Летувіскае нацыянальнае абуджэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Адзін з лідэраў адраджэньня Ёнас Басанавічус

Летувіскі нацыянальны рух (традыцыйна вядомы ў гістарыяграфіі як Летувіскае нацыянальнае абуджэньне па-летувіску: Lietuvių tautinis atgimimas) — барацьба летувісаў за права на сваё нацыянальнае самавызначэньне. Зьвязаны з тым, што ў XVIII стагодзьдзі Летува ўвайшла ў склад Расейскай імпэрыі ў выніку Падзелаў Рэчы Паспалітай. Прывёў да фармаваньня сучаснай летувіскай нацыі і да аднаўленьня незалежнасьці Летувы. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі гэтага руху былі Вінцас Кудзірка, Ёнас Басанавічус і інш. Уплыў на рух аказаў ўздым у Эўропе рамантычнага нацыяналізму, нацыянальна-вызваленчых рухаў.

Статус летувіскай мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку ХІХ стагодзьдзя летувіскай мовай карысталіся толькі прадстаўнікі беднага і сярэдняга слаёў грамадзтва ў сельскіх рэгіёнах. Летувіская мова была гутарковай, яна не лічылася дастаткова прэстыжнай для пісьмовага выкарыстаньня. Яе захоўвала частка дробнага дваранства, асабліва ў Жамойці. Мова была яшчэ не стандартызаваная, яе граматыка значна адрозьніваліся паміж рознымі рэгіёнамі ў выглядзе аўкштайтскага і жамойцкага дыялектаў.

Адзіная вобласьць у Летуве, дзе летувіскую мову выкарыстоўвалі ў якасьці літаратурнай, была Малая Летува, што знаходзілася пад уладай Прусіі. Але і там прыток нямецкіх імігрантаў пагражаў мове і культуры прускіх летувісаў.

Некалькі фактараў паспрыялі нацыянальнаму руху: на летувіскую мову зьвярнулі ўвагу навукоўцы-лінгвісты; пасьля адмены прыгоннага права ў Расейскай імпэрыі ў 1861 годзе, сацыяльная мабільнасьць павялічылася, і зьявіўся кляс летувіскай інтэлігенцыі, што паходзіла зь вёскі. У каталіцкай царкве былі паслаблены бар’еры, якія раней заміналі простаму чалавеку падчас набажэнстваў. Больш цесныя адносіны склаліся паміж сьвятарамі-летувісамі і прыхаджанамі, якіх аб’ядноўвала жаданьне выкарыстоўваць летувіскую мову ў набажэствах[1]. Нацыянальны рух, які складаўся ў той час, імкнуўся трымацца на дыстанцыі ад польскіх і расейскіх уплываў, і выкарыстаньне летувіскай мовы разглядалася як важны аспэкт гэтага руху[2].

Распрацоўка нацыянальнай ідэі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзін з асобнікаў першай газэты на летувіскай мове — «Аўшра»

Разьвіццё летувіскай нацыянальнай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасьці ўскладнялася забаронай летувіскіх газэт. Гэта была адна з рэпрэсіўных мер, пасьля паўстаньня 1863 году. Тым не менш, друк кніг на летувіскай мове працягваўся за межамі Расейскай імпэрыі. Нацыянальны рух адраджаўся сярод студэнтаў і моладзі, якія навучаліся ва унівэрсытэтах Расейскай імпэрыі і замежных дзяржаў. Многія з іх былі сынамі багатых землеўласьнікаў.

Пачалася публікацыя летувіскіх газэт Auszra і Varpas, а потым кніг з вершамі на летувіскай мове. Яны выпускаліся ў ЗША і Усходняй Прусіі, у Летуву ўвозіліся кантрабандай[3]. Творы рамантызавалі мінулае Вялікага княства Літоўскага, малюючы яе як вялікую дзяржаву са шматлікімі героямі.

З летувіскім нацыянальным рухам пачаўся і рух за незалежнасьць, з рознымі арганізацыямі, супраць русыфікацыі і расейскага ўплыву. Палітыка расейскіх уладаў у адказ стала больш жорсткай, і значная частка касьцёлаў была ператворана ў праваслаўныя храмы, працягвалася забарона на летувіскі друк. Тым не менш, нават з цэнзурай газэт, працэнт пісьменнасьці летувісаў працягваў павялічвацца і быў адным з найбольш высокіх сярод народаў Расейскай імпэрыі, саступаючы толькі фінам, эстонцам і латышам.

Да канца XIX стагодзьдзя сфармавалася сучасная летувіская нацыя. Палітычныя патрабаваньні былі выказаныя на Вялікім Віленскім сэйме, цэнзура газэт была адменена ў 1904 годзе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Christianity in Lithuania.
  2. ^ Nationalism in Post-Soviet Lithuania.
  3. ^ White. James D. The Revolution in the Baltic Provinces // The Russian Revolution of 1905^ Centerenary Perspectives / Ed. Smele J., Heywood A.. — 2005. — P. 60. — 284 p.. — ISBN 0415355680