Напалеон Орда
Напалеон Орда лац. Napaleon Orda | |
Імя пры нараджэньні | Напалеон Мацей Тадэвуш Орда[1] |
---|---|
Дата нараджэньня | 11 лютага 1807[2][3][4] |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 26 красавіка 1883[2][4] (76 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | жывапіс (малюнак) |
Жанры | пэйзаж |
Узнагароды | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Орда.
Напалео́н О́рда (11 лютага 1807, Варацэвічы, Пінскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 26 красавіка 1883, Варшава, Расейская імпэрыя) — беларускі і польскі мастак, кампазытар, пісьменьнік.
Напалеон Орда атрымаў вядомасьць стварэньнем сыстэматызаваных сэрыяў архітэктурна-гістарычных пэйзажаў, якія зафіксавалі былую славу, веліч і культуру беларускага і польскага народаў. Да нашых дзён дайшло 1060 малюнкаў мастака, якія пераважна захоўваюцца ў музэях Польшчы і Ўкраіны. Апроч таго, існуе 136 літаграфіяў яго твораў, якія хутчэй за ўсё не захаваліся. У яго малюнках — пэйзажы большасьці краінаў Эўропы, а таксама шматлікіх месцаў Польшчы, Беларусі, Летувы і Ўкраіны[5].
Н. Орда захапляўся музыкай. Сябраваў з Ф. Шапэнам, спачатку займаўся пад яго кіраўніцтвам, пасьля чаго ўжо сам выдатна граў на фартэпіяна і нават выкладаў[6]. Адзін сэзон (1847) зьяўляўся дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы[7]. Быў асабіста знаёмы і сябраваў з А. Міцкевічам, І. Дамейкам, Ф. Лістам[8].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства і юнацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 11 лютага 1807 году ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Менскай губэрні (цяпер вёска ў Янаўскім раёне на Берасьцейшчыне) у сям’і палескай шляхты. Яго бацька — Міхал, паводле адукацыі інжынэр-фартыфікатар, амаль увесь час працаваў на будаўніцтве дарог і каналаў, у час падзелаў Рэчы Паспалітай зьяўляўся маршалкам Кобрынскага павету.
Пачатковую адукацыю мастак атрымаў у родным доме. Зь існых крыніц дакладна невядома[9] ці былі ў іх доме гувэрнэры, хутчэй за ўсё так, але галоўным яго выхавальнікам і дарадцай на працягу ўсяго жыцьця была маці — Юзафіна — дачка пінскага судзьдзі й мечніка Тадэвуша Бутрымовіча. Яна валодала францускай мовай і была таленавітай піяністкай[9]. Першыя ўрокі ігры на фартэпіяна будучаму кампазытару дала менавіта яна.
Вучоба і пачатак грамадзка-палітычнай дзейнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвіслацкая гімназія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1819 годзе (у аўтабіяграфіі самога Н. Орды — у 1818 годзе, аднак лічыцца, што гэтую дату ён адмыслова сказіў на сьледзтве) паступіў у Сьвіслацкую гімназію[10]. У гэты час у гімназіі пачалі стварацца навуковыя гурткі, удзельнікі каторых стваралі таемныя студэнцкія таварыствы. У адно з такіх таварыстваў — «Заране», якое было зьвязана з рэвалюцыйным «Таварыствам ваенных сяброў», уступіў Напалеон. Назва арганізацыі паходзіла ад формы сходаў гімназістаў, якія патаемна зьбіраліся надвячоркам, калі ўзыходзілі зоркі[11].
«Заране» марылі пра незалежнасьць зямель былой Рэчы Паспалітай, адкрыта выказвалі свой пратэст супраць палітыкі царскіх уладаў, запальвалі рэвалюцыйнымі настроямі вучняў і пэдагогаў.
Напрыканцы вучобы Орды ў гімназіі «Заране» трапілі пад увагу паліцыі. Жандары схапілі шэраг выпускнікоў, якіх абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. У адносінах да Н. Орды і ягоных сяброў былі ўжытыя захады тлумачальнага характару, якія адпаведны сьледчы камітэт палічыў дастатковымі для вынішчэньня духу «рэвалюцыйнай заразы». Гімназістаў вызвалілі ад сьледзтва, але іх справы захоўваліся ў сэйфах царскай ахранкі.
Атрымаўшы дыплём з выдатнымі адзнакамі, 17-гадовы Напалеон вярнуўся дамоў. Пачалася яго падрыхтоўка да паступленьня ў Віленскі ўнівэрсытэт.
Віленскі ўнівэрсытэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1823 г., пасьпяхова вытрымаўшы іспыты прыёмнай камісіі, паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт, на фізыка-матэматычнае аддзяленьне. Напалеон, які ўжо атрымаў «пачатковае палітычнае выхаваньне» ў гімназіі, ва ўнівэрсытэце адразу апынуўся ў гушчы студэнцкага руху. Пагатоў ў гэты час ва ўнівэрсытэце ўжо дзейнічалі шматлікія таемныя таварыствы, у тым ліку філяматаў і філярэтаў, апошнія з каторых ужо набылі грамадзка-палітычнае адценьне. Віленскі ўнівэрсытэт падчас вучобы ў ім будучага мастака стаў калыскай будучых арганізатараў і ўдзельнікаў паўстаньня 1830—1831 гг., у якім брала ўдзел амаль трэцяя частка студэнтаў[12].
Арышт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тры гады стараннай вучобы дазволілі Напалеону ўвайсьці ў лік выдатнікаў, але актыўная дзейнасьць у таемных таварыствах не засталася па-за пільным зрокам паліцэйскіх — у ліпені 1826 г. ён разам зь дзесяцьцю сябрамі па вучобе і палітычнай барацьбе былі арыштаваныя і выключаныя з унівэрсытэту.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лінгвіст
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Парыжы, на эміграцыі Напалеон Орда пачаў перакладаць паэзію аўтараў-ліцьвінаў на францускую. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў.
Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасьці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясьціны. У 1839 годзе Напалеон Орда прыняты ў Польскае гістарычна-літаратурнае таварыства. Сябра Адама Міцкевіча, ён быў ягоным папулярызатарам. У ліку знаёмых Н. Орды былі таксама Тургенеў, Бальзак, Стэндаль, Расіні, Вэрдзі.
Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Піяніст і кампазытар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы. Разам зь сябрам Фрыдэрыкам Шапэнам ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Эўропе.
Музычныя творы самога Н. Орды, асабліва палянэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Напалеон Орда ствараў рамансы і песьні на словы С. Вітніцкага і А. Плуга, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазытараў» (1838). Н. Орда быў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе ды была высока ацэненая Станіславам Манюшкам, які лічыў Н. Орду сваім настаўнікам.
Паўстанец
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас вучобы ў Сьвіслацкай гімназіі Напалеон Орда далучыўся да таемнага студэнцкага таварыства «Заране». А падчас вучобы ў Віленскім унівэрсытэце ён прыцягваўся да палітычнага дазнаньня. Унівэрсытэту здольны студэнт ня скончыў — у 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасьць да таемнага студэнцкага таварыства. Пасьля арышту і 15-месячнага турэмнага зьняволеньня вярнуўся ў родныя Варацэвічы, але застаўся пад наглядам паліцыі, і завяршыў сваю адукацыю самастойна.
Падчас паўстаньня 1830—1831 гадоў Н. Орда камандаваў партызанскім атрадам. Ён стаў урэшце стралком чацьвертага палку коннай гвардыі Літоўскага корпусу ў Польшчы і нават вызначыўся ў бітве пад Коцкам, за што атрымаў вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі.
Пасьля задушэньня паўстаньня эміграваў у Францыю, дзе правёў 24 гады свайго жыцьця. Вярнуўся толькі ў 1856 годзе па амністыі, жыў у родных Варацэвічах. А напярэдадні паўстаньня К. Каліноўскага зноў сур’ёзна заняўся маляваньнем.
Мастак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Парыжы Н. Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пэйзажу П’ера Жэрара(fr), які і вызначыў яго мастацкі жанр. Для сваёй творчасьці Напалеон Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэльлю, гуашшу ці сэпіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка маляваньня дазваляла апэратыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа.
Першыя мастацкія вандроўкі Напалеона Орды адбыліся яшчэ падчас эміграцыі. У 1840—1844 гадах[13] ён наведаў Ангельшчыну, Шатляндыю, Нідэрлянды, Партугалію і нават Альжыр. Адтуль іх было прывезена нямала малюнкаў, якія зараз захоўваюцца ў Нацыянальным музэі ў Кракаве[14].
У 1862—1863 гадах Напалеон Орда жыве то ў Горадні, то ў Вільні, то ў Пінску, потым на Валыні. У самы час паўстаньня, да канца 1864 году, ён мэтадычна аб’яжджае ўсе раёны найбольш актыўных баявых дзеяньняў і малюе краявіды.
З 1860-х гадоў і амаль да канца свайго жыцьця Напалеон Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, рабіў архітэктурныя накіды найбольш значных помнікаў, замалёўкі мясьцінаў, зьвязаных з жыцьцём выбітных асобаў, славутых помнікаў старасьвеччыны. Вынікам гэтых вандраваньняў зьявіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў і акварэляў. Гэта была вялікая падрыхтоўка (збор візуальнага матэр’ялу) да выданьня малюнкаў у альбоме, створаным у тэхніцы літаграфіі. Літаграфія дазваляла надрукаваць тыраж і зрабіць малюнкі вядомымі шырокаму колу суайчыньнікаў[15].
З 1873 году Напалеон Орда распачаў манумэнтальную справу — выданьне малюнкаў ўласным коштам у «Album Widoków Historycznych». Было выдадзена толькі 260 літаграфіяў у васьмі сэрыях альбому (каля 120 па беларускіх губэрнях). Малюнкі, зробленыя ў арыгінальнай тэхніцы алоўка і акварэлі, пераводзіліся літографам Аляізам Місяровічам на камень і друкаваліся ў літаграфічнай майстэрні Максімільяна Фаянса ў Варшаве.
Традыцыйна лічыцца, што малюнкі Орды вызначаюцца дакумэнтальнасьцю і з гэтай прычыны маюць велізарную каштоўнасьць для дасьледнікаў архітэктуры, рэстаўратараў. Але, насамрэч, калі параўноўваць малюнкі з тымі будынкамі, што захаваліся, добра відаць шматлікія недасканаласьці і пэрспэктыўныя хібы. Гэта тлумачыцца тым, што Напалеон Орда ня быў прафэсійным мастаком (усяго толькі два гады навучаньня архітэктурнаму пэйзажу) і сам лічыў сябе аматарам[15]: «… і, як ведаеш, быў мастаком-аматарам» — напісаў ён у 1876 годзе ў лісьце да Ігната Дамэйкі[16]. Больш за тое, апошнія дасьледаваньні арыгінальных малюнкаў Орды паказалі сьвядомыя зьмены аўтарам кампазыцый і архітэктурных аб’ектаў, калі аўтар назнарок не маляваў так, як гэта было ў рэчаіснасьці[17]. Сапраўды, многія помнікі захаваліся толькі ў ягоных акварэлях ды малюнках, таму маюць вялікае значэньне для гісторыкаў архітэктуры. Але абапірацца на малюнкі як на крыніцу для рэстаўрацыі немагчыма.
Апошнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апошнія гады жыцьця Напалеон Орда падарожнічаў па Галіччыне, Келецкіх, Сувалскіх і Варшаўскіх землях, працягваў шмат маляваць. У 1883 годзе раптам захварэў і памёр у адным са шпіталяў Варшавы. Пахаваны ў радавым склепе на радзіме ў Янаве. Аб гэтым ён прасіў у сваім запавеце.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У горадзе Янаве (Берасьцейская вобласьць) Напалеону Орду ўсталяваны помнік, які стварыў скульптар Іван Голубеў.
Імем Орды названыя вуліцы ў Менску[18] і Горадні[19].
6 лютага 2007 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятную манэту «Напалеон Орда. 200 год».
11 лютага 2010 году кампанія Google адзначыла народзіны Н. Орды, зьмясьціўшы адмысловае лёга з малюнкам мастака палаца Чацьвярцінскіх у Горадні на сваім пошукавым сэрвісе[20].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны: кніга-альбом. — Менск: Маст. літ., 2009. — С. 14.
- ^ а б Napoleon Orda // Benezit Dictionary of Artists (анг.) — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ^ Napoleon Orda // Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online (ням.) / Hrsg.: A. Beyer, B. Savoy — B: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — ISSN 2750-6088 — doi:10.1515/AKL
- ^ а б Napoleon Mateusz Tadeusz Orda // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 96.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 38.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 55.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 40.
- ^ а б Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 18.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 21.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 23.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 24.
- ^ Асноўныя даты жыцця і творчасці Напалеона Орды // Напалеон Орда (1807—1883). Ілюстраваная энцыклапедыя краіны. Выстава з калекцыі Нацыянальнага музея ў Кракаве ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Каталог. — Кракаў, 2017. — С. 156—157.
- ^ Лічбавы каталог Нацыянальнага музея ў Кракаве http://www.kultura.malopolska.pl/results/-/results/5(недаступная спасылка)
- ^ а б Напалеон Орда / Наполеон Орда / Napoleon Orda / Альбом на трох мовах: беларускай, англійскай і рускай. Аўтарка тэксту і складальніца Ю. У. Лісай. — Мінск: «Беларусь», 2017. — С. 10.
- ^ Цытуецца па: Levandauskas V., Vaičekonité-Kapežinskiené R. Napoleonas Orda. Senosios Lietuvos architekturos peizazai. — Vilniaus: Vilniaus dailės akademijos leidykla, 2006. — S. 314
- ^ Zofia Maniakowska-Jazownik, Yulia Lisai. Nieznane praktyki Napoleona. Rysunki Ordy w innym świetle // Notes konserwatorski. 2017. Nr. 19. — S. 139—160.
- ^ У Менску зьявіліся мікрараён Брылевічы і вуліца Ігнатоўскага // «Наша Ніва», 2 ліпеня 2007.
- ^ У Гродна з’явяцца вуліцы Агінскага, Багушэвіча, Караткевіча і Орды // «Наша Ніва», 20 траўня 2011.
- ^ «Google» павіншаваў беларусаў з угодкамі Напалеона Орды // Эўрапейскае радыё для Беларусі, 11 лютага 2010.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Kaczanowska M. Napoleon Orda — twórca widoków architektonicznych. Zarys życia i twórczości// Rocznik Museum narodowego w Warszawie. — 1968. T. 12. — S. 115—158
- Katalog rysunków architektonicznych ze zbiorów Museum Narodowego w Krakowie. Rysunki Napoleona Ordy. 1. — Warszawa: PWN, 1975. — 480 s.
- Levandauskas V., Vaičekonité-Kapežinskiené R. Napoleonas Orda. Senosios Lietuvos architekturos peizazai. — Vilniaus: Vilniaus dailės akademijos leidykla, 2006. — 350 p.
- Polanowska J. Orda Napoleon // Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających (zmarlych przed 1966) T. VI, Warszawa: IS PAN 1998, — S. 291—294.
- Zofia Maniakowska-Jazownik, Yulia Lisai. Nieznane praktyki Napoleona. Rysunki Ordy w innym świetle // Notes konserwatorski. 2017. Nr. 19. — s. 139—160.
- Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова XIX стагодзьдзя. — Мн.: Ураджай, 2001. — ISBN 985-04-0497-3.
- Левандаускас В. Иконографические особенности творчества Наполеона Орды // Веснік БДУК. — 2004. — №3. С. 51-57.
- Лісай Ю. Пейзажы Напалеона Орды: нацыянальная афарбоўка інтэрнацыянальнай ведуты // Напалеон Орда (1807—1883). Ілюстраваная энцыклапедыя краіны. Выстава з калекцыі Нацыянальнага музея ў Кракаве ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Каталог. — Кракаў, 2017. — С. 21-25. ISBN 978-83-7581-248-0
- Материалы международной научной конференции, посвященной 200-летию Наполеона Орды «Наполеон Орда: жизнь, творчество, художественное наследие»: (Минск, 15-16 февраля 2007 г.) / Институт искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы Национальной академии наук Беларуси; гл. ред. А. И. Локотко. — Минск: Право и экономика, 2007.
- Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны: кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — ISBN 978-985-02-1031-9
- Радзюк А. Царызм супраць Напалеона Орды // Асоба і час: Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5. — Мн.: Лімарыюс. 2013. — С. 27-36.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Артыкул Сяргея Харэўскага ў «Нашай Ніве»
- Біяграфія на старонцы «Гісторыя Беларусі. Асобы». Таварыства Беларускай Мовы
- Галерэя Напалеона Орды, сайт «Павет» (197 малюнкаў)
- «Album Widoków Historycznych Polski»
- «Глобус Беларусі», фатаздымкі помніка Н. Орду ў Янаве
- Падарожжы Напалеона Орды на мапе
- Музейны комплекс Напалеона Орды ў Варацэвічах
- Новыя дасьледаваньні малюнкаў Орды. Артыкул З. Манякоўскай-Язоўнік і Юліі Лісай у Notes konserwatorski
- Горадня на малюнках Напалеона Орды
- Гродна хочуць праілюстраваць малюнкамі Напалеона Орды
- Выбраныя літаграфіі Напалеона Орды, сайт imago.by
- Калекцыя малюнкаў і літаграфій Орды з Нацыянальнага музэю ў Варшаве
- Відэаэкскурсія па выставе малюнкаў Напалеона Орды. 2017
- Нарадзіліся 11 лютага
- Нарадзіліся ў 1807 годзе
- Нарадзіліся ў Кобрынскім павеце Расейскай імпэрыі
- Памерлі 26 красавіка
- Памерлі ў 1883 годзе
- Памерлі ў Варшаве
- Навучэнцы Сьвіслацкай гімназіі
- Выпускнікі Віленскага ўнівэрсытэту
- Узнагароджаныя Залатым крыжам ордэну Віртуці Мілітары
- Беларускія кампазытары
- Беларускія літаратары
- Беларускія мастакі
- Удзельнікі паўстаньня 1830—1831 гадоў
- Орды