 724,200 | 850,500 | |
9. | Гішпанія | 221,800 | 511,500 | 562,800 | 827,100 | |
10. | Мэксыка | 202,000 | 262,700 | 581,400 | 611,600 | |
11. | Індыя | 175,500 | 313,100 | 460,800 | 556,100 | |
12. | Паўднёвая Карэя | 62,200 | 252,600 | 461,500 | 520,900 | |
13. | Нідэрлянды | 178,400 | 295,500 | 371,600 | 509,300 | |
14. | Аўстралія | 156,700 | 307,900 | 378,700 | 508,200 | |
15. | Бразылія | 148,900 | 465,000 | 599,800 | 507,000 | |
16. | Расея | 42,000 | 85,600 | 259,700 | 428,800 | |
17. | Швайцарыя | 107,600 | 229,500 | 240,400 | 314,000 | |
18. | Бэльгія | 121,700 | 197,800 | 228,700 | 300,800 | |
19. | Швэцыя | 128,900 | 238,300 | 239,800 | 297,500 | |
20. | Тайвань | 41,400 | 160,400 | 309,600 | 288,800 | |
21. | Аўстрыя | 80,200 | 162,100 | 191,200 | 251,000 |
СУП Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На сярэдзіну 2004 году СУП Беларусі склаў 16,4 трлн беларускіх рублёў. Па прагнозе МВФ, рост СУП у 2004 годзе ў параўнаньні з 2003 годам сладзе 6,4%. Рост СУП за 2003 год склаў 6,8%, за 2002 год — 4,7%.