Нямецкая мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нямецкая мова
Deutsch
Ужываецца ў Нямеччыне, Аўстрыі, Швайцарыі, Ліхтэнштайне, Люксэмбургу, Бэльгіі і іншых краінах
Рэгіён Заходняя Эўропа
Колькасьць карыстальнікаў Для 110 млн — родная, для 30 млн — другая мова
Клясыфікацыя Індаэўрапейская

 Германскія
  Заходнегерманскія
     Нямецкая

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Нямеччыне, Аўстрыі, Швайцарыі, Бэльгіі, Ліхтэнштайне, Люксэмбургу, Эўрапейскім Зьвязе
Рэгулюецца
Статус: 1 дзяржаўная[d][1]
Пісьмо нямецкі альфабэт і лацінскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-1 de
ISO 639-2(Б) ger
ISO 639-2(Т) deu
ISO 639-3 deu
SIL GER

Няме́цкая мо́ва (саманазва: Deutsch — «дойч» Аўдыё De-Deutsch.ogg ) — мова заходнегерманскае групы германскайе галіны індаэўрапейскае сям’і моваў. Нямецкая мова займае значнае становішча сярод іншых моваў: на ёй размаўляюць прыкладна 130 мільёнаў чалавек у 38 краінах сьвету. Асноўныя моўныя цэнтры — Нямеччына, Аўстрыя, Швайцарыя.

Пісьменства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісьменства на аснове лацінскай графікі. Найстарэйшыя помнікі: Санкт-Галенскі (лацінска-нямецкі) глясар (VIII ст., аляманскі дыялект), пераклад на райнска-франскі дыялект трактату Ісыдора (VIII — пачатак IX ст.) і інш.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя пэрыяды гісторыі мовы — данацыянальны й нацыянальны; XVI—XVII ст. ёсьць пераходнымі. Тэндэнцыя да ўтварэньня наднацыянальных формаў мовы на паўднёва-заходняй аснове адзначылася ў XII—XIII ст. У XIII—XIV ст. нямецкая мова пачынае выцясьняць лаціну з афіцыйна-дзелавое сфэры, вядучая роля паступова пераходзіць да ўсходне-сярэдненямецкага літаратурна-пісьмовага варыянту, з пэўным уплывам паўднёванямецкае літаратурнае традыцыі. Распаўсюджаньню гэтага варыянту паспрыялі кнігадрукаваньне (зь сяр. XV ст.), Рэфармацыя й дзейнасьць Лютэра, асабліва пераклад Бібліі, інтэнсіўнае разьвіцьцё мастацкае літаратуры XVII—XIX ст.

Фармаваньне нормаў сучаснае літаратурнае мовы скончылася ў асноўным у канцы XVIII ст., калі былі нармалізаваныя граматыка й артаграфія. На працягу XVI—XIX ст. фармаваныя літаратурныя нормы распаўсюджваліся на поўнач Нямеччыны, а таксама паўплывалі на варыянты нямецкае мовы ў Аўстрыі, Баварыі, Швайцарыі. У канцы XIX ст. былі распрацаваныя артаэпічныя нормы.

Дыялекты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лінія Бэнрата.

Дыялектны падзел адпавядае дыялектам заходнегерманскіх плямёнаў — франкаў, саксаў, турынгаў, аляманаў, бавараў. Літаратурная мова паўстала на аснове верхненямецкіх дыялектаў — у значнай ступені дзякуючы братам Грым.

Адрозьніваюцца ніжненямецкая, сярэдненямецкая, верхненямецкая групы дыялектаў, кожная зь іх падзяляецца на заходнюю і ўсходнюю падгрупы. Падзел між ніжненямецкімі й астатнімі дыялектамі вызначаецца лініяй Бэнрата, якая праходзіць пэрпэндыкулярна ўсёй Нямеччыне й аддзяляе ніжненямецкія рысы ад верхненямецкіх.

Таксама вылучаюцца швабска-аляманскія (Швайцарыя, частка Францыі, паўднёвы захад Нямеччыны, крайні захад Аўстрыі ды Ліхтэнштайн) і франскія (у тым ліку, мозэльска-франскія) дыялекты (сярэдняя частка Нямеччыны, Люксэмбурґ, частка Францыі). Некаторыя з дыялектаў маюць шэраг істотных адрозьненьняў ад дыялектаў, што леглі ў аснову літаратурнае нямецкае мовы, што нярэдка дае падставу лінгвістам разглядаць іх як асобныя мовы. Іншыя ідыёмы, блізкія да нямецкае мовы — люксэмбурская мова ды ідыш, звычайна часьцей (практычна заўсёды) прызнаюцца ў якасьці асобных моваў з прычыны іхняга асобнага сацыялінгвістычнага становішча.

Таксама існуюць адрозьненьні ў літаратурных нормах Швайцарыі й Аўстрыі.

Літаратурная нямецкая мова (стандартная)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граматыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скланеньне назоўнікаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нямецкія назоўнікі зьмяняюцца па:

  • чатырох склонах: назоўным, родным, давальным і вінавальным.
  • трох родах: мужчынскім, жаночым, ніякім. Накшталт беларускае мовы й насуперак, напрыклад, анґельскай мове, род не заўсёды пазначае плоць.

Спражэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нямецкія дзеясловы зьмяняюцца па:

  • трох клясах: правільныя, няправільныя й зьмешаныя (мае рысы правільных і няправільных). Амаль усе новыя дзеясловы фармуюцца паводле правільнага спражэньня,
  • трох асобах: 1-я, 2-я і 3-я,
  • двух ліках: адзіночным і множным,
  • трох ладах: абвесным, загадным, умоўным,
  • двух станах: незалежным (актыўны) і пасіўным,
  • шасьці часах: Präsens (цяперашняе), Präteritum (мінулае простае), Perfekt (мінулае складанае), Plusquamperfekt (пазапрошлае, плюсквампэрфэкт), Futur I (будучыня), Futur II (скончаная будучыня).

Сынтаксіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увогуле, парадак словаў у сказе даволі стрыманы; ягонае зьмяненьне выклікае зьмены ў эмфатычным сэнсе. Асаблівасьцю нямецкае мовы ёсьць рамачная канструкцыя, то бок пры прамым парадку словаў дзеяслоў павінны стаяць на другім месцы сказу.

Сучасная рэформа правапісу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы XX стагодзьдзя (пасьля аб’яднаньня Нямеччыны) кіраўнікі нямецкамоўных краінаў — ФРН, Аўстрыі, Швайцарыі й Ліхтэнштайну, а таксама прадстаўнікі дзяржаваў і нямецкіх меншасьцяў (Італія, Румынія й Вугоршчына) прынялі рашэньне аб правядзеньні рэформы нямецкае артаграфіі, якую плянавалася завяршыць у жніўні 2005 году.

Адна з самых кансэрватыўных і паважаных ґазэтаў ФРН, «Frankfurter Allgemeine Zeitung», у 1999 годзе, як і ўся краіна, перайшла на новую артаграфію, але ўжо праз год вярнулася да звыклага правапісу. Таксама ад новае артаграфіі адмовіўся найважнейшы грамадзка-палітычны часопіс краіны «Der Spiegel».

Паводле меркаваньняў журналістаў, новыя правілы правапісу толькі пагоршылі сытуацыю зь нямецкай мовай і прывялі да масавае блытаніны, паколькі, паводле апытаньняў, толькі 38% насельніцтва ФРН знаёмыя з новымі правіламі. Самі службоўцы таксама парушаюць новыя правілы, нават у афіцыйных дакумэнтах.

У Нямеччыне з 1 жніўня 2007 году ўступіў у сілу канчатковы варыянт закону аб рэформе нямецкага правапісу. Новыя правілы пунктуацыі й артаграфіі сталі абавязковымі для ўсіх без выключэньня дзяржаўных установаў і сыстэмаў адукацыі.

Рэформа скасуе 87 з 212 правілаў артаграфіі. Асобныя словы, якія пісаліся зь вялікай літары, зараз павінныя пісацца з маленькай і наадварот. Замест 52 правілаў пунктуацыі засталося толькі 12. Коскі зараз можна ставіць, кіруючыся больш асабістым чуцьцём, чым загадамі, а запазычаныя словы дазваляецца пісаць як у нямецкай, так і ў іншамоўнай транскрыпцыі.

Фанэтыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка нямецкае мовы налічвае 44 гукі, сярод якіх адрозьніваюць 16 галосных, 3 дыфтонгі, 22 зычныя й 3 афрыкаты (гуказлучэньні [kv] і [ks] часам адносяць да афрыкатаў).

Націск[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славесны націск носіць фіксаваны характар і амаль не зьмяняе свайго палажэньня ў слове. У каранёвых словах націск падае, як правіла, на першы склад, у словах з прыстаўкамі націск прыпадае альбо на прыстаўку, альбо на корань. У гэтым зьвязку вылучаюць націскныя (un-, ur-, ab-, auf-, aus-, bei-, ein-, mit-, nach-, vor-, zu-) і ненаціскныя прыстаўкі (be-, ge-, ent-, emp-, er-, ver-, zer-). Большасьць нямецкіх суфіксаў ненаціскныя, але ёсьць шэраг націскных суфіксаў (-ist, -ent, -ant, -ee, -eur, -ion, -tät, -ur, -at, -it, -ot, -et). У складаных словах націск бывае галоўным (падае на першы кампанэнт слова) і другарадным (падае на другі кампанэнт), а ў абрэвіятурах падае на апошнюю літару (скарачэньне). Націск у сказе падае звычайна на якія-небудзь знамянальныя словы, а словы службовыя націску пазбаўленыя. Націск, рух тону, тэмп і паўзы ў сукупнасьці даюць інтанацыю.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На лістапад 2011 г. у сярэдніх школах Беларусі нямецкая мова вывучалася ў якасьці замежнае 19% вучняў[2]. За 2019 год у Беларусі выдалі 64 найменьні брашураў і кнігаў на нямецкай мове[3].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нямецкая мовасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 2022. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Надзея Нікалаева. Колькі моваў ты ведаеш, столькі разоў ты і чалавек // Зьвязда : газэта. — 9 лістапада 2011. — № 213 (27077). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Максім Веяніс. «Кніжная прастора Беларусі застаецца па-ранейшаму прывабнай» // Літаратура і мастацтва. — 31 студзеня 2020. — № 4 (5060). — С. 4. — ISSN 0024-4686.