Леў Гарошка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Гарошка.
Леў Гарошка
Род дзейнасьці Грэка-каталіцкі сьвятар
Дата нараджэньня 11 сакавіка 1911
Месца нараджэньня в. Трашчычы, Наваградзкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 28 ліпеня 1977 (66 гадоў)
Месца сьмерці Парыж, Францыя
Месца пахаваньня Лёнданскія могілкі Сьвятога Панкрата
Грамадзянства Францыя
Месца вучобы Львоўская багаслоўская акадэмія, Каталіцкі ўнівэрсытэт Інсбруку (Аўстрыя)
Заняткі аўтар, выдавец, грамадзкі і рэлігійны дзеяч, рэдактар радыё
Псэўданімы Л. Іскра, Анатоль Жменя, Пракоп Каваль і інш.

Леў Гарошка (11 сакавіка [ст. ст. 26 лютага] 1911, в. Трашчычы, Наваградзкі павет — 28 ліпеня 1977, Парыж)[1] — грэка-каталіцкі сьвятар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, дасьледнік гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуроляг, літаратар, аўтар артыкулаў і кніг, выдавец, рэдактар радыёпраграмаў.

Псэўданімы: Л. Іскра, Анатоль Жменя, Пракоп Каваль і інш.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь вельмі беднай сям’і праваслаўных беларусаў уніяцкага паходжаньня.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1923—1931 гг. вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі. Праз пасярэдніцтва і дапамогу дырэктара гімназіі Яна Цеханоўскага і дырэктара беларускага музэю ў Вільні Антона Луцкевіча паступіў у Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію (цяпер - сэмінарыя), дзе навучаўся ў 1931—1936 гг. Пасьля заканчэньня Акадэміі быў накіраваны для далейшых студыяў у Каталіцкі ўнівэрсытэт у Інсбруку (Аўстрыя), дзе ў 1936—1937 гг. як стыпэндыст мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага.

Сьвятарскае служэньне ў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 кастрычніка 1937 году з блаславеньня мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага быў высьвячаны на сьвятара ўкраінскім грэка-каталіцкім біскупам Мікітам Будкам у прыватнай капліцы мітрапаліта ў Львове. Першую Боскую Літургію на Бацькаўшчыне сьвятар адслужыў ва ўніяцкай парафіі Далятычы на ягонай роднай Наваградчыне, дзе парахам тады быў а. Вячаслаў Аношка.

Малітоўнік «Божым шляхам», выдадзены айцом Л. Гарошкам

Душпастырскую працу пачаў у на Палесьсі ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі (1937—1939). Служыў у парафіях Угрынічы, Гарадная (Столінскі р-н), Стоўпцы, Збураж (Маларыцкі р-н). Перасьледаваўся за сваю душпастырскую і асьветніцкую дзейнасьць польскімі сьвецкімі ўладамі, стала знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Пасьля стварэньня ў верасьні 1939 г. Беларускага грэка-каталіцкага экзархату і прызначэньня ў кастрычніку 1940 г. Антона Неманцэвіча экзархам, а. Леў Гарошка 2 траўня 1942 г. быў абраны ў Раду экзархату і прызначаны намесьнікам экзарха.

У гады Другой сусьветнай вайны жыў у Баранавічах, працаваў на настаўніцкіх курсах, настаўнікам беларускай і лацінскай моваў у гандлёвай і мэдычнай школах, рэдакцыях газэтаў ды інш. Кіраўнік мэдычнай школы ў Баранавічах Мацьвей Смаршчок сьцьвярджаў, што а. Леў Гарошка уратаваў ад вывазу ў Нямеччыну моладзь з гэтай школы, якую немцы плянавалі накіраваць у працоўныя лягеры.[2]

Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

Нямеччына й Італія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1944 г. у эміграцыі. У 1945 г. займаўся арганізацыяй беларускага душпастырства ў Бэрліне і Мюнхэне.[3]

З восені 1945 жыў у Рыме, дзе разам з Чэславам Сіповічам і Пётрам Татарыновічам займаўся арганізацыяй беларускага жыцьця сярод суродзічаў, якія апынуліся ў Італіі ў складзе Другога Корпусу польскай арміі, а таксама як бежанцы.[4] Гарошка ўзначаліў Беларускі камітэт самапомачы (Comitato Caritativo Biancoruteno), задачай якога была матэрыяльная дапамога суродзічам.[4] Сьвятары таксама чыталі асьветныя лекцыі з гісторыі Беларусі, вадзілі жаўнераў беларукага паходжаньня на экскурсіі па Рыме і, у выніку, навязалі кантакты з прыкладна 300 беларусамі.[5]

У 1946 г. выдаў беларускі малітоўнік «Божым шляхам»[6][7] і актыўна зьбіраў сродкі на выданьне газэты «Беларускія навіны», якая выдавалася ў Парыжы шматтысячным накладам і рассылалася суродзічам па ўсім сьвеце — ад Скандынавіі да Афрыкі й Амэрыкі[4] — у тым ліку ў лягеры для перамешчаных асобаў у Нямеччыне і Аўстрыі, дзе выдавецкая справа спачатку была забаронена, а таму менавіта «Беларускія навіны» сталі да лета 1947 г. галоўнай крыніцай інфармацыі для беларускай дыяспары.[5]

Леў Гарошка змог пераканаць Кангрэгацыю па справах усходніх цэркваў, што энцыкліка папы Пія ХІІ Orientalis omnes з нагоды 350-х угодкаў Берасьцейскай Уніі павінна была быць выдадзеная і на беларускай мове, а лацінскае слова «Rutheni» ў ёй — перакладзенае як «беларусы і ўкраінцы». Гэта стала важным момантам для таго, каб Апостальская Сталіца пачала ўспрымаць беларусаў як асобную нацыю.[4]

Парыж[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 кастрычніка 1946 г. Кангрэгацыя па справах усходніх цэркваў прызначыла Льва Гарошку рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. У Парыжы а. Леў Гарошка ў 1947—1957 рэдагаваў і выдаваў беларускі рэлігійна-грамадзкі часопіс «Божым шляхам»,[5] браў актыўны ўдзел у жыцьці беларускай грамады і часта прадстаўляў яе ў каталіцкіх арганізацыях, на канфэрынцыях і кангрэсах. Неаднаразова дамагаўся ад францускага ўраду прызнаньня за ўцекачамі зь Беларусі права на беларускую нацыянальную прыналежнасьць у іх дакумэнтахб папулярызоўваў Беларусь у франкамоўных публікацыях.[8] Удзельнічаў у працы Беларускага акадэміцкага каталіцкага аб'еднаньня "Рунь" і падтрымліваў цесную лучнасьць зь беларусамі ў Вялікабрытаніі, дзе жыцьцё паступова канцэнтравалася вакол асяродку, створанага Беларускай каталіцкай місіяй у Ангельшчыне.[5]

Лёндан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Затым выехаў у Рым, дзе ў 1959 уступіў у навіцыят айцоў-марыянаў. У 1960 біскупам Чэславам Сіповічам быў накіраваны ў Лёндан і прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі. У 1962—1969 гг. — ігумен манаскага дому айцоў-марыянаў у Лёндане. У 1965 годзе атрымоўвае годнасьць архімандрыта. Прымаў актыўны ўдзел у рэлігійным і культурным жыцьці беларускага замежжа. Сябра лёнданскага адзьдзелу Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі. Удзельнік ХІV Кангрэсу «Царква ў патрэбе» ў Кёнігштайне (31.07 — 04.08.1964).

Рым[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Надмагільны помнік на магілах архім. Льва Гарошкі і а. Язэпа Германовіча на могілках сьв. Панкрата ў Лёндане (2008)

У 1970—1977 гг. а. Леў кіруе Беларускай службай Радыё Ватыкану і зьяўляецца рэктарам Беларускае каталіцкае місіі ў Францыі.

Памёр архімандрыт Леў у шпіталі ў Парыжы 28 ліпеня 1977 году. Пахаваны 8 жніўня 1977 году на могілках сьв. Панкрата ў Лёндане.[9].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаў дзясяткі кніжак і навуковых прац у самых розных галінах. Ён выдаў філязофска-тэалягічную кніжку «Душа» (Парыж, 1948), прыродазнаўчую «Паходжаньне чалавека ў святле сучасных фактаў» (Парыж, 1948), «Навука і рэлігія», гістарычныя кнігі «Сьв. Еўфрасіньня-Прадслава Полацкая. Патронка Беларусі» (Парыж, 1950), «Беларусь у датах, лічбах, фактах» (Парыж, 1953), мовазнаўчую кнігу «Своеасаблівасьці беларускае мовы» (Парыж, 1951) і г. д. Напісаў вялікія гістарычныя працы «Пад знакам „рускае“ і „польскае“ веры» (1954/55), «Прычыны паланізацыі на Беларусі» (1955) і інш. Ён склаў грэцка-лацінска-царкоўнаславянска-беларускі слоўнік, слоўнік беларускіх прыказкаў ды прымаўкаў, які абдымае больш 20 тысячаў адзінак.[9]. Ён быў выдатным беларускім хрысьціянскім празаікам, пад псэўданімам Анатоль Жменя напісаў дзясяткі цікавых апавяданьняў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Леў Гарошка(недаступная спасылка), Радыё Свабода
  2. ^ Аляксандар Адзінец Анатоль Бярозка. «Маё сэрца ўжо спынялася» // Дзеяслоў : літаратурна-мастацкі часопіс. — 2007. — № 2 (27). — С. 280-284.
  3. ^ Леў Гарошка.
  4. ^ а б в г  Надсан, Аляксандар Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус. — Мінск: БелФранс, 2004. — P. 66-67.
  5. ^ а б в г  Гардзіенка, Наталля Беларусы ў Вялікабрытаніі. — Мінск: Медысонт, 2010. — P. 49-50. — ISBN 978-985-6887-63-8
  6. ^  Гарошка, Леў Божым шляхам: Малітаўнік для беларусаў. — Рым: 1946. — 176 p..
  7. ^ 75 гадоў малітоўніку “Божым шляхам” Беларуская царква ў Лондане
  8. ^ Уладзіслаў Гарбацкі. Забыты змагар франкамоўнай беларусікі // Новы час, 2017-07-28 г. Праверана 2021-07-21 г.
  9. ^ а б Архімандрыт Леў Гарошка(недаступная спасылка).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]