Шчучын
Шчучын лац. Ščučyn | |||||
Вежа з гадзіньнікам на гістарычным Рынку | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1436 | ||||
Магдэбурскае права: | 23 траўня 1761 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Шчучынскі | ||||
Вышыня: | 176 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 15 475 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1514 | ||||
Паштовыя індэксы: | 231511, 231513 | ||||
СААТА: | 4258501000 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°36′16″ пн. ш. 24°44′33″ у. д. / 53.60444° пн. ш. 24.7425° у. д.Каардынаты: 53°36′16″ пн. ш. 24°44′33″ у. д. / 53.60444° пн. ш. 24.7425° у. д. | ||||
± Шчучын | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Шчу́чын — места ў Беларусі, на рацэ Тураўцы. Адміністрацыйны цэнтар Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 15 475 чалавек[1]. Знаходзіцца за 57 км на ўсход ад Горадні, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка (лінія Ваўкавыск — Ліда).
Шчучын — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), лякальны цэнтар асьветы, навукі і дабрачыннасьці[2]. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму комплекс кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятой Тэрэзы, могілкавая капліца і палац Друцкіх-Любецкіх, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя, а таксама эклектычная забудова гістарычнага Рынку.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Шчучын утварыўся ад прозьвішча Шчука[3].
У розныя часы дзеля адрозьненьня ад аднайменнага места на Падляшшы насіў прыдомкі Шчучын Літоўскі[4], Шчучын Лідзкі, Шчучын Наваградзкі.
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Шчучынъ (1553 год)[5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Гісторыя Шчучына
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Шчучын датуецца 1436 (або 1430[6]) годам, калі ваявода троцкі Пётар Лелюш разам з А. Вязовічам і І. Прасьціловічам заснаваў тут драўляны касьцёл Сьвятога Якуба. У XV—XVIII стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва.
У другой палове XV — XVI стагодзьдзях Шчучын знаходзіўся ў валоданьні Кучукаў, Кішкаў, Радзівілаў, з пачатку XVII ст. — Лімантаў[6]. У 1-й трэці XVI ст. паселішча атрымала статус мястэчка. У 1537 годзе Шчучын упамінаецца ў Літоўскай мэтрыцы ў зьвязку з тым, што мясцовы жыхар Станіслаў Альшанскі пераехаў у Масты, якія ў той час знаходзіліся ў валоданьні вялікай княгіні Боны Сфорцы. Мястэчка значна пацярпела ад маскоўскіх войскаў І. Хаванскага і казацкіх загонаў В. Залатарэнкі ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667)[6], а таксама ад войскаў Карла XII у Вялікую Паўночную вайну (1700—1721).
У XVIII ст. Шчучын перайшоў у валоданьне маршалка дворнага Юзэфа Сцыпіёна. 23 траўня 1761 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў паселішчу Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбная манаграма I(gnatus) S(cipion) пад залатой каронай»[7]. У 1726 годзе ў Шчучыне адкрыўся калегіюм манаскага ордэну піяраў. Заснавальнікам навучальнай установы лічыцца полацкі войт Юры Хлябніцкі-Юзэфовіч. Некаторы час тут працавала сэмінарыя для ордэнскай моладзі (ці навіцыят), дзе выкладалі ў тым ліку ўсходнія мовы. У 1755 годзе калегіюм узначальваў рэктар Лукаш Расоцкі, выкладалі Кант Выкоўскі (прафэсар усходніх моваў і гісторыі), Юзэф Шаняўскі (тэалёгія), Яўстах Куроўскі (філязофія і этыка), Вінцэнт Клос (прыродазнаўчыя дысцыпліны), Юзэф Кентржынскі (лёгіка і мэтафізыка), Войцех Камароўскі (паэзія і красамоўства). У 1773—1775 гадох з утварэньнем у Рэчы Паспалітай Адукацыйнай камісіі, што праводзіла рэфармаваньне сыстэмы асьветы, Шчучынскую піярскую навучальную ўстанову рэарганізавалі ў 3-клясную падакруговую школу. У 1782—1783 гадох яна налічвала 119 вучняў, 5 настаўнікаў. У 1785—1786 гадох у школе выкладаў Станіслаў Юндзіл, пазьней доктар філязофіі, прафэсар батанікі і заалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту. У 1742 годзе ў Шчучыне адкрыўся шпіталь, а ў 1773 годзе — аптэка. У другой палове XVIII ст. на паўночнай ускраіне мястэчка збудавалі палац. У 1785 годзе Станіслаў Юндзіл заклаў школьны батанічны сад, адзін зь першых на Беларусі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шчучын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сьпярша ўваходзіў у склад Лідзкага павету Літоўскай, потым Гарадзенскай (з 1801), а з 1843 году — Віленскай губэрняў. У 1803 годзе ў выніку чарговай рэарганізацыі школа піяраў атрымала статус 6-кляснай павятовай з гімназічным курсам навук і ўвайшла ў Віленскую навучальную акругу. У 1822—1828 гадох (паводле іншых зьвестак у 1826—1829) у Шчучыне збудавалі мураваны касьцёл Сьвятой Тэрэзы. На 1829 год у мястэчку было 47 будынкаў (17 хрысьціянскіх і 30 юдэйскіх).
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі школу ў Шчучыне разам зь іншымі піярскімі навучальнымі ўстановамі. На 1833 год у мястэчку было 40 будынкаў, на 1863 год — 94, на 1866 год — 123 двары, валасная ўправа, касьцёл, капліца, царква, сынагога, юдэйскі малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, 2-клясная школа (адкрылася ў 1833 годзе; у 1885 годзе навучаліся 78 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак), вінакурня, цагельня і прадпрыемства вырабу вапны, 29 крамаў, 5 піцейных дамоў. Праз Шчучын праходзілі гандлёвыя шляхі на Наваградак і Ліду. У 1888 годзе пачаў працаваць дрэваапрацоўчы завод, які вырабляў паркет, фанэру, шпон (на 1890 год — 30 работнікаў, зьявілася паравая машына).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1915 году Шчучын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шчучын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[8].
Увосень 1918 году сфармавалася Шчучынская самаабарона — мясцовая вайсковая арганізацыя, якой мэтай была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Арганізаваў яе старшы лейтэнант Баляслаў Лісоўскі[9]. Самаабарона пасьпяхова зьнішчала бальшавіцкую актыўнасьць у навакольлі Шчучына. Хоць у пачатку 1919 году мястэчка занялі бальшавікі, аднак неўзабаве яго адбіла польскае войска. 7 чэрвеня 1919 году Шчучын увайшоў у склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[a]. Улетку 1920 году мястэчка зноў занялі бальшавікі, але ўжо ў верасьні яго зноў адбілі польскія войскі. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Шчучын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 239 будынкаў, побач знаходзіўся фальварак Шчучынак (5 пабудоваў). У 1931 годзе Шчучын атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету, у гэты час тут працавалі лякарня, настаўніцкая сэмінарыя і пошта.
Па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР (1939 год) Шчучыну скасавалі статус места, а 15 студзеня 1940 году ён стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У гэты час працавалі электрастанцыя (магутнасьць 36 кВт), паравы млын, фабрыкі вырабу крупы і фанэры, лесапільны завод (тартак), лякарня на 70 ложкаў, радзільня на 25 ложкаў, амбуляторыя, вэтэрынарны пункт, аптэка, кінатэатар, пошта і тэлеграф, гімназія, ліцэй, 3 няпоўныя сярэднія школы. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 20 верасьня 1944 году Шчучынскі раён увайшоў у склад Гарадзенскай вобласьці. 31 жніўня 1962 году Шчучын зноў атрымаў статус места.
-
Рынак, 1929 г.
-
Рынак. Вежа з гадзіньнікам, 1930-я гг.
-
Рынак. Касьцёл піяраў, 1929 г.
-
Калегіюм піяраў, каля 1900 г.
-
Палац, 1917 г.
-
Вуліца Гарадзенская. Гімназія, 1938 г.
-
Рака Тураўка, 1920-я гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1829 год — 190 чал., у тым ліку 70 хрысьціянаў і 120 юдэяў[10]; 1833 год — 327 чал.[11]; 1860 год — 570 чал.[12]; 1863 год — 575 чал.; 1866 год — 1088 чал.[4][13]; 1897 год — 1742 чал.[13], у тым ліку 1356 юдэяў
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 3815 чал.; 1921 год — 1539 чал.[13]; 1940 год — 3,5 тыс. чал.[14]; 1959 год — 6,5 тыс. чал.[13]; 1970 год — 10,3 тыс. чал.[13]; 1991 год — 14,4 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 16,3 тыс. чал.[15]; 2006 год — 15,8 тыс. чал.; 2009 год — 15 042 чал. (перапіс)[16]; 2016 год — 15 538 чал.[17]; 2017 год — 15 511 чал.[18]; 2018 год — 15 475 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Шчучыне працуюць 3 сярэднія школы, 6 дашкольных установаў.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць 2 бібліятэкі, 2 дамы культуры.
Выдаецца раённая газэта «Дзянніца».
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Ражанкаўскі гасьцінец Ражанкаўская вуліца Чыгуначная вуліца |
|
Гагарныа вуліца | Загарадная вуліца | |
Гастэлы вуліца | Ражанкаўская вуліца | Эдварда Рыдз-Сьміглы вуліца Варашылава вуліца |
Горкага вуліца | Шкляная Горка вуліца | |
Камсамольская вуліца | Плянтоўская вуліца Плянцікі вуліца |
|
Кастрычніцкая вуліца | Паштовая вуліца | |
Леніна вуліца | Гарадзенскі гасьцінец (заходняя частка) Жалудоцкі гасьцінец (усходняя частка) Гарадзенская вуліца[19] (заходняя частка) Віленская вуліца (усходняя частка) |
Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Лермантава вуліца | Папярэчная вуліца | |
Мічурына вуліца | Зацішша завулак | |
Першамайская вуліца | Польная вуліца | Тадэвуша Касьцюшкі вуліца |
Пушкіна вуліца | Гандлёвая вуліца | 11 лістапада вуліца |
Свабоды плошча | Рынак пляц | |
Фрунзэ вуліца | Польная вуліца | Тадэвуша Касьцюшкі вуліца[20] |
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы машынабудаваньня, сельскагаспадарчага і трактарнага машынабудаваньня, харчовай прамысловасьці.
- ААТ «Аўтапровад»
- ААТ «Шчучынскі масласырзавод»
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шчучын уваходзіць у турыстычна-экскурсійны маршрут «Літаратурныя шпацыраваньні над Нёманам»[21]. Працуе музэй баявой славы (у будынку ПТВ № 198).
- Гатэлі: «Паўлінка», «Элен» і інш.
- Помнікі: А. Пашкевіч (Цётцы)
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вайсковы аэрадром «Точный» (1950-я; закінуты[22][23])
- Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX ст,; фрагмэнты)
- Ешыбот (XIX ст.)
- Капліца могілкавая (XIX ст.)
- Касьцёл Сьвятой Тэрэзы і кляштар піяраў (XVIII ст., 1826—1829)
- Палац Друцкіх-Любецкіх (канец XIX — пачатак ХХ ст.)
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (1865; мураўёўка)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сынагога (XVII/XVIII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Капліца могілкавая
-
Будынак лясьніцтва
-
Рынак
-
Гімназія
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шчучын мае 3 месты-сябры ў некалькіх краінах.
Пералік местаў-сяброў Шчучына |
---|
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай Нікалаеў (нар. 1955) — беларускі гісторык і грамадзкі дзяяч
- Ануфры Петрашкевіч (1793—1863) — беларускі і польскі паэт
- Фелікс Стацкевіч (1879—1967) — беларускі грамадзка-культурны дзяяч
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 261.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 415.
- ^ а б Krzywicki J. Szczuczyn // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 864.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 165.
- ^ а б в Баравы Р. Шчучын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 764.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 47—48.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
- ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ^ а б в г д Баравы Р., Мальцаў У. Шчучын // ЭГБ. — Мн.: 2003 Т. 6. Кн. 2.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн., 2001.
- ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 502.
- ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Из истории учительской семинарии 1902—1915 гг., Віртуальны музэй Гімназіі места Шчучына
- ^ Навуковую манаграфію, прысвечаную Шчучыну, выдаў нядаўна дацэнт Сяргей Данскіх. Прапануем нашым чытачам адчуць эвалюцыю гарадской тапаграфіі, Дзянніца, 6 лістапада 2019 г.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Черкес Т. Бывший секретный аэродром в Щучине: как разворовывали воинскую часть и что здесь делают новые люди, TUT.BY, 20.08.2015 г.
- ^ Качук Н. Огромное небо — одно на двоих, СБ. Беларусь сегодня, 11.08.2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Данскіх С. Наш Шчучын. — Горадня, 2001. — 207 с.
- Данскіх С. Стагоддзі і падзеі Шчучынскай зямлі. — Баранавічы, 2007. — 251 с.
- Лаўрэш Л. Шчучыншчына // Наша Слова. № 4 (1519), 27 студзеня 2021.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2001. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Тамковіч Ю. Трагедыя над Шчучынам // Наша гісторыя. 6 (23), 2020.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Шчучын , Radzima.org
- Сайт Шчучынскай парафіі Ордэна піяраў
- «Щучин online» — Schuchin.grodno.by
- «Виртуальный Щучин»
- Фатаздымкі гораду Шчучын
- Прагноз надвор’я ў м. Шчучыне
|